Вы тут

Раім схадзіць


«Кветкі пад снегам або таямніца навагодняй елкі», Lidbeer Dvor, Каляды ў арт-галерэі «Катавасія» і іншае — штотыднёвая афіша «Звязды».


«Кветкі пад снегам або таямніца навагодняй елкі»

Дзе: Батанічны сад, г. Мінск, вул. Сурганава, 2в

Калі: да 2 студзеня 

Колькі: 17 BYN 

Да 2 студзеня ў Цэнтральным батанічным садзе адкрыецца ўнікальны для батанічнага саду навагодні арт-аб’ект «Ёлка». Канструкцыя 23 метры ў вышыню абсталявана вялікай колькасцю светлавых і гукавых прыбораў, святлодыёдных экранаў, на якіх будзе транслявацца спецыяльна створаны відэакантэнт, што стварае эфект велізарнай навагодняй ёлкі.

У навагодніх шарах-цацках, якія размешчаны на «Ёлцы», будуць праходзіць харэаграфічныя і музычныя нумары — і ўсё гэта ў суправаджэнні «Музыкаў-чмялёў». У пастаноўцы прагучаць творы, як спецыяльна створаныя для шоу, так і музыка класічных кампазітараў: Чайкоўскага, Рымскага-Корсакава, догі.

На «Зімовай» сцэне прымуць удзел 35 танцораў, акцёраў і музыкантаў. У праекце занятыя лепшыя рэжысёры, харэографы і тэхнічныя спецыялісты краіны.

Цэнтральны батанічны сад упершыню пайшоў на такі эксперымент, сумясціўшы навуковае і забаўляльнае. Навагодняя фантазія «Кветкі пад снегам або таямніца навагодняй ёлкі» ўцягнуць гледача ў атмасферу навагодняга свята, дапаможа пранікнуцца духам прыгажосці і чараўніцтва і падорыць веру ў цуды, кульмінацыяй балю стане Кветкавая дыскатэка з запальнымі дыджэямі: МС Бутон і Дзед Мароз.

Паказы пройдуць да 2 студзеня, пачатак у 18:00 і 19:00.
На тэрыторыі разгорнута выстава-кірмаш навагодніх тавараў і прылад, а таксама зона фудкорта з гарачай ежай ды напоямі. Цэнтральны батанічны сад віншуе вас з Новым Годам і Калядамі ды запрашае ўсіх жыхароў горада Мінска і гасцей сталіцы за навагоднім настроем на свежым паветры.


Lidbeer Dvor 

Дзе: Lidbeer Dvor, г. Мінск, вул. Кульман, 1

Калі: да 9 студзеня

Колькі: бясплатна 

Lidbeer Dvor запрашае акунуцца ў калядную казку разам. Атмасферныя калядныя святы для ўсёй сям’і пачаліся ў гэтым дворыку 24 снежня.

Што для вас падрыхтавалі? Забавы на любы густ: вечары жывой музыкі, тэматычныя кінапрагляды, калядныя майстар-класы, спаборніцтвы па гульні ў снежкі і лепцы снегавікоў (снег гарантуецца!), абмен падарункамі і вялікая праграма забаў для дзетак розных узростаў.

У кірмашы прымуць удзел рамеснікі, сучасныя мастакі і фермеры з усіх куткоў Беларусі.

У дні святочнай праграмы ў кожным доміку фудкорта можна будзе паспрабаваць спецыяльны калядны сэт па адзінай цане ў 15 рублёў, а яшчэ прагаласаваць за лепшы глінтвейн і паўдзельнічаць у квэсце, а таксама атрымаць падарункі.

Lidbeer Dvor працуе без выхадных з 12:00 да 22:00 (пт-сб да 00:00).


Каляды ў арт-галерэі «Катавасія»

Дзе: Арт-галерэя «Катавасія», г. Мінск, пр-т Дзяржынскага, 131

Калі: да 8 студзеня 

Колькі: 7 BYN — поўны; 5 BYN — ільготны

Да 8 студзеня арт-галерэя «Катавасія» адкрывала святочны сезон. Гэта значыць, што гасцей чакаюць не толькі 7300 нашых экспанатаў (творы мастацтва і прадметы побыту з каткамі), але і навагодняя атмасфера-фотазона, цікавыя конкурсы, інтэрактыўныя міні-экскурсіі.

