Вы тут

Павел Глінчук: Траўмы гэта рабочыя моманты


У снежні прынята падводзіць вынікі года, даваць яму ацэнку, строіць планы на наступны. У спорце гэта вельмі важная навагодняя традыцыя. Для беларускай барацьбы 2021-ы выдаўся даволі паспяховым. Тры медалі на Алімпійскіх гульнях у Токіа, вядома, самае важнае дасягненне. Але на працягу ўсяго года беларускія барцы не сыходзілі з п'едэсталаў міжнародных турніраў і спартыўных навін. Сярод іх — Павел Глінчук. Барацьбе 20-гадовы спартсмен прысвяціў большую частку свайго жыцця — 13 гадоў. Як гэта, змагацца ўвесь гэты час, ён расказаў «Чырвонцы. Чырвонай змене».


— У гэтым сезоне ты стаў чэмпіёнам свету сярод юніёраў, затым заваяваў «серабро» маладзёжнага чэмпіянату свету. Дай ацэнку такому паспяховаму сезону?

— Ён сапраўды атрымаўся добрым, але не ўсе задуманае ўдалося выканаць. Планавалі выйграць чэмпіянат Еўропы сярод юніёраў і чэмпіянат свету. Але ў мяне яшчэ ёсць два гады, каб выйграць маладзёжныя чэмпіянаты свету і Еўропы. Для нас з трэнерамі было важна добра выступіць на юніёрскіх турнірах, паколькі я заканчваю выступленне на гэтым узроўні. Чэмпіянат Еўропы выйграць не ўдалося, а на чэмпіянаце свету, дзякуй богу, усё было добра. Гульні СНД, дзе я таксама ўзяў «золата», сталі маімі апошнімі спаборніцтвамі на юніёрскім узроўні. Мне не страшна пераходзіць на дарослы ўзровень. Я ўжо ўдзельнічаў у такіх турнірах, займаў прызавыя месцы. Псіхалагічна я гатовы. Думаю, усё будзе нармальна.

— На маладзёжным чэмпіянаце свету ты ўсе схваткі выйграў заўчасна. Гэта такая тактыка?

— У мяне была ўстаноўка трэнера: старацца заўчасна скончыць усе схваткі. На чэмпіянаце было шмат паядынкаў, і каб захоўваць сілы на наступны, трэба было спраўляцца менавіта так. Мы планавалі такі сцэнарый, і ўсё добра склалася. У нейкай ступені нават пашанцавала. У мяне часта атрымліваецца заўчасна скончыць схватку. Я люблю рабіць кідкі і не люблю штурхацца. Хачу адразу выціснуць максімум са схваткі. Зразумела, што з мацнейшым сапернікам гэта складаней. І, рыхтуючыся да выступленняў на дарослым узроўні, улічваю гэта. Але там менш схватак, і я настройваюся выціскаць з паядынка максімум і паказваць прыгожую барацьбу.

— А ўвогуле як ты пачаў займацца барацьбой?

— Мой тата любіць спорт, і ён браў мяне з братам у спартыўную залу. Там мы не вельмі сур'ёзна займаліся, скакалі, бегалі, больш нават свавольнічалі. І аднойчы зусім выпадкова трэнер па барацьбе ўбачыў, як я куляюся, раблю кульбіты. Я нічога пра гэта не ведаў, само ўсё атрымлівалася. Трэнеру спадабаліся мае акрабатычныя здольнасці, і ён прапанаваў прыйсці ў яго секцыю. І там я захапіўся барацьбой. У маім Маладзечне няма секцый па вольнай барацьбе, толькі грэка-рымская. Таму асаблівага выбару ў мяне не было. Часам хочацца пабароцца як «вольнік». Але мне ўжо не варта гэтага рабіць, змена стылю можа выбіць з каляіны. Але можам з хлопцамі дзеля забаўкі пабароцца вольным стылем.

— Калі ты зразумеў, што барацьба можа стаць тваім асноўным заняткам?

— Недзе праз паўгода пасля пачатку я вырашыў, што хачу пастаянна займацца ёю. Трэнер нам казаў, што галоўная задача — гэта Алімпійскія гульні. Але я ў дзяцінстве нічога пра гэта не ведаў. Я нават думаў, што калі вырасту, мне ж прыйдзецца працаваць, разважаў, як я буду і гэта рабіць, і спортам займацца. Вельмі хацеў трэніравацца, выступаць на спаборніцтвах. А калі даведаўся, што спорт можа быць прафесіяй, то быў вельмі шчаслівы.

