Вы тут

Эксперты: Удасканаленне Асноўнага Закона краіны — гэта шлях да адзінства


Апублікаваны праект змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь для ўсенароднага абмеркавання — у топе навін апошніх дзён (можна меркаваць аб тым і па нашым сайце, дзе поўны тэкст прапанаванага дакумента на беларускай мове трымаецца ў лідарах па праглядах). Пасля чытання, як і павінна быць, прыйдзе асэнсаванне і жаданне падзяліцца сваім меркаваннем. Пачутыя будуць усе: на розных дыялогавых пляцоўках, падчас грамадскіх прыёмных, нават у рэжыме анлайн. Балазе досвед ёсць: менавіта ў фармаце абмеркавання збіраліся прапановы і ва ўжо апублікаваны праект. Нездарма ж наш Асноўны Закон пачынаецца са слоў: «Мы, народ Беларусі...»

«Звязда» таксама адкрывае свайго ладу дыялогавую пляцоўку. У пастаяннай новай рубрыцы «Канстытуцыя: у фармаце абмеркавання» мы будзем публікаваць думкі і аналітыку ад экспертаў, тлумачыць новыя моманты. Калі ў вас з'явяцца меркаванні з нагоды — пішыце ў рэдакцыю або наўпрост у агранізацыю, якая будзе акумуляваць і аналізаваць усе заўвагі і прапановы, — Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі. Можна скарыстацца электроннай поштай sbor@ncpі.gov.by; можна запоўніць электронную форму, якая маецца на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале па адрасе https://sbor.pravo.by; можна даслаць па пошце на адрас: 220030, г. Мінск, вул. Берсана, 1а, НЦПІ, з пазнакай «Канстытуцыя».


Ірына ДАЎГАЛА, член Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу:

— Зрабіць крок — і дарога з'явіцца сама сабой. І гэты крок сапраўды быў зроблены беларусамі для абнаўлення Канстытуцыі. Усяму свой час. І гэты час прыйшоў. Унутрыпалітычная абстаноўка, якая складваецца, і асаблівасці знешняй абстаноўкі — усё гэта дыктавала неабходнасць унясення змяненняў у Асноўны Закон краіны. Кожнае слова, кожны радок, кожны артыкул Канстытуцыі мае сваё каласальнае значэнне. На сустрэчах, дыялогавых пляцоўках, дыскусіях абмяркоўваліся пытанні наспелай неабходнасці абнаўлення галоўнага дакумента краіны. Прафесійны склад Канстытуцыйнай камісіі ўзважваў кожную прапанову, прычым з улікам аналізу ўсіх пытанняў, статыстычных і сацыялагічных даследаванняў, усебаковага аналізу ўсіх навел, якія прапаноўваліся. І вось абноўленая Канстытуцыя апублікавана для ўсенароднага абмеркавання. Азнаёміцца са змяненнямі, якія прапаноўваюцца, і выказаць свой пункт гледжання будзе цікава грамадзянам, якія валодаюць выбарчым правам. Вывучаем і абмяркоўваем разам!

Вольга ЧАМАДАНАВА, начальнік Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінгарвыканкама:

— Прыняцце новай Канстытуцыі — стратэгічны крок у далейшым развіцці нашай краіны. Яе новая рэдакцыя — унікальная магчымасць будаваць сваю будучыню ў суверэннай незалежнай дзяржаве. Асноўны Закон краіны з'яўляецца яшчэ адным падмуркам, які мы закладваем для таго, каб будаваць свой заўтрашні дзень. Прыняць удзел у рэферэндуме — абавязак кожнага грамадзяніна. Людзі павінны прыйсці і прагаласаваць за новую рэдакцыю закона, які мы сёння маем магчымасць абмяркоўваць. Мы не павінны гэтага баяцца. Трэба быць упэўненымі ў заўтрашнім дні. А для гэтага ўсё ў нашай краіне ёсць. Канстытуцыя — чарговы крок для таго, каб стратэгічна наша краіна магла развівацца далей.

Вікторыя ЛАДУЦЬКА, старшыня Гомельскага раённага Савета дэпутатаў, лідар раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын»:

— У Канстытуцыі пасля ўсенароднага галасавання прапануецца замацаваць паняцце шлюбу як «саюза мужчыны і жанчыны». Улічваючы, як мяняецца паняцце сям'і ў сучасным свеце, лічу, што гэтая важная норма нашага жыцця варта асаблівай увагі і нават абароны. Сёння мы бачым, што адбываецца вакол Беларусі. У некаторых еўрапейскіх краінах назіраецца імклівы заняпад інстытута шлюбу і сям'і. Паглядзіце, як у свеце спрабуюць агрэсіўна навязаць «дэмакратычныя каштоўнасці», калі традыцыйныя каштоўнасці, інстытут сям'і як саюз мужчыны і жанчыны маскіруюцца пад волю асабістага выбару. У шэрагу краін у прававое поле ўведзены іншыя формы сям'і. Напрыклад, у Канстытуцыі Ірландыі гаворыцца, што шлюб могуць заключыць дзве асобы любога полу. Не мае дакладнай фармулёўкі аб шлюбе Асноўны Закон Італіі. У 2016 годзе ў гэтай краіне ўступіў у сілу закон аб аднаполых грамадзянскіх саюзах. Ён прадугледжвае для такіх пар большасць шлюбна-сямейных правоў, за выключэннем усынаўлення дзяцей. У 2015 годзе Вярхоўны суд ЗША перавагай усяго толькі ў адзін голас узаконіў аднаполыя шлюбы па ўсёй краіне. Не трэба на іх раўняцца, у нас свае векавыя каштоўнасці. Таму прапанаванае змяненне ў Асноўны Закон нашай краіны, які датычыцца замацавання паняцця шлюбу як «саюза мужчыны і жанчыны», лічу абсалютна апраўданым. І калі хтосьці захоча падвергнуць сумневу пастулаты, на якіх заснаваны інстытут сям'і, гэтая норма будзе ў Канстытуцыі. Наша нацыя такая, што аднаполыя сувязі ў беларускі менталітэт ніяк не ўпісваюцца. Лічу, што традыцыйныя сямейныя каштоўнасці павінны прапагандавацца на ўсіх узроўнях. Упэўненая, што асабліва важнае ў сямейным саюзе і разуменне ролі маці і бацькі, якое ўплывае ў тым ліку і на выхаванне дзяцей.

Ігар ПЯТРОВІЧ, старшыня Уздзенскага раённага Савета дэпутатаў:

— Канстытуцыя ў нас сацыяльна накіраваная на падтрымку чалавека, павышэнне ўзроўню жыцця, мір, бяспеку, спакой і стабільнасць у дзяржаве. Асабліва радуе мяне як бацьку, што ў праекце асаблівая ўвага ўдзелена сям'і ў традыцыйным яе разуменні, шлюбу паміж жанчынай і мужчынам. Сям'я — аснова грамадства, дзе закладваюцца маральныя каштоўнасці, перадаецца ўсё найлепшае ад пакалення да пакалення, а дзеці выхоўваюцца ў найлепшых сямейных традыцыях, дзе для іх прыкладам з'яўляюцца бацькі, дзядулі і бабулі. Менавіта добрае выхаванне дапамагае спраўляцца з такімі праблемамі, як наркаманія, алкагалізм, злачыннасць. Мне імпануе, што дзяржава бярэ і надалей пад свой патранаж мацярынства, дзяцінства.

На маю думку, важна і тое, што выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і мясцовых Саветаў дэпутатаў будуць праводзіцца ў адзіны дзень галасавання. Гэта будзе садзейнічаць скарачэнню фінансавых і арганізацыйных выдаткаў на правядзенне выбараў, створыць дадатковыя зручнасці для выбаршчыкаў і ўмовы для работы выбарчых камісій, дазволіць якасна да іх падрыхтавацца.

Юлія АРЦЮХ, вядучая СТБ, грамадскі дзеяч:

— Рэферэндум па папраўках у Канстытуцыю — гэта новы віток у гісторыі суверэннай Беларусі. Канстытуцыя — падмурак, на якім грунтуюцца іншыя законы краіны, і чым больш трывалы гэты падмурак, тым больш моцным і ўпэўненым будзе наша грамадства.

Грамадзянская пазіцыя тады актыўная, калі выбудавана не толькі на прынцыпах спажывання, але і на аддачы і адказнасці. І гэта якраз з'яўляецца адным з асноўных момантаў.

Унесеныя папраўкі сапраўды вельмі актуальныя. Яны прадыктаваны часам і падзеямі ў краіне, накіраваны на ўмацаванне і абарону нашага беларускага народа, у тым ліку ад пранікнення заходняй дэмакратыі, пабудаванай на чужых нам прынцыпах і ідэях. Можна лічыць, што новай Канстытуцыяй мы абяззброім калектыўны Захад у той гібрыднай вайне, якую ён праводзіць супраць нас.

Упэўненасць у шчаслівай будучыні, у здаровым ва ўсіх адносінах грамадстве для нашых дзяцей — вось што будзе вырашацца на рэферэндуме. Важнасць падзеі разумеюць, безумоўна, усе беларусы.

Меркаванні запісалі

Вераніка КАНЮТА,

Наталля КАПРЫЛЕНКА,

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ,

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».