Вы тут

Як у Зэльвенскім раёне пустыя дамы зрабілі музеямі


Літаральна за год культурныя ўстановы сялянскага быту з'явіліся ва ўсіх сямі сельскіх Саветах Зэльвеншчыны. Унікальнасць аб'ектаў — у іх аўтэнтычнасці. Большасць экспанатаў мае сваю гісторыю, яны належалі мясцовым старажылам ці іх сваякам і былі перададзены ў вясковыя музеі. Некаторыя рэчы знаходзілі ў дамах, якія ішлі пад знос. Ды і самі дамы-музеі доўгі час пуставалі, пакуль кіраўніцтва раёна не прапанавала размясціць у іх экспазіцыі сялянскага быту. З гэтага і пачалася цікавая работа па іх стварэнні.


Мы пад'ехалі да музея ў аграгарадку Галынка, які адкрыўся літаральна месяц таму. Адразу і не скажаш, што дом з ліку пустых. Акуратная агароджа, фасад пафарбаваны, аконныя рамы з прыгожымі белымі ліштвамі. Гэта потым стала вядома, што дом аднавіўся, пасля таго як было прынята рашэнне адкрыць у ім музей. Хоць, па сённяшніх мерках, сродкі нязначныя — на рамонт затрацілі ўсяго каля 400 рублёў. Старшыня Галынкаўскага сельсавета Дзмітрый Сухалет паясніў, што абнаўленне выконвалі самі работнікі культуры пры дапамозе мясцовай гаспадаркі.

Экспазіцыя, па словах арганізатараў, фарміравалася з удзелам мясцовых жыхароў, якія прыносілі старыя рэчы, што ў сучасным жыцці не маюць прымянення. Напрыклад, ручная маслабойка. Хто цяпер, нават на вёсцы, карыстаецца гэтай прыладай? Ці тая ж чапяла, якой даставалі з печы гаршчкі? А саламяныя кошыкі, дзе захоўвалі сала і кумпякі? Наўрад каму спатрэбіцца і драўляная валізка, якую і падняць цяжка, не тое што кудысьці несці... Ды і многае іншае, што сёння мае хіба толькі этнаграфічны інтарэс. Падумалася, што паасобку гэтыя рэчы трацяць сваю адметнасць.

А вось сабраныя ў адным месцы, такія экспанаты ствараюць паўнавартасную карціну сялянскага быту нашых недалёкіх продкаў. Ну, можа, дзядаў і прадзедаў.

— У нежылых дамах, якія зносяцца, знішчаецца ўсё, што там застаецца, — расказвае старшыня сельсавета. — Мы стараемся захаваць гэту гісторыю, каб данесці яе сённяшнім пакаленням. Моладзь многіх прылад папросту не ведае. Таму па нашай мясцовай ініцыятыве было вырашана выбраць адзін такі найлепшы дом і ўкамплектаваць яго рэчамі, якія застаюцца ў тых дамах, што разбіраюцца. Людзі падхапілі ініцыятыву і сталі самі прыносіць рэчы, якія ў іх дзесьці проста пыліліся і лічыліся непатрэбнымі. У музеі яны сталі цікавымі экспанатамі.

Дом, ці па-вясковаму — хата, складаецца з кухні і адносна вялікага пакоя, які выконвае ролю і гасцёўні, і спальні. І тут, трэба сказаць, апаноўвае нейкае пачуццё настальгіі. Дык гэта ж пакой нашых бабуль і дзядуль! Такі ж ложак, засланы саматканай коўдрай, з-за якой знізу выглядвае палоска прасціны з белымі зубцамі, а на ім — падушкі з вышытымі навалачкамі. Саматканыя палавікі. На сцяне — палатняны дыван з аленямі. Вышытыя карціны ў рамках. Стары гадзіннік. Ручная швейная машынка. Круглы стол з плюшавым абрусам і экзэмплярамі «Огонек». Радыёла і чорна-белы тэлевізар. Партрэты гаспадароў і іх продкаў у маладосці. Магчыма, некаторыя рэчы і сёння можна ўбачыць у вясковых дамах.

