Вы тут

Як працуе і з якімі паведамленнямі кожны дзень сутыкаецца міліцэйская дзяжурка


Аператыўна-дзяжурная служба — сэрца кожнага органа ўнутраных спраў, працуе без перапынкаў і выхадных. Сюды сцякаецца ўся аператыўная інфармацыя, менавіта тут рэагуюць на звароты і паведамленні грамадзян. Патэлефанаваўшы «102», чалавек павінен разумець, што ў лічаныя хвіліны яго пытанне будзе пераадрасавана ў аператыўна-дзяжурную службу па месцы жыхарства.


Менавіта тут прымаюцца рашэнні аб адпраўцы на месца дарожна-транспартнага здарэння супрацоўнікаў ДПС, аб накіраванні ўчастковага на сямейны скандал, а міліцэйскага нарада — на затрыманне падазраваных у злачынстве. Каб даведацца, з якімі яшчэ просьбамі звяртаюцца ў міліцыю, а таксама на свае вочы пабачыць, як дзяжурка працуе знутры, карэспандэнты «Звязды» накіраваліся ва ўпраўленне ўнутраных спраў адміністрацыі Першамайскага раёна сталіцы.

У будні — больш ДТЗ, выхаднымі — скандалаў

Пакуль адзін дзяжурны адказвае на звароты грамадзян па тэлефоне, другі рэагуе на паведамленні, якія прыйшлі ад службы «102» у электронным варыянце. Яшчэ адзін супрацоўнік міліцыі афармляе заявы падчас асабістай гутаркі з чалавекам, які, каб папрасіць дапамогі, прыйшоў у РУУС асабіста.

— З улікам гарадскога аддзела міліцыі ў дзень да нас у сярэднім паступае ад 150 да 180 паведамленняў, — расказвае начальнік аператыўна-дзяжурнай службы Першамайскага РУУС падпалкоўнік міліцыі Сяргей ХІЛЮЦІЧ. — Прычым не заўсёды ў выхадныя дні іх становіцца больш. Выхаднымі людзі ў асноўнай большасці знаходзяцца дома, таму рызыка трапіць у сітуацыю, дзе патрэбна дапамога супрацоўнікаў міліцыі, мінімальная. У буднія дні, у прыватнасці ў час пік, павялічваецца колькасць паведамленняў па лініі ДАІ. Асабліва іх шмат, калі ідзе ўскладненне дарожнай абстаноўкі з-за ўмоў надвор'я або з наступленнем цёмнага часу сутак.

Калі ў будні ў дзяжурку паступае больш выклікаў, звязаных з дарожна-транспартнымі здарэннямі, а таксама парушэннямі правілаў дарожнага руху, то па суботах і нядзелях супрацоўнікі міліцыі часцей выязджаюць на сямейна-бытавыя скандалы. Асноўная маса грамадзян адпачывае пасля працоўнага тыдня дома, некаторыя ўжываюць алкаголь, што нярэдка становіцца прычынай самых розных канфліктаў.

Час прыбыцця залежыць ад сітуацыі

Першамайскі раён — не самы маленькі ў сталіцы. Прычым актыўна ідзе яго забудова. А са з'яўленнем новых жыхароў адпаведна расце і колькасць зваротаў у міліцыю. Калі ў 2018 годзе за 11 месяцаў іх было крыху больш чым 50 тысяч, то за аналагічны перыяд гэтага года іх ужо за 57 тысяч.

Спецыфіка мясцовасці таксама накладае свой адбітак на праваахоўную абстаноўку. На тэрыторыі Першамайскага раёна знаходзіцца вялікая колькасць аб'ектаў, якія з'яўляюцца візіткай сталіцы. Узяць тую ж Нацыянальную акадэмію навук або Нацыянальную бібліятэку. Амаль палова цэнтральнай вуліцы Мінска — праспекта Незалежнасці — таксама на балансе Першамайскага. Як і адзін з найбуйнейшых гандлёвых цэнтраў сталіцы. Месца шматлюднае, гэтым акурат і карыстаюцца правапарушальнікі, а часам і злачынцы.

Адным словам, у аператыўна-дзяжурнай службе ніколі не бывае зацішша. То ў раёне здарылася дарожна-транспартнае здарэнне, то ў грамадзяніна нешта скралі, у тым ліку грошы з карткі, то пабіліся два нецвярозыя таварышы, то п'яны муж выганяе з хаты жонку... А яшчэ вельмі шмат неабыякавых грамадзян, якія не могуць прайсці міма аўтамабіля, што стаіць з парушэннем правілаў паркоўкі.

Сяргей Хілюціч заўважае, што прыбыццё нарада міліцыі на паведамленне, якое ўтрымлівае прыкметы злачынства, адбываецца на працягу 10 хвілін пасля таго, як яно паступіла. «На правапарушэнне супрацоўнікі міліцыі рэагуюць у тэрмін да 30 хвілін, — удакладняе начальнік аператыўна-дзяжурнай службы Першамайскага РУУС. — Усё залежыць ад сітуацыі. Калі правапарушэнне нязначнае (напрыклад, няправільная паркоўка, то экіпаж ДАІ прыбывае на працягу гадзіны). Калі размова ідзе пра дарожна-транспартнае здарэнне, у якім ёсць пацярпелыя, нарад з'явіцца ў максімальна кароткія тэрміны».

