Вы тут

Раім схадзіць


«Калядныя мроі Адама Міцкевіча», інтэрактыўная калядная праграма «Ой, каб калядак нядзель дзесятак...», «Новы год у Броўкі», абрадавае мерапрыемства «Ішла каляда калядуючы...», інтэрактыўна-пазнавальная праграма «Калядныя цуды» і іншае — штотыднёвая афіша «Звязды».


«Калядныя мроі Адама Міцкевіча»

 Дзе: г. Мінск, вул. М. Багдановіча, 13.

Калі: 23 снежня

Колькі каштуе: 12 BYN

Святы Божага Нараджэння яднаюць у супакоі і дабрыні народы па ўсім свеце. Напярэдадні Калядаў у Завоссі на Наваградчыне нарадзіўся Адам Міцкевіч — геніяльны паэт...

23 снежня ў 18.30 у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбудзецца канцэрт «Калядныя мроі Адама Міцкевіча». Слухачы пачуюць музыку на словы паэта, а таксама прысвечаныя яму інструментальныя творы. Даведаюцца, як Каляды звязаныя з дэбютным вершам Адама Міцкевіча, і дзе ён сустракаў свае апошнія народзіны перад выездам з радзімы. Атрымаюць рэцэпт любімай традыцыйнай стравы Адама Міцкевіча на святочным вігілійным стале, а таксама даведаюцца, якой была любімая песня-калядка паэта.

У канцэрце бяруць удзел салісты Беларускай дзяржаўнай філармоніі Тамара Рэмез (сапрана) і Аляксей Загорскі (скрыпка), музыказнаўца Святлена Немагай (фартэпіяна). Прагучаць традыцыйныя калядныя песні, а таксама творы Я.Д.Голанда, М.К.Агінскага, С.Манюшкі і Ю.Семянякі.


«Новы год у Броўкі»

 Дзе: Літаратурны музей Петруся Броўкі, г. Мінск, вул. К.Маркса, 30.

Калі: 24 снежня — 16 студзеня

Колькі каштуе: 3 BYN

Новы год — найбольш чароўнае і натхняльнае свята года. Дзеці чакаюць свята, сюрпрызаў, падарункаў і, вядома, сапраўдных цудаў. Дарослыя таксама чакаюць, але не заўсёды кажуць аб гэтым услых.

З 24 снежня 2021 па 16 студзеня 2022 Літаратурны музей Петруся Броўкі традыцыйна запрашае вас на «Новы год у Броўкі», дзе кожны знойдзе для сябе нешта цікавае. Набываючы ўваходны квіток вы атрымліваеце спецыяльную святочную экскурсію па кватэры народнага паэта з эстэтыкай савецкага Новага года: упрыгожванні, віншавальныя паштоўкі і характэрныя рэчы мінулага стагоддзя — атмасфера тагачаснага свята забяспечана! Акрамя таго, маленькіх наведвальнікаў пацешыць майстар-клас па стварэнні і падпісанні віншавальных паштовак, якія можна будзе адразу запячатаць у канверт і даслаць блізкім.

Абавязковы папярэдні запіс.


Абрадавае мерапрыемства «Ішла каляда калядуючы...»

Дзе: «Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту», в. Азярцо, Мінскі раён, Мінская вобл.

Калі: 26 снежня

Колькі каштуе: 4 — 8 BYN

Каляды — народнае зімовае свята, напоўненае рознымі абрадамі, сэнс якіх выяўляўся ў жаданні хутчэй наблізіць надыход сонечнага цяпла і забяспечыць добры ўраджай у новым гаспадарчым годзе пры дапамозе адпаведных слоў і розных магічных дзеянняў.

У гэты час, на працягу двух тыдняў, моладзь ладзіла шматлікія забавы, ігрышчы, розныя гульні, варажбу, калядавала — спявала калядныя песні, у якіх віншавалі гаспадароў хаты, жадалі ім дабра і заможнасці, услаўлялі іх працавітасць і шчодрасць.

Калядоўшчыкі хадзілі з «казой», «мядзведзем», «цыганам» і іншымі персанажамі, у якія самі жа і пераапраналіся і рабілі сваеасаблівы зімовы карнавал з тэатральнымі відовішчамі, дзе шырока выяўлялася народная выдумка.