Запіс па тэлефоне: +375 44 598 86 68

Асобна аплочваюцца толькі майстар-класы. Усё астатняе ўваходзіць у стандартны кошт квіткоў.


Выстава «Дынастыя»

Дзе: галерэя ДК, Мінск, вул. Герцэна, 2а

Калі: да 31 снежня

Колькі: 7 BYN — поўны; 5 BYN — ільготны

Кажуць, талент не перадаецца па спадчыне. На выставе «Дынастыя» ў вас будзе магчымасць абвергнуць гэта сцвярджэнне. У мастацкай прасторы «Галерэі ДК» з 19 лістапада вашай увазе будзе прадстаўлены жывапіс трох пакаленняў сям’і Сямілетавых: Аляксандра (1926 г. н.), Барыса (1956 г.н.) і Івана (1980 г. н.).

Нечаканыя рашэнні для сваіх твораў праз глыбінны свет свядомасці прадставіць Іван Сямілетаў. Аўтар карыстаецца казачна-сюррэалістычнымі прыёмамі ў жывапісе, працуе з філасофскай катэгорыяй часу, даследуе сферы несвядомага і ірацыянальнага.

Барыс Аляксандравіч у сваёй творчасці ўдыхае жыццё ў неадушаўлёныя прадметы. Мастак лічыць, што мастацтва павінна быць прадуманым, выбудаваным.

Творчасць Аляксандра Сямілетава парадуе ўсіх знаўцаўў лірычнага пейзажу. У працах аўтара гучаць эмоцыі, а прырода становіцца люстэркам душы. Радасць, сум, меланхолію і настальгію даруе мастак сваім гледачам цераз прызму свайго бачання.

Агульны пачуццёвы пачатак напоўніць выставу напругай і ўнутранай энергіяй.

Час працы: чацвер-субота, 12:00—20:00; нядзеля, 12:00–16: 00


«Беларусь і беларусы. Гід па гісторыі культуры»

Дзе: Нацыянальны гістарычны музей, г. Мінск, вул. К. Маркса, 12

Калі: да 31 снежня

Беларусь — суверэнная краіна з тысячагадовым мінулым, са слаўнымі і драматычнымі старонкамі. Яна беражліва захоўвае нацыянальныя традыцыі, натхняецца лепшымі здабыткамі сусветнай цывілізацыі і пераасэнсоўвае іх.

Ці ведаеце вы, калі першыя людзі з’явіліся на нашых землях? Калі на Беларусь прыйшла пісьменнасць і якім алфавітам запісвалася? А тое, што нашая зямля — краіна замкаў і незлічоных скарбаў? Што апраналі нашыя продкі, з чаго складваецца нацыянальная кухня і як гучаць «галасы» Беларусі?..

Выставачны праект «Беларусь і беларусы. Гід па гісторыі і культуры» распавядае пра асноўныя этапы гістарычнага развіцця Беларусі, дае кароткую характарыстыку культурным здабыткам, прадстаўляе беларускую нацыю як неад’емную частку сусветнай супольнасці, дапамагае зразумець, што такое Беларусь і хто такія беларусы.

Праект прапануе выправіцца ў захапляльнае падарожжа, згадаць важныя даты, натхніцца нашай спадчынай, а праз інтэрактыўныя элементы — літаральна дакрануцца да гісторыі.

Выстава складаецца з дзвюх частак — «Гісторыя» і «Культура». Першая паказвае лёсавызначальныя падзеі, асноўныя працэсы, этапы гістарычнага развіцця Беларусі (ад старажытных часоў да сучаснасці); наступная адлюстроўвае асобныя тэмы, прысвечаныя адметнасцям самабытнай беларускай культуры.

Праект «Беларусь і беларусы. Гід па гісторыі і культуры» рэалізуецца ў адпаведнасці з грантам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у культуры на 2021 г.

