Вы тут

Прэзідэнт: Трэба пастарацца не сцягваць усю краіну ў Мінск


Жыллё для медыкаў, гарады-спадарожнікі, адвод земляў уздоўж другой МКАД — Прэзідэнт прыняў з дакладам старшыню Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандра Турчына.


Прэзідэнт абмеркаваў шэраг пытанняў, што датычацца будучыні вёскі Бараўляны. Пасля наведвання пасёлка Прэзідэнтам восенню абласным уладам неабходна было прыняць рашэнні па забеспячэнні там жыллём медыцынскіх работнікаў.

«Мы варыянты выпрацоўвалі даўно, некаторыя апрабавалі і вырашылі неабходным у гэтым кірунку рухацца. Гэта пра так званыя інтэрнаты, што не горш за камфартабельнае жыллё. Невялікія для пачатку пакоі, унізе дзіцячы садок і ўсё неабходнае. Вы на аснове гэтага павінны былі палічыць і прапрацаваць некаторыя варыянты», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Другая задача для губернатара — аднясенне Бараўлян да горада. Па гэтым пытанні, нагадаў Прэзідэнт, неабходна было параіцца з насельніцтвам пасёлка, бо статус горада нясе за сабой некаторыя змены ў статусе грамадзян, што там пражываюць.

Яшчэ адно пытанне да Аляксандра Турчына — сельская гаспадарка Мінскай вобласці, якая з’яўляецца самай буйной у краіне, і яшчэ мае патрэбу ў росце.

Звярнуў увагу падчас размовы кіраўнік краіны на праблему перанаселенасці сталіцы і Мінскага раёну.

«Мы дамовіліся, што будзем крыху сціскасць квадратныя метры жылля. Нельга перанасяляць Мінск, бо хутка стане як Масква ў часы пік, хаця і зараз пробкі ёсць. Неабходна вопыт расіян улічваць і пастарацца не сцягваць усю краіну ў Мінск», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго, колькасць будаўніцтва жылля ў сталіцы паменшылася, але гэта не значыць, што новабудоўлі ў горадзе не з’явяцца наогул.

«Тут неабходныя будуць і працоўныя рэсурсы, бо буйны прамысловы горад Мінск. Але скараціць трэба значна, каб не перанасяліць Мінск і не стварыць нязручнасці для жыхароў», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што гараджане скарысталіся магчымасцю і раскупілі ўсе свабодныя ўчасткі ў вёсках у Мінскім раёне.

«Але там яшчэ дастаткова такіх участкаў. Раней, калі ў вёсцы людзі жылі (я сам вясковы, разумею) і дзесьці няўдобіца — яны там і не будавалі. Цяпер гэтыя ўчасткі нарасхват. Але я не разумею, чаму яны ў вас пустуюць. Трэба хутка прадаваць гэтыя ўчасткі людзям, не крыўдзячы мясцовае насельніцтва», — мяркуе Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што ў гарадах-спадарожніках сталіцы засяродзіцца не толькі будаўніцтва жылля для мінчан, але і будуць ствараць там працоўныя месцы.

«Напрыклад, Дзяржынск. Зараз па ім працуеш. Я вясной там буду, пагляджу. У цябе павінен гэта быць як пілотны праект у вобласці. Там працоўных месцаў дастаткова. Неабходна прывесці ў парадак гэты гарадок, і калі неабходна — стварыць дадаткова працоўныя месцы», — кажа Аляксандр Лукашэнка губернатару.

Яшчэ адна тэма, на якую засяродзіў увагу кіраўнік краіны і прапанаваў для будучага абмеркавання на Усебеларускім народным сходзе, Пасланні народу і парламенту, — інвестыцыі і будаўніцтва новых тэхналагічных прадпрыемстваў.

«Вызначыліся, пабудавалі і там жа (як гэта робіць БНБК) — жылыя дамы, каб спецыялістаў запрасіць туды і мясцовых жыхароў падцягнуць. Нам трэба сур’ёзна прадумаць, вопыт ёсць, як мы далей будзем развівацца», — сказаў Прэзідэнт.

