Вы тут

Ліцвінскі музыка з мястэчка марской каралевы


Аднойчы марская каралева Юрата сустрэла беларускага хлапца Кастуся... Плыў ён сабе на чоўне па марскіх хвалях, спяваў... Закахаліся Юрата і Кастусь. Але магутны бог Пярун пакараў закаханых сваймі маланкавымі стрэламі, разлучыліся Юрата і Кастусь…

І нават мора адышло ад сваіх берагоў, адступіла, і там, дзе спаткаліся закаханыя, сёння мястэчка Юрацішкі. Звычайнае беларускае мястэчка... Фактычна вёска.

Але тут, мусіць, усё яшчэ гучыць мелодыя марскіх хваляў і нараджае музыку ў сэрцах тых, хто яе чуе...

За ўвасабленнем гэтай музыкі мы сёння і адправімся ў Юрацішкі, што на Ашмяншчыне.


Тут пакажуць шмат дзівосаў — старажытную царкву, заснаваную яшчэ Альбрэхтам Гаштольдам у XVІ ст., дзе захоўваецца цудатворны Юрацішкаўскі абраз Божай Маці, каменны помнік часоў Першай сусветнай, на якім штаб 85-га нямецкага пяхотнага дывізіёна ганарыста накрэсліў сваё найменне — акупанты меркавалі застацца надоўга...

А ёсць і стары дом — драўляны, выцягнуты... Які памятае сваіх уладальнікаў, паноў Радкевічаў.

Дом збудаваў Нікадзім Радкевіч, сын Гедыміна Радкевіча, які атрымаў гэты маёнтак ад бацькі, Казіміра, а той — ад свайго бацькі, Ігната.

Менавіта чалавек з гучным імем Гедымін Праспер Радкевіч і расчуў лепей за іншых музыку прывідных хваляў, якая гучала ў Юрацішках.

Нядаўна мы маглі паслухаць яе ў выкананні студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі ў Вялікай зале акадэміі, падчас сумеснай імпрэзы БДАМ і Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польша, сярод выканаўцаў быў нават кітайскі студэнт. Атрымалася так, што нашчадкі Гедыміна Радкевіча, якія жывуць сёння ў Польшчы, перадалі ў Пасольства Беларусі ў Варшаве копіі нот твораў свайго прапрадзядулі. Падчас імпрэзы адбылася значная падзея — быў прадстаўлены першы ў гісторыі дыск з музыкай Гедыміна Радкевіча ў выкананні вядомага піяніста з Варшавы, ураджэнца Гродна Уладзіміра Лябецкага... Дыск быў выдадзены вядомай музычнай кампаніяй DUX пры падтрымцы і непасрэдным удзеле Культурнага цэнтра Беларусі ў Польшчы.

Праўда, біяграфія кампазітара пакуль малавывучаная, хоць Уладзімір Лябецкі займаецца росшукамі.

Давайце ўспомнім, што мы ведаем пра музыку...

Падарожжа па судовых кнігах

Юрацішкі — месца з багатай гісторыяй. Належала Альбрэхту Гаштольду, канцлеру вялікаму літоўскаму. У Паўночную вайну шведы мястэчка спалілі, а ў храм паставілі коней, за што, паводле легенды, аслеплі. У 1915-м немцы зрабілі з храма лазарэт. Але зноў як знак Божага пакарання жаўнеры пачалі паміраць, пакуль не вызвалілі будынак... Дасюль побач з царквою магілы памерлых нямецкіх салдат.

Адны з уладальнікаў, Радкевічы, — род, які мае некалькі галін. Адна, якая карысталася гербам «Ястрабец», валодала маёнткамі на Піншчыне. Другая, герба «Пабог», са срэбнай падковай у блакітным полі, мела ўладанні на Ашмяншчыне. Шляхта не шарачковая, сярэдняй рукі. Самы вядомы з роду — стрыечны дзед Гедыміна Радкевіча Андрэй Радкевіч, канонік Інфлянцкі і Смаленскі, канцлер апостальскай сталіцы і пробашч Трабскі.

