Вы тут

Беларускае кіно: захоўваць традыцыі і дарыць надзею


Дзень 17 снежня 1924 года амаль стагодзе таму паклаў пачатак гісторыі беларускага кіно — выйшла пастанова Савета Народных камісараў «Аб кінавытворчасці ў БССР», створана Дзяржаўнае ўпраўленне па справах кінематаграфіі і фатаграфіі — «Белдзяржкіно». Зараз у скарбонцы Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» ёсць фільмы і імёны, якія ведаюць не толькі ў нашай краіне, а і за яе межамі. Святочны 97-мы дзень нараджэння айчыннай кінаіндустрыі і 50-годдзе беларускай анімацыі адзначылі ў сталічным «Доме кіно», дзе сабраліся кінавытворцы, каб згадаць і ўшанаваць усіх, хто стварае магію на экране і за кадрам.


Фота: pixabay.com

Віншаванні і ўзнагароды стваральнікам кінаіндустрыі ад імя міністра культуры Рэспублікі Беларусь перадаў яго першы намеснік Валерый Грамада: «Шчыра віншую вас са святам беларускага кіно. ...Беларускі кінематограф падарыў і, спадзяемся, яшчэ падорыць свайму гледачу яшчэ шмат выдатных карцін. Агульнымі намаганнямі мы і надалей будзем служыць высокім маральным і этычным ідэалам. Беражліва захоўваць і працягваць свае лепшыя дасягненні, спрыяць адкрыццю яркіх маладых талентаў. Толькі разам, у адзінстве спраў і пачуццяў магчымыя пазітыўныя дасягненні...». 

У сваю чаргу і старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Качанава накіравала ў адрас супрацоўнікаў «Беларусьфільма» словы віншавання, дзе адзначыла: «...Кінематограф стаў адным з запатрабаваных відаў мастацтва і моцна ўвайшоў у наша жыццё. Ён пашырае кругагляд, дапамагае чалавеку ўсебакова развівацца. Кіно дорыць людзям куміраў, прыклады для пераймання, уплывае на розумы, звычкі і густы, стварае вобраз сённяшняга жыцця і мінулага, фарміруе культуру сучаснасці. У дадзенай сферы працуюць неабыякавыя, захопленыя творчасцю людзі. Ствараючы кінафільмы, яны выконваюць высокую місію па падтрымцы існых духоўных каштоўнасцяў. Сёння ў айчыннага кінематографа ёсць усё для далейшага развіцця: багатая традыцыямі кінашкола, якая заўсёды славілася глыбокай драматургіяй, дасканалай акцёрскай ігрой, моцнымі рэжысёрамі, а таксама таленавітыя маладыя кадры і верныя гледачы. Упэўнена, што вы і надалей будзеце служыць высокім духоўным і эстэтычным ідэалам. Беражліва захоўваць і прымнажаць лепшыя дасягненні, умацоўваць пазітыўны імідж Рэспублікі Беларусь». 

Першы беларускі фільм «Лясная быль» Юрыя Тарыча выйшаў на экраны 95 гадоў таму. І з таго часу аператары і рэжысёры «Беларусьфільма» знялі больш за 550 кіламетраў кінастужкі. Нашы фільмы шырока прадстаўлены ва ўсім свеце на самых розных кінафестывалях і маюць безліч прэстыжных узнагарод. А новае пакаленне кінематаграфістаў імкнецца працягваць годна пісаць гісторыю сваіх папярэднікаў. 

— Нягледзячы на нейкія размовы, прагнозы, беларускае кіно захоўвае свае традыцыі. Нешта, вядома, трэба мяняць, развіваць. Але мы займаемся аднаўленнем усіх нашых фондаў, таму што гэта вялікая нацыянальная гісторыя. І мы з’яўляемся не толькі часткай нашай нацыянальнай, але і значнай часткай сусветнай культуры, — адзначыў генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Уладзімір Карачэўскі. — На кінастудыі зараз адбываецца момант перабудовы, трансфармацыі, і гэта павінна адбывацца. Таму ў мяне аптымістычныя планы, і ўвогуле планаў у нас зараз больш, чым часу. Гэта мяне радуе. Ёсць ужо цікавыя партнёрскія дамоўленасці, ідэі для фільмаў, і цяпер самае галоўнае, каб было каму ствараць кіно. Мне хочацца, каб прыйшло пакаленне, якое сапраўды хоча ствараць сапраўднае беларускае кіно. Такое кіно, якое будзе спрыяць стварэнню, а не разбурэнню. Таму што трэнды апошняга часу ў кінамастацтве часам лякаюць. А калі кіно не дае надзеі, то і здымаць яго не варта. Таму хочацца, каб прышлі людзі, якія не будуць нігілістамі, не стануць адмаўляць таго, што было зроблена да іх, а наадварот, абапіраючыся на гэта, як на падмурак, зробяць сваю надстройку, каб чалавек станавіўся лепшым, дадуць яму надзею, веру. Зараз гэта галоўная задача. Бо можна стварыць самыя лепшыя ўмовы для працы, але галоўнае —знайсці асоб, якія будуць гарэць сваёй справай. Ёсць шмат таленавітых людзей і, спадзяюся, што з часам яны раскрыюцца. 

На святкаванні 97-га дня нараджэння беларускага кіно гучалі віншаванні, апладысменты, і маўчанне ў памяць пра тых, каго ўжо няма сярод жывых, але чые працы назаўсёды засталіся на ніве айчыннага мастацтва. Так, згадвалі легендарнага рэжысёра Віктара Турава. Сёлета ў краіне адзначаецца 85-годдзе кінамайстра. А яго фільмы, такія як «Я родам з дзяцінства», «Вайна пад стрэхамі», «Людзі на балоце» і іншыя, застаюцца запатрабаванымі гледачамі розных узростаў на вялікіх і малых экранах. Шлях у 97 гадоў быў багаты як на падзеі, набыткі, так і на выпрабаванні. Але пры ўсіх абставінах кіно не перастае дарыць гледачу магію, прымушае думаць, адчуваць, і галоўнае, верыць. А значыць, наперадзе новыя старонкі гісторыі беларускага кіно.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».