Вы тут

​Вольга Лабачэўская: “Даматканая посцілка – і сямейная рэліквія, і нацыянальны скарб”


На беларускіх посцілках традыцыйна багата кветак, птушак, звяроў. Колеры яркія, святочныя – блакітны, ружовы, залаты, чырвоны. Буянствам фарбаў і вобразамі яны нагадваюць маляванкі мастачкі-прымітывісткі са Случчыны Алены Кіш. Фігурныя паўліны, грывастыя ільвы – адкуль яны на палотнах нашых прабабуляў? З гэтага пачалася наша размова з вядомай даследчыцай народнай культуры Беларусі Вольгай ЛАБАЧЭЎСКАЙ.


- Посцілкі – не ручнікі, не касцюм. Я маю на ўвазе, што вобразнасць гэтых рэчаў, арнаментальны арсенал матываў, узораў усё ж належаць пазнейшаму часу. Ручнікі здаўна фарміраваліся як з’явы рэгіянальныя, яны – адлюстраванне традыцыйнай культуры, якой адпавядаў геаметрычны арнамент. Гэта добра бачна ў маёй кнізе “Повязь часоў – беларускі ручнік”. Тое ж адносіцца і да касцюма.

На посцілках жа, сапраўды, чаго толькі няма: коцікі, ільвы, заморскія птушкі і кветкі… Колеры часам нават “кіслотныя”. Такімі нашы посцілкі пачынаюць станавіцца ў 1920 – 30-я гады. Асабліва моцны выбух арнаментаў і колераў здараецца ў пасляваенны час, калі робяцца даступнымі фарбавальнікі, разнастайныя матэрыялы. Нашы традыцыйныя тканіны – гэта лён, воўна, але тут пачынаюць ужываць і бавоўну, і фабрычныя ніткі – ірыс, мулінэ, пазней – акрыл, нітрон, іх не трэба было фарбаваць. Посцілка аказваецца не толькі прадуктам жаночай творчасці, але і вынікам развіцця сацыяльных, культурных, эканамічных адносін, гандлёвых сувязей.

У гэты час посцілка арыентуецца на безліч крыніц. Галоўнымі становяцца “мыльныя” або бракараўскія ўзоры – былі такія папяровыя выданні, у іх друкаваліся малюнкі для вышывання. Гэта можна лічыць першай праявай глабалізацыі, бо малюнкі прыходзілі з усяго свету: Германіі, Італіі, Францыі... Вось такі арнаментальны пласт і робіцца найбольш папулярным у майстрых. А яшчэ – карцінкі з часопісаў, узоры з парцьераў, фабрычных дываноў. Быў пласт і больш ранні, звязаны з вытворчасцю дываноў на Беларусі – мануфактурамі Агінскіх, Сапегаў, Тызенгаўза. Калі мы глядзім на посцілкі, можна толькі здзіўляцца, як гэта ўсё перапляталася, складалася ў прыгожыя кампазіцыі. Жанчыны паўтаралі ўзоры, якія ім падабаліся, дадавалі штосьці сваё.

  • “Беларускія посцілкі і дываны. Антрапалогія і мастацтва традыцыйнай рэчы” – так называецца новая кніга Вольгі Лабачэўскай.

Вольга Аляксандраўна Лабачэўская – доктар мастацтвазнаўства, прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, лаўрэат Нацыянальнай прэміі 2020 года ў галіне выяўленчага мастацтва (намінацыя “Мастацтвазнаўства і крытыка”) за кнігу, прысвечаную беларускаму цуду XVIII-XIX стагоддзяў – саламяным іканастасным варотам. Новая кніга даследчыцы выйшла сёлета ў выдавецтве “Беларуская навука” і знаёміць з даматканымі посцілкамі і дыванамі.

- Як доўга ішло напісанне вашай кнігі пра беларускія посцілкі і дываны?Адкуль чэрпалі матэрыял?

