Вы тут

Чаму дзеці імкнуцца трапіць у ваенна-патрыятычны лагер «Граніт»?


На тэрыторыі вайсковай часці № 5448 унутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў апошнім часам надзвычай шматлюдна. Два разы на тыдзень пасля ўрокаў, а таксама па суботах сюды спяшаюцца школьнікі — выхаванцы дзіцячага ваенна-патрыятычнага клуба «Граніт». Нягледзячы на тое, што клуб існуе ўсяго месяц, яго папулярнасць сярод навучэнцаў вялікая. І з гэтым складана паспрачацца, асабліва калі ведаеш, што наведваюць «Граніт» не толькі навучэнцы найбліжэйшых школ. Наўмысна едуць сюды і маленькія жыхары іншых раёнаў сталіцы.


Прыйшлі на «разведку» — і засталіся

Браты Данііл і Глеб Труханы жывуць у Фрунзенскім раёне. Да Ленінскага, дзе знаходзіцца вайсковая часць, — адлегласць немалая. Адпаведна, гэта дадатковы час на дарогу (добра, што бацька на машыне возіць). Аднак гэтыя нюансы хлопцаў абсалютна не цікавяць: яны з нецярпеннем чакаюць тых дзён, калі працуе клуб.

— Наш бацька раней служыў у спецназе, шмат расказвае пра той час, — гаворыць Данііл. — І калі мы даведаліся, што адкрываецца такі клуб, які знаходзіцца на базе аднаго з падраздзяленняў унутраных войскаў, мы вельмі захацелі трапіць у яго шэрагі. Тым больш мы ведалі, што займацца з намі будуць афіцэры, прапаршчыкі і сяржанты вайсковай часці.

Ваня Антоненка, аднакласнік Глеба, у дзень нашага візіту ў лагер прыехаў упершыню. Калі Глеб дзяліўся ўражаннямі ад наведвання «Граніта», а таксама відэазапісамі заняткаў, у клуб захацела трапіць ледзь не паўкласа. Ваня ад слоў перайшоў да справы. Пакуль сямігадовы хлопчык знаёміцца з абстаноўкай, уваходзіць, як кажуць, у курс справы. Школьніку падабаецца, а значыць, ён сюды прыедзе яшчэ.

На «разведку» са сваім сынам Аляксандрам прыйшла ў ваенна-патрыятычны клуб і Марыя Вішчэня. Пра «Граніт» даведаліся ад сваякоў. Пакуль яны назіраюць за працэсам, які адбываецца ў розных секцыях, хлопчык марыць паспрабаваць свае сілы ў барацьбе.

— Я вельмі хачу, каб сын займаўся, акрамя школы, дзесьці яшчэ, — прызнаецца жанчына. — Заняткі рознымі відамі спорту, а таксама мерапрыемствы патрыятычнай скіраванасці — выдатная альтэрнатыва гаджэтам. Я сама вырасла ў сям'і міліцыянера, таму добра ведаю, наколькі гэта важна цяпер, калі ў хлопчыку закладваецца мужчынскі характар. Пакаленне няпростае: каб дзеці не нарабілі глупстваў, трэба іх займаць карыснымі справамі. Шкада, што ў мой час такіх ваенна-патрыятычных клубаў не было.

Галоўнае — жаданне

Па буднях у «Граніце» — спартыўныя дні. Па групах дзеці займаюцца ў чатырох секцыях: стральба з пнеўматычнай зброі, фехтаванне з элементамі агульнафізічнай падрыхтоўкі, бокс і барацьба. Заняткі ў секцыях, якія тут называюць патрыятычным мнагаборствам, праводзяцца такім чынам, каб кожны раз дзеці паспрабавалі свае сілы ў новым відзе дзейнасці.

Па суботах выхаванцы ваенна-патрыятычнага клуба займаюцца ў межах дапрызыўнай падрыхтоўкі. Акрамя таго, праводзяцца мерапрыемствы грамадзянска-патрыятычнага выхавання: школьнікі наведваюць музеі і мемарыяльныя комплексы, дапамагаюць ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, прыбіраюць воінскія пахаванні.

На цяперашні момант клуб наведвае больш чым 70 чалавек. Аднак ахвотных яшчэ больш, таму ў найбліжэйшы час шэрагі «Граніта» папоўняць больш чым сто юных патрыётаў. Самым маленькім удзельнікам — сем гадоў, старэйшыя вучацца ў 11 класе. Каб трапіць у клуб, ад дзяцей неабходна даведка аб здароўі (улічваючы сур'ёзную спартыўную падрыхтоўку). Аднак самае галоўнае — жаданне, якога ў хлопчыкаў і дзяўчынак — хоць адбаўляй.

