Вы тут

2021-ы: мы многае зразумелі. Пра іншых і пра сябе


Вынікі ўжо мінулага года падводзіць надзвычай складана і цікава. Складана — бо столькі ўсяго важнага ў жыцці краіны, а значыць, і ў нашым з вамі, было, што баішся штосьці ўпусціць. Цікава з той жа прычыны, але яшчэ і таму, што проста на вачах мянялася наша грамадства. Гэты год для многіх з нас стаў адкрыццём, мы шмат зразумелі пра тое, што адбываецца ў краіне і вакол яе, мы шмат зразумелі пра саміх сябе, мы ўбачылі, чаго каштуе спакойнае жыццё на сваёй зямлі, па сваіх, а не прадыктаваных аднекуль правілах і законах. Мы перасталі быць раўнадушнымі, мы пачалі разумець, што ва ўсіх палітычных і эканамічных сучасных варунках размова ідзе ні больш ні менш як пра існаванне нашай маладой краіны на карце свету.

Усё гэта за адзін год? Складана. Але ж беларусы не шукаюць лёгкіх шляхоў. Мы ў свой час за першае дзесяцігоддзе існавання краіны займелі свае ўніверсітэты і нацыянальную Акадэмію навук — на што многім народам спатрэбіліся стагоддзі. А за апошнія дваццаць пяць гадоў пабудавалі моцную незалежную дзяржаву, якая не пахіснулася пад націскам усіх няпростых падзей 2020-га, якая працягвае паспяхова трымаць абарону і ў 2021-м...

Гэты год быў няпростым і цікавым. Тыя моманты, якія згадаем у гэтай публікацыі — яго важныя этапы, дзякуючы якім мы сустракаем Новы год з упэўненасцю ў сабе і ў краіне, у якой маем шчасце жыць.


Усебеларускі народны сход

Хоць падобнае знакавае паводле вызначэння мерапрыемства было шостае па ліку, многія аналітыкі па значнасці параўноўвалі яго з першым Усебеларускім народным сходам, калі вызначаўся шлях, па якім пойдзе маладая дзяржава Беларусь. «2021 год — мяжа: па сваёй лёсавызначальнасці ён супастаўны з вяхамі пачатку XX стагоддзя і сярэдзіны 1990-х гадоў. Але ў адрозненне ад тых смутных часоў, сёння ў нас ёсць разуменне сітуацыі і план дзеянняў, які дае ўсе шанцы на паспяховае развіццё», — сказаў падчас выступлення на сходзе Прэзідэнт.

Па выніках сходу была абазначана галоўная мэта на пяцігодку — забяспечыць сацыяльную стабільнасць у грамадстве і павелічэнне дабрабыту грамадзян дзякуючы якаснаму росту эканомікі, нарошчванню сацыяльнага капіталу, стварэнню камфортных умоў для жыцця, работы і самарэалізацыі. Ключавыя задачы — скараціць залежнасць эканамічнага росту ад вуглевадароднай сыравіны, павялічыць экспартны патэнцыял за кошт высокатэхналагічных тавараў, запусціць новы інвестыцыйны цыкл.

Прыярытэты пяцігодкі — шчаслівая сям'я, моцныя рэгіёны, інтэлектуальная краіна, дзяржава-партнёр.

А галоўная ідэалогія развіцця Беларусі на будучыню была закладзена ў дэвізе, пад якім праходзіў сход, — «Адзінства. Развіццё. Незалежнасць».

Супрацьстаянне фэйкам

Пагадзіцеся, многія з нас яшчэ два гады таму нават слова такога не чулі — фэйк. І калі ў 2020-м яны на нас абрынуліся — мы былі проста ў шоку. Яўная непрыкрытая хлусня падавалася як праўдзівая інфармацыя, і супрацьпаставіць ёй штосьці ў тым жа масіве і з падобнай эмацыянальнай падачай здавалася немагчымым.