Але наўрад ці знойдзецца дом, дзе б трымалі падвесныя калыскі. Іх у музеі некалькі — яны перададзены жыхаркамі Галынкаўскага сельсавета. Як аказалася, праз гэтыя калыскі прайшло не адно пакаленне іх сем'яў. Адну з такіх калысак для нованароджаных жанчыны бралі ў поле і падвешвалі на калках, а самі ішлі працаваць на жніве.

У многіх вяскоўцаў і цяпер у дамах стаяць старыя шафы, якім па 60-70 гадоў. Ёсць такая і ў Галынкаўскім музеі. Дарэчы, тут захавалася і адзенне. Новая льняная мужчынская кашуля. Жаночае паліто, сукенкі.

Знайшлося месца і для старога куфра. Адразу ўспомніўся падобны ў маёй бабулі, дзе яна захоўвала ўсе свае рэчы, у тым ліку і пісьмы з фронту свайго 20-цігадовага сына, майго таты, якія знайшліся зусім нядаўна. І хто ведае, якія цікавыя рэчы змяшчаюць у сабе старыя, каваныя куфры дзесьці на лецішчах ды гарышчах?

— У асноўным у музеі прадстаўлены экспанаты 1950—1960-х гадоў, але ёсць больш ранняга перыяду. Праўда, пакуль нам не ўдалося іх дэталізаваць, гэтым яшчэ трэба будзе заняцца, — адзначыў Дзмітрый Сухалет. — І ўвогуле, гэта яшчэ не канчатковы выгляд музея. База экспанатаў будзе папаўняцца, бо жыхары сельсавета абяцалі падзяліцца патрэбнымі для музея рэчамі.

У нейкім сэнсе гэта і пытанне прэстыжу новай установы культуры. Бо каму не хочацца, каб мясцовы музей быў самым адметным і вядомым не толькі ў наваколлі, але і далёка за межамі сельсавета. Пры гэтым старыя рэчы нібыта працягваюць сваё жыццё. Для малодшага пакалення ёсць нагода «пабываць» у гасцях у сваіх бабуль, а старэйшым — сустрэцца са сваім дзяцінствам. Яно, дарэчы, у вёсцы асабліва незабыўнае...

— На перспектыву мы хочам уключыць наш музей у агульны раённы турыстычны маршрут славутасцяў, які атрымаў назву «Да вытокаў», — расказаў старшыня сельсавета. — Гэта будзе маршрут не аднаго дня, а мінімум трох. Каб людзі прыехалі, напрыклад, надвячоркам у пятніцу, пераначавалі, а ў суботу і нядзелю маглі павандраваць па раёне. І для мясцовага бюджэту даход, і госці адкрываюць для сябе нешта новае. Тым больш такі напрамак, як музеі сельскага быту ў пустых дамах, распрацаваны пакуль толькі ў Зэльвенскім раёне.

Работа Галынкаўскага музея будзе пашырацца. Мяркуецца задзейнічаць і падворак — тут уладкуюць дзіцячую пляцоўку. Пакуль у аграгарадку такой атракцыі няма. Яшчэ плануюць праводзіць розныя майстар-класы з удзелам мясцовых і раённых народных майстроў і рамеснікаў.

Новае жыццё старых дамоў падабаецца і месцічам. Яны рады ўнесці свой уклад у стварэнне такіх аўтэнтычных музеяў. Расказваюць, што новы выгляд дома-музея ў Галынцы вельмі парадаваў жанчыну, у якой тут жылі яе дзед з бабкай і вырасла маці. Наведванне дома стала для яе прыемнай сустрэчай з мінулым.