Партнёры праекта: Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, Беларускае тэлеграфнае агенцтва, Дэпартамент па ліквідацыі вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, Музей пажарнай і аварыйна-выратавальнай справы, Музей прыроды і экалогіі, Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, фатографы Ганна Кіпель, Анатоль Андрэеў.


Скарбонка памяці

Дзе: Тэрыторыя Лошыцкага паркава-сядзібнага комплексу, праезд Чыжэўскіх, 8–2

Калі: да 31 снежня

Колькі каштуе: 3 BYN — для дарослых, 2,5 BYN — для студэнтаў, 1,5 BYN — для школьнікаў

У музеі «Лошыцкая сядзіба» пачынае працу выставачны праект «Скарбонка памяці: выстава народнага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва», арганізаваны сумесна з Беларускім саюзам майстроў народнай творчасці.

Традыцыйная народная творчасць − адзін з найбольш дзейсных спосабаў самавыяўлення народа, магчымасць заявіць пра сябе ўсяму свету. Беларусы да сённяшніх дзён захавалі многія віды і формы народнай традыцыйнай творчасці: разьбярства, ганчарства, кавальства, ткацтва, роспіс, пляценне з прыродных матэрыялаў.

На выставе прадстаўлена больш за 500 прадметаў сучаснага народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і мастацкіх рамёстваў. Артэфакты сабраны вядомым беларускім этнографам Яўгенам Міхайлавічам Сахутай у экспедыцыях, праведзеных па ўсёй Беларусі. У 2019 годзе частка калекцыі была перададзена ў фонды Музея гісторыі горада Мінска.

Многія даўбана-разьбяныя, ганчарныя, плеценыя, каваныя вырабы, якія экспануюцца на выставе, уражваюць першабытнай суровасцю, прастатой і магутнасцю формаў. У дэкоры драўлянага і керамічнага посуду, вышываных і тканых вырабах пераважаюць старажытныя геаметрычныя матывы, якія маюць даўняе сімвалічнае паходжанне. Да старажытных таксама адносяцца зааморфныя матывы драўлянай і глінянай пластыкі, цацак-свістулек.

Сярод найбольш каштоўных і цікавых прадметаў − саламяныя коні, чаплі і буслы, разнастайнае керамічнае начынне, калекцыя тэкстыльных і фарфоравых лялек, выцінанка.

Экспанаты, сабраныя на выставе, створаны майстрамі не аднаго пакалення з усіх этнаграфічных рэгіёнаў Беларусі і з’яўляюцца адлюстраваннем шляху жыцця. За кожным прадметам, за кожным вырабам – ці жыццёвая сітуацыя, ці шчаслівая сустрэча, ці роздум у адзіноцтве. Магчыма, і ў наведвальніка яны закрануць запаветныя струны душы, адгукнуцца радасцю, разварушаць пачуцці і ўспаміны з дзяцінства.


Выстава «Tex-Experience»

 

Дзе: Высокае месца, г. Мінск, вул. Герцэна, 2а

Калі: да 16 студзеня 

Колькі каштуе: 4 BYN — для дарослых, 3 BYN — для студэнтаў, 2,5 BYN — для школьнікаў 

8 снежня, а 18-й гадзіне ў Арт-гасцёўні «Высокае мѣста» адбылося адкрыццё выставы эксперыментальнага тэкстылю «Tex-Experience» у межах I трыенале канцэптуальнага мастацтва «КАНЦЭПТ 21». Праект падрыхтаваны сумесна з Беларускім саюзам мастакоў.

Выстава эксперыментальнага тэкстылю «Tex-Experience» — творчы праект, у якім прымаюць удзел больш за дваццаць аўтараў з Мінска, Віцебска, Полацка, Гродна і Жодзіна.

Сучасны беларускі тэкстыль можна аднесці да найноўшага феномена ў мастацтве, які мастацтвазнаўцы называюць «пластычным выбухам» у тэкстыльнай скульптуры, або проста Fiber Art. Гэта той самы тэкстыльны Art, які валодае велізарнай сімвалічнай сілай станковага або манументальнага твора і найперш зыходзіць з канцэптуальнага адрыву ад укаранёнай у гісторыі мастацтва асацыяцыі тэкстылю з утылітарнасцю і рамяством.

