Вы тут

Крэ­дыт на да­вер


Што адбываецца, калі сцэнарый таварна-грашовых адносін адзін з бакоў перапісвае пад сябе? У тую яшчэ гісторыю патрапілі гамяльчане: прайшлі ўсе стадыі адстойвання сваіх правоў спажыўца, выйгралі суды, але так і не вярнулі пакуль свае кроўныя і ўсё ж працягваюць змагацца. Як высветлілася, у ашуканых людзей адна гісторыя на ўсіх. Яны звярнуліся да аднаго і таго ж прадпрымальніка па аказанні рытуальных паслуг.


Апошнія «пахавальныя»

Усё як пад капірку: знайшлі фірму па станоўчых водгуках аб паслузе, склалі афіцыйны дагавор, унеслі задатак, чакалі выканання работ. Нават пасля зрываў тэрмінаў заказу спрабавалі выбудаваць адносіны з выканаўцам па-мірнаму. Cкладалі дадатковыя дагаворы і зноў чакалі...

Пра тое, у якое нязручнае становішча гэтая гісторыя паставіла яе перад сваякамі, расказала адна з тых самых ашуканых спажыўцоў гамяльчанка Алена Уладзіміраўна:

— Раней рабіла заказ на выраб помніка ў гэтага ж прадпрымальніка, мяне ўсё вельмі задаволіла. Таму гэтай вясной, калі вырашылі са сваякамі сабрацца і заказаць надмагілле на магілку бабулі, добраўпарадкаваць пліткай пляцоўку ўнутры агароджы, я сказала: «Давайце да яго звернемся». Дала задатак — тысячу рублёў. Ён не выконваў нічога. Тэлефанавала, чакала, потым прыйшла да яго на фірму, казаў: «Увайдзіце ў становішча, праблемы з пастаўшчыкамі». Я пагадзілася, мы заключылі дадатковы дагавор, пасля гэтага ён на сувязь не выходзіў, з арандаванага офіса з'ехаў, я прыходзіла туды неаднаразова, усё безвынікова.

Так у канцы жніўня Алена Уладзіміраўна апынулася ў гарадской арганізацыі «Беларускае таварыства абароны спажыўцоў». З дапамогай юрыста склалі іскавую заяву аб скасаванні дагавора куплі-продажу з прадпрымальнікам, вяртанні авансу за паслугу. На пасяджэнне ў суд адказчык не з'явіўся. Было вынесена завочнае рашэнне. Па ім прадпрымальнік абавязаны вярнуць выплачаную тысячу рублёў, выплаціць няўстойку за больш чым 100 дзён зрыву тэрміну заказу і 200 рублёў кампенсацыі прычыненай маральнай шкоды.

— Я напісала і заяву ў міліцыю на гэтага грамадзяніна. Мне сказалі, што я ўжо такая сёмая — давала паказанні, — удакладняе гамяльчанка. — Цяпер перад сваякамі маімі вельмі няёмка, таму што зараз зноў трэба збіраць грошы, каб ужо ўсё прывесці ў парадак на могілках, як мы і планавалі.

На працягу аднаго вераснёўскага тыдня ў гарадскую арганізацыю «Беларускае таварыства абароны спажыўцоў» звярнуліся тры чалавекі, якія прасілі прадстаўляць іх інтарэсы ў судзе ў дачыненні да аднаго і таго ж індывідуальнага прадпрымальніка. Адна з гамяльчанак зрабіла заказ на выраб помніка нестандартнай формы і добраўпарадкаванне месца пахавання амаль на пяць з паловай тысячы рублёў, таксама ўнесла аванс. Толькі праз суд спажывец дабілася скасавання дагавора куплі-продажу. Па рашэнні суда адказчык павінен быў выплаціць ёй 1050 рублёў, столькі ж грошай — і ў мясцовы бюджэт.

