Вы тут

Вакцынавацца ад грыпу не позна. Пік захваральнасці прагназуюць у студзені—лютым


Як паведамляе Міністэрства аховы здароўя, вынікі дазорнага эпідэміялагічнага сачэння за ВРІ і грыпам у Беларусі паказваюць: ідзе тэндэнцыя росту захворвання як па краіне ў цэлым, так і ў рэгіёнах. Найбольшы прырост захворвання адзначаецца ў Віцебскай і Магілёўскай абласцях, а таксама ў Мінску. Хварэюць цяпер пераважна дзеці. Гэта азначае, што сезон грыпу распачаты? Паколькі летась гэта захворванне амаль не рэгістравалася, многія з нас забылі пра яго небяспеку і адмовіліся ад вакцынацыі. Але сёлета, гледзячы па ўсім, сітуацыя будзе іншая: і грып, і COVІD-19 будуць суіснаваць разам, і пагроза заразіцца высокая, асабліва ў непрышчэпленых. У чым небяспека грыпу, асабліва для дзяцей? Ці не позна яшчэ прышчапіцца і ці паспее выпрацавацца імунітэт? Ці можна сумяшчаць прышчэпкі ад грыпу і COVІD-19? І як адрозніць два гэтыя захворванні? Пра асаблівасці сёлетняга эпідсезона мы паразмаўлялі з загадчыкам супрацьэпідэмічнага аддзялення аддзела эпідэміялогіі Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Таццянай ШВАЙКО.


Фота: pixabay.com

— Таццяна Пятроўна, з'яўляюцца паведамленні, што захваральнасць на грып апошнім часам расце. Ці праўда, што больш хварэюць дзеці?

— За мінулы каляндарны тыдзень на тэрыторыі Мінскай вобласці рэгістравалася захваральнасць на вострыя рэспіраторныя інфекцыі, ніжэйшая на 9,3 працэнта ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

У структуры хворых удзельная вага дзіцячага насельніцтва ва ўзросце да 18 гадоў склала 63,6 працэнта. Захворванне абумоўлена пераважна вірусамі негрыпознай этыялогіі — адэнавірусамі, рэспіраторна-сінцыцыяльнымі вірусамі, рынавірусамі, бакавірусамі, таксама адзначана цыркуляцыя вірусаў грыпу А (H3N2). Можна казаць пра тое, што цыркулююць сумесна як вірусы SARS-CoV-2, так і грыпу.

— Чым небяспечны грып для дзяцей?

— Грып — гэта вострая вірусная інфекцыя дыхальных шляхоў, якая характарызуецца паражэннем слізістых абалонак верхніх дыхальных шляхоў, ліхаманкай, інтаксікацыяй, а таксама парушэннем дзейнасці сардэчна-сасудзістай і нервовай сістэм.

Захваральнасць на вострыя рэспіраторныя інфекцыі і грып у дзяцей у некалькі разоў вышэйшая, чым у дарослых. Асабліва ўразлівыя дзеці да грыпу. Прычына гэтага — недастаткова сфарміраваны імунітэт. Малыя з большай верагоднасцю рызыкуюць атрымаць ускладненні інфекцыі, найбольш часта ў іх дыягнастуюць пнеўманію. Грып у дзяцей можа мець цяжкі ход.

— Ці шмат людзей прышчапілася ў гэтую прышчэпачную кампанію ад грыпу?

— Па стане на 14 снежня бягучага года ў Мінскай вобласці супраць грыпу прышчапілася ўсяго 32,7 % насельніцтва. Ахоп прышчэпкамі дзяцей — 32 % ад іх колькасці. Прышчэпачная кампанія працягваецца да 1 студзеня 2022 года. Вакцына ёсць ва ўсіх рэгіёнах у колькасці, дастатковай для ахопу не менш за 40 % насельніцтва.

— Аднак ці мае сэнс прышчапляцца зараз, калі ідзе рост захворвання? Ці паспее выпрацавацца імунітэт?

— Тым, хто яшчэ не прышчапіўся супраць грыпу, не позна прайсці імунізацыю. Імунітэт выпрацоўваецца на працягу трох тыдняў. Вядома, існуе рызыка ў гэты перыяд захварэць. Але калі не прышчапіцца, то гэтая рызыка застанецца на працягу ўсяго эпідсезона, прычым з ростам захваральнасці рызыка таксама будзе павышацца.

Эфектыўнасць вакцынацыі супраць грыпу на працягу шэрагу гадоў на тэрыторыі нашага рэгіёна складае не менш за 90 працэнтаў. Гэта азначае, што захваральнасць на вострыя рэспіраторныя вірусныя інфекцыі сярод прышчэпленых на 90 % ніжэйшая, чым сярод тых, хто адмовіўся ад вакцынацыі.

— Ці можна сумяшчаць прышчэпку ад грыпу і COVІD-19?

— Важнасць і неабходнасць правядзення прафілактычных прышчэпак як супраць грыпу, так і супраць COVІD-19, не падлягае сумненню. Прышчэпкі супраць гэтых захворванняў можна сумясціць і зрабіць альбо ў адзін дзень, альбо з інтэрвалам у два тыдні. Таксама варта звярнуць увагу на мэтазгоднасць правядзення бустэрнай вакцынацыі супраць COVІD-19 вакцынай «Спадарожнік Лайт» усім асобам, якія раней прышчапіліся любой вакцынай, праз шэсць месяцаў пасля завершанага курса вакцынацыі.