Па яго словах, дамаўляліся стварыць працоўныя месцы і ўздоўж другой кальцавой дарогі — аўтазапраўкі, лагістычныя цэнтры, кафэ, майстэрні. Для гэтага кіраўніку краіны неабходна зацвердзіць адмысловы план па развіцці, які падрыхтуюць улады вобласці.

«Мы гэта павінны прапрацаваць і адзін раз зацвердзіць план, бо там неабходны адвод зямель, а гэта справа Прэзідэнта. Неабходны план. Я зацвярджаю адзін раз, і вы там займаецеся, каб не было валакіты, і людзі не хадзілі за кожным дазволам, — нагадаў Прэзідэнт. — То-бок без валакіты мы павінны ўздоўж другой кальцавай дарогі ствараць працоўныя месцы для мінчан і мясцовага насельніцтва, што там будзе працаваць».

Прэзідэнт адзначыў, што гэтыя тэрыторыі неабходна абжываць і прыватнікам, і дзяржаўным прадпрыемствам, а ён гатовы дапамагаць у гэтым плане.

«Неабходна ў гэты план усё ўнесці без лішкаў — зямельных рэсурсаў у нас у Беларусі няма. Вы бачыце, якая ідзе бойка агракамбіната „Дзяржынскі“. Яны ўсюды бяруць стратныя гаспадаркі, дзякуй ім, падымаюць да неабходнага ўзроўню. Але гэта кажа пра тое, што няма лішніх зямель сельскагаспадарчага прызначэння», — заключыў Прэзідэнт. 

У тэму

Старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксандр Турчын расказаў журналістам падрабязнасці размовы з Прэзідэнтам.

  • Бараўляны. Па словах губернатара, аднясенне вёскі да горада пацягне за сабой складанасці, бо мясцовае насельніцтва як сельскія жыхары карыстаюцца прэферэнцыямі, якія могуць страціць. «Нам трэба больш шырока паглядзець на праблему Мінскага раёна, у тым ліку і ўзаемадзеяння з горадам. Дзесьці паглядзець граніцы і раёна, і горада, каб выпрацаваць аптымальнае рашэнне адміністратыўна-тэрытарыяльнага ўладкавання не ў шкоду людзям», — кажа Аляксандр Турчын.
  • Жыллё для медыкаў. Старшыня аблвыканкама расказаў, што кіраўнік краіны падтрымаў эксперымент дазволіць медыкам выкупаць у дзяржавы арэнднае жыллё пасля пэўнага перыяду работы (10-15 гадоў). «Прапанова мае сэнс, бо тым самым мы замацоўваем людзей для работы ў пэўных сферах эканомікі», — адзначыў кіраўнік абласной вертыкалі ўлады. Менавіта ў Бараўлянах падабралі два ўчасткі для будаўніцтва арэнднага жылля, якое пазней магчыма будзе выкупіць.
  • Могілкі. Губернатар заявіў, што абмяркоўвалі з Прэзідэнтам і вострую праблему сельскіх могілак. Кіраўнік краіны даў даручэнне вызначыць участкі для пашырэння могілак і аператыўна ўнесці адмысловы дакумент на разгляд.
  • Развіццё другой МКАД. Аляксандр Турчын расказаў, што існуе генеральная схема зямель вакол МКАД, на яе аснове ў хуткім часе неабходна прадставіць Аляксандру Лукашэнку план, бо ўчасткі запатрабаваныя ў інвестараў.
  • Сельская гаспадарка. Гэтую тэму, па словах спікера, будуць абмяркоўваць у хуткім часе на вялікай нарадзе з усімі губернатарамі. Аляксандру Турчыну Прэзідэнт даў канкрэтныя парады, як да яе падрыхтавацца.

Марыя ДАДАЛКА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».