Вы тут

Сюрпрыз будзе! Галоўнае — каб было што ўспомніць?


Сяброўка-каталічка ў суботу запрасіла на калядную вячэру. Я з радасцю пагадзілася, толькі перапытала: «Спадзяюся, пернікаў з варажбой не будзе?» — «Не, што ты! — адказала Наталля. — На ўсё жыццё тады наеліся!». І мы пачалі са смехам згадваць тыя пятнаццацігадовай даўнасці Каляды, якія вясёлай кампаніяй адзначалі на яе здымнай кватэры недзе на Ангарскай. Хоць асноўным дзеючым асобам (а дакладней, пацярпелым) тады было зусім не да смеху. Думаю, што і сёння гэта для іх не самы прыемны ўспамін.


Тады гаспадыня вырашыла зрабіць усім сюрпрыз, каб гасцей пазабаўляць. Напякла імбірных пернікаў, ды не простых, а з сакрэтам. У кожным было нешта запечанае — вычытала ў сеціве гэткі арыгінальны спосаб варажбы. Сырая фасоліна павінна была прадказаць дабрабыт, грашовая купюра — добрыя грошы. Яшчэ прапаноўвалася запячы паперкі з прадказаннямі кахання, удачы, падарожжаў. Усё б, напэўна, было весела і класна, калі б сяброўка не вырашыла пафантазіраваць. Замест папяровай купюры яна паклала ў цеста адзін металічны еўра, а замест паперкі з прадказаннем змены сямейнага становішча — залаты пярсцёнак малодшай сястры, якая забылася яго ў свой апошні прыезд.

Далей было б па сцэнарыі таннай камедыі, героі якой трапляюць у даволі прыкрыя, але ж такія смешныя для гледачоў сітуацыі. Пернік з манетай дастаўся дзяўчыне, якая перад Новым годам паставіла сабе дарагія зубныя пратэзы. Дарагія, але не трывалыя, бо, калі яна гэту манету ў печыве ўкусіла — хруст яе каронкі пачулі ўсе прысутныя, а сама каронка звонка вывалілася на талерку. На гэтым «забавы» не скончыліся, бо пярсцёнак, запечаны ў іншым перніку, у выніку апынуўся ў жываце аднаго з хлопцаў. Ён ужо добра сербануў каньяку і пернік глынуў цалкам, амаль не жуючы. Толькі прамовіў пасля: «А мне, пэўна, нейкая костачка трапілася. Ну, нічога, ператравіцца». Тым, хто цікавіцца, ці знайшоўся пасля пярсцёнак, адкажу: не, не знайшоўся. Бо ніхто яго тым спосабам, пра які вы падумалі, не шукаў...

Яшчэ адзін запамінальны вечар быў у маім жыцці якраз падчас сустрэчы Новага года. Тады гаспадыня кватэры вырашыла фішкай свайго свята зрабіць гэты вядомы ўсім (але, думаю, не ўсімі апрабаваны) фокус з загадваннем жадання. Ну, гэта калі пад бой гадзінніка ты павінен на паперцы напісаць сваё самае запаветнае жаданне, паспець спаліць тую паперку, попел ад яе размяшаць у келіху з шампанскім, шампанскае выпіць... Абачлівая гаспадыня кожнаму каля талеркі паклала паперку, ручку, запальнічку. І ўсё сапраўды было займальна і весела, але... У адной з госцяў была прыгожая блузка з шырокімі і доўгімі рукавамі... Ну, вы здагадаліся: акурат пад бой гадзінніка мы ўсе займаліся тым, што спрабавалі патушыць на жанчыне тую блузку — яна незнарок дакранулася запаленай паперкай да свайго шырокага рукава. Пярэпалаху было — не перадаць. Добра, хтосьці з мужчын дадумаўся сцягнуць са стала шчыльны аксамітны абрус. Так, з накрытага навагодняга стала. Але затое ўсё скончылася не вельмі сур'ёзным апёкам на руцэ пацярпелай, а магло ж нашмат горш: блузка была з сінтэтыкі...

Можна з падобных святочных гісторый прыгадаць яшчэ і пададзены ў адным доме пунш. Калі ўсё было прыгожа і таямніча, у пакоі патушылі святло і ўнеслі келіхі з агнём, але адзін з гасцей не дачакаўся, калі полымя патухне. Вынік — чалавек у новы год увайшоў без броваў і веек. Ці фішку яшчэ аднаго навагодняга стала — фаршыраванага цалкам шчупака. Прычым «цалкам» — літаральна: гаспадыня, не ведаючы толкам, як гэта робіцца, напхала начынне не ў скуру, а ў проста пачышчаную рыбу. З косткамі. Якімі, уласна, госці, замест таго, каб ласавацца «галоўнай стравай», пляваліся. Такая вось забава ў навагоднюю ноч.

Думаю, што кожны з вас са смехам ці прыкрасцю — у залежнасці ад таго, у ролі каго давялося быць — згадае нешта падобнае. І адбываюцца такія казусы часцей за ўсё менавіта ў гэты вось калядна-навагодні час. Яно і не дзіва: святы гэтыя не толькі самыя любімыя, але і самыя чароўныя. Калі хочацца, каб у гасцей быў добры настрой, каб запамінальна іх адзначыць, каб усё было на пазітыве і прыемных уражаннях, бо як Новы год сустрэнеш — так і правядзеш, праўда? Што цікава — нібыта і ніхто ў падобных неспадзяванках не вінаваты, бо ўсе ж хацелі як найлепш...

Літаральна сёння мне яшчэ адзін свежы выпадак маладая знаёмая падкінула. Не зусім навагодні, але, што называецца, вельмі ў тэму. Ёй днямі хлопец прапанову рукі і сэрца рабіў. Абставіць хацеў усё запамінальна, з фантазіяй. Запрасіў яе з сябрамі паўдзельнічаць у квэсце. Назва гаворыць сама за сябе — «Знайсці Дракулу». Паводле задумы, пабываўшы ў пакоях з рознымі містычнымі жахамі, знайшоўшы таго няшчаснага вампіра, гераіня квэсту трапляла ў рамантычна аздобленае памяшканне са свечкамі, дзе яе чакаў абраннік з пярсцёнкам і кветкамі. Усе ўдзельнікі, акрамя галоўнай гераіні, пра такі сцэнарый былі папярэджаны... Карацей, усё пайшло не па сцэнарыі, бо тая самая гераіня да рамантычнага пакоя не дайшла: вельмі напалохалася па дарозе. Асабліва яе ўразіла сапраўдная труна, якая з'явілася з паўзмроку... Што сюрпрыз нявеста не ацаніла — гэта мякка сказана. Але прапанову ўсё-ткі прыняла. Тут, можна сказаць, жаніху пашанцавала. Бо магло здарыцца, што з-за няўдалага сюрпрызу ўсё б скончылася не вяселлем, а наадварот. Але — у любым выпадку — сюрпрыз атрымаўся запамінальны, з гэтым нават каб і хацеў, не паспрачаешся...

Карацей, у гэтыя зімовыя святы я жадаю ўсім... так, сюрпрызаў. Але толькі прыемных. Бо калі ўвогуле без іх — дык хіба ж гэта свята, хіба ж гэта жыццё?

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».