І справа тут не ў новых тэхналогіях, можна працаваць і з традыцыйным гладкім пляценнем, — а ў новым вобразным складніку, у маштабе зробленага аб’екта, яго асацыятыўнасці і актуальнасці. Тэкстыль згубіў дэкаратыўнасць, перастаў быць двухмерным, выйшаў у прастору.

З’яўленне трохмерных тэкстыльных арт-аб’ектаў дазволіла перавесці тэкстыль з катэгорыі «жывапіс» у катэгорыю «скульптура». А лічбавыя тэхналогіі, святло, гук, новыя крэатыўныя матэрыялы далі мастаку незвычайна шырокае поле для творчага эксперыменту.

Выстава эксперыментальнага тэкстылю «Tex-Experience» — гэта спроба зазірнуць за гарызонт. Мэта праекта — стварэнне новых прадметна-прасторавых асяроддзяў пры дапамозе аб’ектаў сучаснага тэкстылю. Выстава паказвае гледачу эксперыменты з тканінай і прасторай.

У экспазіцыі прадстаўлены як плоскасныя, так і аб’ёмныя арт-аб’екты, тэкстыльныя інсталяцыі, выкананыя ў розных тэхніках: ручнога ткацтва, лямца, пляцення з ужываннем як традыцыйных тэкстыльных матэрыялаў (ільну, бавоўны, воўны, сінтэтычных нітак), так і металу, шкла, пластыка, паперы, святлоадбівальнай стужкі, мантажнай сеткі.

Адзін з залаў выставы прысвечаны ўзаемадзеянню тэкстыля і святла, выкарыстанню святлодыёднай стужкі як матэрыялу для працы, а таксама для стварэння светлавых эфектаў. Удзельнікі выставы — ужо вядомыя майстры і творчая моладзь.

Сярод іх: Алена Обадава, Марыя Барысенка, Вольга Рэднікіна, Таццяна Фаміна, Хрысціна Высоцкая, Мар’яна Карповіч-Сакалова, Ксенія Ціханава, Таццяна Гомза, Анастасія Арайс (Мінск), Таццяна Макляцова, Наталля Лісоўская, Наталля Канькова, Наталля Кімстач (Віцебск), Яўгенія Станіна (Гродна), Таццяна Козік (Полацк), Вераніка Рассыльная (Жодзіна) і іншыя. Куратары праекта Вольга Рэднікіна, Наталля Шаранговіч.


Выстава «"Боская камедыя" Дантэ»

Дзе: Музей кнігі, г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 116

Калі: да 16 студзеня

Колькі: бясплатна па чытацкаму білету або білеце сацыякультурнага цэнтра

4 лістапада ў Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адкрылася выстава «Боская камедыя «Дантэ», прымеркаваная да 700-годдзя сусветнага паэтычнага шэдэўра Дантэ Аліг’еры.

«La commedia» (1307–1321), вядомая нам як «Боская камедыя» — манументальны эпічны твор, сапраўдная паэтычная энцыклапедыя навуковых, палітычных, філасофскіх і багаслоўскіх ведаў эпохі ранняга Адраджэння. Менавіта гэты твор Дантэ стаў вяршыняй яго літаратурнай дзейнасці.

На выставе таксама будзе прадстаўлены арыгінал аднаго з першых і найлепшых ілюстраваных выданняў твора, які выйшаў у родным горадзе паэта — у Фларэнцыі ў 1481 годзе. Гравюры для выдання створаны па творах вядомым італьянскім мастаком эпохі Адраджэння Сандра Батычэлі.

Можна будзе ўбачыць шэдэўр кніжнай графікі XIX стагоддзя — цыкл гравюр вядомага французскага майстра Гюстава Доры да першай часткі паэмы «Пекла» (1861), а таксама іншыя прыклады мастацкай інтэрпрэтацыі несмяротнага твора.

