Вы тут

Навагоднія тосты-пажаданні


Як вядома, гадавіну вяселля пасля разводу ды іншыя крэатыўныя святы можна адзначаць, а можна і не.

Што датычыцца Раства ды Новага года, то тут сумненняў няма і нават быць не можа! Святкуйма, спадарства! Сам Бог загадаў!..

А вось у якім фармаце і ў якой кампаніі, — кожны вырашае сам.

У дапамогу тым, хто па-ранейшаму трымаецца традыцый — загадзя рыхтуе падарункі, падпісвае паштоўкі і прыдумвае тосты-пажаданні — вершы ад «Звязды», ад Валянціны Доўнар.


ххх

...Не, няма ў тым бяды,

Што змяняюцца гады —

Сустракаць іх рады!

Хай сыходзіць год стары!

Хай прыходзіць малады,

Але ж хай... не гадам!


ххх

Калядкі...

Святы

ў шумным карагодзе...

Прыждалі мы

Чароўнае пары —

Зноў Новы год...

А што?

Няхай прыходзіць!

Адно —

хай будзе лепшы,

чым стары!


ххх

...Навагоддзем,

па дарозе

Панна крочыла ў знямозе:

Адпачыць бы

вельмі трэба,

Папрасіць вады і хлеба.

Бачыць — церам

на пагорку!

Ды... спыняюць на падворку.

Гаспадыня прабурчала,

Што і самой ёй хлеба мала:

«Ты ж ідзі, адкуль прыйшла».

Да суседа ў двор зайшла...

Але і той

прымаў ля хаты.

Ёй сказаў,

што ўсім багаты.

А чаму,

бо не з дурных:

Не пускае

ў дом чужых,

А тым болей —

перад ноччу...

Значыць,

трэба далей крочыць,

Аб цяпле

і хлебе марыць...

Побач —

Дзядзька гаспадарыць:

Твар у поце,

Рукі ў брудзе...

Гэты ж —

літасцівы будзе?

Не, — ён кажа, —

бо прымака:

Сам жыву,

Як пабірака.

...Па раз’езджанай

Дарозе

Дабрыня

ішла ў знямозе

Са здароўем

і з багаццем!

А

не мела месца ў хаце.

...Хай жа

ў гэта навагоддзе

Усё да вас сцяжыну знойдзе!

І далей

нідзе не пойдзе!


ххх

...Надыходзіць

Новы год —

Ціхай сапай,

як той кот:

Белы, чысты

і пушысты?

З рыжай спінкай

залацістай?

Чорны,

з грознымі вусамі?

Мы таго

не знаем самі. і.

Але ж хутка

(так, няйначай!)

Мы катка таго

пабачым,

Бо адчынім яму

дзверы...

Хай заходзіць!

Ды не зверам,

Што сцягнуць

цікуе штосьці...

А чаканым,

мілым госцем!

Хай нясе нам

шмат мілосці,

Грошай, волі,

маладосці,

Ад якіх

жыццё святлее!
Хай ён душы

нам сагрэе!

Шчаслівейшымі

паробіць,

Што нікому

не зашкодзіць...

Ціхай сапай,

як той кот,

Ён прыходзіць —

Новы год

Белы?

Ці рыжэйшы?

Хай

не... карацейшы!


ххх

Пах лесу,

Ёлка,

Дзеці ў карагодах.

І падарункі тут,

І цёплых слоў

багата.

Ды...

Святы

каляндарныя —

праходзяць...

Хай

у душы

заўсёды

будзе

свята!


ххх

Апошнія лісткі ў календары...

Сыходзіць год — самотны і стары.

Ніхто яго за фалды не трымае:

Навошта, калі Новы наступае...

 

І верыцца, што гэты — не падмане:

Усё, што трэба — з-пад зямлі дастане!

Каму — здароўе без ніякіх лекаў,

Каму да пары — цуда-чалавека.

 

Па сэрцу справу з добраю зарплатай,

Якой сям’і хапала б на ўсе траты,

Асобны дом — хай для пачатку й цесны,

Але ж каб там спявалі дзеткам песні...

 

Яшчэ — машыны... Водпуск, дзе хто хоча,

Паўнюткія лагоды дні ды ночы,

Усім — дабра, цяпла і ласкі Божай,

З якою ўсё ліхое пераможаш...

 

Апошнія лісткі ў календары...

Сыходзіць год — самотны і стары.

Ніхто яго за фалды не трымае:

Навошта, калі Новы наступае...


ххх

Так павялося між людзей —

Год пачынаецца з надзей...

Што новы — ён не будзе горшы,

Што на патрэбы будуць грошы,

Што нас здароўе не пакіне

І ўсё ліхое недзе згіне,

Што запануе згода ў свеце

І на пацеху будуць дзеці...

Калі змяніць яго не ў стане,

Душу начальства не дастане

Ды і другія лайдакі...

Што не разлюбяць сваякі.

Што будзе хлеб!

І ранкам — кава,

Што будзе час да нас ласкавым:

Не ляжа глыбаю на плечы.

І будзе што зварыць у печы.

І будзе гурт, каб тое з’есці.

І будзе кут усім пасесці.

І будзе келіх і віно...

Каб прагучала тут наноў:

Хай новы год не будзе горшы,

Хай на патрэбы будуць грошы...

(І... верш спачатку пачынай,

Змяніўшы «што...» на заклік «хай!»:

З мальбой —

Да Бога — ад людзей:

Год пачынаецца з надзей...

(Праверана: калі гэты, апошні, верш прачытаць 8 разоў, ён, як мінімум, запомніцца, як максімум — збудзецца!

Дзеля чаго, уласна, і быў напісаны).


З Новым годам, шаноўнае спадарства!

З новым шчасцем, каханенькія-родненькія!

Шчыра зычым (гэта значыць, моцна-моцна жадаем Вам)

...Каб зоркі падалі ў руку,

Каб Вам ва ўсім спрыяла неба!

І каб хапала ў кашальку

На ўсе надзённыя патрэбы.

У тым ліку — на беларускія кнігі, на падпіску беларускамоўных газет і часопісаў, на падтрымку мовы — у сваёй душы і сям’і, у сваёй краіне.

Валянціна ДОЎНАР

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».