Інтэрактыўная калядная праграма «Ой, каб калядак нядзель дзесятак...»

 Дзе: г. Мінск, вул. М. Багдановіча, 13.

Калі: 26 снежня

Колькі каштуе: 5 BYN

Чароўныя гукі беларускай дуды, дудак ды скрыпкі напоўняць музейныя залы 26 снежня. Сапраўдныя калядоўшчыкі завітаюць да музея гісторыі беларускай літаратуры. 

Гурт калядоўшчыкаў навучыць маленькіх гледачоў калядным песенькам. Самыя актыўныя паспрабуюць сябе ў ролі казы, мядзведзя і іншых персанажаў старажытнага каляднага абраду.

Падчас імпрэзы будуць і беларускія народныя танцы ды гульні. А завершыцца святочная дзея вялікім агульным карагодам.

  • Узрост: 5-12 гадоў. Мамаў і татаў таксама запрашаем!
  • Час пачатку праграмы: 13.00 і 16.30.
  • Працягласць: 45-60 хвілін.

Калядны оперны форум-2021

Дзе: Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета РБ, г. Мінск, пл. Парыжскай Камуны, 1

Калі: да 22 снежня

Колькі каштуе: ад 7,5 BYN 

Уся праграма ўжо вядомая: безумоўна, да 22 снежня вас чакаюць толькі прэм’еры.

18 снежня — спектакль-пераможца Нацыянальнай тэатральнай прэміі – опера «Фаўст» Ш. Гуно ў пастаноўцы Ганны Маторнай. Дырыжыраваць операй прыедзе пастаноўшчык Андрэй Іваноў (галоўны дырыжор Растоўскага музычнага тэатра).

19 снежня гледачы ўбачаць спектакль, з якім Аксана Волкава дэбютавала ў вялікім як рэжысёр. На сцэне — містычная драма Дж. Пучыні «Вілісы. Фатум». Дырыжор — Іван Касцяхін.

21 снежня — спектакль, які цяпер у Вялікім тэатры збірае аншлагі, — опера В. Салтана «Дзікае паляванне караля Стаха». Другі раз у гісторыі тэатра за пастаноўку оперы па матывах аднайменнай дэтэктыўнай аповесці В. Караткевіча ўзялася Ганна Маторная. Дырыжор — Андрэй Іваноў.

І вось цяпер — увага! 15 снежня партыю Самсона ў прэм’ернай пастаноўцы оперы К. Сен-Санса выканае саліст «Гелікон-оперы», запрошаны артыст Марыінскага, Міхайлаўскага і Вялікага тэатра Расіі тэнар Іван Гынгазаў.

17 снежня — сольны канцэрт зоркі сусветнай оперы, якая нарадзілася ў Мінску, уладальніцы шыкоўнага мецца Кацярыны Семянчук (Марыінскі тэатр). Запрошаны госць праграмы таксама саліст Марыінкі бас-барытон Магерам Гусейнаў. Дырыжор — Эйюб Куліеў, галоўны дырыжор і музычны кіраўнік азербайджанскага тэатра оперы і балета (Баку), запрошаны дырыжор Марыінскага тэатра.

18 снежня ролю Валянціна ў оперы Ш. Гуно «Фаўст» выканае сусветна вядомы барытон беларус Уладзіслаў Сулімскі (Марыінскі тэатр). Зусім нядаўна ён бліскуча выканаў на беларускай сцэне партыю Макбета ў аднайменнай оперы Дж. Вердзі. І вось Уладзіслаў зноў збіраецца ў Мінск, дзе будзе дэбютаваць у шэдэўры Гуно.

Па традыцыі завершыць свята музыкі Зорны гала-канцэрт. 22 снежня ў закрыцці Форуму-2021 возьмуць удзел Кацярына Семянчук, Магерам Гусейнаў, Уладзіслаў Сулімскі, а таксама салістка маскоўскага Вялікага тэатра Венера Гімадзіева (сапрана), запрошаны артыст Марыінскага і Вялікага тэатра Расіі Гадэрдзі Джанелідзэ (бас).

За дырыжорскім пультам — наш даўні сябар Джанлука Марчана, мастацкі кіраўнік фестываляў «Аль-Бустан» у Бейруце (Ліван) і Suoni dal Golfo ў Лерычы (Італія).


