Вы тут

Матушка з Кобрына стварае льняныя ўборы ў нацыянальным стылі


За два дні да Новага года ў Нацыянальнай школе прыгажосці прайшоў вялікі калядны модны паказ Chrіstmas Fashіon Show. Гэтым разам ён адбыўся пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Беларусі. Па подыуме прайшлі мадэлі ў адзенні з калекцый многіх вядомых у краіне брэндаў. Сукенкі з калекцыі «Ладушка» кобрынскай майстрыцы Марыны Баніфацьевай выклікалі асаблівае замілаванне ў гледачоў.


Ад школьнага камбіната да паказу ў Чыкага

А мінулым летам дзяўчаты ў кобрынскіх вышыванках правялі паспяховае дэфіле ў амерыканскім Чыкага. Там праходзіў адзін з этапаў інтэрнацыянальнага фестывалю моды, арганізаваны Рускай праваслаўнай царквой. Беларусаў туды запрасілі ўпершыню. І вышытыя Марынай Баніфацьевай сукенкі з традыцыйнымі беларускімі ўзорамі гледачы ўспрынялі вельмі хораша і сардэчна.

Сама Марына Іванаўна ў Чыкага не была, «гастралявалі» толькі яе сукенкі.

— Тая калекцыя называецца «Чараўніца», — гаворыць Марына. — Яна і цяпер падарожнічае па Злучаных Штатах дзякуючы мадэльнай школе нашай зямлячкі Юліі Калбыкі. Школа ўдзельнічае ў розных фестывалях і паказах, а беларускія сукенкі, як высветлілася, прыйшліся даспадобы заакіянскаму гледачу. Яшчэ адна наша сукенка пабывала сёлета на конкурсе прыгажосці ў турэцкай Анталіі. Яе дэманстравала адна з удзельніц конкурсу «Міс Еўразія — 2021».

Марына Баніфацьева, матушка з Кобрына, цяпер вядомы ў нашай краіне дызайнер адзення ў народным стылі. А дваццаць гадоў таму яна была толькі жонкай святара і рэгентам дзіцячага хору ў кобрынскім Свята-Аляксандра-Неўскім саборы. Адукацыю рэгента атрымала ў духоўнай семінарыі. Ну а шытво ды вышыўка заўсёды былі яе хобі. І кваліфікацыю швачкі набыла яшчэ ў школьным вучэбна-вытворчым камбінаце.

Вучылася на старадаўніх ручніках ды кашулях

Аднойчы захацела асабліва прыгожа апрануць мужа да службы, ну і расшыла ўбор. Тая рыза не засталася незаўважанай у асяродку знаёмых. Яе сталі прасіць пашыць кашулю альбо сукенку, дзецям нешта на святочны ранішнік. Асабліва аказаліся запатрабаваныя мужчынскія кашулі, бо раней іх у нацыянальным стылі было не знайсці ў крамах, гэта цяпер фабрыкі шыюць, фактычна ў любым універмагу можна сустрэць падобную рэч фабрычнага вырабу.

Тады ж гэта было калі не экзотыкай, дык дакладна падзеяй. Яшчэ і муж падтрымаў, сказаў: «Шый для мужчын, яны самыя неапранутыя». Першы поспех акрыліў, станавілася больш цікавасці, больш заказаў і, адпаведна, больш давялося вучыцца і развіваць уласную творчасць.

Марына пачала збіраць узоры для сваіх вышыванак па вёсках. Купляла альбо прымала ў дар старадаўнія ручнікі, фартухі, сукенкі. Шмат разоў бывала ў Маларыцкім раённым цэнтры народнай творчасці. Яго супрацоўнікі збіраюць і беражліва захоўваюць гісторыю народнага касцюма. Не раз ёй давала кансультацыі дырэктар цэнтра Валянціна Струнец. Адным словам, дзе толькі можна, вывучала ўзоры, капіравала іх, замалёўвала, каб потым адаптаваць да машыны, увесці ў праграму. Менавіта такім чынам вышыванка наносіцца на тканіну. А працуе майстрыха пераважна з аршанскім льном. Кажа, што лён зараз у нейкай ступені як прыкмета статуснасці. Калі чалавек аддае перавагу натуральным тканінам, значыць, ён заможны.