Дарэчы, калі аўтамабіль не можа выехаць з-за іншага транспартнага сродку, прыпаркаванага без парушэння правілаў дарожнага руху, з мэтай найбольш аператыўнага рэагавання супрацоўнікі міліцыі тэлефануюць правапарушальніку і просяць прыбраць свой аўтамабіль з дадзенага месца. Калі чалавек адгукаецца на просьбу, экіпаж ДАІ туды нават не выязджае (такія сітуацыя хутка вырашаецца аператыўна-дзяжурнай службай нават без дапамогі супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспекцыі). У іншым выпадку на ўладальніка аўто складаецца пратакол. Рэкамендуюць у дзяжурцы раз'ехацца без выкліку ДАІ і тады, калі падчас дарожна-транспартнага здарэння шкода, нанесеная ўдзельнікам дарожнага руху, не перавышае больш чым 800 еўра. Дарэчы, пракансультавацца, як правільна запаўняць еўра-пратакол і ці можна да яго звярнуцца ў канкрэтнай сітуацыі, можна па нумары 140.

Судовы працэс у анлайне

Акрамя таго, што ў аператыўна-дзяжурнай службе рэагуюць на звароты, сюды яшчэ прывозяць правапарушальнікаў. Пакуль мы знаходзіліся ў РУУС, у памяшканне для затрыманых прывялі мужчыну. Па яго знешнім выглядзе стала зразумела: ён у моцным алкагольным ап'яненні. Інфармацыя пацвердзілася: калі мужчыну спынілі супрацоўнікі міліцыі, ён і двух слоў звязаць не мог. Прывезлі ва ўпраўленне: тут ён працверазее, а тым часам праваахоўнікі ўстановяць яго асобу. Зрабіць гэта было нескладана, як і высветліць, што ў грамадскім месцы ў стане моцнага алкагольнага ап'янення мужчына затрыманы паўторна. За гэта — адміністрацыйная адказнасць. Якая канкрэтна, вырашыць суд. Дзеля гэтага нікуды ехаць не трэба: у асобным пакоі наладжана відэасувязь з суддзёй. Анлайн-пасяджэнне адбудзецца тады, калі мужчына будзе цвярозы і зможа адэкватна адказваць на пытанні.

А пакуль на сувязі з суддзёй — маладая жанчына. Яе затрымалі ўчора. Інфармацыя ў аператыўна-дзяжурную службу паступіла ад службы «103», куды патэлефанавала маці жанчыны і, паскардзіўшыся, што дачка з ёй б'ецца, папрасіла дапамогі. Затрыманая, якая была ў нецвярозым стане, знаходзіцца на ўліку ў псіханеўралагічным дыспансеры.

Невясёлыя наступствы «жартаў»

Як расказвае старшы аператыўны дзяжурны аператыўна-дзяжурнай службы Першамайскага РУУС Сяргей ЛЫСЯНКОЎ, пік званкоў прыходзіцца на раніцу і вечар будніх дзён. «Прычым не ўсе паведамленні патрабуюць нашага рэагавання, — удакладняе падпалкоўнік міліцыі. — Напрыклад, апошнім часам нам тэлефануюць грамадзяне і расказваюць аб асобах, якія звязаліся з імі і пад выглядам супрацоўнікаў банка, іншых арганізацый або сілавых ведамстваў спрабавалі скрасці з іх рахункаў грашовыя сродкі. Грамадзяне (на жаль, не ўсе!), улічваючы нашы папярэднія рэкамендацыі, ужо не паддаюцца на правакацыі махляроў, але лічаць неабходным паведаміць нам аб такіх званках. І мы ўдзячныя ім за інфармаванне».

Паступаюць у дзяжурку і загадзя лжывыя паведамленні. За такія «гульні» з супрацоўнікамі міліцыі прадугледжаны штраф ад чатырох да 15 базавых велічынь. А вось за лжывыя паведамленні аб «мініраванні», якія таксама здараюцца, адказнасць больш сур'ёзная — такі «жарт» заканчваецца для чалавека крымінальнай справай, якую ўзбуджае Следчы камітэт. Тэлефануюць у аператыўна-дзяжурную службу і хворыя людзі, у якіх то «канапа вібрыруе», то рэгулярна «знікае пашпарт», які знаходзіцца ў апекуна.

Па голасе супрацоўнікі міліцыі ўжо пазнаюць і сваіх пастаянных «кліентаў» (у асноўным гэта адзінокія пажылыя людзі), якія шукаюць любую нагоду, каб патэлефанаваць у аператыўна-дзяжурную службу: насамрэч ім проста хочацца з кімсьці пагаварыць. Долю сваёй увагі з-за ветлівасці міліцыянеры пажылым людзям, вядома, удзяляюць, але нядоўга — трэба трымаць руку на пульсе, бо ў любы момант можа патэлефанаваць той, каму сапраўды спатрэбіцца дапамога.

Вераніка КАНЮТА 

Фота Аліны МАЗАВЕЦ

Загаловак у газеце: «Хуткая дапамога» ў пагонах

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».