Хочаш знайсці штось пра шляхту — гартай судовыя кнігі. Не было такога шляхецкага роду, каб ніколі не звадзіўся з суседзямі ды сваякам за маёмасць. Вось і згадка пра тое, што ў кнізе суда Наваградскага ваяводства запісана, як на працягу 1783—1787 гадоў той самы канонік і пробашч Андрэй Радкевіч судзіўся з кашталянам Смаленскім і Трабскім Андрэем Зянкевічам і ягонай жонкай Аленай, народжанай Рдултоўскай, а да працэсу былі далучаныя Павел Радкевіч і яго сын Ігнацый ў якасці ўладальнікаў Юрацішкаў. За што судзіліся? Удакладненне са шляхецкага форуму: паводле дакументаў, Юрацішкі Андрэй Радкевіч не купіў, а атрымаў па рашэнні суда, які ў 1785 годзе раздаў маёнткі Кашалкоўскіх за даўгі. Тады асноўная частка Юрацішак і дасталася чашніку Смаленскаму Ігнацыю, брату Андрэя. А ў 1804 годзе Ігнацый Радкевіч, яго жонка Людвіка і сын Казімір судзіліся з Томашам Уланоўскім, зноў за тыя ж маёнткі.

Дарэчы, Андрэй Радкевіч пакінуў след у Юрацішках яшчэ і тым, што падарыў царкве звон — кажуць, ён і цяпер ёсць. А ўнуку Гедыміну ад яго застаўся каменны дом у Вільні, непадалёк ад Кафедральнай плошчы.

Суды, падобна, былі для Радкевічаў удалымі, што не дзіўна. Бо бацька Гедыміна Казімір Радкевіч сам быў суддзёю Галоўнага Літоўска-Віленскага суда ў Вільні.

Вучоба і служба

Гедымін Праспер нарадзіўся ў Юрацішках 26 чэрвеня 1834 года, ахрышчаны ў Трабах.

Пра ягонае дзяцінства мала вядома, аднак можна гадаць. Пачынаючы з імені, якое ніяк не выпадковае. Яшчэ калі я пісала пра род Маліноўскіх з Чарапоўшчыны, сутыкнулася з тым, што ў сям'і тае ж эпохі ўсе шасцёра дзяцей называліся ў гонар персанажаў літоўска-польска-беларускай гісторыі: Кейстут, Венцаслаў, Альгерд, Гедымін, Ядвіга, Вітольд і Альдона. Пра падобны ж патрыятычны настрой роду Радкевічаў сведчыць і такі факт... Калі нашчадак Гедыміна Радкевіча, стаматолаг з Варшавы пан Вітольд Іванчэўскі ўжо ў наш час наведаў радзіму продкаў — Юрацішкі, успомніў, як яго дзядуля на пытанне: «Хто мы? Татары? Палякі? Беларусы?», з гонарам адказваў: «Мы — ліцвіны». Маючы на ўвазе, зразумела, тое ж, што і сын Наваградчыны Адам Міцкевіч... Летапісную Літву-Беларусь.

Так, Беларусі ў часы Гедыміна Радкевіча як дзяржавы не было, і назваў у нашае зямлі мелася многа... Але зноў паўтару — даўно час беларусам прыслухацца да Уладзіміра Караткевіча, перастаць аглядацца на суседзяў і саромецца прад'яўляць правы на ўласную гісторыю, на падзеі, якія на нашай зямлі адбываліся, на людзей, якія тут нараджаліся і стваралі, няважна, як яны сябе называлі.

Радкевічы, безумоўна, любілі тую зямлю, на якой нараджаліся і жылі.

Дык вось, настаў час Гедыміну атрымліваць адукацыю. Знакамітую Віленскую акадэмію закрылі ў 1832 годзе, галоўны будынак занялі дзве мужчынскія гімназіі. Абедзве знаходзіліся побач, мелі адну дамавую царкву. Юны Гедымін Радкевіч быў адпраўлены бацькамі вучыцца ў Віленскі дваранскі інстытут, у які ў 1838-м пераўтварылася адна з тых гімназій, 2-я Віленская. Скончылі той інстытут многія слаўныя нашы дзеячы, напрыклад, Адам Кіркор, Іван Чэрскі, Зыгмунд Чаховіч. У рамане Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» ёсць цікавы эпізод: малады князь Алесь Загорскі размаўляе ў віленскім салоне з фанабэрыстым Юзафам Ямантам:

«— Нешта мне знаёма тваё аблічча, Юзаф. Дзе вучыўся?

— Скончыў Віленскі шляхецкі інстытут.

— Ну от. Значыць, пэўна бачыліся. Я скончыў гімназію ля святога Яна.