​Музей кіно адзначыць 200-годдзе з дня нараджэння Фёдара Дастаеўскага

kinopoisk.ru

Дзе: Музей гісторыі беларускага кіно, г. Мінск, вул. Свярдлова, 4

Калі: першая праграма  3–19 лістапада, дургая 1–24 снежня

Рэтраспектыва, прысвечаная 200-годдзю з дня нараджэння класіка рускай і сусветнай літаратуры Фёдара Дастаеўскага, пройдзе ў Музеі гісторыі беларускага кіно. Гледачам прадставяць 14 экранізацый твораў пісьменніка, знятых у розных краінах.


Hygge Cinema: Сумесныя кінапрагляды па суботах

Дзе: Yoga Place Захад, г. Мінск, вул. Ляшчынскага, 8, к. 1

Калі: да 25 снежня

Колькі каштуе: 5 BYN 

У снежні можна паглядзець:

  • 18 снежня, 19: 00–21: 30 «Гары Потэр і вязень Азкабана»
  • 25 снежня, 19: 00–21: 30 «Гары Потэр і Кубак агню»

Пачатак фільмаў у 19:00, але вы можаце прыехаць за 15 хвілін да пачатку, каб выбраць сабе найбольш камфортнае месца. На ўваходзе ў студыю вы ўбачыце стэлажы, на якіх неабходна пакінуць абутак. У студыі мы ходзім у шкарпэтках або басанож.

Для камфортнага размяшчэння ў зале мы выкарыстоўваем падушачкі. А для максімальнага паслаблення і выгоды вы можаце ахінуцца ў коўдру.

Кафэ YP Захад працуе ў рэжыме take away. Пасля замовы напою або дэсерту не забудзьцеся забраць яго на стойцы барыста. Пранос сваіх прадуктаў і напояў на тэрыторыю студыі забаронены.

Праз паўгадзіны пасля заканчэння фільма студыя зачыняецца. Калі вы плануеце працягнуць зносіны з блізкімі — мы рэкамендуем загадзя прадумаць ваш маршрут і выбраць для гэтага нейкае з начных устаноў горада.

Кінапрагляд для трымальнікаў YP Member Card з’яўляецца бясплатным. Для тых удзельнікаў,  хто запісаўся, якія не з’яўляюцца наведвальнікамі / вучнямі студыі, уваход платны.


Выстава «Дынастыя»

Дзе: галерэя ДК, Мінск, вул. Герцэна, 2а

Калі: да 31 снежня

Колькі: 7 BYN — поўны; 5 BYN — ільготны

Кажуць, талент не перадаецца па спадчыне. На выставе «Дынастыя» ў вас будзе магчымасць абвергнуць гэта сцвярджэнне. У мастацкай прасторы «Галерэі ДК» з 19 лістапада вашай увазе будзе прадстаўлены жывапіс трох пакаленняў сям’і Сямілетавых: Аляксандра (1926 г. н.), Барыса (1956 г.н.) і Івана (1980 г. н.).

Нечаканыя рашэнні для сваіх твораў праз глыбінны свет свядомасці прадставіць Іван Сямілетаў. Аўтар карыстаецца казачна-сюррэалістычнымі прыёмамі ў жывапісе, працуе з філасофскай катэгорыяй часу, даследуе сферы несвядомага і ірацыянальнага.

Барыс Аляксандравіч у сваёй творчасці ўдыхае жыццё ў неадушаўлёныя прадметы. Мастак лічыць, што мастацтва павінна быць прадуманым, выбудаваным.

Творчасць Аляксандра Сямілетава парадуе ўсіх знаўцаўў лірычнага пейзажу. У працах аўтара гучаць эмоцыі, а прырода становіцца люстэркам душы. Радасць, сум, меланхолію і настальгію даруе мастак сваім гледачам цераз прызму свайго бачання.

Агульны пачуццёвы пачатак напоўніць выставу напругай і ўнутранай энергіяй.