- Праца над кнігай пачынаецца не за камп’ютарам, а нашмат раней, калі ты асэнсоўваеш каштоўнасць свайго прадмета даследавання, намацваеш падыходы – як яго апісваць, аналізаваць. З посцілкамі ж атрымалася такая гісторыя. Справа ў тым, што яны вельмі разнастайныя і не ўяўляюць сабой нейкай аднароднай карціны, як, напрыклад, касцюм, ручнікі. Гэта звязана з тым, што посцілкі і дываны – з’ява пазнейшая, яны фарміраваліся ў іншую эпоху. Складанасць была яшчэ і ў тым, што ў гэтай сферы існуе вялікая колькасць лакальнай народнай тэрміналогіі. І нават у працах нашых даследчыкаў часам цяжка зразумець, пра якую канкрэтна тэхніку, посцілку ідзе гаворка, бо адна і тая ж рэч можа мець да дзясятка розных назваў. Пэўны час я раздумвала, якім чынам зрабіць з такой стракатай карціны нешта ўцямнае для музейных работнікаў, даследчыкаў і ўсіх тых, хто цікавіцца гэтай з’явай.

Да таго ж, посцілка – рэч утылітарная, хоць і прыгожая, дэкаратыўная. Як паказаць, што посцілка і дыван у культуры беларусаў – самакаштоўныя і маюць свой змест? Цікава было таксама вызначыць, якую ролю яны адыгрывалі ў культуры ўжо нашага часу. Таму мной быў абраны падыход праз антрапалогію, праз чалавека і яго жыццё.

Падштурхнула мяне да гэтага яшчэ і такая з’ява, як сямейныя фотаздымкі, якія ў 1950 – 60-я гады часта рабіліся на фоне посцілак. Фатаграфія тады толькі прыйшла ў вёску, і людзі вешалі на вуліцы каля хаты або на сцены дамоў свае прыгожыя посцілкі, на фоне якіх рабіліся партрэты. Сёння гэтыя фотаздымкі – гістарычны дакумент.

Вось з такіх падыходаў і выспела кніга. З аднаго боку, посцілкі – рэч традыцыйная, а з другога – не застылая ў часе, бо звязаная з чалавекам, з сацыяльна-культурнымі зменамі ў беларускай вёсцы.

- У кнізе шмат фота посцілак. Вы іх знайшлі ў музейных фондах, экспедыцыях?

- У маім асабістым архіве шмат экспедыцыйных фотаздымкаў, якія рабіла я сама. Але хацелася паказаць прыгажосць, фактуру тканых прадметаў. А для гэтага патрабаваліся фота высокай якасці. У нашых музеях шмат посцілак, самая вялікая калекцыя іх, пэўна, у Нацыянальным гістарычным музеі – больш за 400 адзінак. Але яны не адфатаграфаваныя.

Было знойдзена паразуменне з музеямі, яны дазволілі нам зрабіць спецыяльныя здымкі, і я вельмі ўдзячная фатографу Міхасю Аракчэеву, які на грамадскіх пачатках выдатна справіўся з задачай. Некаторыя музеі даслалі свае фотаздымкі. Скарысталіся і набыткамі Студэнцкага этнаграфічнага таварыства.

Такім чынам, ілюстрацыйны матэрыял кнігі разнастайны. Не проста было яго сабраць і адабраць лепшыя ўзоры, над гэтым мы карпатліва працавалі з мастаком і дызайнерам Аляксеем Пятровым і цалкам паразумеліся. Для мяне вельмі важна, каб кніга была не толькі змястоўная, але і прыгожая. Здаецца, гэта атрымалася. Дзякуючы нашай працы, людзі, па сутнасці, упершыню ўбачылі ў такой разнастайнасці  беларускія посцілкі і дываны. 

- Ткацтвам на вёсцы займаліся жанчыны.  Як вы лічыце, ці магла такая творчасць стацца пэўнай арт-тэрапіяй, бо жыццё жанчын у патрыярхальным грамадстве не было лёгкім?

