Вы тут

Бандыцкі Лондан. Чаму брытанскія ўлады «гуляюць у маўчанку»?


«Ва ўстанове аховы здароўя дыягнаставаны пералом носа, страсенне мозгу і траўматычны пералом зуба» — апісанне наступстваў жорсткага крымінальнага нападу на чалавека падчас медыцынскага агляду. Між тым гэта цытата з паведамлення Міністэрства замежных спраў Беларусі. Гаворка вядзецца аб нападзе на беларускае пасольства ў Лондане. Спачатку групай асоб быў сапсаваны фасад будынка дыпустановы, а пасля атакаваны беларускія дыпламаты. Аднаму з іх былі нанесены сур'ёзныя цялесныя пашкоджанні, спатрэбілася тэрміновая медыцынская дапамога.


Фота з facebook

Аблічча фанатыкаў

Паводле інфармацыі МЗС Беларусі, пасля прыбыцця праваахоўных органаў радыкалы распачалі спробу ўцячы з месца здарэння. Тым не менш частку тых, хто нападаў, затрымала дыпламатычная паліцыя Лондана. Устаноўлена, што асобы, як мяркуецца, уваходзяць у радыкальную эмігранцкую групоўку «Надзея».

«Гэтая спроба расправы, учыненая ў адносінах да асоб, якія па абавязку сваёй службы абараняюць інтарэсы беларускіх грамадзян і працуюць над паляпшэннем міждзяржаўных адносін, яшчэ раз красамоўна дэманструе сапраўднае аблічча і метады дзеянняў фанатыкаў, якіх шэраг краін калектыўнага Захаду ўпарта спрабуе выдаваць за мірных пратоўцаў», — падкрэслілі ў міністэрстве.

Тым часам у лонданскай паліцыі «Бі-бі-сі» распавялі, што ім паведамілі аб беспарадках, якія адбываюцца каля Пасольства Беларусі. «Супрацоўнік паведаміў, што падвергся нападу і атрымаў траўму твару. Непадалёк быў затрыманы і ўзяты пад варту адзін мужчына», — заявілі ў паліцыі, дадаўшы, што падрабязнасці здарэння высвятляюцца. І ўсё, дасюль ніякай інфармацыі ні ад лонданскіх паліцэйскіх, ні ад афіцыйнага Лондана (на тэрыторыі Вялікабрытаніі пацярпелі афіцыйныя асобы замежнай дзяржавы) не паступала.

Абураюць паводзіны супрацоўнікаў брытанскіх праваахоўных органаў, якія дапусцілі агрэсіўныя дзеянні «беламайданаўцаў» у адносінах да нашай дыпламатычнай місіі, заявіў БелТА член Савета Рэспублікі Алег Дзьячэнка. «Дня не праходзіць, каб палітычныя злачынцы, якія схаваліся на Захадзе ад беларускага правасуддзя, не праявілі б сваёй злавеснай сутнасці. Гэтым разам напярэдадні калядных свят побач з Пасольствам Беларусі ў англійскай сталіцы яны арганізавалі шумную палітычную правакацыю, а пасля ўчынілі бандыцкі напад на беларускага консула», — сказаў сенатар. Паводле яго слоў, «застаецца без англійскага адказу пытанне: навошта і чаму англійскія ахоўнікі парадку дапусцілі антыбеларускую правакацыю, падчас якой быў жорстка збіты афіцыйны прадстаўнік беларускай дзяржавы, і ці будуць з усёй строгасцю брытанскага закона пакараны ўдзельнікі і падбухторшчыкі гэтага злачынства?».

Абраза краіны і народа

Напад на Пасольства Беларусі ў Лондане, збіццё дыпламата — гэта абраза нашай краіны і народа. Такое меркаванне выказаў карэспандэнту БелТА намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў, старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Алег Гайдукевіч.

«Спачатку будынак апаганілі, паліцыя не ўмяшалася, нікога не затрымалі, нікому не перашкодзілі гэта рабіць. Але аказалася мала. І ўвечары каля гэтага ж пасольства збілі беларускага дыпламата натоўпам. Нягоднікі напалі на чалавека і збілі яго, ён атрымаў цяжкія пашкоджанні, знаходзіцца ў бальніцы. Мы выдатна разумеем, што будынак пасольства знаходзіцца пад пастаянным назіраннем. Паліцыя выдатна бачыла, што там адбываецца, — адзначыў дэпутат. — Вось такая дэмакратыя і свабода Захаду, якой вучаць нас. І яны ж будуць вучыць талерантнасці, і яны ж будуць расказваць, як правільна вешаць сцяг сексуальных меншасцяў, яны нас будуць вучыць, што трэба адзін аднаго любіць, паважаць, што мы ўсе браты. Але пры гэтым яны спакойна глядзяць і заплюшчваюць вочы, як збіваюць беларуса за тое, што ў яго ёсць нейкія свае палітычныя погляды, бо ім не падабаецца тая палітыка, якую праводзіць нашая краіна, тая палітыка, якую вызначыў наш народ. За гэта, значыць, можна збіваць нагамі натоўпам аднаго чалавека, гэтым баязліўцам, мярзотнікам і нягоднікам».