Час працы: чацвер-субота, 12:00—20:00; нядзеля, 12:00–16: 00


«Беларусь і беларусы. Гід па гісторыі культуры»

Дзе: Нацыянальны гістарычны музей, г. Мінск, вул. К. Маркса, 12

Калі: да 31 снежня

Беларусь — суверэнная краіна з тысячагадовым мінулым, са слаўнымі і драматычнымі старонкамі. Яна беражліва захоўвае нацыянальныя традыцыі, натхняецца лепшымі здабыткамі сусветнай цывілізацыі і пераасэнсоўвае іх.

Ці ведаеце вы, калі першыя людзі з’явіліся на нашых землях? Калі на Беларусь прыйшла пісьменнасць і якім алфавітам запісвалася? А тое, што нашая зямля — краіна замкаў і незлічоных скарбаў? Што апраналі нашыя продкі, з чаго складваецца нацыянальная кухня і як гучаць «галасы» Беларусі?..

Выставачны праект «Беларусь і беларусы. Гід па гісторыі і культуры» распавядае пра асноўныя этапы гістарычнага развіцця Беларусі, дае кароткую характарыстыку культурным здабыткам, прадстаўляе беларускую нацыю як неад’емную частку сусветнай супольнасці, дапамагае зразумець, што такое Беларусь і хто такія беларусы.

Праект прапануе выправіцца ў захапляльнае падарожжа, згадаць важныя даты, натхніцца нашай спадчынай, а праз інтэрактыўныя элементы — літаральна дакрануцца да гісторыі.

Выстава складаецца з дзвюх частак — «Гісторыя» і «Культура». Першая паказвае лёсавызначальныя падзеі, асноўныя працэсы, этапы гістарычнага развіцця Беларусі (ад старажытных часоў да сучаснасці); наступная адлюстроўвае асобныя тэмы, прысвечаныя адметнасцям самабытнай беларускай культуры.

Праект «Беларусь і беларусы. Гід па гісторыі і культуры» рэалізуецца ў адпаведнасці з грантам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у культуры на 2021 г.

Партнёры праекта: Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, Беларускае тэлеграфнае агенцтва, Дэпартамент па ліквідацыі вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, Музей пажарнай і аварыйна-выратавальнай справы, Музей прыроды і экалогіі, Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, фатографы Ганна Кіпель, Анатоль Андрэеў.


Скарбонка памяці

Дзе: Тэрыторыя Лошыцкага паркава-сядзібнага комплексу, праезд Чыжэўскіх, 8–2

Калі: да 31 снежня

Колькі каштуе: 3 BYN — для дарослых, 2,5 BYN — для студэнтаў, 1,5 BYN — для школьнікаў

У музеі «Лошыцкая сядзіба» пачынае працу выставачны праект «Скарбонка памяці: выстава народнага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва», арганізаваны сумесна з Беларускім саюзам майстроў народнай творчасці.

Традыцыйная народная творчасць − адзін з найбольш дзейсных спосабаў самавыяўлення народа, магчымасць заявіць пра сябе ўсяму свету. Беларусы да сённяшніх дзён захавалі многія віды і формы народнай традыцыйнай творчасці: разьбярства, ганчарства, кавальства, ткацтва, роспіс, пляценне з прыродных матэрыялаў.

На выставе прадстаўлена больш за 500 прадметаў сучаснага народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і мастацкіх рамёстваў. Артэфакты сабраны вядомым беларускім этнографам Яўгенам Міхайлавічам Сахутай у экспедыцыях, праведзеных па ўсёй Беларусі. У 2019 годзе частка калекцыі была перададзена ў фонды Музея гісторыі горада Мінска.

Многія даўбана-разьбяныя, ганчарныя, плеценыя, каваныя вырабы, якія экспануюцца на выставе, уражваюць першабытнай суровасцю, прастатой і магутнасцю формаў. У дэкоры драўлянага і керамічнага посуду, вышываных і тканых вырабах пераважаюць старажытныя геаметрычныя матывы, якія маюць даўняе сімвалічнае паходжанне. Да старажытных таксама адносяцца зааморфныя матывы драўлянай і глінянай пластыкі, цацак-свістулек.

Сярод найбольш каштоўных і цікавых прадметаў − саламяныя коні, чаплі і буслы, разнастайнае керамічнае начынне, калекцыя тэкстыльных і фарфоравых лялек, выцінанка.

