Вы тут

Мікалай Чаргінец: Літаратары адчуваюць сваю адказнасць


У студзені ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі адбудзецца з’езд. Шэраг пытанняў для абмеркавання ў шырокай аўдыторыі аднадумцаў і калег па пяры тычыцца жыцця ўсёй краіны, іншыя — прафесійныя. Некаторыя — асабовыя. Разважаннямі, планамі і надзеямі напярэдадні мерапрыемства з карэспандэнтам «ЛіМа» падзяліўся старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец.


Мікалай Чаргінец.

Пра вынікі

Рыхтуючыся да з’езда, падводзім вынікі сваёй працы за пяць гадоў. Мне як кіраўніку арганізацыі вельмі імпануе тое, што шэраг нашых пісьменнікаў высока ацэнены дзяржавай, узнагароджаны ордэнамі, медалямі. Многія літаратары атрымалі званне заслужаных дзеячаў культуры. А колькі адзначана прэміямі на нашых конкурсах!..
Саюз пісьменнікаў Беларусі за гэты час вырас і па якасці, і па колькасці! І, што вельмі істотна, за кошт прытоку маладых: іх было прынята больш за сотню. Так, нярэдкая з’ява, што моладзь ужо ў 14–15 гадоў піша добрыя творы, у якіх відаць іх душа! І хай гэта пераважна вершы, празаікамі яны стануць пазней, галоўнае, што ёсць талент і ён нікуды не знікне!
Радуе мяне і тое, што мы, займаючыся сваёй справай, здолелі супакоіць тых, хто рваўся на «барыкады». Так, мы зрабілі шэраг заяў, заклікаючы людзей да спакою, звярнуліся да калег за мяжой, зыходзячы з таго, што асабліва цяпер патрэбна клапаціцца, каб літаратура яднала людзей, а не раз’ядноўвала. А гэта значыць, што трэба сустракацца, размаўляць, абмяркоўваць, абменьвацца творчымі энергіямі, разам рэалізоўваць праекты.

Праз адлюстраванне мінулага — да сучаснасці

У нас з’явілася нямала добрых кніг. Асабліва дзіцячых — прыгожых, з добрым тэкстам і, што важна найперш, з сучасным... Бо ёсць пісьменнікі, якія жывуць быццам у мінулым, не разумеючы, што сённяшнія дзеці з малых гадоў валодаюць камп’ютарам, а гэта трэба ўлічваць! Але некаторыя літаратары ўсё ж здолелі знайсці тыя нябачныя струны ў душах юных чытачоў, якія трэба ўмела і ненавязліва закрануць чулай «рукой».

Выхаванне словам

Хачу заўважыць, што пісьменнікі адчуваюць сваю адказнасць за падзеі ў краіне і ўвогуле ў свеце. І, што вельмі істотна, многія з іх дабіваюцца таго, каб яе адчулі і чытачы. Бо часам маладыя людзі забываюць аб уласнай адказнасці за многія рэчы — не паважаюць бацькоў, законы і ўрэшце трапляюць у сітуацыю, якая прыводзіць іх да маральнага краху... Таму вельмі істотна, каб творца, працуючы над тым ці іншым сюжэтам, памятаў: у чытача трэба выхоўваць любоў да маці, да сям’і, а праз гэта — і да дзяржавы, і да грамадства, каб ён адчуў сваю долю адказнасці перад людзьмі: блізкімі, тымі, хто побач, хто жыве з табою ў адных межах. Мы пастаянна разважаем пра гэта і пераконваем пісьменнікаў, што згаданая тэматыка ў творах абавязкова павінна быць!

На каго азірацца і да чаго імкнуцца

За апошнія гады мы правялі даследчыцкую працу і высветлілі, што існуе больш чым дзве тысячы прозвішчаў людзей, ураджэнцаў Беларусі, якія праславілі сваю радзіму за яе межамі. Але пра многіх з іх амаль ніхто не ведае!.. Так, ёсць Мора Лапцевых, а Лапцевы — гэта ж беларусы! Грыгорый Пацёмкін, Мікалай Пржавальскі маюць дачыненне да Беларусі, як і лейтэнант Яўген Бурачок, помнік якому стаіць ва Уладзівастоку. А пра гэта таксама мала хто ведае!

Уладзіслаў Старэвіч, стваральнік мультфільмаў, які атрымліваў перамогу на ўсіх мастацкіх конкурсах — да 1970 года ўсе ўзнагароды былі яго, — ураджэнец Беларусі, з беднай шляхецкай сям’і. У Парыжы ў 1968 годзе на чарговым конкурсе, дзе ён узяў найвышэйшую ўзнагароду, журналісты спыталі: «Як вы навучылі вашых жучкоў апранацца і надзяваць капялюш?» Яны нават не зразумелі, што мульцікі былі намаляваныя! Чаму б на нашым «Беларусьфільме» не ўсталяваць памятную дошку ў яго гонар? Не напісаць пра яго жыццё біяграфічную аповесць?..

А калі згадаць, як Сувораў і Кутузаў бралі Ісмаіл? Гэта атрымалася толькі дзякуючы Полацкаму палку, на сто працэнтаў камплектаванаму з беларусаў! Вось задача для пісьменнікаў: трэба распавесці пра подзвігі слынных суайчыннікаў!