Але шок мінуў, і выйсце знайшлося — супрацьпаставіць хлусні можна толькі праўду. Асабліва выразна гэта стала зразумелым пасля затрымання небезвядомага Рамана Пратасевіча, калі на Захадзе ўзняўся лямант аб нечалавечых катаваннях няшчаснага арыштанта. Усе «бясспрэчныя факты» разбіліся ўшчэнт, літаральна праз два дні перад журналістамі паўстаў сам Раман — усмешлівы, гаваркі і зусім не пабіты. Некаторыя заходнія журналісты не вытрымалі такой ганьбы для сябе і ўцяклі з залы.

Гэта быў моцны крок, але яшчэ мацнейшым стала «Вялікая размова з Прэзідэнтам». На працягу васьмі гадзін у прамым эфіры кіраўнік дзяржавы адказваў на ўсе пытанні, нават самыя правакацыйныя і нявыгадныя. Гэта быў сапраўдны момант ісціны для многіх, у тым ліку і жыхароў Беларусі. Пасля было «зацвярджэнне матэрыялу» — столькі інтэрв'ю замежным СМІ, прычым і з Захаду, і з Усходу, як у 2021-м, Аляксандр Лукашэнка не раздаваў ніколі. А яго славутае «Факты на стол!» для нас саміх стала дэвізам у адносінах да неправеранай інфармацыі.

Барацьба з ковідам

У той час як па ўсім свеце ўспыхвалі пратэсты супраць рознага кшталту ковідных абмежаванняў, Беларусь упэўнена ішла сваім шляхам, нягледзячы на крытыку з боку апанентаў, якая пачалася з першай хвалі, калі краіна не згразла ў лакдаўне, чым фактычна выратавала сваю эканоміку. Гэтай восенню на самым высокім узроўні было забаронена абавязваць людзей да нашэння масак і да вакцынацыі — ці не самае гэта яскравае сведчанне свабоды чалавека як асобы? Як вынік — краіна пазбегла сацыяльнай «ковіднай» напружанасці, эканоміка працуе на плюс, медустановы справіліся з нагрузкай, хваля эпідэміі спадае, колькасць вакцынаваных набліжаецца да паловы насельніцтва. З навін канца года — у Беларусі выпусцілі доследныя серыі расійскіх вакцын «Спутнік» па поўным цыкле. Ідзе работа і над распрацоўкай уласнай беларускай вакцыны.

«Лічбавая» адказнасць

Менавіта ў 2021-м многія з нас пачалі разумець, што віртуальная рэальнасць — усё ж рэальнасць, што інтэрнэт і сацыяльныя сеткі — публічная прастора. І як прыстойныя людзі не брыдкасловяць і не раздзяваюцца дагала на вуліцы, так і там павінна быць. Калі ты абразіў чалавека публічна, калі распаўсюдзіў яго прыватную інфармацыю без яго згоды — гэта цягне адказнасць па законе, няважна, зрабіў ты гэта ўжывую ці ў сеціве.

Для многіх гэта было адкрыццём і выклікала неразуменне: маўляў, за што, за бяскрыўдныя гульні? Але ў тых, каго гэтыя «гульні» зачапілі асабіста, гэтых пытанняў не ўзнікала. Як і ў праваахоўных органаў, якія ў падпісчыкаў інтэрнэт-суполак знаходзілі рэальную зброю і складнікі для «кактэйляў Молатава»...

Дзень народнага адзінства

У 2021-м, аб'яўленым на дзяржаўным узроўні Годам народнага адзінства, у нашым календары з'явіўся адметны дзень. Думка аб тым, што ён патрэбны нашаму грамадству, прагучала на Усебеларускім народным сходзе. Дата 17 верасня, якую вызначылі для новага дзяржаўнага свята, ні ў аднаго чалавека, які лічыць сябе патрыётам Беларусі, не выклікае і ценю сумнення. Гісторыкі лічаць, што па значнасці для Беларусі як краіны, для беларусаў як народа яна саступае толькі даце 3 ліпеня, якая знамянуе вызваленне ад фашысцкай навалы.