Дом Радкевічаў у Юрацішках.

— Чаму так? Вы ж князь?

— Бацькі палічылі, што лепей, калі я буду вучыцца сярод больш-менш простых і харошых хлопцаў. Каставасць і фанабэрыя — усяго гэтага і так замнога сярод дваран».

Так што дваранскі інстытут — гэта была прэстыжная ўстанова... Але Гедымін яе не скончыў, у 1852 годзе, дасягнуўшы паўналецця, уладкаваўся пісарам у Віленскую палату грамадзянскага суда, потым у павятовы суд. Падобна, бацька хацеў, каб сын пайшоў па ягоных слядах...

Парыжскія спакусы

Музыка вабіла больш за службу! У 1854-м Гедымін зволіўся і, кажуць, адправіўся ў Парыж, вучыцца ў кансерваторыі. Калі так, то яго рэктарам быў Даніэль Франсуа Абер, стваральнік рамантычных опер, адна з якіх, «Нямая з Партычы», пра паўстанне неапалітанскіх рыбароў супраць іспанскіх захопнікаў, была ў Расійскай імперыі забароненая. Кампазіцыю ў кансерваторыі выкладаў аўтар балета «Жызель» Адольф Адан. Але, магчыма, вучыўся Гедымін граць на фартэпіяна — бо быў выдатным піяністам і музыку пісаў менавіта для гэтага інструмента.

Парыж, салоны, багема, вальнадумны вір... Усё гэта не магло не паўплываць. Калі Гедымін вярнуўся на радзіму, ён прысвяціў сябе музыцы. Меў дастаткова даходаў, каб не клапаціцца пра пражытак. Становішча ўзмацніў шлюб з Тэрэзай Козел-Паклеўскай. Род старажытны, багаты, і суседзі да таго ж. Прыдомак «Паклеўскія» да прозвішча Козел яго прадстаўнікі дадалі ад маёнтка Паклева на той жа Ашмяншчыне, яго падараваў іх продку, Пятру Казлову, Жыгімонт Аўгуст.

У сям'і Радкевічаў нарадзілася шасцёра дзяцей, два сыны і чатыры дачкі. Калі Тэрэза, якую лічаць музай кампазітара, памерла ў 42 гады, Радкевіч прысвяціў ёй «Жалобны марш».

Рэформы і мазуркі

Якім быў кампазітар з Юрацішак? На фотаздымку мы бачым чалавека разумнага, мройнага, чуллівага. Пра яго грамадскую дзейнасць вядома хіба, што ў 1860-м, якраз напярэдадні адмены прыгоннага права і паўстання, ён уваходзіць у Літоўскае таварыства сельскай гаспадаркі, дзе сабраліся прагрэсіўныя прадстаўнікі літоўска-беларуска-польскага дваранства. Таварыства мела на мэце спрыянне развіццю сельскай гаспадаркі шляхам пашырэння неабходных ведаў і падрыхтоўкі да будучых рэформаў, прычым у статуце было сказана, што ў таварыства могуць уваходзіць не толькі землеўладальнікі.

Як перажыла сям'я паўстанне 1863—1864? Некаторыя прадстаўнікі роду Козел-Паклеўскіх былі актыўнымі ўдзельнікамі і загінулі. Але Юрацішкі не канфіскоўвалі, Радкевіч і Тэрэза жылі і гадавалі дзяцей. Зразумела, у доме гучала музыка. Мазуркі, галопы, вальсы, кітайскія, арабскія, афрыканскія танцы, фантазіі... Усё, як тады было модна. Безумоўна, Гедымін бываў у свецкіх салонах, дзе гэта магло выконвацца. Мусіць жа, іграў і сам. Выдаваў напісанае за ўласныя сродкі ў нотнай друкарні Рудольфа Фрыдлейна ў Варшаве, у выдавецтве Завадскага ў Вільні і Альгебранта ў той жа Варшаве.

Памёр кампазітар 3 кастрычніка 1891 г. у Вільні, пахаваны на могілках Росы. Юрацішкі дасталіся сыну Гедыміна Нікадзіму. У вёсцы доўга памяталі жонку Нікадзіма Вераніку, якая была «неганаровай» — любіла гутарыць з сялянамі, не грэбавала працаваць на зямлі. Рукапісы кампазітара выратавалі ягоныя дочкі Караліна і Тэрэза і ўнучка Марыя.