Экспанаты, сабраныя на выставе, створаны майстрамі не аднаго пакалення з усіх этнаграфічных рэгіёнаў Беларусі і з’яўляюцца адлюстраваннем шляху жыцця. За кожным прадметам, за кожным вырабам – ці жыццёвая сітуацыя, ці шчаслівая сустрэча, ці роздум у адзіноцтве. Магчыма, і ў наведвальніка яны закрануць запаветныя струны душы, адгукнуцца радасцю, разварушаць пачуцці і ўспаміны з дзяцінства.


Выстава «Tex-Experience»

 

Дзе: Высокае месца, г. Мінск, вул. Герцэна, 2а

Калі: да 16 студзеня 

Колькі каштуе: 4 BYN — для дарослых, 3 BYN — для студэнтаў, 2,5 BYN — для школьнікаў 

8 снежня, а 18-й гадзіне ў Арт-гасцёўні «Высокае мѣста» адбылося адкрыццё выставы эксперыментальнага тэкстылю «Tex-Experience» у межах I трыенале канцэптуальнага мастацтва «КАНЦЭПТ 21». Праект падрыхтаваны сумесна з Беларускім саюзам мастакоў.

Выстава эксперыментальнага тэкстылю «Tex-Experience» — творчы праект, у якім прымаюць удзел больш за дваццаць аўтараў з Мінска, Віцебска, Полацка, Гродна і Жодзіна.

Сучасны беларускі тэкстыль можна аднесці да найноўшага феномена ў мастацтве, які мастацтвазнаўцы называюць «пластычным выбухам» у тэкстыльнай скульптуры, або проста Fiber Art. Гэта той самы тэкстыльны Art, які валодае велізарнай сімвалічнай сілай станковага або манументальнага твора і найперш зыходзіць з канцэптуальнага адрыву ад укаранёнай у гісторыі мастацтва асацыяцыі тэкстылю з утылітарнасцю і рамяством.

І справа тут не ў новых тэхналогіях, можна працаваць і з традыцыйным гладкім пляценнем, — а ў новым вобразным складніку, у маштабе зробленага аб’екта, яго асацыятыўнасці і актуальнасці. Тэкстыль згубіў дэкаратыўнасць, перастаў быць двухмерным, выйшаў у прастору.

З’яўленне трохмерных тэкстыльных арт-аб’ектаў дазволіла перавесці тэкстыль з катэгорыі «жывапіс» у катэгорыю «скульптура». А лічбавыя тэхналогіі, святло, гук, новыя крэатыўныя матэрыялы далі мастаку незвычайна шырокае поле для творчага эксперыменту.

Выстава эксперыментальнага тэкстылю «Tex-Experience» — гэта спроба зазірнуць за гарызонт. Мэта праекта — стварэнне новых прадметна-прасторавых асяроддзяў пры дапамозе аб’ектаў сучаснага тэкстылю. Выстава паказвае гледачу эксперыменты з тканінай і прасторай.

У экспазіцыі прадстаўлены як плоскасныя, так і аб’ёмныя арт-аб’екты, тэкстыльныя інсталяцыі, выкананыя ў розных тэхніках: ручнога ткацтва, лямца, пляцення з ужываннем як традыцыйных тэкстыльных матэрыялаў (ільну, бавоўны, воўны, сінтэтычных нітак), так і металу, шкла, пластыка, паперы, святлоадбівальнай стужкі, мантажнай сеткі.

Адзін з залаў выставы прысвечаны ўзаемадзеянню тэкстыля і святла, выкарыстанню святлодыёднай стужкі як матэрыялу для працы, а таксама для стварэння светлавых эфектаў. Удзельнікі выставы — ужо вядомыя майстры і творчая моладзь.

Сярод іх: Алена Обадава, Марыя Барысенка, Вольга Рэднікіна, Таццяна Фаміна, Хрысціна Высоцкая, Мар’яна Карповіч-Сакалова, Ксенія Ціханава, Таццяна Гомза, Анастасія Арайс (Мінск), Таццяна Макляцова, Наталля Лісоўская, Наталля Канькова, Наталля Кімстач (Віцебск), Яўгенія Станіна (Гродна), Таццяна Козік (Полацк), Вераніка Рассыльная (Жодзіна) і іншыя. Куратары праекта Вольга Рэднікіна, Наталля Шаранговіч.


