Вы тут

Магчымасці для стабільнага развіцця грамадства і дзяржавы


Працягваем абмяркоўваць з экспертамі — і гэта не гучнае слова, бо экспертам у дадзеным выпадку можа быць кожны грамадзянін Беларусі — Праект змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Калі вы яшчэ не паспелі азнаёміцца з прапанаванымі на ўсенароднае абмеркаванне навацыямі, іх на беларускай мове можна пачытаць у нумары «Звязды» за аўторак, 28 снежня, або на нашым сайце.


Алег ДЗЯЧЭНКА, член Савета Рэспублікі, прарэктар па вучэбнай рабоце Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. Куляшова:

— Дзеючая Канстытуцыя ў цэлым правільна адлюстроўвае заканамернасці грамадскага развіцця, інтарэсы асобы, грамадства і дзяржавы. Але з моманту яе прыняцця прайшло больш за чвэрць стагоддзя. За гэты час істотна змяніўся навакольны свет. Змянілася структура нашай эканомікі, беларускага грамадства ў цэлым. Вырасла і ўступіла ў жыццё цэлае пакаленне беларусаў, якія нарадзіліся ў незалежнай і суверэннай Беларусі.

І на міжнароднай арэне ўзнікла шмат новых, прынцыпова важных з'яў і працэсаў. Па перыметры граніц нашай міралюбнай дзяржавы ўтварылася «агрэсіўная дуга» з некалі дружалюбных нам краін, якія сёння фактычна знаходзяцца пад знешнім кіраваннем. Апошнім часам палітычныя рэжымы на гэтых сумежных тэрыторыях перайшлі ад ваяўнічай рыторыкі да правакацый, гібрыднай вайны і маштабнай падтрымкі палітычных экстрэмістаў з ліку заўзятых праціўнікаў нашага ладу і функцыянуючых у інтарэсах заходніх геапалітычных гігантаў. Таму ўмовы, у якіх мы жывём і працуем, значна змяніліся і ўскладніліся.

Адказам на гэтыя сучасныя выклікі стала па-сапраўднаму ўсенародная кампанія па выпрацоўцы прапаноў у праект Асноўнага Закона нашай краіны, які прадстаўлены на абмеркаванне народу Беларусі.

У Праекце змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь улічваюцца новыя з'явы і акалічнасці, якія адлюстроўваюць не толькі бягучыя рэаліі, але і дазваляюць вырашаць задачы доўгачасовага парадку.

Папярэдні аналіз праекта паказаў, што ў ім закладзены вялізныя магчымасці для далейшага стабільнага грамадска-палітычнага і сацыяльна-эканамічнага развіцця сучаснага грамадства і дзяржавы з улікам шматвяковых традыцый, нацыянальных каштоўнасцяў і інтарэсаў беларускага народа.

Ірына Луканская, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, член Пастаяннай камісіі па заканадаўстве:

— Асноўны заканадавец Канстытуцыі — народ. Адсюль і змяненні. На сёння Канстытуцыя дапаўняецца тымі складнікамі, якія прадыктаваны часам і новымі выклікамі.

Свет вакол нас розны. У тым ліку не заўсёды добразычлівы. Калі раней у Канстытуцыі было прапісана, што мы, народ Беларусі, маем права на самавызначэнне, цяпер гэта дапаўняецца яшчэ і правам на захаванне нацыянальнай самабытнасці, суверэнітэту. Мы хочам бачыць сваю краіну незалежнай і суверэннай, самастойнай, моцнай і квітнеючай. Такой імкнёмся перадаць яе і сваім нашчадкам, будучым пакаленням. Таму ўведзены гэтыя два паняцці — захаванне нацыянальнай самабытнасці і суверэнітэту.

На што яшчэ хочацца звярнуць увагу. Народ Беларусі абапіраецца не толькі на шматвяковую гісторыю, культурныя і духоўныя традыцыі. Сцвярджаюцца правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, устоі прававой дзяржавы і сацыяльна абароненага грамадства.

