Вы тут

Савіных: Краіна праходзіць праз вельмі важны этап палітычнай трансфармацыі


Новы 2022 год толькі пачаўся, але ўжо ўвайшоў у гісторыю Беларусі. Год пачынаецца пад знакам найважнейшай сацыяльна-палітычнай падзеі — змяненняў у Канстытуцыю. Знаёмства з прадстаўленым праектам змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь выклікае ў беларусаў цікавасць, а разам з тым і шэраг пытанняў, на якія трэба адказваць. Менавіта з гэтай мэтай дэпутацкі корпус і экспертная супольнасць сустракаецца з грамадзянамі для абмеркавання новаўвядзенняў у Асноўны Закон краіны. Падобная сустрэча адбылася 30 снежня на базе Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Дыскусійная пляцоўка ў рамках Рэспубліканскага асветніцкага праекта «У рэжыме праўды» сабрала каля сотні прадстаўнікоў прадпрыемстваў, устаноў адукацыі і аховы здароўя, сілавых структур, грамадскіх арганізацый, студэнцкага актыву.


Ганаровым госцем і галоўным спікерам дыскусійнай пляцоўкі выступіў старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Андрэй Савіных. Таксама ўдзел у дыялогу на актуальныя тэмы прынялі намеснік старшыні Баранавіцкага гарвыканкама Вадзім Шчарбакоў, рэктар БарДУ Аляксандр Унсовіч, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Хлабукін і Павел Папко.

Андрэй Савіных падкрэсліў, што галоўная мэта сустрэчы — абмеркаваць, чым выкліканы змяненні і дапаўненні ў Канстытуцыю, як яны звязаны з геапалітычнымі і эканамічнымі сусветнымі працэсамі і як паўплываюць на будучыню Беларусі. І, канешне, акрэсліць задачы, якія прыйдзецца вырашаць на гэтым шляху. «Наша краіна праходзіць праз вельмі важны этап палітычнай трансфармацыі. Мы заняліся мадэрнізацыяй палітычнай сістэмы і сістэмы кіравання краінай у цэлым. І, канешне ж, гэты працэс пачынаецца з Канстытуцыі. Але я хацеў бы падкрэсліць, што Канстытуцыяй ён не заканчваецца. Нам трэба будзе мадэрнізаваць яшчэ як мінімум 28 асноўных законаў. Гэта вельмі сур'ёзная праца, якая павінна быць праведзена максімум за два гады. Спадзяюся, што мы справімся нават хутчэй. Гэты працэс дазволіць нам стварыць больш кампактную палітычную сістэму кіравання краінай і выйсці на тыя задачы, якія нам ставіць не столькі ўнутраная сітуацыя, колькі наша акружэнне», — адзначыў Андрэй Савіных.

Паводле яго слоў, змяненні і дапаўненні ў Асноўны Закон краін выкліканы патрабаваннем часу: «У цяперашняй сітуацыі, ва ўмовах глабальнага крызісу, пастаяннае абнаўленне і мадэрнізацыя грамадства, і эканомікі, і ўсіх сістэм, якія існуюць у грамадстве, — патрабаванне часу. Мы павінны рухацца хутчэй, быць больш гнуткімі. І задача такіх сустрэч — абмеркаваць механізмы, якія ляжаць у аснове гэтых змяненняў і трансфармацый».

Парламентарый звярнуў увагу, што мадэрнізацыя Асноўнага Закона краіны выклікана дзвюма прычынамі: унутранай і знешняй. Кажучы, пра ўнутраную сітуацыю, Андрэй Савіных падкрэсліў неабходнасць навацый, якая ўзнікла ў беларускім грамадстве. Паводле яго слоў, у адрозненне ад іншых постсавецкіх краін, сур'ёзная сацыяльна-палітычная трансфармацыя для насельніцтва Беларусі ў гады незалежнасці праходзіла максімальна мякка. І сёння выспела неабходнасць адаптацыі палітычнай сістэмы да патрабаванняў сучаснага свету. Знешняя прычына перагляду Канстытуцыі заключаецца ў тым, што сёння транснацыянальныя карпарацыі спрабуюць знішчыць ролю нацыянальных дзяржаў для ўсталявання кантролю над міжнароднай супольнасцю. Таму сёння для дзяржавы надзвычай важна захаваць незалежнасць і ўласныя прынцыпы.

Рашэнне, арыентаванае на будучыню

Андрэй Савіных акцэнтаваў увагу на тым, што ўсе змяненні ў Асноўным Законе павінны быць прадыктаваны жаданнем беларускага народа. У прадстаўленым праекце Канстытуцыі акрэслены прынцыпы, якія ўплываюць на паўсядзённае жыццё кожнага беларуса. Напрыклад, захоўванне традыцыйных каштоўнасцяў і важная роля сям'і ў развіцці грамадства. Так, у адпаведнасці з прадстаўленым праектам Канстытуцыі, шлюб вызначаецца як саюз мужчыны і жанчыны, і пры гэтым муж і жонка маюць роўныя правы ў шлюбе і сям'і. Важны для кожнага грамадзяніна і прынцып сацыяльнай дзяржавы. Парламентарый патлумачыў, ён заключаецца ў тым, што дзяржава стварае роўныя стартавыя ўмовы для кожнага. Яшчэ адной традыцыйнай каштоўнасцю беларускага народа дэпутат назваў памяць беларускага народа аб сваім гераічным мінулым, якая таксама знайшла адлюстраванне ў абноўленым праекце Канстытуцыі. Артыкул 54 раздзела ІІ сцвярджае, што «Праяўленне патрыятызму, захаванне гістарычнай памяці аб гераічным мінулым беларускага народа з'яўляюцца абавязкам кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь».