Выстава «"Боская камедыя" Дантэ»

Дзе: Музей кнігі, г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 116

Калі: да 16 студзеня

Колькі: бясплатна па чытацкаму білету або білеце сацыякультурнага цэнтра

4 лістапада ў Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адкрылася выстава «Боская камедыя «Дантэ», прымеркаваная да 700-годдзя сусветнага паэтычнага шэдэўра Дантэ Аліг’еры.

«La commedia» (1307–1321), вядомая нам як «Боская камедыя» — манументальны эпічны твор, сапраўдная паэтычная энцыклапедыя навуковых, палітычных, філасофскіх і багаслоўскіх ведаў эпохі ранняга Адраджэння. Менавіта гэты твор Дантэ стаў вяршыняй яго літаратурнай дзейнасці.

На выставе таксама будзе прадстаўлены арыгінал аднаго з першых і найлепшых ілюстраваных выданняў твора, які выйшаў у родным горадзе паэта — у Фларэнцыі ў 1481 годзе. Гравюры для выдання створаны па творах вядомым італьянскім мастаком эпохі Адраджэння Сандра Батычэлі.

Можна будзе ўбачыць шэдэўр кніжнай графікі XIX стагоддзя — цыкл гравюр вядомага французскага майстра Гюстава Доры да першай часткі паэмы «Пекла» (1861), а таксама іншыя прыклады мастацкай інтэрпрэтацыі несмяротнага твора.

Рэжым працы: аўторак, серада, пятніца з 10: 30 да 19: 00. Чацвер, субота, нядзеля з 10: 00 да 18: 00. Панядзелак — выхадны.


Інтэрактыўна-пазнавальная праграма «Калядныя цуды»

Дзе: Літаратурны музей, г. Мінск, вул. М. Багдановіча, 13

Калі: да 21 студзеня

У перыяд зімовых свят — з 20 снежня 2021 года па 21 студзеня 2022 года — Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае хлопчыкаў і дзяўчынак да ўдзелу ў святочнай інтэрактыўна-пазнавальнай праграме «Калядныя цуды».

Праграма ладзіцца ў межах экспанавання новай аднаіменнай выставы музея і прысвечана традыцыям святкавання Калядаў на Беларусі.

Удзельнікі праграмы даведаюцца, чаму ў гадавым коле народных абрадаў і свят Каляды займалі першае месца, як варажылі, якія песні спявалі і якія стравы гатавалі на свята іх продкі, пазнаёмяцца з абрадавымі каляднымі гульнямі і забавамі.

Але тое было раней... А зараз? Ці ведаем мы хоць адзін сучасны абрад? Вось мы і прапануем юным наведвальнікам стаць стваральнікамі новага каляднага абраду. Як ён называецца? А гэта мы разам і прыдумаем...

А яшчэ падчас праграмы хлопчыкі і дзяўчынкі трапяць у «калядную майстэрню», бо якое ж сапраўднае свята абыходзіцца без хэнд-мэйду? Тут рабяты змогуць праявіць свае творчыя здольнасці і ўласнаручна зрабіць незвычайную елачную цацку-сюрпрыз. Яна стане арыгінальным падарункам для родных і сяброў або паслужыць упрыгожаннем для дамашняй навагодняй хваінкі.

Акрамя таго ўдзельнікаў праграмы чакаюць салодкія пачастункі ад партнёра праграмы — кандытарскай фабрыкі «Красный пищевик».

Да ўдзелу ў калядная праграме запрашаюцца групавыя і сямейныя наведвальнікі малодшага і сярэдняга школьных узростаў.

Працягласць — каля 60 хвілін.

Папярэдні запіс ужо распачаты! Тэл. +375 17 363-56-21.


Выставачны праект «Музей ёлачных цацак»

Дзе: Нацыянальны гістарычны музей РБ, г. Мінск, вул. Маркса, 12

Калі: да 23 студзеня

Колькі: дарослым — 10 BYN; пенсіянеры, школьнікі, дзеці з 5 гадоў — 8 BYN; дзеці да 5 гадоў — бясплатна

У прадчуванні навагодніх святаў і зімовага чараўніцтва з 29 кастрычніка ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь пачынае працу навагодні выставачны праект «Музей ёлачных цацак».