Першы вопыт паказаў, што ёсць сэнс падобную работу працягваць. Так з'явіліся музеі сялянскага быту ў шэрагу іншых вёсак. Вядома, экспазіцыі іх падобныя, бо якая ж сялянская хата абыходзілася без чыгункоў, збаноў, саматканых ручнікоў і дываноў ды куфраў? І ўсё ж кожны мае нейкую асаблівасць. Як правіла, музей адлюстроўвае быт той мясцовасці, дзе знаходзіцца і тых людзей, якія тут жылі.

Пра гэта расказаў намеснік старшыні Зэльвенскага райвыканкама Сяргей Лойка:

— Экспазіцыю размяшчалі па эпохах — ад старых да пазнейшых. Напрыклад, у адным музеі эпоха 1930—1940 гадоў, у кагосьці 1950—1960-я, у іншых — 1970-я гады. У Крамяніцы, напрыклад, прадставілі яшчэ і абрадавую тэматыку. Ёсць асобныя выстаўкі ліхтароў, валёнак, ткацтва і вышыўкі.

Інтарэс да незвычайных хат-музеяў сталі праяўляць не толькі мясцовыя жыхары, але і іх дзеці і ўнукі, якія прыязджаюць наведваць родных. Маўляў, дзе тут ваша вясковая славутасць?

— Цяпер экскурсіі праводзяцца бясплатна. Мы хочам, каб ролю экскурсаводаў бралі на сябе мясцовыя жыхары, хто добра ведае гісторыю вёскі, можа цікава апавядаць. І такія ёсць. У Ярневе, напрыклад, жыве жанчына, якая працавала ў сельсавеце і сама стала збіраць экспанаты. Там, дзе такіх аматараў няма, экскурсіі будуць праводзіць работнікі культуры, — паведаміў суразмоўнік.

На яго думку, разам з захаваннем бытавой спадчыны ў раёне вырашаецца і праблема пустых закінутых дамоў. Падключыліся да праекта і мясцовыя гаспадаркі. Яны дапамагалі будматэрыяламі, фарбай.

Пачыналі з таго, што выбіралі дом. Тут трэба было ўлічваць некалькі фактараў: каб дом быў безгаспадарны, стаяў недалёка ад дарогі і была магчымасць прыпаркавацца. Начынне сабралі даволі хутка. Нядаўна сюды пачалі вазіць экскурсіі школьнікаў. Ім тут цікава, бо ўсе экспанаты можна памацаць. Ёсць нават элементы квэсту.

Музейныя хаты сталі яшчэ і своеасаблівымі цэнтрамі культуры, што вельмі важна для вёсак, дзе такіх аб'ектаў больш няма. Людзі могуць сабрацца там на нейкае мерапрыемства альбо проста сустрэцца за шклянкай чаю. Дарэчы, музеі ў асноўным ствараліся ў малых вёсках, якія часткова апусцелі. Такі крок вяртае ў іх жыццё.

— Мы плануем зрабіць яшчэ адзін турыстычны маршрут, паспрабуем яго растыражаваць, заказалі турыстычныя карты, з тэлефонамі, каб прыцягнуць сюды турыстаў. У раёне дзейнічае 12 турыстычных маршрутаў. Гэта будзе 13-ты, — падзяліўся Сяргей Лойка.

Падчас наведвання музея ў раён прыйшла добрая навіна. Праект музеяў сялянскага быту стаў пераможцам конкурсу Нацыянальнага агенцтва па турызме «Пазнай Беларусь» у намінацыі «Музей года». Вядома, гэта стане новым стымулам для развіцця справы. Бо так ці інакш, але нас цягне да гэтых немудрагелістых рэчаў у старых вясковых хатах. Яны нібыта звязваюць нас з недалёкім мінулым і такім чынам саграваюць нашу памяць.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

РАК. У першай палове тыдня будзеце актыўна вучыцца новаму і размаўляць з людзьмі. У сярэдзіне тыдня можа змяніцца настрой, з'явіцца дакладнае разуменне сваіх мэт.

Калейдаскоп

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

Кожную трэцюю нядзелю червеня адзначаецца Дзень медыцынскага работніка.