Па словах Алега Гайдукевіча, вось яны двайныя, трайныя стандарты, вось яно міжнароднае права. «Мы патрабуем неадкладнага ўзбуджэння крымінальнай справы, мы патрабуем выканання закона, мы патрабуем прыцягнення гэтых асоб да крымінальнай адказнасці, а калі трэба — то і выдачы Рэспубліцы Беларусь. Беларускія спецслужбы павінны абараняць наш народ, абараняць краіну. Мы маем права прыцягваць да адказнасці тых, хто парушае наша заканадаўства, так, як мы лічым патрэбным. Кожны здраднік, хто поўзае па кабінетах Польшчы, Літвы, вымольваючы санкцыі, арганізоўвае тэракты на тэрыторыі Беларусі, павінен ведаць, што беспакаранымі вы не застанецеся і кожны з вас будзе прыцягнуты да крымінальнай адказнасці» , — заўважыў Алег Гайдукевіч.

Пытанні без адказу

Следчы камітэт разбіраецца ў абставінах нападзення на беларускіх дыпламатаў у Лондане. «Нападнікі паводзілі сябе агрэсіўна і нахабна, выказвалі пагрозы, а таксама прымянілі гвалт у дачыненні да дыпламата. Па атрыманай следствам інфармацыі, матывам гэтых дзеянняў стала помста за выкананне дыпламатамі сваіх службовых абавязкаў», — адзначылі ў ведамстве. Галоўным следчым упраўленнем цэнтральнага апарата Следчага камітэта па гэтым факце распачата крымінальная справа па ч. 1 арт. 366 (гвалт у дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі) Крымінальнага кодэкса Беларусі. Праводзіцца расследаванне. Відэазапіс інцыдэнту быў далучаны да матэрыялаў крымінальнай справы.

Цяпер нашы брытанскія партнёры абавязаны растлумачыць, чаму беларускае пасольства не знаходзіцца пад аховай, як так атрымалася, што збеглыя напалі на дыпламатаў. Такое меркаванне ў эфіры «Альфа Радыё» выказаў палітолаг Аляксандр Шпакоўскі. «Гэта агідны эпізод. Я заўсёды стараюся выказвацца дыпламатычна, але гэтым разам не буду. П'янае (альбо ў стане наркатычнага ап'янення) быдла з нецэнзурнай лаянкай і пагрозамі ў колькасці трое на аднаго нападала на нашых дыпламатаў. Консул быў вымушаны выслухоўваць паток мацюкоў і цярпець удары. Цяпер у чалавека дыягнаставана страсенне мозгу, пералом носа, пашкоджаны зубы. Калі б ён у адказ ужыў сілу, уяўляеце, як з гэтага б раздзьмулі? Магчыма, нападаючыя і чакалі, што цяпер дыпламаты кінуцца ў бойку», — адзначыў эксперт.

Аляксандр Шпакоўскі лічыць, што пасля здарэння Лондан апынуўся ў вельмі нязручным становішчы. «Мы выконваем свае міжнародныя абавязацельствы. Дыпламаты знаходзяцца пад абаронай Венскай канвенцыі. Незалежна ад таго, як мы ставімся да краіны, наша міліцыя ахоўвае іх дыпламатычныя ўстановы ў Беларусі. Цяпер нашы брытанскія партнёры абавязаны растлумачыць, чаму беларускае пасольства не знаходзіцца пад аховай, як так атрымалася, што збеглыя напалі на дыпламатаў, чаму ў Лондане, дзе дыджыталізацыя найвышэйшага ўзроўню, не могуць знайсці чалавека, які быў без маскі? Няхай цяпер апраўдваюцца на ўвесь свет», — сказаў ён.

Аналітык падкэсліў: тое, што здарылася, стала яшчэ адной падставай задумацца, ці патрэбны нам такія суайчыннікі, ці заслугоўваюць яны беларускага пашпарта. «На сёння ў нас у Канстытуцыі няма такой нормы аб пазбаўленні беларускага грамадзянства. Аднак дакумент Канстытуцыі не статычны, мы рыхтуем новую рэдакцыю. Варта задумацца над прапановай ГУБАЗіК аб пазбаўленні грамадзянства былых суайчыннікаў, якія доўгі час жывуць за мяжой і ўчыняюць злачынствы супраць Беларусі. Трэба спыніць здзек з беларускага народа», — заявіў Аляксандр Шпакоўскі.

Нездарма беларусы сабраліся на пікет каля Пасольства Вялікабрытаніі ў Мінску. Людзі патрабавалі ад улад Вялікабрытаніі расследаваць напад на беларускіх дыпламатаў, пакараць вінаватых і прынесці публічныя прабачэнні. Лагічныя пытанні, якія застаюцца без адказу, — Лондан «гуляе ў маўчанку».

Пётр ДУНЬКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».