Рэжым працы: аўторак, серада, пятніца з 10: 30 да 19: 00. Чацвер, субота, нядзеля з 10: 00 да 18: 00. Панядзелак — выхадны.


«Новы год у Броўкі»

 Дзе: Літаратурны музей Петруся Броўкі, г. Мінск, вул. К.Маркса, 30.

Калі: да 16 студзеня

Колькі каштуе: 3 BYN

Новы год — найбольш чароўнае і натхняльнае свята года. Дзеці чакаюць свята, сюрпрызаў, падарункаў і, вядома, сапраўдных цудаў. Дарослыя таксама чакаюць, але не заўсёды кажуць аб гэтым услых.

З 24 снежня 2021 па 16 студзеня 2022 Літаратурны музей Петруся Броўкі традыцыйна запрашае вас на «Новы год у Броўкі», дзе кожны знойдзе для сябе нешта цікавае. Набываючы ўваходны квіток вы атрымліваеце спецыяльную святочную экскурсію па кватэры народнага паэта з эстэтыкай савецкага Новага года: упрыгожванні, віншавальныя паштоўкі і характэрныя рэчы мінулага стагоддзя — атмасфера тагачаснага свята забяспечана! Акрамя таго, маленькіх наведвальнікаў пацешыць майстар-клас па стварэнні і падпісанні віншавальных паштовак, якія можна будзе адразу запячатаць у канверт і даслаць блізкім.

Абавязковы папярэдні запіс.


Інтэрактыўна-пазнавальная праграма «Калядныя цуды»

Дзе: Літаратурны музей, г. Мінск, вул. М. Багдановіча, 13

Калі: да 21 студзеня

У перыяд зімовых свят — з 20 снежня 2021 года па 21 студзеня 2022 года — Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае хлопчыкаў і дзяўчынак да ўдзелу ў святочнай інтэрактыўна-пазнавальнай праграме «Калядныя цуды».

Праграма ладзіцца ў межах экспанавання новай аднаіменнай выставы музея і прысвечана традыцыям святкавання Калядаў на Беларусі.

Удзельнікі праграмы даведаюцца, чаму ў гадавым коле народных абрадаў і свят Каляды займалі першае месца, як варажылі, якія песні спявалі і якія стравы гатавалі на свята іх продкі, пазнаёмяцца з абрадавымі каляднымі гульнямі і забавамі.

Але тое было раней... А зараз? Ці ведаем мы хоць адзін сучасны абрад? Вось мы і прапануем юным наведвальнікам стаць стваральнікамі новага каляднага абраду. Як ён называецца? А гэта мы разам і прыдумаем...

А яшчэ падчас праграмы хлопчыкі і дзяўчынкі трапяць у «калядную майстэрню», бо якое ж сапраўднае свята абыходзіцца без хэнд-мэйду? Тут рабяты змогуць праявіць свае творчыя здольнасці і ўласнаручна зрабіць незвычайную елачную цацку-сюрпрыз. Яна стане арыгінальным падарункам для родных і сяброў або паслужыць упрыгожаннем для дамашняй навагодняй хваінкі.

Акрамя таго ўдзельнікаў праграмы чакаюць салодкія пачастункі ад партнёра праграмы — кандытарскай фабрыкі «Красный пищевик».

Да ўдзелу ў калядная праграме запрашаюцца групавыя і сямейныя наведвальнікі малодшага і сярэдняга школьных узростаў.

Працягласць — каля 60 хвілін.

Папярэдні запіс ужо распачаты! Тэл. +375 17 363-56-21.


Выставачны праект «Музей ёлачных цацак»

Дзе: Нацыянальны гістарычны музей РБ, г. Мінск, вул. Маркса, 12

Калі: да 23 студзеня

Колькі: дарослым — 10 BYN; пенсіянеры, школьнікі, дзеці з 5 гадоў — 8 BYN; дзеці да 5 гадоў — бясплатна

У прадчуванні навагодніх святаў і зімовага чараўніцтва з 29 кастрычніка ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь пачынае працу навагодні выставачны праект «Музей ёлачных цацак».