— Якія меры прафілактыкі, знаёмыя нам па COVІD-19, дапамагаюць не заразіцца грыпам?

— Даныя аб эпідэміялагічных і вірусалагічных асаблівасцях вірусаў паказваюць, што актыўная вакцынацыя супраць грыпу і COVІD-19, а таксама выкарыстанне масак, апрацоўка рук, захаванне «рэспіраторнага этыкету» і дыстанцыі прыводзяць да зніжэння колькасці выпадкаў заражэння.

— Ці ёсць прагнозы, які ў гэтым годзе чакаецца сезон грыпу? Ці не занадта рана ён сёлета пачаўся?

— Сезон захворвання на грып і ВРІ пачынаецца з 40-га 
тыдня года і прыпадае на пачатак кастрычніка, а працягваецца да 20-га тыдня наступнага года (пачатак мая). Па шматгадовай дынаміцы захваральнасці ўздым прыходзіцца на канец студзеня — пачатак лютага.

— Ці трэба прышчапляцца ад грыпу дзецям? З якога ўзросту гэта можна рабіць?

— Вакцынацыя дзяцей супраць грыпу праводзіцца, пачынаючы з 6-месячнага ўзросту, бясплатна. Сёлета ў Беларусь для дзяцей паступіла вакцына «Грыпол Плюс» расійскай вытворчасці. Таксама па жаданні бацькоў дзіця можна прышчапіць вакцынай «Ваксігрып Тэтра», але ўжо на платнай аснове. Калі дзіця прышчапляецца першы раз і раней не хварэла на грып, то прышчэпку неабходна зрабіць двухразова з інтэрвалам у чатыры тыдні.

— Ці можна адначасова захварэць на грып і COVІD-19? Чым гэта небяспечна?

— У медыцынскай літаратуры апісваецца падвойнае інфіцыраванне — калі чалавек адначасова заражаецца і грыпам, і COVІD-19. Гэта вельмі небяспечна як для саміх хворых, асабліва калі ў іх ёсць хранічныя паталогіі, так і для навакольных. Пра гэта папярэджваюць расійскія навукоўцы. Калі чалавек заразіўся грыпам раней, тэст-сістэмы могуць не выявіць SARS-CoV-2. А значыць, інфіцыраваны працягне распаўсюджваць небяспечны штам.

— Як па сімптомах адрозніць грып ад прастуды і COVІD-19? Чым яны падобныя і ў чым адрозненне?

— Галоўнае, што адрознівае грып ад звычайнай прастуды, — рэзкі пачатак захворвання. Як правіла, для ВРВІ характэрны больш плаўны пачатак: спачатку проста пяршыць у горле, трохі закладвае нос, могуць адчувацца агульная слабасць і недамаганне.

У выпадку з грыпам падзеі развіваюцца імкліва. Чалавек адчувае ламоту ва ўсім целе і боль у мышцах, тэмпература цела рэзка падымаецца да 38-39 градусаў, хворага адольвае моцная слабасць, сімптомы хутка нарастаюць, з'яўляюцца насмарк, сухі кашаль, які дзярэ горла, моцны боль у горле, аж да немагчымасці глытаць, часта далучаецца млоснасць, выкліканая інтаксікацыяй арганізма, а таксама болі ў жываце, дыярэя і іншыя дыспепсічныя расстройствы, якія суправаджаюцца абавязковай стратай апетыту. Скурныя пакровы «грыпуючага» бледныя, на шчоках можа прысутнічаць нездаровая чырвань.

Яшчэ адна важная характэрная для грыпу асаблівасць — больш працяглы перыяд захворвання. Калі пры прастудзе хворы звычайна прыходзіць у норму менш чым за тыдзень, то выздараўленне пры грыпе займае куды больш часу. Толькі тэмпература можа трымацца да 4-5 дзён, а сам аднаўленчы перыяд, як правіла, займае да двух тыдняў, а то і даўжэй, калі да віруснай інфекцыі далучаецца бактэрыяльная ці ўзнікаюць іншыя ўскладненні.

Сярод асноўных сімптомаў грыпу — рэзкае павышэнне тэмпературы цела да 38-39 градусаў, боль у мышцах, агульная слабасць, насмарк, кашаль, боль у горле. Але, як бачым, большасць з гэтых непрыемных праяў даймае нас пры любых ВРВІ. Больш дакладна адрозніць грып ад звычайнай прастуды і ад COVІD-19 можна, ведаючы наступныя асаблівасці.

  • Тэмпература. Пры каранавіруснай інфекцыі ўласціва яе павышэнне ад 37 градусаў, пры грыпе — ад 38, пры звычайнай прастудзе фебрыльнай тэмпературы часта няма зусім.
  • Насмарк. Пры грыпе і прастудзе ў пацыентаў нярэдка сустракаюцца скаргі на моцныя слізістыя выдзяленні з насавых праходаў. Пры каранавірусе гэтага няма — звычайна ёсць заложанасць носа і страта нюху. Пры грыпе здольнасць адчуваць пахі таксама можа часткова знікнуць, але звязана гэта будзе хутчэй з заложанасцю носа, і ў чалавека застаецца магчымасць успрымаць асабліва моцныя і рэзкія пахі, тады як пры ковідзе яна адсутнічае цалкам.
  • Кашаль. Для ковіду ўласцівы сухі знясільвальны кашаль, пры грыпе і прастудзе кашаль плаўна перацякае ў мокры з макротай.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».