Дзеля чаго гэта робіцца? Каб захаваць мір, дабрабыт, стабільнасць грамадзян краіны. Менавіта гэта прапісана літаральна ў першых радках праекта новага варыянта Канстытуцыі. Ці не такімі словамі выказваем мы пажаданні сваім блізкім, родным, сябрам падчас урачыстых падзей ці сяброўскіх сустрэч? Гэта тое, што важна для кожнага.

Увогуле, Асноўны Закон дапаўняецца адзінаццаццю артыкуламі. Вельмі ўзмоцнена пазіцыя па маладзёжнай палітыцы. Мяне, як жанчыну і маці, узрадавала канкрэтызацыя паняцця шлюбу. Гэта традыцыйная сям'я, менавіта саюз мужчыны і жанчыны.

На сёння складваецца паняцце, што свет крыху пахіснуўся ў гэтым сэнсе. Ідзе прапаганда аднаполых шлюбаў. Але лічу, што мы павінны жыць у тым ліку і па Божых запаветах, чалавек павінен працягваць свой род, клапаціцца аб сваіх нашчадках, а тыя ў сваю чаргу — аб сваіх бацьках. Гэта таксама закладзена ў Канстытуцыі — сацыяльная абароненасць як дзяцей, так і састарэлых бацькоў. І гэта правільна.

Свет не стаіць на месцы, усё хутка развіваецца. Таму нам трэба паспяваць за новымі інфармацыйнымі тэхналогіямі. Гэта таксама знайшло адлюстраванне ў прапанаваным варыянце Канстытуцыі.

Лічу важным, што Канстытуцыя дапоўнена такім значным палажэннем, як сістэма народнай улады. І ў гэтым плане новым стала палажэнне па такім важным палітычным органе, як Усебеларускі сход. Гэта народны форум, куды збіраюцца людзі з усіх куткоў краіны, выказваюць свой пункт гледжання. Калі раней Усебеларускі сход збіраўся раз на пяць гадоў, у новым праекце прапаноўваецца праводзіць форум штогод. Прапісаны і адзіны дзень галасавання для дэпутатаў усіх узроўняў — ад мясцовых Саветаў да парламента. Бо ў такой адзінай дэпутацкай камандзе значна эфектыўней можна вырашаць праблемы. Гэта на сёння наспела. І ўвогуле хачу сказаць, што адзінства народа — падмурак Канстытуцыі.

У праекце таксама напісана, што Асноўны Закон мае першачарговае права на выкананне. І гэта слушна. Бо Канстытуцыя краіны вышэй за ўсе міжнародныя акты. Як грамадзянін, як чалавек, як дэпутат парламента, як маці, лічу вельмі важным захаваць незалежнасць нашай моцнай краіны.

Дзяніс КАРАСЬ, член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі:

— Праект нашай будучай Канстытуцыі накіраваны на змяненні з улікам часу — ён дыктуе свае ўмовы, і пад іх прыходзіцца падстройвацца, у тым ліку ўносячы змяненні ў Асноўны Закон краіны. У новым праекце адлюстраваны палажэнні згодна новым трэндам — ахова персанальных даных, статус палітычных партый і інш.

Адзін з прынцыпаў народаўладдзя, які мы ўпісваем ў Асноўны Закон, — Усебеларускі народны сход. Гэта не новы орган, але яго замацаванне ў Канстытуцыі кажа многае пра эталоны дэмакратыі.

Канстытуцыя будзе разглядацца на рэферэндуме: народ прагаласуе за ці супраць яе. Але мы ўжо бачым інфармацыйныя фэйкі на гэты конт і заклікі байкатаваць рэферэндум.

Я шмат кантактую з насельніцтвам, працоўнымі калектывамі, і яны звяртаюць увагу на тое, што ў Канстытуцыі павінна быць прапісана паняцце сям'і як саюза паміж мужчынам і жанчынай. Мы бачым, як спрабуюць у некаторых краінах навязаць непрымальную катэгорыю сям'і як аднаполага шлюбу. На адной з сустрэч, дзе збіраліся прапановы ў новую Канстытуцыю, моладзь прапанавала не толькі замацаваць паняцце шлюбу як саюза мужчыны і жанчыны, але і дадаць, што аднаполыя шлюбы забаронены.

