Вы тут

«Шчасце, калі цябе разумеюць»: інтэрв’ю з пісьменнікам Георгіем Марчуком


За сваё жыццё слынны беларускі пісьменнік, драматург, сцэнарыст, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, Нацыянальнай літаратурнай прэміі, а таксама прэміі за Духоўнае адраджэнне Георгій Марчук паспрабаваў сябе ў розных плынях: працаваў і на кінастудыі «Беларусьфільм», і ў выдавецтве «Мастацкая літаратура», здымаў фільмы як рэжысёр, загадваў літаратурнай часткай Тэатра-студыі кінаакцёра, і, вядома, заўсёды актыўна займаўся грамадскай дзейнасцю. Нарадзіўся будучы літаратар на Палессі, у цудоўным Давыд-Гарадку. Цягнулі заўсёды да сябе тэатр, кіно і літаратура, так, што пасля заканчэння сярэдняй школы пачаў працаваць загадчыкам клуба, весці драмгурток. Атрымаў адукацыю ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце, потым вучыўся на Вышэйшых курсах сцэнарыстаў і рэжысёраў у Маскве. Працуючы на кінастудыі «Беларусьфільм», Георгій Марчук часта бываў у камандзіроўках, дзе знаёміўся з рознымі куткамі краіны, сустракаў цікавых людзей. Назбіраў матэрыял, і — напісаў раман.


Нарадзіўся пісьменнік у прыгожую дату — 1 снежня. Георгій Марчук святкуе 75-годдзе. «Звязда» паразмаўляла з пісьменнікам, даведалася аб яго планах і ўсё ж такі вызначыла, што для Марчука больш важна — кіно ці літаратура. 

— Вы працуеце ў плыні рэалізму, лічыце яго бясконцым і бязмежным. Але пры гэтым вас не пужаюць постмадэрнісцкія элементы, вы эксперыментуеце з жанрамі і формамі. Гэта важная рыса для пісьменніка — спрабаваць сябе ў розных плынях. Распавядзіце, калі ласка, як вам удалося «не закасцянець» і на працягу ўсёй творчай кар’еры арганічна змяняць аблічча?

— Творчасць маю ўратаваў рэалізм, хоць я не цураюся сімвалізму, рамантызму, нават элементаў містыкі. Сярод дзеючых асоб маіх камедый ёсць Грэх, Дабрадзейнасць. Багата з’явілася ў апошнія дзесяцігоддзі пісьменнікаў-фантастаў, як кажуць, «факіраў на час». А ў гісторыі літаратуры застаюцца рэалісты: Фолкнер, Дастаеўскі, Чэхаў, Мележ. Фантастыка — літаратура для адпачынку, для пацехі. Рэалізм — літаратура для душы. 

— У сваёй творчасці вы звяртаецеся да гісторыі Беларусі, будуеце на гэтым свае творы. Ці спрабавалі аналізаваць, чаму менавіта гэтая тэма вас прываблівае, чым яна так важная?

— Маю цікавасць да гісторыі прывіў наш школьны настаўнік Міхась Шэлехаў. Найперш мяне цікавіць чалавек на гістарычных зломах. Я так моцна заглыбіўся ў жыццё Скарыны, што напісаў ажно тры п’есы аб ім. Ёсць у мяне п’еса і пра віцебскага князя Альгерда, больш за тое, я напісаў дзве п’есы на тэму Траянскай вайны. Бег часу непрадказальны. Адказваю на вашыя пытанні, а заўтра гэта ўжо гісторыя. І нічога нельга паправіць альбо адрэдагаваць.

— Адным з моцных штуршкоў вашай пісьменніцкай кар’еры стала тое, што часопіс «Полымя» надрукваў ваш раман «Крык на хутары». Зараз жа назіраецца спад папулярнасці да друкаваных літаратурных часопісаў. Што вы параілі б маладым таленавітым пісьменнікам? Праз якія каналы ім прасоўваць свае творы?

— Спад да чытання назіраецца паўсюль у свеце. Кожнаму маладому пісьменніку цяжка здабываць вядомасць, славу. Па-першае, патрэбны талент. Па-другое, у папулярызацыі талента павінны ўдзельнічаць усе — і дзяржава, і сродкі інфармацыі, і бібліятэкі, і школа. Трэба, каб творы прысутнічалі ў інтэрнэце. Не пашкодзіць і рэклама ў кнігарнях. Галоўнае — не падаць духам.

-— Вашыя словы: «Я выхаваны на Мележы, Шолахаве, Фолкнеры, Гамсуне». Але вы чалавек, лёс якога быў звязаны і з кіно. Таму хацелася запытацца, якія рэжысёры паўплывалі на вас больш за ўсё?

— Я вырас на фільмах мэтраў: Феліні, Параджанаў, Чаплін, Пазаліні, Бандарчук, Курасава... Паважаю творчасць Шукшына, Быкава, Балабанава. Аднак у маёй душы перамагла літаратура. Я ўжо быў і рэжысёрам, і акцёрам, і сцэнарыстам, і мастаком. Дзякую Богу, што ён скіраваў мяне да літаратуры — гэта мой лёс. 

— Тады, напэўна, для вас не паўстае пытання: кіно або літаратура? 

— Люблю працаваць і для кіно, і для літаратуры. Без літаратуры няма кінематографа. 

— Вы адзначаеце юбілей. З якім настроем падышлі да 75-годдзя? І якія асноўныя жыццёвыя высновы, якімі хацелі б падзяліцца, паспелі зрабіць?

— Юбілей, як кажуць, культ асобы на адзін дзень. Я жыў і жыву так, каб тым, хто побач са мной, хто мае са мной службовыя адносіны, было камфортна. Шчасце, калі цябе разумеюць, уважліва адносяцца да тваіх меркаванняў, не зайздросцяць, не трымаюць у кішэні дулю. 

— Вы распавядалі, што чыталі казкі сваім дзецям, і ў нейкі момант яны «скончыліся» — менавіта таму вы пачалі пісаць іх самі. Як вы лічыце, наколькі важна выхоўваць дзяцей праз літаратуру? Што гэта ім дае і як уплывае на фарміраванне асобы?

— Літаратура, як тэатр, кіно, жывапіс і музыка, уплываюць на духоўны стан чалавека. Таму бацькі павінны далучаць дзяцей да мастацтва і культуры з самага іх дзяцінства. 

— Ці ёсць у вас спецыяльны расклад часу працы над творамі? Або пішаце ў тыя моманты, калі надыходзіць натхненне?

— Я працую штодня, не чакаючы натхнення, бо мая любоў да радзімы і ёсць пастаяннае натхненне. Калі не пішу п’есы, працую над навеламі, сюжэтамі новых твораў у розных жанрах.

— Над чым працуеце зараз?

— Мяне ахоўваюць за спінай дзесяць тамоў маіх твораў. Узрост ды хваробы трохі забіраюць сілы, але ж працую: пішу пра яркія падзеі ў жыцці для новай кнігі, назва якой «Мой тэлеграм-канал». Мару напісаць раман пра сучаснасць. Так што дай Бог сілы. 

Арына КАРПОВІЧ

Фота Канстанціна ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».