Вы тут

Уладзімір Радзівілаў: Задача Дзеда Мароза — рабіць людзей шчаслівымі


Каларыт Новага года заключаецца не толькі ў непаўторнай атмасферы гэтага свята. А яшчэ — у яго гісторыі, традыцыях, смаках і, вядома, героях. Няма ні аднаго чалавека, які б не пісаў лісты Дзеду Марозу, не расказваў яму вершы і не агучваў бы самыя запаветныя мары і жаданні. Ён жа чараўнік, ён дапаможа. Як яму гэта ўдаецца — ніхто не ведае, не належыць чараўнікам раскрываць свае сакрэты. Але адзін Дзед Мароз зрабіў выключэнне. Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, майстар пародый, спявак, артыст размоўнага жанру Уладзімір Радзівілаў падарыў навагодні цуд тысячам хлопчыкаў і дзяўчынак. Інакш галоўны Дзед Мароз краіны не можа. Уладзімір Генадзевіч упусціў «Звязду» ў чароўны свет Дзеда Мароза.


— Бадай, ці не самы папулярны навагодні анекдот гучыць так: «У жыцці мужчыны ёсць тры стадыі: верыць у Дзеда Мароза, не верыць у Дзеда Мароза, і сам Дзед Мароз». Уладзімір Генадзевіч, вы таксама перад тым, як стаць Дзедам Марозам не верылі і верылі ў яго?

— Калі б я не верыў у Дзеда Мароза, я б ім ніколі не стаў. Як чалавек можа быць Дзедам Марозам, калі сам не верыць у гэтага прыгожага чараўніка з белай барадой і адмысловым посахам? Гэтага не можа быць. Таму я веру ў Дзеда Мароза, як і ў добрыя, і ў цёмныя сілы. Без гэта ніяк. У жыцці ёсць белая і чорныя палосы. Але як бы там ні было, заўсёды перамагае дабро.

— А свой першы выхад на сцэну ў ролі Дзеда Мароза памятаеце?

— Гэта было ў горадзе Узда, я толькі прыйшоў з арміі, працаваў на аўтабазе, у Доме культуры... Неяк так атрымалася, што не было каму сыграць Дзеда Мароза. Пранавалі мне, зразумела, адмовіцца не мог. Да статусу галоўнага Дзеда Мароза я прайшоў вялікі шлях. Быў Карлсанам, катом Матроскіным, ваўком. Спачатку навагоднія спектаклі праходзілі ў Палацы спорту. Потым — у Канцэртнай зале «Мінск», крыху ў цырку. А калі пабудавалі Палац Рэспублікі, мы пераехалі сюды. Вось так амаль 27 гадоў кожную зіму я — Дзед Мароз.

— Біяграфію свайго героя вывучалі?

— Безумоўна. Я падымаў усю паднаготную Дзеда Мароза. Вывучаў, што гэта за роля, хто як яе выконваў у розныя часы. Насамрэч Дзед Мароз узнікае раней за святочныя навагоднія дні. Ёсць спецыяльны абрад, калі вясна, лета, восень аддаюць свае правы зіме, і Дзед Мароз афіцыйна ўступае ў свае абавязкі. Гэты дзень лічыцца днём нараджэння Дзеда Мароза і адзначаецца 18 лістапада. Мяне усе ў гэты дзень віншуюць.

Акрамя таго, я сачу за дзіцячымі трэндамі, вывучаю сучасныя цацкі. Неяк ноч не спаў, даследваў, якія ёсць лялькі Барбі. Бо раптам дзіця задасць пытанне, а Дзед Мароз не зможа на яго адказаць. Такога дапусціць нельга. Быць Дзедам Марозам — не значыць проста выйсці, павітацца і аддаць падарункі. Не. Да гэтай ролі трэба рыхтавацца, павінны быць дабрыня, любоў. А не так, што прыйшоў, адпрацаваў, атрымаў грошы і пайшоў.

— За 27 гадоў, што вы галоўны Дзед Мароз краіны, вырасла не адно пакаленне вашых маленькіх гледачоў...

— І гэта ж добра! Летась да мяне прыйшла маладая жанчына. Яна паказала фота, дзе маленькай сядзіць у мяне на каленях, і прывяла сваю дачку на прадстаўленне. І мне было вельмі прыемна, што за час маёй кар'еры Дзеда Мароза вырасла моладзь, якая прыводзіць на «ёлку» сваіх дзяцей. Для мяне гэта вельмі важна. Значыць, я недарэмна стаў Дзедам Марозам і дару дзецям і дарослым радасць і шчасце.

— Зноў жа, калі вярнуцца да анекдотаў. Адзін з іх сцвярджае, што быць Дзедам Марозам вельмі зручна — працуеш 1 дзень праз 364. А калі ў галоўнага Дзеда Мароза пачынаецца гарачы навагодні сезон?