Цікава, што адзін з выканаўцаў музыкі Гедыміна Радкевіча, малады піяніст, адзначыў: «Іграць музыку майстра лёгка. У ёй адчуваюцца беларускія матывы».

100 дыскаў пасольства падарыла акадэміі музыкі для выкарыстання ў навучанні ды ў якасці пратакольных прэзентаў у міжнародных кантактах.

Вяртанне спадчыны

«Пераднавагоднія дні ствараюць у душы асаблівы настрой, яны напоўненыя чаканнем нейкіх цудаў. І вельмі сімвалічна, што менавіта цяпер мы сабраліся тут, каб пазнаёміць вас з творчасцю нашага земляка Гедыміна Праспера Радкевіча. Бо гэта сапраўдны цуд — у наш час, калі, здаецца, адкрыта і вывучана ўсё, атрымалася знайсці такі вялікі, але ж дагэтуль амаль невядомы кавалак музычнай спадчыны. Кавалак, які, на наш погляд, дастойны ўключэння ў залаты фонд беларускай музычнай класікі ХІХ ст., — так сказаў на вечарыне ў Беларускай акадэміі музыкі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Польшчы Уладзімір Чушаў. — Цяжка зразумець, чаму творчасць Радкевіча засталася забытай, бо ягоныя сачыненні друкаваліся ў розных музычных выдавецтвах Вільні, Варшавы, Кракава, Лейпцыга і Кіева. Сёння вядома больш за 70 ягоных твораў, частка якіх засталася толькі ў фармаце рукапісаў. Каб знайсці іх, патрабаваліся гады руплівай працы ў польскіх архівах. І тут галоўная роля належыць таксама нашаму земляку, які зараз жыве ў Польшчы, вядомаму піяністу з Гродна і, дарэчы, выпускніку Акадэміі музыкі Уладзіміру Лябецкаму. Ён разам з прафесарам Яраславам Джавецкім і нашчадкамі Радкевіча зрабіў вялікую работу па вышуку і сістэматызацыі творчай спадчыны Радкевіча, якога называлі «паэтам раяля».

Менавіта ў выкананні Уладзіміра Лябецкага творы Радкевіча гучаць і на кампакт-дыску, які мы сёння прэзентуем вашай увазе. Такім чынам, нашымі сумеснымі намаганнямі зроблены яшчэ адзін крок па вяртанні ў Беларусь нематэрыяльнай культурнай спадчыны.

Безумоўна, творчасць Гедыміна Радкевіча не належыць толькі адной краіне, але ж менавіта Беларусь сёння выступае піянерам у афіцыйным выданні ягоных твораў. Мы па сутнасці адкрываем музыку Радкевіча для беларускай, еўрапейскай і сусветнай музычнай супольнасці».

Што ж, застаецца спадзявацца, што музыка, натхнёная краявідамі беларускіх Юрацішак, будзе гучаць на нашых сцэнах і ў канцэртных залах.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сэканоміць на «камуналцы»? Інструкцыя ад спецыялістаў

Як сэканоміць на «камуналцы»? Інструкцыя ад спецыялістаў

Хто мае права на вяртанне грошай, а хто — заплаціць цалкам.

Культура

Канкурсант ад Беларусі на «Віцебск-2022» Ганна Трубяцкая: Маладыя маюць права быць на вялікай сцэне

Канкурсант ад Беларусі на «Віцебск-2022» Ганна Трубяцкая: Маладыя маюць права быць на вялікай сцэне

Артыстка з чароўным голасам сёлета прадставіць Беларусь на конкурсе эстраднай песні «Віцебск—2022».

Грамадства

Як самі бацькі псуюць сваіх дзяцей? 5 галоўных памылак дарослых. Не рабіце так ніколі

Як самі бацькі псуюць сваіх дзяцей? 5 галоўных памылак дарослых. Не рабіце так ніколі

Выхаванне дзяцей — не самая простая задача. Капрызы, істэрыкі — гэта толькі частка праблем, з якімі сутыкаюцца сучасныя бацькі.

Грамадства

Рызыкі лічбавай прасторы. Як не трапіць на вуду інтэрнэт-махляроў

Рызыкі лічбавай прасторы. Як не трапіць на вуду інтэрнэт-махляроў

Цалкам вырашыць праблему кібернебяспекі немагчыма.