— Мы меркавалі, што ў асноўным да нас будуць хадзіць дзеці з сем'яў ваеннаслужачых, супрацоўнікаў міліцыі, аднак гэта не спраўдзілася: у «Граніце», акрамя дзяцей прадстаўнікоў сілавых структур, займаюцца і школьнікі з сем'яў рабочых, служачых, індывідуальных прадпрымальнікаў, — заўважае начальнік службы па ваенна-патрыятычным выхаванні вайсковай часці № 5448 капітан Вадзім ПУГАЧ. — Хлопцы, якія да нас прыходзяць, у першую чаргу хочуць развівацца фізічна: яны глядзяць на нашых вайскоўцаў і раўняюцца на іх. Дзяўчатам, як ні дзіўна, падабаецца дапрызыўная падрыхтоўка, у тым ліку моманты, звязаныя з медыцынай. Многія дзяўчаты найбольш цікавымі для сябе вызначаюць заняткі па стральбе.

Як, напрыклад, Валерыя Журбіна. Дзяўчына, якая вучыцца ў дзясятым класе 15-й школы Мінска, з прафесіяй ужо вызначылася: яна марыць быць пагранічнікам. Валерыя ўважліва слухае сваіх настаўнікаў па клубе, бо разумее, што гэта дапаможа ёй падрыхтавацца да паступлення.

Яно і зразумела, бо займаюцца з дзецьмі сапраўдныя прафесіяналы. Напрыклад, навыкам фехтавання навучае школьнікаў прафесійная спартсменка — чэмпіёнка свету па мнагаборстве Таццяна Елізарава. «Мне вельмі цікава працаваць з дзецьмі, — прызнаецца інструктар па спорце вайсковай часці № 5448. — Яны ўсе вельмі розныя, але аднолькава з цікавасцю бяруцца за даручаную справу, імкнуцца выканаць пастаўленыя задачы. Гэта так добра, калі можаш перадаць камусьці свой вопыт: і спаборніцкі, і трэніровачны. Жывыя ўзаемаадносіны даюць мне каласальны зарад энергіі, які, упэўнена, перадаецца і дзецям».

Таццяна Елізарава перакананая, што калі дзеці і не звяжуць жыццё са спортам, то навыкі, атрыманыя падчас заняткаў у ваенна-патрыятычным клубе, у жыцці спатрэбяцца. «Фехтаванне — від спорту, які вучыць цярпенню, трэніруе канцэнтрацыю ўвагі, — удакладняе чэмпіёнка свету. — Акрамя таго, гэта добрая фізічная нагрузка, якая ўплывае на гнуткасць, стойкасць, цягавітасць, волю, рухавасць і нават камунікабельнасць. Вельмі важна, каб дзеці ўмелі працаваць у пары, у камандзе».

«Граніт» — адзін з дзевяці ваенна-патрыятычных клубаў, арганізаваных на базе воінскіх часцей унутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў. Падрастаючае пакаленне з задавальненнем папаўняе іх шэрагі. І калі нават многія з гэтых дзяцей не звяжуць сваё жыццё з воінскай службай, то час, праведзены ў коле аднадумцаў і прафесіяналаў сваёй справы, не пройдзе дарма. Прапанаваўшы падрастаючаму пакаленню такі від адпачынку, арганізатары ўжо многае зрабілі — адарвалі дзяцей ад гаджэтаў і камп'ютараў. А ў тым, што ваеннаслужачыя ўжо цяпер рыхтуюць годную змену абаронцаў Радзімы, няма ніякіх сумненняў!

Вераніка КАНЮТА 

Фота Аліны МАЗАВЕЦ

Загаловак у газеце: Год­ная зме­на аба­рон­цаў

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Блізнятам – нямала спраў і праектаў, авену – усё будзе спорыцца ў руках.

Грамадства

Гаджэт для фельчара. Як працуюць ФАП і амбулаторыя ў самым аддаленым сельсавеце Пружанскага раёна

Гаджэт для фельчара. Як працуюць ФАП і амбулаторыя ў самым аддаленым сельсавеце Пружанскага раёна

Паведаміла Людміла Аляксееўна, якая загадвае фельчарска-акушэрскім пунктам і з'яўляецца фельчарам, акушэркай, медсястрой у адной асобе.