Вы тут

Калекцыя LEGO Надзеі Салаўёвай трапіла ў Кнігу рэкордаў Гінеса


У сучасным свеце, калі грамадства паглынаюць інфармацыйны прагрэс і найноўшыя тэхналогіі, складана захапіць дзіця якой-небудзь цацкай, не кажучы ўжо пра дарослых. Аднак Надзея Салаўёва са сваім мужам здолелі стварыць такое месца, дзе кожны ахвотны можа паглыбіцца ў дзяцінства, пагуляць у LEGO і ацаніць калекцыю, якая дзякуючы сваім маштабам трапіла ў Кнігу рэкордаў Гінеса.


— Ідэя стварыць музей LEGO узнікла ў сям'і дзякуючы нашым дзецям: пятнаццацігадоваму Арцёму і васьмігадовай Марыі. Мы заўважылі ў іх цікавасць да канструктара і, разумеючы, што гэта не проста цацка, а досыць карысная рэч, якая развівае дробную маторыку, пачалі купляць ім усё больш набораў. Аднойчы муж з сынам пабудавалі цэлы горад з іх, нам гэта так спадабалася, што мы вырашылі зрабіць такі ж, толькі ў вялікіх маштабах. Неўзабаве ў нас дома перастала хапаць месца для канструктара. (Смяецца). З гэтага і пачаўся шлях да стварэння нашай сямейнай калекцыі, якая ў хуткім часе ператварылася ў сапраўдны музей.

Наша гераіня тлумачыць, што музей «сямейны» не толькі таму што ўся калекцыя была створана членамі адной сям'і, але і таму што ён будзе цікавы як малодшаму пакаленню, так і старэйшаму. Для дзяцей у ім ёсць гульнявыя зоны, кансольны пакой. А дарослым будзе цікава і карысна даведацца пра гісторыю кампаніі LEGO.

— Экспанаты для музея мы набываем у розных месцах. Новыя экзэмпляры — у рознічным продажы, наборы больш старога выпуску — з рук, а рэдкія і эксклюзіўныя — на аўкцыёнах. Цяпер у нашай калекцыі каля васьмі тысяч экзэмпляраў, і гэта не лічачы самаробных экспанатаў. Наогул, усе яны падзелены па пэўных серыях. Першае, што ўбачыць наведвальнік, прыйшоўшы да нас, гэта выстаўка рэтра-набораў. Мы вельмі ганарымся экспанатамі з гэтага раздзела. Яны самыя старыя, зроблены з дрэва ў 1940-х гадах. А таксама там ёсць самыя першыя наборы LEGO, створаныя ў 1955—1958 гадах. Гэтыя экспанаты было сапраўды складана знайсці. Далей ідуць наборы па розных серыях: у нас у наяўнасці ёсць «Гары Потэр», Lego CІTY, Lego Іdeas, Lego DS і Marvel, Botanіca, Creator, Dіsney, Lego Frіends, Technіc і многія іншыя. Для экспанатаў з калекцый Star Wars і Nіnjago былі выдзелены асобныя пакоі. Акрамя таго, у нас ёсць два гульнявыя пакоі, дзе кожны наведвальнік незалежна ад узросту можа пагуляць з рэдкімі і вялікімі наборамі.

Надзея прыгадвае, што пры адкрыцці музея іх сям'я сутыкнулася з пэўнымі цяжкасцямі. Галоўнай з іх стаў пошук памяшкання. Асноўнае патрабаванне да яго было — вялікая пляцоўка, бо экспанатаў досыць шмат, зрэшты, як і наведвальнікаў. Цяпер сямейны музей займае чатырыста пяцьдзясят квадратных метраў, але яго арганізатарам гэтага не хапае, і яны ўжо цяпер пашыраюцца да дзевяціста «квадратаў». Апроч згаданай цяжкасці, непрыемным сюрпрызам для нашых герояў стаў каранавірус. З-за эпідэмічнай сітуацыі колькасць гасцей значна знізілася.

— Наш музей LEGO адзіны ў Беларусі. Акрамя таго, мы нават трапілі ў Кнігу рэкордаў Гінеса. Каля паўгода таму падалі заяўку як уладальнікі самай вялікай калекцыі гэтага канструктара, збіралі розныя доказы, фатаграфавалі ўсе наборы, складалі каталог, а пасля яшчэ і здымалі відэа ўсіх набораў з нумарамі і назвамі. Яно выйшла на сорак гадзін! Але гэта было абсалютна апраўдана. Бо сямнаццатага чэрвеня нам прыйшоў ліст аб тым, што мы афіцыйна трапілі ў Кнігу рэкордаў Гінеса як «Самая вялікая прыватная калекцыя LEGO у свеце». На той момант у нас было 5416 экзэмпляраў, ранейшы рэкорд, дарэчы, належаў аўстралійцу.

У завяршэнне наша суразмоўніца згадвае, што музей LEGO — гэта не проста работа мары і сямейнае хобі. Гэта для іх цэлы сусвет, якім яны з радасцю дзеляцца з усімі гасцямі. А мы пажадаем ім удачы ў справе і новых рэкордаў.

Ангеліна НОВІКАВА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.