Вы тут

Медыкі раяць устрымацца ад кампаній і закрытых памяшканняў падчас свят


Другі Новы год запар планета будзе сустракаць ва ўмовах пандэміі. Распаўсюджванне каранавіруса накладвае свой адбітак на святкаванне — ісці ў госці да сваякоў, асабліва калі ў сям'і ёсць пажылыя людзі, па-ранейшаму непажадана. Гэтак жа рызыкоўна арганізоўваць застолле ў рэстаране ці кафэ — закрытае памяшканне і вялікая колькасць людзей таксама могуць скончыцца інфіцыраваннем.


Фота: pixabay.com

Ва ўмовах пандэміі кожны чалавек нясе адказнасць за распаўсюджванне СОVІD-19. Аб гэтым напярэдадні навагодніх свят нагадвае і Сусветная арганізацыя аховы здароўя, заклікаючы правесці іх бяспечна, — кажа ўрач агульнай практыкі, загадчык аддзялення прафілактыкі 11-й гарадской паліклінікі Мінска Святлана Янушка.

Вось некалькі парад па мерах засцярогі ад ковіду ў святочныя дні. Яны дапамогуць зменшыць рызыку інфіцыравання сябе, блізкіх, сяброў.

  • Правядзіце навагоднія святы ў сямейным коле, па магчымасці, на свежым паветры — на дачы, за горадам.
  • Устрымайцеся ад наведвання масавых мерапрыемстваў, асабліва тых, што праходзяць у зачыненых памяшканнях. Карпаратывы ў рэстаранах і кафэ ў гэтым плане — у групе рызыкі. Абмежаваныя прасторы банкетных зал — спрыяльныя ўмовы для перадачы віруса ад чалавека да чалавека.
  • Па-за памяшканнямі блізкія кантакты і масавыя зборы людзей таксама непажаданыя. Яны ўяўляюць патэнцыйную небяспеку для здароўя. Таму пазбягайце прагулак у людных месцах.
  • Захоўвайце дыстанцыю 1,5-2 метра і не забывайце надзяваць маску ў грамадскім транспарце, гандлёвых цэнтрах і іншых месцах, дзе верагодная перадача інфекцыі.
  • Максімальна абмяжуйце кантакты ў перыяд святочных дзён. Не захапляйцеся паходамі ў госці і запрашэннем дадому сваякоў і сяброў.
  • Устрымайцеся ад паездак за мяжу і ў навагоднія святы. А пры планаванні падарожжаў уважліва вывучайце змены эпідэмічнай сітуацыі і каранцінных мерапрыемстваў у месцах адпачынку.

— Паспрабуйце зірнуць на надыходзячыя святы як на цудоўную магчымасць пабыць дома, з сям'ёй. Бо для таго каб адчуць цуд Новага года і Каляд, непатрэбныя далёкія краіны і дарагія падарункі. А каб убачыцца і паразмаўляць з роднымі людзьмі, з якімі вас разлучыў ковід, ёсць інфармацыйныя тэхналогіі, — раіць доктар.

Тым часам у залежнасці ад узроўню заражэння і цяжкасці сітуацыі кожная з еўрапейскіх краін па-свойму рэагуе на пандэмію каранавіруса. Але большасць з іх вяртае раней адмененыя абмежаванні і нават робіць іх больш жорсткімі, пры гэтым дазваляючы некаторыя паслабленні ў перыяд Каляд і Новага года.

Германія, напрыклад, аб'явіла жорсткі лакдаўн у спробе справіцца з рэзкім ростам захваральнасці. Гэтыя меры працягнуцца да 10 студзеня, але на Каляды ў госці можна будзе паклікаць да 4 блізкіх сваякоў.

Францыя замяніла другі нацыянальны лакдаўн каменданцкай гадзінай з 20:00 да 06:00. У гэты час людзям забаронена пакідаць дамы без афіцыйнага дазволу. Затое ў дзённы час ім цяпер не трэба атрымліваць дазвол на выхад. Напярэдадні Каляд будзе зроблена выключэнне, але ў Новы год каменданцкая гадзіна застаецца ў сіле. Бары і рэстараны будуць зачыненыя прынамсі да 20 студзеня.

Лондан і яго наваколлі трапілі ў найвышэйшую катэгорыю рызыкі з самымі цвёрдымі правіламі лакдаўну. Пабы і рэстараны застаюцца зачыненымі, але можна купляць ежу на вынас. Усе забаўляльныя ўстановы пад дахам будуць закрытыя.

У Бельгіі напярэдадні Новага года забаронена запускаць феерверкі, аднак каменданцкая гадзіна будзе скарочана з паўночы да 5 гадзін раніцы.

СААЗ раіць па магчымасці збірацца на вуліцы, а калі ўсё ж без застолля не абысціся, то лепш рабіць гэта ў масках і з захаваннем дыстанцыі.

— Вы можаце адчуваць сябе няёмка, калі носіце маску і трымаецеся далей ад сяброў і сваякоў, затое гэта гарантуе бяспеку і захавае здароўе блізкіх вам людзей, — гаворыцца ў заяве СААЗ. — Людзі з групы рызыкі або пажылыя сябры і сваякі могуць не знайсці ў сабе сіл папрасіць вас выконваць дыстанцыю, але паспрабуйце ўвайсці ў іх становішча і зрабіце гэта самі, без напаміну.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

4 простыя спосабы зрабіць добрае ўражанне на мужчыну. Адказвае псіхолаг

4 простыя спосабы зрабіць добрае ўражанне на мужчыну. Адказвае псіхолаг

Дзе б вы ні працавалі і чым бы ні займаліся, уменне мець зносіны і зрабіць добрае ўражанне – адзін з самых галоўных навыкаў.

Культура

Аб гумары і сатыры ў жыцці Купалы і Коласа распавядае сумесны музейны праект

Аб гумары і сатыры ў жыцці Купалы і Коласа распавядае сумесны музейны праект

Сёлета адзначаецца 140-годдзе з дня нараджэння класікаў.

Грамадства

Гаджэт для фельчара. Як працуюць ФАП і амбулаторыя ў самым аддаленым сельсавеце Пружанскага раёна

Гаджэт для фельчара. Як працуюць ФАП і амбулаторыя ў самым аддаленым сельсавеце Пружанскага раёна

Паведаміла Людміла Аляксееўна, якая загадвае фельчарска-акушэрскім пунктам і з'яўляецца фельчарам, акушэркай, медсястрой у адной асобе.