Вартай прапановай з'яўляецца канстытуцыйнае замацаванне падтрымкі сем'яў, бо менавіта там выхоўваецца пачуццё патрыя-
тызму.

Калі Канстытуцыя будзе прынята, на парламентарыяў ускладуць работу па ўкараненні навацый у заканадаўчую практыку. Але дэпутаты не хвалююцца, бо нарматворчая работа для нас паўсядзённая, значнай нагрузкі не заўважым. Падзаконныя акты, якія ў кампетэнцыі Палаты прадстаўнікоў, неабходна будзе ў адпаведнасці з Канстытуцыяй змяняць, дапаўняць ці нешта новае пісаць. Гэта ўсё будзе з удзелам грамадзян, бо любы законапраект абмяркоўваецца з зацікаўленымі коламі.

Святлана ПЛЕСКАЦЭВІЧ, намеснік начальніка аддзела сацыяльнай абароны адміністрацыі Маскоўскага раёна Брэста:

— Вельмі своечасовым і патрэбным лічу дапаўненне ў артыкул 47 Канстытуцыі нашай краіны, якое датычыць роўных правоў і свабод для людзей з інваліднасцю. Многія з нас памятаюць тыя часы, калі інвалідаў амаль не было відаць на вуліцы, яны найбольш сядзелі дома. За апошнія дзесяцігоддзі ў краіне зроблена многа для сацыяльнай рэабілітацыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

У кожным раёне ёсць тэрытарыяльны цэнтр, спецыялісты якога працуюць з гэтай катэгорыяй насельніцтва. Асаблівая ўвага — маладым інвалідам, яны наведваюць тэрытарыяльныя цэнтры, займаюцца там па розных кірунках. Дзяржава стымулюе грамадскія арганізацыі працаваць з інвалідамі. Такіх прыкладаў нямала.

Інваліды зараз маюць магчымасць атрымліваць адукацыю, уладкоўвацца на работу. Зроблены сапраўдны прарыў у безбар'ерным асяроддзі для людзей з інваліднасцю. Цяпер любы аб'ект здаецца з усім наборам прыстасаванняў для наведвання людзей з інваліднасцю. Прыкладам можа быць брэсцкі аўтавакзал, які не так даўно ўступіў у строй.

Іншымі словамі, дзяржавай рэалізоўваецца палітыка сацыяльнай інтэграцыі інвалідаў, стварэння даступнага асяроддзя і якасці жыцця. І гэта мы запісваем у адпаведны артыкул Канстытуцыі, такім чынам, замацоўваем набытак, які абумоўлены жыццём, а таксама абазначаем кірунак далейшага развіцця грамадства.

Марына Давыдзік, намеснік старшыні Мастоўскага райвыканкама:

— Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь — адна з самых моцных у свеце. Таму вельмі важна, што застаецца аснова і захоўваюцца самыя галоўныя каштоўнасці і нормы: незалежнасць, суверэнітэт і сацыяльная скіраванасць. Але час патрабуе змяненняў. І дзяржава, улада гатовы да іх, прапаноўваючы новы праект Асноўнага Закона. А нам, грамадзянам, у сваю чаргу трэба прыйсці на рэферэндум, каб самым дэмакратычным шляхам выказаць уласную думку па тых змяненнях, якія выпрацаваны канстытуцыйнай камісіяй. Унесена нямала важных прапаноў. Хачу выказаць меркаванне па некаторых з іх.

У сацыяльнай дзяржаве забяспечваецца гарантаваная падтрымка і абарона грамадзян. У сваю чаргу і грамадзяне павінны праявіць сацыяльную адказнасць, удзельнічаць у стварэнні гэтых самых выгод. Такая папраўка прапаноўваецца ў артыкуле 21.