Выстава — частка найбуйнейшай сусветнай калекцыі ёлачных цацак. Кожны год «Музей» абнаўляе свае фонды, што дазваляе наведваць выставу як у першы раз. Увазе наведвальнікаў будуць прадстаўлены навагоднія дэкарацыі з Еўропы, Азіі, Аўстраліі, Амерыкі і Афрыкі, аналагаў якім няма ні ў адным еўрапейскім музеі.

Наведвальнікі музея змогуць даведацца ўсе сакрэты вытворчасці ёлачных цацак на адзінай у Беларусі спецыялізаванай фабрыцы, а таксама пад кіраўніцтвам мастакоў прадпрыемства прайсці адукацыйныя майстар-класы па вырабе навагодніх упрыгожванняў (кошт — 10 руб.), і не толькі.

Самыя маленькія госці выставы змогуць убачыць інтэрактыўны мініяцюрны калядны гарадок. У рамках праекта будзе працаваць фірменны магазін фабрыкі «ГРАЙ», дзе ўсе жадаючыя змогуць набыць святочную прадукцыю па фабрычных цэнах.

Музей працуе штодня з 11: 00 да 19: 00.


Выстава «Колер паху»

Дзе: Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага, г. Мінск, пл. Свабоды, 15

Калі: да 23 студзеня 

Колькі: 4 BYN — дарослым; 3 BYN — студэнтам; 2,5 BYN — школьнікам 

9 снежня 2021 года ў 18.00 у Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага адбудзецца адкрыццё арт-праекта «Колер паху» мастака Святланы Верабей і парфумера Ксеніі Філіпавай.

«Ці можна адлюстраваць пах?» — такім пытаннем задаліся аўтары выставачнага праекта.

Арт-праект уяўляе серыю жывапісных работ мастака, дызайнера, фатографа, спецыяліста па боды-арце Святланы Верабей. Серыя стваралася ў тандэме з парфумерам і ароматэрапеўтам Ксеніяй Філіпавай.

Наведвальнікі выставы змогуць не толькі разгледзець абстрактныя жывапісныя кампазіцыі, але і адчуць тыя пахі і водары, якія выклікалі ў мастака арыгінальныя каляровыя асацыяцыі. Сваё ўвасабленне ў фарбах знайшлі пахі грэйпфруту, лаванды, герані, елі, язміну, імбіра, мірту, чабору, ружы, шалфею, чорнага перцу і многія іншыя.

На выставе таксама прадстаўлены жывапісныя працы з гукавым суправаджэннем, якое дапамагае больш поўна адчуць аўтарскую задуму жывапісных твораў.


Літаратурна-дакументальнай экспазіцыі «Залатая раніца беларускага Адраджэння»

Дзе: «Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры», г. Мінск, вул. М. Багдановіча, 13

Калі: да 31 студзеня

23 лістапада 2021 года ў 17.00 у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылася ўрачыстае адкрыццё часовай літаратурна-дакументальнай экспазіцыі «Залатая раніца беларускага Адраджэння», прымеркаванай да 110-годдзя Юлія Таўбіна, 115-годдзяў Андрэя Александровіча і Алеся Салагуба, 120-годдзяў Міхася Зарэцкага і Віталя Вольскага, 125-годдзяў Кандрата Крапівы, Майсея Кульбака, Міхася Чарота, 135-годдзя Змітрака Бядулі.

Дзесяцігоддзе 20-30-х гадоў ХХ ст. — адна з самых яскравых старонак у гісторыі Беларусі. На хвалі часу шырокага рэвалюцыйнага ўздыму ў беларускую літаратуру ўліваецца цэлая плеяда маладых пісьменнікаў, паэтаў, крытыкаў. Гэты час быў вельмі спрыяльны для развіцця нацыянальнай культуры і навукі, яго называюць «залатой раніцай» беларускага адраджэння.

У 1920 годзе быў адкрыты Беларускі педтэхнікум — «сад-гадавальнік» беларускіх пісьменнікаў. У 1921 годзе адчыніліся дзверы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

У гэты час былі арганізаваны вядучыя тэатры — беларускія, польскі і яўрэйскі. У 1926 годзе па аповесці Міхася Чарота «Свінапас» здымаецца першая беларуская кінастужка «Лясная быль».