Думаў, каб хутчэй

Адзін з ашуканых спажыўцоў Аляксей (прасіў не ўказваць прозвішча) распавёў, што ўжо з гэтым жа адказчыкам дайшоў да суда, пагадзіўся падпісаць міравое пагадненне і прыпыніць справу, але словам прадпрымальніка аказалася грош цана:

— У чэрвені заключыў дагавор на ўстаноўку надмагілля для майго бацькі: якраз набліжалася гадавіна. Мне гэтую фірму падказалі знаёмыя, якія раней звярталіся туды, засталіся вельмі задаволеныя. Я загадзя пацікавіўся, колькі перадаплаты ўносяць звычайна перад заказам, мне сказалі 10—15 % ад кошту. Але тут, падумаў, рэкамендавалі ўсё ж такі праверанага чалавека. На фірме сказалі: даражэюць матэрыялы — калі хочаце, каб было хутчэй, унясіце 50 % грошай наперад. Я пагадзіўся, аплаціў паўтары тысячы рублёў.

Калі ж прадпрымальнік «зарэзаў» усе тэрміны, на кантакт не выходзіў, гамяльчанін вырашыў звярнуцца да праваахоўнікаў. Паралельна, расказвае Аляксей, звярнуўся да юрыста ў таварыства па абароне правоў спажыўца:

— Калі я прыйшоў пісаць заяву ў міліцыю, мне сказалі, што я такі ўжо чацвёрты, але заяву прынялі. У таварыстве па абароне правоў спажыўца склалі іскавую заяву. На першае пасяджэнне ў суд прадпрымальнік прыйшоў, растлумачыў, што гатовы выканаць заказ у найбліжэйшы час. Запэўніваў, што ў яго няма больш даўгоў перад іншымі спажыўцамі, зможа, маўляў, выправіць становішча за месяц — дайце толькі час. Суддзя прапанаваў нам падпісаць міравое пагадненне. Я пагадзіўся прыпыніць справу і даць яму месяц адтэрміноўкі. Праз месяц на новае слуханне ён ужо не з'явіўся, на сувязь перастаў выходзіць, нічога не выканаў, што абяцаў. Тыдзень таму я быў у судовага выканаўцы, спадзяюся, справа зрушыцца з мёртвай кропкі.

Часам даводзіцца чакаць гадамі

У рабоце са спажыўцамі дзясяткі гісторый пра вытрапаныя нервы ў судовых звадах, але, каб дачакацца вяртання «сваіх кроўных», трэба набрацца цярпення.

— Часам даводзіцца чакаюць гадамі, — дзеліцца юрыс-консульт Гомельскай гарадской арганізацыі ГА «Беларускае таварыства абароны спажыўцоў» Андрэй Бабіч.

Індывідуальны прадпрымальнік можа аказацца банкрутам, без маёмасці ва ўласнасці, якую можна забраць за даўгі. Калі прэтэндэнтаў на выплату па гэтых самых даўгах шмат, ёсць не пагашаныя пазыкі перад банкамі, то чакаць вяртання сваіх грошай спажыўцы могуць вельмі доўга.

— Даволі дзейсныя меры ў падобных гісторыях — падача заявы ў суд і ўпраўленні юстыцыі аб забароне на выезд за межы краіны, на кіраванне транспартным сродкам. Часта вельмі актуальнай з'яўляецца забарона на наведванне ігральных устаноў, таму што даўжнікі могуць быць папросту гульняманамі, — тлумачыць Андрэй Іванавіч.

Ён і прадстаўляў інтарэсы ў судзе спажыўцоў, якія заказвалі выраб надмагілляў у аднаго і таго ж прадпрымальніка. Юрыст падкрэслівае, што заўжды рэкамендуе сваім кліентам пісаць заяву ў міліцыю.

— Ніколі не выключайце, што вы, магчыма, соты ашуканы спажывец. Калі людзі думаюць, што не трэба звяртацца да праваахоўнікаў, ці ўвогуле спрабуюць самастойна знайсці выйсце з цяжкай спажывецкай сітуацыі, толькі зацягваюць і ўскладняюць працэс.

