Вы тут

Sex-балясы. Ню давай!


У любым становішчы — раздзявайся! Помніцца, у сваіх колішніх нататках я ўжо выкарыстоўваў падобную фразу... Аднак жыццё толькі пацвярджае, што для многіх яна па-ранейшаму не страчвае сваёй актуальнасці. («Я тая самая жанчына, якая не дае свайму метабалізму расслабіцца. Ён ніколі не ведае, што яго чакае — галадоўка ці кілаграм пельменяў у дзве гадзіны ночы».) Якое там становішча — прадказальнае або незвычайнае — не ў тым справа. («Я б на многае дзеля цябе пайшла, каханы. Але мне няма ў чым...») Трэба, не трэба — адзенне прэч, даеш ню! Часам гэта можа прыводзіць да самых нечаканых сітуацый. («Прайграла мужу ў карты на жаданне. Хто ж мог падумаць, што ён такі вычварэнец?! Прымусіў мяне з'ехаць да маці на тыдзень!»)


Напрыклад, чытаеш матэрыялы пра Вольгу Бузаву — ну быццам бы найразумнейшы ж чалавек! Не-не-не, я не фанат, усё выключна па «доўгу службы»! Хоць сама гераіня любіць паўтараць, што калі некаму патрэбны хайп, трэба напісаць пра яе. Выходзіць, далучаюся? («Мяне часта папракаюць у тым, што я жыву як душа жадае. Прабачце, а як чыя душа жадае, я павінен жыць?») Але ў жыцці «зорка» любіць як душэўны (адыграла ў тэатральнай пастаноўцы, была звольненая, потым пагражала судовым іскам за тое), так і цялесны стрыптыз. («Не, я, вядома, знайду выхад з любой сітуацыі. Здзіўляе іншае: як я знаходжу туды ўваход?») Неяк Бузава стала пераможцай у намінацыі «Ікона стылю» на адной з модных цырымоній, куды з'явілася ў адкрытай сукенцы з дэкальтэ, вялікімі выразамі на таліі, спіне і сцягне. Фанаты нават прапанавалі «зорцы» тады ўжо зусім раздзецца. «А сукенка ж дзе? Я бачу толькі бюстгальтар і прышпіленую да яго занавеску», «І гэта сукенка іконы стылю?» («Не будзіце ўва мне сцерву, яна і так, бедная, не высыпаецца»). Ну, сапраўды — які стыль, такая і «ікона»...

А вось крыху іншая гісторыя. Бяздомная брытанка, маці-адзіночка, усяго за год зарабіла больш за мільён фунтаў стэрлінгаў з дапамогай сэрвісу OnlyFans на продажы інтымных здымкаў. («Ён: — Што на табе зараз? Яна: — Іпатэка, тры крэдыты, трошачкі даўгоў, некалькі мікракрэдытаў і растэрміноўка».) Жыхарка брытанскага Нотынгема ўсяго за такі адносна невялікі тэрмін ператварылася ў паспяховую мадэль-мільянера. Пра гісторыю ўзбагачэння Авы Грэйс расказала выданне The Sun. («Ты павінна! Забівае гэтая фраза... Тое, што я павінна, запісана ў падатковым кодэксе, тое, што не павінна, — у крымінальным... Астатняе — на мой погляд!!!») Як удалося высветліць журналістам, яшчэ год таму жанчына жыла са сваёй пяцігадовай дачкой практычна на вуліцы. Аднак у нейкі момант 29-гадовай англічанцы прыйшла ў галаву думка паспрабаваць зарабіць на продажы сваіх «гарачых» здымкаў.

Аказалася, што наведвальнікі рэсурсу не проста гатовыя плаціць Грэйс, яна яшчэ і вымушана (?!) працаваць па 18 гадзін у суткі, каб не расчароўваць падпісчыкаў. («Ніколі не раздзявайце дзяўчат хутка. Яны могуць не паспець уцягнуць жывот».) Уяўляеце?! Як бедненькай дастаецца?! Хоць якая яна бедненькая, цяпер ужо ўсё наадварот. Гэтая «нагрузка» добра акупляецца. («Карпаратыў удаўся — гэта калі працоўную кніжку табе прывозяць проста дадому».) «Продаж пікантных фота ў інтэрнэце цалкам змяніў маё жыццё, — сказала Грэйс. — З 16 гадоў я фактычна была бяздомнай. Мне было цяжка і заўсёды даводзілася змагацца. («Фіма, калі вам такі няма чаго кінуць да ног жанчыны, то я вас малю: хоць самі там не блытайцеся!») У мяне не было знаёмых, на якіх я магла б разлічваць, і ніколі не было сям'і...» І тут такі паварот! («На вяселлі сяброў Таня пабегла лавіць букет, потым ачомалася і вярнулася. Бачылі б вочы яе мужа!») Грэйс змагла купіць сабе дом за 250 тысяч фунтаў стэрлінгаў і патраціць яшчэ 15 тысяч на шыкоўны водпуск. Яна афіцыйна з'яўляецца адной з 300 чалавек на планеце, якія змаглі стаць мільянерамі дзякуючы OnlyFans. Ну, у дадзенай гісторыі агаленне хоць бы зрабіла чалавека багатым. Для колішняй бяздомнай гэта нейкае апраўданне. Чаго не скажаш пра іншыя выпадкі.

Так, порнаактрысу Рыту Фокс арыштавалі на 14 сутак з-за фота з... голымі ягадзіцамі на фоне Крамля. Публікуючы здымак, яна разумела, што яе могуць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці. («Ведаеце, як лёгка раз'юшыць дзяўчыну? Сфоткайце яе і не паказвайце здымак!») Цвярскі суд Масквы прызнаў вінаватай Ксенію Дамаву, вядомую як Рыта Фокс, у дробным хуліганстве. («— Чаму ты назваў Машу шалёна прыгожай? — Дык яна сапраўды прыгожая! І шалёная...») Згодна са скрынамі, апублікаванымі ў тэлеграм-канале Дамавай, тая разумела, што здымак можа стаць падставай для арышту. Па яе словах, пасля агалоскі ў медыя яна зразумела, што «давыпендрывалася». («— Што перашкаджае вам быць самімі сабой? — Правілы этыкету і крымінальны кодэкс».)

Дагэтуль суд у Расіі прысудзіў блогераў да дзесяці месяцаў калоніі за фатаграфію з інтымным падтэкстам на фоне храма Васілія Блажэннага. Іх прызналі вінаватымі ў знявазе пачуццяў вернікаў. Гэта чым жа трэба было тым блогерам думаць? «Тым самым» месцам?

...Чым бы ўсё хацелася скончыць? Вядома, анекдотам. («— Давай трымаць паміж намі сацыяльную прорву? — Ты хацеў сказаць «сацыяльную дыстанцыю»? «— Не...»)

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.