Для многіх з нас гэта нагода заняцца вывучэннем уласнай гісторыі. Бо што мы ведалі пра 17 верасня, акрамя таго, што вуліцы з такой назвай ёсць у кожным заходне-
беларускім мястэчку? А пачаўшы цікавіцца гісторыяй менавіта з нашай, беларускай, пазіцыі, шмат што іншае можна зразумець.

Санкцыі і міграцыйны крызіс

Тое, што нас не забівае, робіць нас мацнейшымі. У праўдзівасці гэтага выразу беларусы ў 2021-м пераканаліся на ўласным вопыце. Хоць тым, хто ўводзіць санкцыі ў адносінах да нашай краіны, хацелася б, каб было дакладна наадварот. Дзякуючы своечасовай пераарыентацыі экспарту, дзякуючы рабочым прадпрыемстваў, якія не паддаліся на заклікі да забастоўкі, мы вытрымалі. Так, складана, і прасцей не будзе, папярэджвае Прэзідэнт і ставіць кіраўніцтву краіны задачу: ні ў якім разе ад санкцый не павінны пацярпець простыя людзі. Не варта перажываць і за тое, што спажыўцы акажуцца абдзеленымі нейкімі заморскімі далікатэсамі з-за эмбарга, якое Беларусь увяла на тавары з недружалюбных краін у адказ на санкцыйны ціск. Па-першае, ёсць шмат краін дружалюбных, у якіх тыя самыя тавары можна купіць. Па-другое, мацарэлу ўжо выдатна навучыліся рабіць у Тураве, а фуа-гра — пад Стоўбцамі. Было б жаданне — магчымасці знойдуцца.

Міграцыйны крызіс на мяжы з Еўрасаюзам стаў таксама выпрабаваннем для нашай краіны. Тыя, хто прычыніўся да наплыву бежанцаў, хто стварыў на іх радзіме перадумовы для гэтага наплыву, у найлепшым выпадку стаялі ўбаку і назіралі, як Беларусь справіцца, у горшым — збівалі і нават забівалі няшчасных людзей, выкідваючы іх целы на беларускую тэрыторыю.

Мы справіліся. І ў гэтай сітуацыі на ўсіх узроўнях здалі свой галоўны цывілізацыйны экзамен — на чалавечнасць.

Праверка на сяброўства

2021 год для многіх з нас стаў часам адкрыццяў і расчараванняў. Як заўсёды бывае ў няпростыя перыяды, з людзей пачынае «вылазіць» іхняя сапраўдная сутнасць, усе найлепшыя або найгоршыя рысы. Стала зразумела, хто сапраўдныя сябры, а хто проста знаёмыя, якія ў любы момант падставяць ножку і яшчэ штурхануць, каб ужо дакладна паваліўся.

Прычым гэта стала яскрава відаць не толькі на асабістым, але і на міждзяржаўным узроўні. У нейкім сэнсе нават добра, што так яно — і ў асабістым, і ў міждзяржаўным — здарылася. Затое цяпер дакладна ведаем, хто нам хто.

Змяненні ў Канстытуцыю

Грамадства выспела для перамен. Улада грамадства пачула і адказала: «Перамены будуць». Але — паступовыя, эвалюцыйныя, каб не загубіць тое добрае, што чвэрць стагоддзя ўсе разам будавалі. Усіх разам дзяржава запрашае і выбудаваць новую рэдакцыю Асноўнага Закона. Змяненні і дапаўненні ўносіліся ў новы праект пасля абмеркавання на дыялогавых пляцоўках па ўсёй краіне. І гэта яшчэ не фінальны этап: праект зноў вынесены на абмеркаванне, у нас яшчэ раз пытаюць: ці ёсць заўвагі і прапановы? Чарговы раз падкрэсліваючы: мы ўсе разам і кожны паасобку адказваем за будучыню краіны, у якой жывём. Вялікі гонар, але і вялікая адказнасць. Калі большасць гэта прыме і зразумее — у нас усё абавязкова будзе добра.

Фота: БелТА, pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.