Выстава — частка найбуйнейшай сусветнай калекцыі ёлачных цацак. Кожны год «Музей» абнаўляе свае фонды, што дазваляе наведваць выставу як у першы раз. Увазе наведвальнікаў будуць прадстаўлены навагоднія дэкарацыі з Еўропы, Азіі, Аўстраліі, Амерыкі і Афрыкі, аналагаў якім няма ні ў адным еўрапейскім музеі.

Наведвальнікі музея змогуць даведацца ўсе сакрэты вытворчасці ёлачных цацак на адзінай у Беларусі спецыялізаванай фабрыцы, а таксама пад кіраўніцтвам мастакоў прадпрыемства прайсці адукацыйныя майстар-класы па вырабе навагодніх упрыгожванняў (кошт — 10 руб.), і не толькі.

Самыя маленькія госці выставы змогуць убачыць інтэрактыўны мініяцюрны калядны гарадок. У рамках праекта будзе працаваць фірменны магазін фабрыкі «ГРАЙ», дзе ўсе жадаючыя змогуць набыць святочную прадукцыю па фабрычных цэнах.

Музей працуе штодня з 11: 00 да 19: 00.


Выстава «Колер паху»

Дзе: Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага, г. Мінск, пл. Свабоды, 15

Калі: да 23 студзеня 

Колькі: 4 BYN — дарослым; 3 BYN — студэнтам; 2,5 BYN — школьнікам 

9 снежня 2021 года ў 18.00 у Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага адбудзецца адкрыццё арт-праекта «Колер паху» мастака Святланы Верабей і парфумера Ксеніі Філіпавай.

«Ці можна адлюстраваць пах?» — такім пытаннем задаліся аўтары выставачнага праекта.

Арт-праект уяўляе серыю жывапісных работ мастака, дызайнера, фатографа, спецыяліста па боды-арце Святланы Верабей. Серыя стваралася ў тандэме з парфумерам і ароматэрапеўтам Ксеніяй Філіпавай.

Наведвальнікі выставы змогуць не толькі разгледзець абстрактныя жывапісныя кампазіцыі, але і адчуць тыя пахі і водары, якія выклікалі ў мастака арыгінальныя каляровыя асацыяцыі. Сваё ўвасабленне ў фарбах знайшлі пахі грэйпфруту, лаванды, герані, елі, язміну, імбіра, мірту, чабору, ружы, шалфею, чорнага перцу і многія іншыя.

На выставе таксама прадстаўлены жывапісныя працы з гукавым суправаджэннем, якое дапамагае больш поўна адчуць аўтарскую задуму жывапісных твораў.


Літаратурна-дакументальнай экспазіцыі «Залатая раніца беларускага Адраджэння»

Дзе: «Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры», г. Мінск, вул. М. Багдановіча, 13

Калі: да 31 студзеня

23 лістапада 2021 года ў 17.00 у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылася ўрачыстае адкрыццё часовай літаратурна-дакументальнай экспазіцыі «Залатая раніца беларускага Адраджэння», прымеркаванай да 110-годдзя Юлія Таўбіна, 115-годдзяў Андрэя Александровіча і Алеся Салагуба, 120-годдзяў Міхася Зарэцкага і Віталя Вольскага, 125-годдзяў Кандрата Крапівы, Майсея Кульбака, Міхася Чарота, 135-годдзя Змітрака Бядулі.

Дзесяцігоддзе 20-30-х гадоў ХХ ст. — адна з самых яскравых старонак у гісторыі Беларусі. На хвалі часу шырокага рэвалюцыйнага ўздыму ў беларускую літаратуру ўліваецца цэлая плеяда маладых пісьменнікаў, паэтаў, крытыкаў. Гэты час быў вельмі спрыяльны для развіцця нацыянальнай культуры і навукі, яго называюць «залатой раніцай» беларускага адраджэння.

У 1920 годзе быў адкрыты Беларускі педтэхнікум — «сад-гадавальнік» беларускіх пісьменнікаў. У 1921 годзе адчыніліся дзверы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

У гэты час былі арганізаваны вядучыя тэатры — беларускія, польскі і яўрэйскі. У 1926 годзе па аповесці Міхася Чарота «Свінапас» здымаецца першая беларуская кінастужка «Лясная быль».