- У традыцыйнай сялянскай культуры жанчына праводзіла шмат часу за прасніцай, за ткацкім станком, гэта была жыццёвая патрэба: мець палатно, рабіць адзенне для ўсёй сям’і, часам вельмі вялікай. Жанчына апранала і ўпрыгожвала сям’ю, рабіла пасаг сабе, потым дачкам. Гэта былі тканіны, ручнікі, сарочкі, розныя прадметы для  вясельнага і іншых абрадаў.

Посцілкі на традыцыйнай вёсцы не былі такім ужо мастацтвам, яны былі патрэбныя як утылітарная рэч, у якую жанчына ўкладала няшмат творчасці. Самі назвы сведчаць пра гэта: у беларусаў прынята было называць іх “радзюжкі”, “дзяружкі”. Найлепшы кужэльны лён выкарыстоўваўся для палатна, адзення, а ільняныя ніткі горшай якасці ішлі на гэтыя “дзяружкі”.

- А ў савецкі час сітуацыя памянялася?

- Яна змянілася ў міжваенны перыяд і асабліва пасля Другой сусветнай вайны. На вёску прыходзяць фабрычныя тканіны, там больш не вырабляюць палатно і не шыюць адзенне: у калгаснай вёсцы гэта было і немагчыма, бо гаспадары не сеялі свой лён. З новымі матэрыяламі з’яўляюцца новыя магчымасці. І паступова праз гэтыя сацыяльна-культурныя перамены жаночая творчасць пераключаецца на тканне посцілак і дываноў. Майстрыхі захапляюцца посцілкамі, стараюцца выткаць іх як мага больш цікавымі, разнастаіць узоры. Калі дзяўчына ішла замуж, ёй трэба было назапасіць у пасаг не адну прыгожую посцілку. У 1960– 70-я іх дарылі сынам, унукам. Па сутнасці, посцілка – апошні пласт народнай тэкстыльнай творчасці беларусаў, якая прыпынілася толькі напачатку 1990-х, калі складана стала набываць ніткі. Аднак пазней з’явілася магчымасць пры жаданні купіць у магазіне і дыван, і розныя посцілкі, нават замежнай вытворчасці. Так фабрычныя рэчы сталі выціскаць з вясковай хаты самаробныя.

Але апошні пласт жаночага ткацтва пакінуў нам вялізную колькасць разнастайных посцілак. У іх няма рэгіянальных прыкмет, посцілка становіцца рэччу глабалізаванай: узоры мігрыравалі, жанчыны з Заходняй Беларусі пераязджалі ў БССР і прывозілі свае вырабы. Таму па ўсёй краіне гэтыя рэчы ў цэлым падобныя, хаця па некаторых з іх можна прасачыць, дзе яны ствараліся.

- Вы паказалі ў сваёй кнізе сапраўдны скарб. Ці можа стацца так, што ўзоры і арнаменты з тых шыкоўных вырабаў “асучасняцца” і набудуць новае нараджэнне – у дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, строях, адзобах?

- Шчыра кажучы, падштурхнула мяне да працы і крыўда: чаму нашы студэнты Акадэміі мастацтваў, мастакі па тэкстылі мала ведаюць пра посцілкі? Здаецца, гэтая рэч ёсць у кожнай хаце, але не было такога, каб на яе паглядзелі вачамі сучаснага дызайнера. Мне хацелася паказаць, што посцілка – сапраўды цікавая рэч, сямейная рэліквія і нацыянальны скарб. Наш сучасны тэкстыль, дызайн адзення павінен мець свой беларускі твар, а без інтэрпрэтацыі, асэнсавання набыткаў традыцыйнай культуры гэта зрабіць складана.

Спадзяюся, што кніга будзе падручнікам для мастакоў, для тых, хто займаецца рэкламай. Так атрымалася з маімі кнігамі пра ручнікі, пра касцюм... Я бачу, як матэрыял з гэтых кніг перапрацоўваецца, ужываецца ў іншых сферах мастацкай творчасці, візуальнай культуры. Гэта прыемна, бо разумееш: твае працы жывуць, яны патрэбныя людзям і фарміруюць уяўленне беларусаў аб сваёй нацыянальнай адметнасці.

Алена БРАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».