Пасля сустрэчы ў Баранавічах Андрэй Савіных пракаментаваў рашэнне аб'явіць 2022-ы год Годам гістарычнай памяці: «Свет знаходзіцца на этапе сур'ёзнай палітычнай і эканамічнай трансфармацыі. Як паказвае практыка, у існуючай на сусветнай арэне сітуацыі з выпрабаваннямі спраўляюцца лепш за ўсё тыя нацыі, якія добра памятаюць свой гістарычны вопыт, цэняць яго і з павагай ставяцца да фундаментальных каштоўнасцяў уласнай гістарычнай цывілізацыі. Памяць аб мінулым дае магчымасць не проста выжыць, але і забяспечыць далейшы росквіт грамадства. Зразумела, такое рашэнне арыентавана на дабрабыт нашых будучых пакаленняў».

Важныя пытанні — шчырыя адказы

Вялікую цікавасць удзельнікаў дыскусійнай пляцоўкі выклікала абмеркаванне ролі Усебеларускага народнага сходу, якому надаецца канстытуцыйны статус найвышэйшага прадстаўнічага органа народаўладдзя, што вызначае стратэгічныя напрамкі развіцця грамадства і дзяржавы, забяспечвае непахіснасць канстытуцыйнага ладу, пераемнасць пакаленняў і грамадзянскую згоду. Андрэй Савіных звярнуў увагу, што ўнутры краіны існуе мноства канфліктаў і супярэчнасцяў паміж рознымі сацыяльнымі групамі. І няма ні адного інстытута, які б мэтанакіравана займаўся іх вырашэннем. «Калі мы створым Усебеларускі народны сход як інстытут, які будзе імкнуцца да мадэрнізацыі адносін паміж рознымі сацыяльнымі групамі, мы атрымаем магутны інстытут сацыяльнага развіцця. Калі мы сумеем гэта забяспечыць, то ўбачым масу цудоўных змяненняў у нашым грамадстве», — канстатаваў парламентарый.

Удзельнікі дыскусійнай пляцоўкі абмяркоўвалі іншыя актуальныя пытанні жыцця краіны. Не пакінулі без увагі пераразмеркаванне паўнамоцтваў Кіраўніка дзяржавы, дэталёва разбіралі важнасць сацыяльнай накіраванасці дзяржавы.

Не павінна быць абыякавасці і пасіўнасці

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Хлабукін назваў сустрэчу важнай як для прадстаўнікоў грамадскай супольнасці, так і для саміх дэпутатаў. Паводле яго слоў, гэта дае магчымасць даведацца нешта новае і павысіць сваю палітычную культуру, што асабліва важна ў наш час.

«Канстытуцыя — закон, які вызначае жыццё грамадства. І, як сцвярджаюць эксперты, кожныя 20—30 гадоў трэба рабіць яго рэвізію. Змяненні ў Асноўны Закон былі выкліканы запытам грамадства. Мноства дыялогавых пляцовак, сустрэч у працоўных калектывах дазволілі сабраць усе прапановы грамадзян дзякуючы Канстытуцыйнай камісіі і рабочай групы, аб'яднаць іх. У абноўленым праекце мы бачым, што больш за 70 прапаноў былі фармалізаваны. Цяпер наступае вельмі важны этап: нам усім трэба абмеркаваць гатовы праект, каб ён быў поўнасцю ўзважаны і задавальняў усіх, і выносіць яго на рэферэндум. І тут не павінна быць ніякіх раўнадушша і пасіўнасці. Мы ў нашым рэгіёне актыўна працуем над гэтым. З 10 да 21 студзеня дэпутаты раз'едуцца па ўсёй краіне, правядуць мноства сустрэч з моладдзю, грамадскімі арганізацыямі, працоўнымі калектывамі, каб абмеркаваць Асноўны закон і тым самым развіць палітычную культуру нашага грамадства.

Думаю, што мы на правільным шляху. Мы зможам аб'яднацца і разам зрабіць нашу Беларусь, нашыя родныя гарады моцнымі і камфортнымі для жыцця. Прыйсці на рэферэндум — наш грамадзянскі абавязак. Зразумела, што парламентарыі, дзяржаўныя інстытуты дапрацуюць усе нарматыўна-прававыя акты, якія дазволяць нам забяспечаць устойлівае развіццё грамадства і рухацца наперад. Я упэўнены, што так і будзе», — адзначыў Ігар Хлабукін.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота прэс-службы БарДУ

г. Баранавічы

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.