— Сёлета выступленні ў мяне пачаліся 23 снежня. Але работа пачалася ў лістападзе — вывучэнне сцэнарыя, рэпетыцыі, падрыхтоўка. Касцюм трэба падрыхтаваць, хоць касцюмы ў нас ствараюцца на пяць гадоў, за імі пастаянна трэба сачыць. Дзед Мароз ідзе ў нагу з часам, касцюм павінен быць модным і зручным. Мастак па касцюмах распрацоўвае эскіз, а я кантралюю, каб мне было зручна. Аднойчы зрабілі касцюм на маланцы, а ў Дзеда Мароза барада. Яна трапляе туды, і ўсё, хоць спі ў гэтым касцюме. Трэба прадугледжваць шмат невялікіх, але важных момантаў.

— Сёлета вы выступаеце ў блакітным касцюме. Але ж мы прывыклі бачыць Дзеда Мароза ў чырвоным.

— Дзеду Марозу дазволена быць у чыровоным і ў блакітным колерах. Калі ўспомніць таго ж Санта-Клаўса, якога таксама прывыклі бачыць у чырвоным, то з самага пачатку было не так. У чырвонае футра яго апранулі для рэкламы. Ён насіў чорную вопратку, бо трапляў у дом праз комін. А ў нас Дзед Мароз уваходзіць праз дзверы і таму выглядаць павінен адпаведна.

— Дзед Мароз — традыцыйны, усім знаёмы персанаж. Для вас як для акцёра кожны год Дзед Мароз розны?

— Безмоўна. Можа здацца, што быць Дзедам Марозам — значыць проста хадзіць вакол ёлкі і ўсё. Але гэта зусім не так. Роля Дзеда Мароза для артыста — вельмі ганаровая і адказная. І кожны год гэта розныя ролі. Я сам і спяваю, і танцую, і ператвараюся, калі трэба. Рэжысёры робяць са мной што заўгодна. А я з здавальненнем прымаю новыя ідэі для спектакля. Таму што ў самае галоўнае свята — Новы Год — трэба падарыць дзецям і дарослым святочны настрой.

— Звычайна Дзед Мароз з'яўляецца ў канцы казкі. Чаму так?

— Так было даўно задумана, таму што ён галоўны персанаж, які ўсіх аб'ядноўвае. Два гады таму Дзеда Мароза сталі больш уводзіць у сцэнарый. Была казка пра юнацтва Дзеда Мароза, затым пра тое, як да яго прыходзяць госці. А сёлета я задзейнічаны ва ўсім спектаклі.

— За столькі гадоў кар'еры Дзеда Мароза былі кур'ёзныя выпадкі?

— Самы памятны з іх, калі за 10 хвілін да выхаду дзеці выпадкова разбілі мой чароўны посах. А як Дзед Мароз можа выйсці да людзей без посаха? Жонка Таццяна разам з грымёрамі літаральна за 10 хвілін з дапамогай гірляндаў і мішуры яго выратавалі. Чараўніцтва, не інакш.

— Уладзімір Генадзевіч, вы выступаеце на дабрачынных ёлках перад дзецьмі з дзіцячых дамоў, хворымі дзеткамі. Напэўна, яны просяць у Дзеда Мароза тое, чаго вы ніяк не можаце выканаць. Вам маральна цяжка працаваць на такіх
«ёлках»?

— Многія людзі просяць у Дзеда Мароза тое, чаго ніхто не можа выканаць. Гэта жыццё. У межах сваіх магчымасцяў і сваіх кампетэнцый я стараюся дапамагчы, як магу. У навагоднія дні ў нашай краіне праходзіць выдатная акцыя «Нашы дзеці». Гэта паказальнік клопату нашай дзяржавы аб дзецях. Усе дзеці ў краіне — нашы дзеці і яны павінны адчуваць, што іх любяць, цэняць і шануюць. Я ім гэта паказваю, калі прыходжу да іх як Дзед Мароз і паказваю навагодні цуд.

— Для артыста дзеці — самая цяжкая публіка?

— Дзеці — самая справядлівая публіка. Іх не падманеш, яны ўсё бачаць і адчуваюць. Я стараюся з дзецьмі размаўляць, як з дарослымі людзьмі. Яны ўсё разумеюць, бачаць усе падвохі. У іх вельмі сонечная аўра. Іх нельга падманваць.

— Вы маеце зносіны са сваімі замежнымі калегамі, галоўнымі Дзядамі Марозамі іншых краін?

