Вы тут

Не стала народнага артыста Беларусі Міхаіла Казінца


Дырыжор, кіраўнік, настаўнік, прафесар, артыст... Музыка. Для Міхаіла Казінца, якую б пасаду ён не займаў за сваё 83-гадовае жыццё, галоўным заўсёды было служэнне музыцы. І гэта застанецца ў гісторыі, у памяці Беларусі. 30 снежня 2021 года народны артыст Беларусі Міхаіл Казінец пайшоў у іншы свет. 


Гэта адна з асоб, якія вызначалі ўзровень беларускай музыкі апошнія 50 гадоў. Міхаіл Антонавіч Казінец прыйшоў у Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь імя Іосіфа Жыновіча ў 1972 годзе, а з 1975 года да цяперашняга часу з’яўляўся мастацкім кіраўніком гэтага калектыву. Усе поспехі і значныя прэм’еры, якія прадстаўляў калектыў, звязаныя з руплівай працай яго кіраўніка, для якога прыярытэтам было служэнне беларускай музыцы, выкананне твораў айчынных кампазітараў. Публіка чакала новых праграм — і атрымлівала асалоду ад сустрэч з творамі Юрыя Семянякі, Яўгена Глебава, Генрыха Вагнера, Дзмітрыя Смольскага, Андрэя Мдзівані ды іншых айчынных кампазітараў. Менавіта апантанасць Казінца дазволіла ажыццявіць маштабныя праекты, якія выходзілі за межы выключна музычных, бо былі значнай культурнай падзеяй для краіны наогул: калі ў выкананні аркестра прагучалі значныя творы легендарных «Песняроў»: рок-паэма «Гусляр» і рок-опера «Песня пра долю». Казінец заўсёды ставіў самую высокую планку і здолеў эксперыментаваць у аркестры народных інструментаў, які асацыюецца з традыцыяй. Вясковец па нараджэнні, Міхаіл Антонавіч ведаў, чым зачапіць публіку, каб яна праз музыку адчула душу Беларусі.

Колькі выдатных праграм, складзеных з любоўю да беларускай песні, падрыхтаваў аркестр, узняўшы перліны, якія былі напісаныя ў розныя гады на словы нашых выдатных паэтаў, пачынаючы ад Багдановіча, Купалы і Коласа... Нездарма Міхаіл Казінец быў уганараваны шэрагам высокіх узнагарод, у ліку якіх Дзяржаўная прэмія Беларусі, прэмія «За духоўнае адраджэнне», медаль Францыска Скарыны. Але ці не найвышэйшым для яго было простае званне: Музыка. Ён быў сапраўдны — чалавек-асветнік: паказаў, якое хараство нясе родная музыка, які цуд здольныя ствараць беларускія інструменты. 

Паказваў гэта не толькі на сцэне, але і ў студэнцкіх класах, калі выкладаў у Беларускай акадэміі музыкі, стварыў там і кіраваў сімфанічным аркестрам «Маладая Беларусь». Доўгі час узначальваў галоўную навучальную ўстанову ў галіне музыкі ў Беларусі, аказаўшы ўплыў на творчае фарміраванне некалькіх пакаленняў музыкантаў. 

Здаецца, пасля дырыжораў не застаецца той спадчыны, якая мае матэрыяльнае аблічча. Але матэрыялізуюцца думкі, якія гучаць праз музыку, пачуцці, эмоцыі. Застаюцца і творчыя нашчадкі, якія працягваюць справу. 

Калектыў Выдавецкага дома «Звязда» смуткуе з прычыны сыходу Маэстра і выказвае спачуванні яго родным і блізкім.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?