Развіццё перыядычнага друку ў Беларусі аказала значны ўплыў на станаўленне літаратуры і мастацтва. У газетах «Савецкая Беларусь», «Чырвоная змена», «Звязда», «Літаратара і мастацтва» «Беларуская вёска» і іншых друкаваліся творы выдатных беларускіх пісьменнікаў. Сярод супрацоўнікаў рэдакцый было нямала паэтаў і празаікаў. Папулярныя часопісы тых гадоў: «Маладняк», «Узвышша», «Полымя», «Іскры Ільіча», «Штэрн» і інш.

Наведвальнікі пазнаёмяцца з беларускім друкам таго часу, мастацкімі творамі юбіляраў, даведаюцца пра тое, як «віравала» тэатральнае жыццё.

На экспазіцыі прадстаўлены матэрыялы з фондаў музея, Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь, а таксама выкарыстаны электронныя копіі часопісаў з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Кантактныя тэлефоны: +375 17 363-56-21, +375 17 395-44-47.


Выставачны праект «Тату ў мастацтве. Мастацтва ў тату»

Дзе: Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў, г. Мінск, вул. Някрасава, 3

Калі: да 13 лютага

Колькі: 12 BYN — дарослым; 10 BYN — студэнтам; 8 BYN — ільготны 

9 снежня ў 18:00 у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў пачне сваю працу выставачны праект «Тату ў мастацтве. Мастацтва ў тату», дзе будуць прадстаўлены карціны, графіка, фатаграфія, скульптура, арт-аб’екты, звязаныя са светам татуіроўкі, а таксама абсталяванне тату-індустрыі.

У праекце прымаюць удзел вядучыя салоны і майстры тату — больш за 50 аўтараў з усёй Беларусі.

Час працы: серада-нядзеля, 12:00–20:00; выхадны: панядзелак, аўторак.


Мастацка-дакументальная выстава «Пад знакам Страціма»

Дзе: Літаратурны музей Максіма Багдановіча, г. Мінск, вул. М. Багдановіча, д. 7а

Калі: да 30 сакавіка 

Для Літаратурнага музея Максіма Багдановіча 2021 год насычаны на юбілейныя даты: 130-годдзе з дня нараджэнне паэта, 105-годдзе вяртання Максіма Багдановіча на радзіму, а таксама 105-годдзе напісання твора «Страцім-лебедзь».

Аднаму з апошніх твораў Максіма Багдановіча «Страцім-лебедзь» літаратуразнаўцы не могуць вызначыць форму: паэма, балада, верш. А самога аўтара называюць Страцімам-лебедзем беларускай літаратуры.

У вершы раскрываецца біблейская тэма сусветнага патопу: міфічная птушка Страцім-лебедзь загінула з-за свайго ганарлівага нораву, і ад яе не засталося нашчадкаў. Прамых нашчадкаў ад шлюбу Адама і Марыі Багдановічаў не засталося. Велізарны патэнцыял быў закладзены прыродай у слаўны род Багдановічаў. Шмат у чым ён быў рэалізаваны ў асобе нашага выдатнага паэта. Максім Багдановіч у справе нараджэння беларускай паэзіі мае статус гераічнага Страцім-лебедзя, ад твораў якога пачаў адлічвацца час класічнай літаратуры Беларусі.

На выставе «Пад знакам Страціма» можна ўбачыць упершыню ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча мемарыяльныя рэчы сям’і Багдановічаў. Тыя прадметы, якія захоўваліся ў іншых установах Беларусі.

Шкатулка маці Максіма з Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея, мемарыяльныя рэчы бацькі паэта з Нацыянальнага гістарычнага музея РБ, сямейны фотальбом з Беларускага дзяржаўнага архіва літаратуры і мастацтва. А дамінантай выставы з’яўляецца асабістая рэч Максіма Багдановіча — ножык для разразання паперы (з фонду НГМРБ).

Выбар рэдакцыі

Культура

Выклік ці новы погляд? Ірына Рамбальская прадставіла незвычайную арт-інтэрвенцыю ў музеі Я.Коласа

Выклік ці новы погляд? Ірына Рамбальская прадставіла незвычайную арт-інтэрвенцыю ў музеі Я.Коласа

Ірына Рамбальская прадставіла незвычайную арт-інтэрвенцыю ў музеі Я.Коласа.