— Некалькі гадоў таму было мерапрыемства ў Белавежскай Пушчы. Туды прыехалі галоўныя Дзяды Марозы — з Расіі з Вялікага Усцюга, з Казахстана, Татарстана... Амаль з кожнай постсавецкай краіны быў галоўны Дзед Мароз. Вядома, мы падтрымліваем зносіны. Агульную справу робім — кожны ў сваёй краіне дорыць людзям шчасце і радасць.

— Дарэчы, пра Белавежскую Пушчу. Вы — галоўны Дзед Мароз краіны. А хто тады жыве ў Белавежскай Пушчы?

— Таксама галоўны Дзед Мароз. У пушчы знаходзіцца рэзідэнцыя Дзеда Мароза. Там ён прымае гасцей круглы год. А выступленні на «ёлках», віншаванні — гэта мая місія. Роля ў нас адна — галоўны Дзед Мароз краіны. Толькі ён у Белавежскай Пушчы, а я — у Мінску. Дзядоў Марозаў, на шчасце, шмат. А місія ў нас агульная — віншаваць людзей, дарыць ім шчасце і пазітыў.

— Уладзімір Генадзевіч, а хто галоўная Снягурка краіны?

— У мяне кожны год розныя Снягуркі. Шмат таленавітых дзяўчат са мной выступала. Тут у чым справа? Снягурка павінна быць маленькай унучачкай. А за год дзяўчынка можа вырасці, і мы ўжо не будзем выглядаць як дзед і маленькая ўнучка.

— У жыцці галоўнага Дзеда Мароза краіны быў навагодні цуд?

— Для мяне навагодні цуд — гэта выезд на дачу пасля навагодніх свят. Мы прыязджаем на любімую дачу, запальваем камін, прыязджаюць нашы блізкія людзі. Мы адпачываем, абменьваемся падарункамі, адзначаем Новы год, Раство. І гэта цуд з цудаў — бачыць сваіх блізкіх шчаслівымі і здаровымі. Сам Новы год мы сустракаем не вельмі святочна, 31 снежня і 1 студзеня ў мяне спектаклі. Таму я слухаю віншаванне Прэзідэнта, выпіваю келіх шампанскага і іду адпачываць. Але раз на год можна дазволіць сабе зрабіць дабро дзецям і дарослым і даць ім святочны настрой. Чым больш даеш людзям, тым больш сам адчуваеш гэтую аўру Дзеда Мароза, якая абдымае і зараджае пазітывам.

— У вашай жонкі Таццяны Аляксандраўны 26 снежня дзень нараджэння, яго таксама адзначаеце пасля, на цудоўнай дачы?

— Таццяна заўсёды са мной, таму яе дзень нараджэння святкуем у грымёрках, на рабоце. Можа, яно так і лепш, чым проста дома. Усе віншуюць, кажуць добрыя словы. І хоць графік насычаны, я не забываю рабіць ёй сюрпрызы. Сёлета, пакуль яна спала, паклаў на падушку вялікі букет хрызантэм. А сам паехаў на «ёлку».

— Якое любімае свята ў галоўнага Дзеда Мароза краіны, акрамя Новага года?

— Усе святы любімыя, гэта ж святы. Самая вялікае і любімае свята — калі ўсе здаровыя, гэта самае галоўнае. Дні нараджэння люблю, свой, жончын. Але з кожным днём нараджэння задумваешся аб пражытых гадах, пра тое, што не маладзею, але станаўлюся старэйшым, мудрэйшым.

— Уладзімір Генадзевіч, настае год Тыгра. Чаго вы чакаеце ад гэтага звера?

— У нашым доме шануюць катоў. У нас быў кот Цімафей Маркізавіч, ён пражыў 25 гадоў. Ездзіў з намі на «Славянскі базар», у санаторыі. Для нас з жонкай кот — гэта член сям'і. Цяпер у нас жыве брытанская прыгажуня Рыжэна. Нядаўна пакрыўдзілася, што я з ёй не гуляю, падрапала твар перад ёлкай. Але мы яе вельмі любім. Яна падобная на тыгра, рыжая, паласатая. Таму, спадзяюся, у год Тыгра прынясе нам удачу.

— Дзеду Марозу ўсе агучваюць свае жаданні. А каму іх расказвае сам Дзед Мароз?

— Задача Дзеда Мароза — рабіць людзей шчаслівымі. А сам ён і так шчаслівы, бо ён чараўнік, чаго яму яшчэ жадаць?

— Што галоўны Дзед Мароз краіны можа пажадаць усім у Новым годзе?

— Я жадаю вам радасці,

шчасця без межаў,

Запаветных спаўнення

надзей-таямніц...

Хай квітнее заўсёды краіна

цудоўная,

Хай ніколі не ступіць бяда

на парог.

Я жадаю вам новага года

чароўнага

І у вашых пачатках — адных

перамог!

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.