Вы тут

Што зрабіць, каб навагоднія святы не сталі шокам для страўніка


Ужо сёння наступіць Новы год, а пасля нядоўга чакаць і Каляд. Як адзначыць святы без шкоды для здароўя, калі на стале і ў халадзільніку столькі спакус? Карыснымі парадамі, якія дапамогуць захаваць сябе ў працаздольным стане, падзяліўся загадчык аддзялення гігіены харчавання Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Юрый Гузік.


Фота: pixabay.com

Час гастрыту і панкрыятыту

У чалавека павінен быць вельмі моцны страўнік, каб навагоднія празмернасці не «вылезлі праз бок». Калі ўспомніць, што звычайна гатуюць да свята, то можна пераканацца, якое гэта сур'ёзнае выпрабаванне для арганізма. Стол літаральна застаўлены шматлікімі салатамі тыпу аліўе, запраўленых вялікай колькасцю маянэзу. Акрамя іх, у меню смажанае мяса, каўбаскі, бульбачка, рыба ў разнастайных яе выглядах, марынады, вэнджаніна. Ужо не кажучы пра нязменныя дэсерты, у асноўным з тлустымі крэмамі. Страўнік адчувае сапраўдны шок, атрымліваючы гэта ўсё ў велізарнай колькасці, ды яшчэ і ў змяшаным выглядзе.

Пры гэтым многія з нас маюць харчовую залежнасць, бо ежа — наш самы «асноўны інстынкт», і за адзін прысест за святочным сталом мы незаўважна для сябе можам з'есці 3-4 дзённыя рацыёны.

— Пасля вялікіх свят у гастраэнтэролагаў і іншых урачоў надыходзіць гарачая пара. У першыя дні студзеня па медыцынскую дапамогу часта звяртаюцца людзі з хранічнымі захворваннямі, якія абвастрыліся. Найперш гэта хваробы страўнікава-кішачнага тракта. Вінаватае пераяданне.Так, на фоне багатага прыёму ежы і ўжывання алкагольных напояў павялічваецца верагоднасць развіцця гастрыту і панкрэатыту. Таксама ў святы расце колькасць выпадкаў кішэчнага інфіцыравання — стравы ўсю ноч знаходзяцца на святочным стале пры пакаёвай тэмпературы, а пасля Новага года могуць доўга знаходзіцца ў халадзільніку і стаць крыніцамі атручэння, — кажа Юрый Гузік.

Не купляйце і не гатуйце на запас

Адна з галоўных памылак у тым, што пераядаючы з году ў год, мы не робім паправак у навагоднім меню і працягваем купляць і гатаваць на запас больш, чым можам з'есці. А выкінуць шкада. Таму выконвайце некалькі простых парад перад застоллем і падчас яго.

Напярэдадні свята:

  • Самае простае — гэта паступіць радыкальна, напрыклад, адмовіцца ад традыцыйных навагодніх страў. Пашукайце незвычайныя і складаныя рэцэпты, якія могуць абудзіць у вас гурмана.
  • Засяродзьцеся не на колькасці, а на якасці прадуктаў, выбіраючы толькі самае вытанчанае і дарагое з таго, што можаце сабе дазволіць. Гэта натуральным чынам прыцішыць ваш застольны запал, не змяншаючы задавальнення ад свята.
  • Прыдумайце насычаную забаўляльную праграму, якая ўключае фізічную актыўнасць, несумяшчальную з застоллем. Удзельнічайце ва ўсіх актыўнасцях, гуляйце, размаўляйце, весяліцеся — думаць аб ежы проста не будзе часу.
  • Ні ў якім разе нельга галадаць ці абмяжоўваць сябе ў ежы напярэдадні свята, інакш рызыка зрыву рэзка ўзрастае.
  • Упрыгожвайце і сервіруйце стол і ўсе стравы, якія падаюцца. Нават талерка з нарэзанай садавіной і гароднінай можа быць вельмі прывабнай, калі правільна яе аформіць.