— На твой выбар паўплывалі куміры ў свеце барацьбы?

— У мяне іх няма. Ёсць спартсмены, чый стыль падабаецца. Нават не замежныя барцы, а з нашай каманды. Калі ўзяць, напрыклад, кідкі, мне імпануе, як іх робіць Кірыл Маскевіч, падабаецца яго барацьба. Нават асабліва вылучаць нікога не хачу, бо шмат добрых спартсменаў.

— Павел, лічыцца што барацьба — вельмі дружны спорт, нягледзячы на пастаяннае змаганне ў прамым і пераносным сэнсе слоў. Гэта так?

— Абсалютна так. Мне здаецца, у жыцці цяжка знайсці чалавека, у якім можна быць упэўненым ва ўсіх сітуацыях. У барацьбе знайсці такога можна. У нас вельмі дружны калектыў. Напрыклад, Мікалай Стадуб перайшоў у маю катэгорыю. Ён мой будучы сапернік, на 10 гадоў старэйшы, ён фаварыт у нашай катэгорыі, але ў нас вельмі добрыя адносіны. Калі ў мяне нешта не атрымліваецца, магу да яго звярнуцца па параду. Трэнеры выхоўваюць нас так, каб мы трымаліся разам, каманда. Мне пашанцавала: з самага дзяцінства і на працягу ўсёй спартыўнай кар'еры побач са мной быў вельмі добры калектыў. Мой першы трэнер Антон Найлавец многаму мяне навучыў, казаў мне правільныя рэчы, карысныя не толькі для спорту, але і для жыцця. Міхаіл Упеньек і Мікалай Амбражэвіч, з якімі я зараз працую, таксама вельмі многа мне даюць.

— Усяму свету вядома гісторыя, як барэц грэка-рымскага стылю выступаў з адарванай грудной мышцай. У тваёй кар'еры былі выпадкі, калі прыходзілася выступаць з траўмамі?

— Выступаў з траўміраванымі каленямі, галенастопамі. У гэтым няма нічога такога. Барацьба — наша работа і мы павінны рабіць сваю справу ў любым стане. Гэта, можна сказаць, наш доўг. Траўмы здараюцца з усімі спартсменамі, гэта рабочыя моманты. Хаця вушы, як многія іншыя барцы, я ніколі не ламаў. Мне, дарэчы, здаецца, што большасць людзей пра барацьбу ведае толькі праз такі момант. Таму трэба папулярызаваць наш від спорту, каб людзі разумелі, што барацьба — гэта значна цікавей, чым гэтая акалічнасць.

— У барацьбе вялікае значэнне мае вага. Як ты падтрымліваеш сваю, часта прыходзіцца яе «ганяць»?

— У мяне з гэтым праблем няма. Я выступаю ў катэгорыі 97 кілаграмаў, а важу недзе 96. Таму часам, калі ўсе стараюцца скінуць, мне трэба набіраць. З аднаго боку, гэта добра. А з іншага — я б лепей скінуў некалькі кілаграмаў, так прасцей трымаць сябе ў тонусе. Я заўважыў, калі пазбаўляюся ад іх, адчуваю сябе лепш. У дзяцінстве былі праблемы, часта «ганяў» па 5—7 кіло. Апошняя згонка была ў 2018 годзе перад чэмпіянатам свету сярод «кадэтаў», я тады 8 кілаграмаў скінуў. Згонка вагі — вельмі непрыемны працэс. Пасля я пераскочыў дзве катэгорыі і бароўся ўжо «свежанькім».

— Павел, ты сказаў, што трэба папулярызаваць барацьбу. А навошта маладым людзям займацца гэтым спортам?

— На сваім прыкладзе магу сказаць, што ён накіроўвае чалавека ў правільнае рэчышча, выхоўвае пэўныя паняцці. Барацьба прывівае мэтанакіраванасць, развівае характар. Любы від спорту абавязкова засцеражэ ад дрэнных кампаній, звычак. Таму кожнаму варта хадзіць у спартыўныя секцыі, хаця б да паўналецця.

— У чым сакрэт тваёй спартыўнай матывацыі?

— Я сам хлопец хоць і мэтанакіраваны, ды летуценны. Жыву і пастаянна бачу перад сабой свой вынік на самых галоўных стартах. Уяўляю сваё выступленне, як радуюся поспеху. Дня не праходзіць, каб я аб гэтым не думаў. Вось такая ў мяне матывацыя.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з архіва героя

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.