Вы тут

Раман-эпапея Мухтара Аўэзава перакладзены на беларускую мову


У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі нядаўна быў прэзентаваны чатырохтомны раман-эпапея выдатнага казахскага пісьменніка, буйнога вучонага, акадэміка і грамадскага дзеяча Мухтара Аўэзава «Шлях Абая», перакладзены на беларускую мову.


Фота: pixabay.com

Вучоныя, літаратары і літаратуразнаўцы, якіх сабрала дадзенае мерапрыемства, адзначылі, што пераклад аднаго з найлепшых твораў казахскай літаратуры, зроблены пісьменнікам Міхасём Пазняковым, стаў выдатным унёскам як для беларускай перакладчыцкай школы, так і для літаратуры наогул. Дырэктар Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі доктар гістарычных навук Аляксандр Груша адзначыў, што знаёмства з творчасцю выдатнага пісьменніка, які стварыў твор пра асобу, якая адыграла вялікую ролю ў гісторыі нацыянальнай казахскай культуры, спрыяе развіццю адносін паміж казахскім і беларускім народам і новым адкрыццям.

Раман-эпапея «Шлях Абая» перакладзена на 116 моў свету. Французскі пісьменнік Луі Арагон ахарактарызаваў гэту кнігу як найлепшы твор ХХ стагоддзя. Літаратуразнаўцы ставілі раман Мухтара Аўэзава побач з «Вайной і мірам» Льва Талстога, «Дон Кіхотам» Сервантэса. Анатоль Кім, які пераклаў гэты твор на рускую мову, назваў яго «Іліядай ці Адысеяй вялікага стэпу».

Галоўны герой эпапеі — рэальная гістарычная асоба — філосаф, асветнік, заснавальнік казахскай пісьмовай літаратуры, паэт, чые вершы перакладаюцца на розныя мовы свету. Абая таксама лічаць адным з вялікіх мысліцеляў ХІХ стагоддзя. Для казахаў філасофская спадчына Абая настолькі ж каштоўная і значная, як для кітайцаў — працы Канфуцыя.

Для стварэння першага ў Казахстане рамана-эпапеі Мухтару Аўэзаву спатрэбілася 30 гадоў, 17 з іх пайшло на няспынныя даследчыцкія пошукі. Праца ўскладнялася яшчэ і тым, што пасля Абая Кунанбаева не засталося рукапісаў, біяграфіі, дзённікаў. Інфармацыя аднаўлялася па крупіцах. Пры гэтым раман распавядае не толькі пра геніяльнага паэта, які пашыраў межы свядомасці. У эпапеі больш за 950 персанажаў.

Дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Іван Саверчанка заўважыў: «Вельмі каштоўна, калі героямі твораў з'яўляюцца творцы, ключавыя асобы нацыянальнай гісторыі». Раман-эпапея Мухтара Аўэзава якраз знаёміць з такой асобай. І праз яго лёс падаюцца культурны, інтэлектуальны вопыт, унутраны свет, адносіны, менталітэт казахскага народа. Гэта асабліва цікава, бо ў ХІХ—ХХ стагоддзях адбываліся значныя гістарычныя працэсы ў станаўленні розных народаў, іх вопыт і лёсы можна параўноўваць, вучыцца на ім. Асаблівая асалода спасцігаць такія веды дзякуючы геніяльна напісанаму твору. Многія сцэны ў эпапеі настолькі дакладна выпісаны, насычаны мастацкімі дэталямі, дыялогі сцэнічна прапрацаваныя, што ствараецца ўражанне, быццам глядзіш мастацкі фільм. Гэта кніга адкрывае багата цікавых фактаў, але пры гэтым яшчэ і сілкуе эмоцыямі.

Пераклад на беларускую мову ствараўся па ініцыятыве Пасольства Казахстана ў нашай краіне. Праца пачалася ў мінулым годзе, калі адзначалася 175-годдзе з дня нараджэння галоўнага героя эпапеі Абая Кунанбаева. У 2021-м споўнілася 65 гадоў з моманту першага выхаду ў свет усіх чатырох кніг рамана. А на наступны год прыпадае 125-годдзе аўтара выдання. У Беларусі добра ведаюць казахскага пісьменніка. У Мінску ёсць вуліца Аўэзава і школа, якая носіць яго імя. Тут створаны добры музей, нашчадкі пісьменніка наведвалі гэту ўстанову.

Часовы павераны ў справах Пасольства Казахстана ў Рэспубліцы Беларусь Кайрат Аман заўважыў, што вытокі беларуска-казахскіх літаратурных сувязяў закладзены яшчэ ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя ўраджэнцамі беларускай зямлі — аўтарам часопісаў «Колокол» і «Современник» Зігмундам Серакоўскім, выдаўцом і публіцыстам Браніславам Залескім, паэтам, этнографам Адольфам Янушкевічам. Гэтыя асобы апынуліся на землях, якія насялялі качавыя народы Цэнтральнай Азіі, неслі там службу, займаліся даследаваннямі і творчасцю і пакінулі свае дзённікі, альбомы, пісьмы аб жыцці і побыце казахскага народа. Дыпламат падкрэсліў, што для Пасольства Казахстана ў Беларусі вялікі гонар мацаваць закладзенае нашмат гадоў раней узаемадзеянне культур і народаў.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.