Лічу вельмі дарэчнымі змяненні ў артыкуле 32, дзе адзначаецца, што шлюб — гэта саюз мужчыны і жанчыны. Менавіта такі шлюб знаходзіцца пад аховай дзяржавы. Не варта прапагандаваць новыя на захадзе саюзы двух мужчын альбо жанчын, якія называюць сябе сям'ёй альбо бацькамі пад нумарам адзін і два.

У Беларусі заўсёды з павагай і асаблівай увагай ставіліся да сталых і людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Стварэнне даступнага асяроддзя, інтэграцыя ў грамадства, праграмы падтрымкі, гарантыі — усё гэта ёсць у нашым грамадстве. На дадзеным этапе ў артыкуле 47 Канстытуцыі прапаноўваецца замацаваць роўныя магчымасці правоў і свабод пажылых людзей і інвалідаў. Раней у Асноўным Законе такога не было.

Зазначу яшчэ адзін немалаважны аспект. Правы і абавязкі за выхаванне дзяцей ляжаць на бацьках. А вось дзяржава садзейнічае духоўнаму і маральнаму, інтэлектуальнаму і фізічнаму развіццю моладзі. Для гэтага ствараюцца пэўныя ўмовы.

Сёння, як ніколі, наспела неабходнасць узмацнення патрыятычнага выхавання моладзі. Дзесяцігоддзі мірнага жыцця настолькі нас распаволілі, што фраза «каб толькі не было вайны» ўспрымаецца маладым пакаленнем з іроніяй і нават сарказмам. Але свет непрадказальны і няўстойлівы. Таму, мяркую, варта прапагандаваць такія паняцці, як абавязак, гонар, адвага і адказнасць. Без гэтага можна страціць не толькі новыя пакаленні, але наогул і краіну. Лічу найважнейшымі змяненні, якія прапанаваны ў артыкуле 54: захаванне гістарычнай праўды і памяці аб гераічным подзвігу беларускага народа як складнік патрыятычнага выхавання маладога пакалення. Праяўленне патрыятызму — гэта абавязак кожнага грамадзяніна. Бо Радзіму, як і маці, не выбіраюць. Яе мы павінны любіць як данасць, цаніць і аберагаць усімі сіламі.

Руслан АБРАМЧЫК, начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама:

— Шлюб — гэта саюз мужчыны і жанчыны. Ведаю, што ёсць ініцыятыва дадаць «па нараджэнні». Дапусцім, што дадалі. Абазначым мужчыну па нараджэнні як «М», жанчыну па нараджэнні як «Ж». Мужчыну па нараджэнні, які прайшоў працэдуру змены полу на жаночы, пазначым як «мЖ», а жанчыну па нараджэнні, якая прайшла працэдуру змены полу, — як «жМ». Пытанне: ці будзе задаволена жаданне заключыць шлюб паміж жанчынай па нараджэнні «жМ» і мужчынам па нараджэнні «М», калі фенатыпічна абодва выглядаюць як мужчына? І, наадварот, саюз мужчыны па нараджэнні «мЖ «і жанчыны «Ж»?

Я супраць гэтай дабаўкі да фармулёўкі. У адным з артыкулаў прачытаў, што працэдуру змены полу за апошнія пяць гадоў прайшлі каля ста чалавек (адна сотая адной тысячнай насельніцтва). Прычыны зусім не рамантычныя і мала звязаныя з сексуальнай сферай — біялагічныя збоі пры дзяленні клетак чалавечага эмбрыёна прыводзяць да вельмі праблемных марфалагічных і гарманальных адхіленняў ад нормы. Дазвол на працэдуру падпісвае асабіста міністр аховы здароўя.

Ці трэба цягнуць у Асноўны Закон гендарную рыторыку пад выглядам барацьбы з ёй? Лічу, што не, раз мы гаворым аб захаванні традыцыйных каштоўнасцяў і іх абароне з дапамогай Канстытуцыі.

Запісалі Вольга АНУФРЫЕВА

Марыя ДАДАЛКА

Маргарыта УШКЕВІЧ

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?