Развіццё перыядычнага друку ў Беларусі аказала значны ўплыў на станаўленне літаратуры і мастацтва. У газетах «Савецкая Беларусь», «Чырвоная змена», «Звязда», «Літаратара і мастацтва» «Беларуская вёска» і іншых друкаваліся творы выдатных беларускіх пісьменнікаў. Сярод супрацоўнікаў рэдакцый было нямала паэтаў і празаікаў. Папулярныя часопісы тых гадоў: «Маладняк», «Узвышша», «Полымя», «Іскры Ільіча», «Штэрн» і інш.

Наведвальнікі пазнаёмяцца з беларускім друкам таго часу, мастацкімі творамі юбіляраў, даведаюцца пра тое, як «віравала» тэатральнае жыццё.

На экспазіцыі прадстаўлены матэрыялы з фондаў музея, Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь, а таксама выкарыстаны электронныя копіі часопісаў з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Кантактныя тэлефоны: +375 17 363-56-21, +375 17 395-44-47.


Выставачны праект «Тату ў мастацтве. Мастацтва ў тату»

Дзе: Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў, г. Мінск, вул. Някрасава, 3

Калі: да 13 лютага

Колькі: 12 BYN — дарослым; 10 BYN — студэнтам; 8 BYN — ільготны 

9 снежня ў 18:00 у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў пачне сваю працу выставачны праект «Тату ў мастацтве. Мастацтва ў тату», дзе будуць прадстаўлены карціны, графіка, фатаграфія, скульптура, арт-аб’екты, звязаныя са светам татуіроўкі, а таксама абсталяванне тату-індустрыі.

У праекце прымаюць удзел вядучыя салоны і майстры тату — больш за 50 аўтараў з усёй Беларусі.

Час працы: серада-нядзеля, 12:00–20:00; выхадны: панядзелак, аўторак.


Мастацка-дакументальная выстава «Пад знакам Страціма»

Дзе: Літаратурны музей Максіма Багдановіча, г. Мінск, вул. М. Багдановіча, д. 7а

Калі: да 30 сакавіка 

Для Літаратурнага музея Максіма Багдановіча 2021 год насычаны на юбілейныя даты: 130-годдзе з дня нараджэнне паэта, 105-годдзе вяртання Максіма Багдановіча на радзіму, а таксама 105-годдзе напісання твора «Страцім-лебедзь».

Аднаму з апошніх твораў Максіма Багдановіча «Страцім-лебедзь» літаратуразнаўцы не могуць вызначыць форму: паэма, балада, верш. А самога аўтара называюць Страцімам-лебедзем беларускай літаратуры.

У вершы раскрываецца біблейская тэма сусветнага патопу: міфічная птушка Страцім-лебедзь загінула з-за свайго ганарлівага нораву, і ад яе не засталося нашчадкаў. Прамых нашчадкаў ад шлюбу Адама і Марыі Багдановічаў не засталося. Велізарны патэнцыял быў закладзены прыродай у слаўны род Багдановічаў. Шмат у чым ён быў рэалізаваны ў асобе нашага выдатнага паэта. Максім Багдановіч у справе нараджэння беларускай паэзіі мае статус гераічнага Страцім-лебедзя, ад твораў якога пачаў адлічвацца час класічнай літаратуры Беларусі.

На выставе «Пад знакам Страціма» можна ўбачыць упершыню ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча мемарыяльныя рэчы сям’і Багдановічаў. Тыя прадметы, якія захоўваліся ў іншых установах Беларусі.

Шкатулка маці Максіма з Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея, мемарыяльныя рэчы бацькі паэта з Нацыянальнага гістарычнага музея РБ, сямейны фотальбом з Беларускага дзяржаўнага архіва літаратуры і мастацтва. А дамінантай выставы з’яўляецца асабістая рэч Максіма Багдановіча — ножык для разразання паперы (з фонду НГМРБ).

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.