Не судом адзіным

Між тым, калі ашуканы спажывец не мае магчымасці звярнуцца па кансультацыю да юрыста Беларускага таварыства абароны спажыўцоў, ён можа скарыстацца законным правам атрымаць у гэтым пытанні падтрымку мясцовых выканаўчых органаў па месцы рэгістрацыі юрыдычнай асобы або індывідуальнага прадпрымальніка.

Напрыклад, на Гомельшчыне працуюць 23 упаўнаважаныя па абароне правоў спажыўцоў Гомельскага абласнога, гарадскога і раённых выканаўчых камітэтаў. Яны разглядаюць звароты па першай інстанцыі ў дасудовым парадку. Судовае ўмяшанне павінна быць хутчэй выключэннем — гэта правіла, да якога імкнуцца ў падобнай рабоце з насельніцтвам.

Загуляўся ў бізнес да «крыміналкі»

Юрысты і спецыялісты, што займаюцца абаронай правоў спажыўцоў на Гомельшчыне, абмяркоўваюць паказальны «спажывецкі прэцэдэнт».

Следчым упраўленнем УСК па Гомельскай вобласці завершана расследаванне крымінальнай справы аб завалодванні грашыма заказчыкаў корпуснай мэблі. Па версіі следства, дырэктар і галоўны бухгалтар адной з фірмаў на працягу некалькіх гадоў добрасумленна аказвалі паслугі па вырабе і ўстаноўцы мэблі. Праз некаторы час якасць іх паслуг знізілася — сталі зацягвацца тэрміны вырабу мэблі, з'явіліся пазыковыя абавязкі перад заказчыкамі і страты дзелавой рэпутацыі.

У 2019 годзе з-за праблем з фінансамі прадпрымальнікі па тым жа адрасе адкрылі аналагічную фірму пад іншай назвай. Заключалі з грамадзянамі на ўмовах перадаплаты дагаворы на выраб і рэалізацыю корпуснай мэблі, матрацаў. Памер перадаплаты складаў ад 70 да 100 % ад кошту замовы. Большасць кліентаў цалкам аплачвалі заказ у дзень заключэння дагавора. Часцяком грамадзяне пераводзілі на рахунак арганізацыі грашовыя сродкі, узятыя ў крэдыт. Бізнесмены ажыццяўлялі сваю дзейнасць па прынцыпе піраміды: за кошт паступлення грошай ад новых кліентаў выраблялі мэблю па старых дагаворах. Тэрміны аказання паслуг, як правіла, не выконваліся. Абяцаныя шэрагу кліентаў адзін-тры месяцы на выраб канапы ці кухні зацягнуліся на паўтара-два гады безвыніковага чакання. Ашуканыя заказчыкі сталі звяртацца з заявамі ў розныя інстанцыі. У выніку пракуратура ўзбудзіла крымінальную справу.

— Следчым упраўленнем УСК па Гомельскай вобласці абагульнены і вывучаны шматлікія факты супрацьпраўнай дзейнасці фігурантаў. Яны заключалі фіктыўныя дагаворы, загадзя не маючы намер выконваць прынятыя на сябе абавязацельствы, атрымлівалі перадаплату і завалодвалі грашыма кліентаў. Устаноўлена, што з кастрычніка 2018 года да снежня 2020 года абвінавачаныя ашуканскім шляхам завалодалі грашовымі сродкамі 28 грамадзян на агульную суму больш за 71 тысячу рублёў. Большасць пацярпелых — жыхары Гомеля, — удакладніла афіцыйны прадстаўнік УСК па Гомельскай вобласці Марыя Крываногава.

Да абвінавачаных прыменена мера стрымання ў выглядзе асабістага паручыцельства. Крымінальная справа вывучана пракурорам і накіравана для разгляду ў суд.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.