Падчас хатняга застолля:

  • Не сядайце за святочны стол дома ці ў гасцях на пусты страўнік, бо галодны чалавек з'ядае значна больш, чым сыты. За гадзіну перад застоллем варта злёгку перакусіць — ёгурт, бутэрброд ці фрукты.
  • За 30 хвілін да прыёму ежы выпіце шклянку вады.
  • Пакладзіце на сваю талерку больш розных страў для дэгустацыі. Мозг любіць разнастайнасць, і вы хутчэй насыціцеся ад візуальна вялікага аб'ёму.
  • За сталом ешце павольна і невялікімі порцыямі, так можна паласавацца рознымі стравамі не на шкоду страўніку.
  • Заядайце тлустую ежу вялікай колькасцю гародніны і зяленіва, гэта паскорыць працэс ператраўлівання.
  • Па магчымасці аблягчайце стравы за кошт гародніны і нятлустых прадуктаў. Каўбасу можна замяніць на мяса, бульбу — на баклажаны або кабачкі, сыр узяць меншай тлустасці.
  • Не запівайце ежу газаванымі напоямі. Сокі ў пакетах лепш замяніць на кампот, морс ці фрэш.

— На наступны дзень пасля святочнага застолля лепш перайсці на садавіну, малочныя прадукты, яйкі і крупы — ячныя, грэчкі, аўсянка. Клятчатка круп, а таксама пекціны садавіны і гародніны (толькі не бульбы) звязваюць і выводзяць з кішэчніка мноства шкодных рэчываў і нават лішкі тлушчу. У яечным бялку ёсць усе неабходныя амінакіслоты, таму яйкі могуць на час замяніць мяса. Акрамя таго, бялок утрымлівае рэчывы, якія паляпшаюць спальванне тлушчу і дапамагаюць нармалізаваць тлушчавы абмен, — раіць медык.

Чым дапамогуць ананасы?

Нагрузка на арганізм абцяжарваецца яшчэ і самым цёмным у годзе перыядам з працягласцю светлавога дня ўсяго 7—7,5 гадзіны. Абмен рэчываў у нас запавольваецца з прычыны павелічэння выпрацоўкі ў мозгу «гармону сну» мелатаніну. Штучнае асвятленне сітуацыю зусім не мяняе. Зніжаная хуткасць абмену рэчываў памяншае здольнасць арганізма ператраўляць ежу і абясшкоджваць алкаголь.

Таму арганізму варта дапамагчы. Фермент, які аблягчае страваванне (брамелаін), утрымліваецца ў ананасах. У перыяд навагодніх свят іх можна ўжываць без асаблівых абмежаванняў. Стрававальныя ферменты прысутнічаюць таксама ў кісламалочных прадуктах — кефіры, сыроватцы, ражанцы, кумысе, айране і тане.

У прамежках паміж застоллямі налягайце на вінаградны сок і мёд. На ноч не лішні будзе прыём вітамінных прэпаратаў, якія змяшчаюць B1 і B6. Звярніце ўвагу, варта прымаць менавіта прэпараты з вітамінамі групы B, а не полівітаміны.

Вельмі важна падчас застолля не змешваць розныя алкагольныя напоі, бо такія «яршы» даюць моцную нагрузку на печань, што рэзка зніжае здольнасць арганізма перапрацоўваць алкаголь і прадукты яго распаду. Выбірайце больш лёгкі алкаголь — брут, сухія віны, ром і гарэлка лепш за віскі, каньяк і мацаванае віно.

Закуска пасля выпітага павінна, апроч мяса, утрымліваць дастатковую колькасць гародніны. Часнок, хрэн, цыбуля, гарчыца, перац, воцат запавольваюць працэс акіслення алкаголю. А запіваць чарку гарэлкі салодкай газіроўкай або джын-тонікам — правераны спосаб зваліцца пад стол раней за час.

Калі весялосць выйшла з-пад кантролю...

Варта ўсведамляць, што няма ні аднаго медыцынскага прэпарату, які ўратуе ад пахмелля. Не верце рэкламе розных «антыпахмелінаў». Крыху палягчаюць ранішні стан і знімаюць млоснасць моцны булён і квашаная капуста. Антыпахмельнымі напоямі нездарма лічаць кумыс, айран і тан, але язвеннікам нельга імі захапляцца. Піва і любая салодкая слабаалкагольная газіроўка пусцяць вас па другім коле, і на наступную раніцу вам зноў трэба будзе спазнаць усе пакуты.

Некаторыя думаюць, што некалькі строгіх разгрузачных дзён адразу ж пасля багатых навагодніх застолляў дапамогуць прывесці сябе ў норму і скінуць лішнія кілаграмы. Але насамрэч гэта не так. Самы лепшы варыянт — вярнуцца да збалансаванага, здаровага харчавання, выключыўшы са штодзённага рацыёну лішнія, занадта каларыйныя і малакарысныя прадукты, але ні ў якім разе не садзіцца на строгую дыету. Таксама, разам са складаннем правільнага меню, ніколі не варта забываць і аб дастатковай фізічнай актыўнасці.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.