Вы тут

Хведар Ясноўскі. Расійскі пейзажыст з Чэрвеня


Маскоўскі мастак, акадэмік акварэльнага жывапісу Хведар ЯСНОЎСКІ нарадзіўся на Ігуменшчыне, у Мінскай губерні. 


Партрэт Ф. Ясноўскага

Пейзажы Хведара Іванавіча Ясноўскага і зараз знаходзяцца ў Траццякоўскай галерэі ў Маскве, у мастацкіх музеях Мінска, Ніжняга Ноўгарада, Стаўрапаля... Варта паглядзець на «Пахмурны дзень» (месца захоўвання — Стаўрапальскі краявы музей выяўленчых мастацтваў), каб зразумець, што Хведар Ясноўскі па праву глыбокага таленту, дадзенага Усявышнім, быў настаўнікам, педагогам многіх вучняў Строганаўскага вучылішча. Прастора зямлі, рускага раздолля XIX стагоддзя арганічна спалучана з пахмурным небам. Цяпер можна толькі здагадвацца, ці насілі краскі, фарбы нашага суродзіча сацыяльны характар, ці мелі суладдзе з самім рускім, вясковым жыццём. Ды і ці ў гэтым, асабліва зараз, справа?!. Мастак на ўсё пазірае сваімі вачыма, зрокам свайго сэрца, сваёй душы. Канешне ж, прыстунічаюць заўжды ў гэтым позірку і грамадскія, сацыяльна-палітычныя перакананні творцы... Светабачанне Хведара Ясноўскага — гэта найперш жаданне пільна ўгледзецца ў бяскрайні свет прыроды, у само пярэстае, шматаблічнае народнае жыццё. На заднім плане карціны «Пахмурны дзень» — вазы з сялянамі, занятымі сваімі паўсядзённымі клопатамі. Строгасць колераў, іх «пахмурная еднасць» — адлюстраванне няпростага сялянскага жыцця. Здаецца, «Пахмурны дзень» — як адбітак «пахмурнага жыцця»... 

«Пахмурны дзень»

«У ваколіцах Кунцава» — карціна Х. Ясноўскага, якая захоўваецца ў Ніжагародскім мастацкім музеі. «Могілкі ў Мазілаве пад Масквою» — палотнішча, якое і сёння ўпрыгожвае Дзяржаўную Траццякоўскую галерэю. «Пейзаж. 1884»... «Пейзаж. 1887»... Агледзіны рэпрадукцый гэтых і іншых прац — падарожжа ў свет таленавітага, класічнага пейзажыста, мастака, які выбудоўвае свет згодна філасофскаму асэнсаванню рэчаіснасці. Уважлівае ўзіранне ў навакольны сусвет — аснова паспяховага адлюстравання жыцця. 

... Палотнішчы Хведара Ясноўскага на аўкцыёнах жывапісу каштуюць па мерках сённяшніх багатых збіральнікаў мастацкай спадчыны XIX стагоддзя не так і шмат... «Выгляд на горад» (1889 год) — пейзаж, які быў выстаўлены за 80 000 рублёў. Праўда, і памерам праца не дужа вялікая. І ўсё ж карціны іншых пейзажыстаў таго часу каштуюць значна болей... Працы Віктара Зарубіна (як, напрыклад, пейзаж «Баркас на рацэ») —у межах 460 000 і болей рублёў... Ды справа, відаць, нават не ў гэтым... Галоўнае, пэўна, у іншым... Хаця б і ў тым, што за дзесяцігоддзі працы ў Строганаўскім вучылішчы дзесяткі будучых зорак рускага жывапісу вучыліся асновам майстэрства якраз у Ясноўскага... 

Нарадзіўся Хведар Іванавіч у снежні 1833 года ў Ігумені (сённяшні Чэрвень) Мінскай губерні. Ігуменшчына — радзіма мастакоў братоў Гараўскіх (Іпаліта, Апалінарыя і Гілярыя — маёнтак іх бацькоў месціўся ў сяле Уборкі, на Бярэзіншчыне; Апалінарый нарадзіўся таксама ў 1833 годзе), беларускага і французскага мастака Файбіша-Шрагі Царфіна (нарадзіўся ў 1899 годзе ў Смілавічах), аднаго з буйнейшых майстроў «Парыжскай школы» Хаіма Суціна (1893 — 1943)... Пералік можа быць надзіва доўгім. 

«Пейзаж»

Вучыўся Хведар Ясноўскі ў маскоўскай Другой малявальнай школе, якую пазней назавуць «Строганаўскай акадэміяй». Поруч з Ясноўскім вучыўся ў «Строганаўцы» Васіль Рыгоравіч Пяроў (1834 — 1882)... Пасля заканчэння вучылішча Хведар Іванавіч быў пакінуты ў ім выкладчыкам. І заставаўся на гэтай пасадзе амаль 40 гадоў. Да 1892 года. У гэты перыяд у вучылішчы, відавочна, авалодвалі майстэрствам Іван Сямёнавіч Казакоў (1873 — 1935), Сяргей Яўграфавіч Ляднёў-Шчукін (1875 — 1961), Канстанцін Макоўскі (1839 — 1915) і іншыя будучыя знакамітасці. 

І ўсё ж мастацкая спадчына нашага чэрвеньска-ігуменскага земляка, творы якога захоплена набывалі вялікія калекцыянеры Расійскай імперыі Павел Міхайлавіч Траццякоў (1832 — 1898) і Казьма Цярэнцьевіч Салдацёнкаў (1818 — 1901), мала вядомая. Бездакорнасць іх, Траццякова і Салдацёнкава, збіральніцкіх, мастацкіх густаў вытрымала выпрабаванне часам. Траццякоўская галерэя, аснову якой склалі зборы Паўла Міхайлавіча, — і сёння адно з самых прыцягальных месцаў адкрыцця сапраўднага жывапісу. Казьма Цярэнцьевіч Салдацёнкаў сваю калекцыю (а ў ёй сярод 269 прац — карціны Трапініна, Ге, Айвазоўскага, Фядотава і іншых славутых майстроў) завяшчаў Румянцаўскаму музею (існаваў у 1828 —1924 гг.)... У мінскім выдавецтве «Беларусь», пачынаючы з 2012 года, выходзіць серыя невялікага фармату выданняў «Славутыя мастакі з Беларусі». Мо з часам выйдзе ў гэтай серыі і кніжачка, прысвечаная Хведару Іванавічу Ясноўскаму (1833 — 1901), біяграфія і творчасць якога сапраўды патрабуюць дэталёвага вывучэння? Ды і адну з вуліц у сучасным Чэрвені чаму б не назваць імем Хведара Ясноўскага?.. 

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.