Над чым больш працаваць

Калі разважаць пра тое, дзе ў нас прабелы, можна прыгадаць, што асабліва бракуе кніг па тэме Першай сусветнай вайны. І гэта ў той час, як у беларускай зямлі ляжыць да мільёна загінулых салдат і афіцэраў самых розных нацыянальнасцей, якія нават не былі па-хрысціянску пахаваны!.. Пісьменнік Вячаслаў Бандарэнка прысвяціў свае творы такой тэматыцы — дык яго кнігі ў серыі ЖЗЛ перавыдалі нават у Расіі! Ён узняў пласт, што да яго быў нечапаны. Хачу як чытач адзначыць, што Вячаслаў Бандарэнка вельмі ўдала паказаў гэтую тэму, нягледзячы на тое, што ў яго былі ваганні: як пісаць, напрыклад, пра генерала, які праявіў гераізм, а пасля рэвалюцыі стаў па іншы бок? Параіў яму: «Як было, так і пішы...» 

Калі вярнуцца да тэматыкі дзіцячай літаратуры, то сярод тысячы прозвішчаў, пра якія гаворка ішла вышэй, мы намацалі сцяжынку, як паказаць гэтых людзей. Наш пісьменнік Валерый Чудаў выдаў некалькі дзясяткаў маленькіх кніг — пра жыццё канкрэтных асоб. Вялікі шрыфт, выдатнае афармленне — дзеці чытаюць з задавальненнем!

Кола праблем

Ёсць у нас і праблемы, якія абавязкова будуць агучаны на з’ездзе. Так, на маю думку, недапушчальна, што пісьменнікі атрымліваюць мізэрную пенсію. Значыць, трэба распрацаваць законапраект, які дазволіў бы, каб творцы, якія хаця б маюць узнагароды і званні, а таксама тыя, чые творы вывучаюць у школах, атрымлівалі трохі больш у матэрыяльным плане.

Пісьменнік — чалавек, які ўкладвае душу ў інтарэсы дзяржавы, і, магчыма, часам для яго трэба зрабіць выключэнне з агульнапрынятых правіл. 

Асабліва востра стаіць і праблема з выданнем кніг: чаму пісьменнік павінен гэта рабіць за ўласныя грошы, калі ў большасці выпадкаў і без таго жыве не ў раскошы?..

На Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы, 2021 г.

Творцы, самыя розныя

На маю думку, нельга сказаць, што адны пісьменнікі, напрыклад, лаўрэаты высокіх прэмій, больш значныя, чым іншыя, якіх ведаюць толькі ў сваёй ваколіцы. Ва ўсім разбярэцца час, а мы падтрымліваем усіх нашых творцаў — кожны з іх варты таго, каб яго чыталі і разважалі аб прачытаным. Тыя, хто піша пра сваю родную вёску, пакідаюць людзям памяць, зарад добрага і светлага. Бо калі даведваешся нешта новае, добрае пра родныя мясціны, аднавяскоўцаў, суседзяў, гэта стварае бадзёры, аптымістычны настрой, і ты, у сваю чаргу, гатовы здзейсніць шмат спраў, камусьці дапамагчы. Хай узровень творчасці такіх літаратараў — мясцовага значэння, але гэта не адмаўляе іх станоўчай ролі для развіцця сучаснага літаратурнага працэсу.

У сучасных умовах

Янка Купала калісьці сказаў, што пісьменнік — гэта вочы і вушы народа. І раней да пісьменніка ставіліся зусім паіншаму, чым цяпер, магчыма, таму, што не было інтэрнэту... Потым папяровая кніга пачала страчваць свае пазіцыі... Але ў апошнія гады мы пабачылі, што цікавасць да кнігі як да прадмета чытання няўхільна ўзрастае. Так, кожныя тры гады праводзім даследаванні: складаем спісы найбольш запатрабаваных у бібліятэках пісьменнікаў. І выявілася, што гэта 91 чалавек. Насупраць кожнага з літаратараў бібліятэкары давалі адказ: ці мае ўстанова яго кнігі і колькі разоў за апошнія гады іх запытвалі. Дык кнігі гэтых літаратараў бралі каля трох мільёнаў разоў! Гэта дазволіла вывесці своеасаблівы рэйтынг, высветліць: попыт пераважае над колькасцю кніг, што маюцца ў бібліятэцы, альбо наадварот... Вынікі даследавання сведчаць і пра тое, што цікавасць да кнігі пачала расці. Не ў апошнюю чаргу дзякуючы і таму, што з’явіліся пісьменнікі, якія пішуць і на сучасныя, і на гістарычныя тэмы, — яны найбольш прыцягваюць увагу чытачоў.

Крэда пісьменніка

Пісьменнік павінен думаць аб дзяржаве, а дзяржава — аб ім. Акрамя таго, кожны пісьменнік абавязкова павінен быць самакрытычным і цвяроза ацэньваць уласныя творы. Адсутнасць у нас інстытута крытыкі — істотная праблема. Тое, што можна пачытаць, асабліва ў сеціве, але часам і на старонках выданняў, — артыкулы альбо кампліментарныя, альбо абразлівыя... А трэба, каб крытыка не забівала пісьменніка, не зневажала яго як асобу, а далікатна ўказвала на недахопы і шляхі іх выпраўлення. Пісьменнік жа, у сваю чаргу, тады пісаў бы наступны твор ужо з улікам гэтых крытычных заўваг.

Аліса БРАТКА 

Фота: Кастусь ДРОБАЎ

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.