Калекцыя «Ладушка», у цэнтры Марына Баніфацьева.

Марына дадае, што найлепш ёй удавалася адчуць свайго патэнцыяльнага спажыўца на рознага роду святах, кірмашах. Асабліва цікавіліся вышытымі строямі на «Мотальскіх прысмаках». Аднойчы арганізавалі з мужам там сваю палатку. Людзі падыходзілі, цікавіліся, нешта набывалі. А некаторыя куплялі вышытую кашулю, тут жа апраналі яе ды ішлі на свята.

Сапраўды, нішто так не далучыць да мотальскага фестывалю, як адзежа ў народным стылі. На гэтым фэсце ў іх з'явіліся пастаянныя кліенты. Некалькі сямейных пар расказалі, што знарок ехалі на «Прысмакі», каб набыць абноўкі ад Марыны.

Цікава, што не толькі ўдзельнікі свят з фальклорнай накіраванасцю прыглядаюцца да яе ўбораў. Асобныя байкеры на сваіх злётах палічылі вышэйшым пілатажам праехацца ў кашулі з беларускім арнаментам. Менавіта заядлы аматар матацыклаў сказаў ім аднойчы, каб не пакідалі сваёй справы, бо, паводле яго меркавання, гэта рамяство патрэбна людзям.

Твор мастацтва з хаткай

З гадамі справа развівалася, а калі вырабы Марыны Баніфацьевай паявіліся ў Мінску, неяк ёй патэлефанавала жонка аднаго з беларускіх паслоў у еўрапейскай краіне, папрасіла вышыванку. Вядома, пашыла ўбор. Потым была вядомая сукенка для Веры Паляковай, жонкі міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея. Вера Палякова з'явілася ў гэтай сукенцы на адным з прыёмаў для прадстаўнікоў дыпламатычных місій. І тады пра яе кобрынскі ўбор не пісалі хіба толькі лянівыя. У адным з інтэрв'ю Вера Палякова расказвала: «Для мяне гэты ўбор пашыла матушка з Кобрына Марына Баніфацьева. Яна прыслала некалькі варыянтаў вышывак, мы з мужам спыніліся на беларускай хатцы — сімвале Года малой радзімы. Калі я ўбачыла гатовы варыянт — літаральна абамлела: атрымалася не сукенка-вышыванка, а сапраўдны твор мастацтва. Да гэтага строю матушка яшчэ выткала пояс і ўпрыгажэнне на галаву — неверагоднай прыгажосці рэчы з дзіўнай энергетыкай. Вы не ўяўляеце, колькі кампліментаў я атрымала з нагоды гэтага строю!»

А Марыне сталі паступаць званкі з прапановамі паўтарыць убор, вядома, за вялікія грошы. Але майстрыха адмаўлялася, бо трымае ўласную марку: у яе ад пачатку была дамоўленасць, што сукенка для Веры Аляксандраўны шыецца ў адзіным экзэмпляры. Там быў эксклюзіўны ўзор, узяты са старадаўняга ручніка. Вось гэтую хатку і выбрала заказчыца.

Каб было прыгожа і радавала

Кожны дзень Марыны Іванаўны распісаны літаральна па хвілінах: заказы, прымеркі, выезды. У яе ёсць свая невялікая майстэрня на гарышчы прыватнага дома на ўскрайку горада. А ўласны гараж муж ператварыў у дэманстрацыйную залу. Вырабы з той рамесніцкай майстэрні зараз можна купіць і ў Брэсце, і ў Мінску. У калекцыі ёсць работы з традыцыйным беларускім арнаментам, а таксама з аўтарскімі ўзорамі, навеянымі нацыянальнымі матывамі.

— Галоўнае, каб было прыгожа і людзей радавала, — гаворыць Марына. — Мы забыліся пра традыцыі народнага адзення. І страцілі нешта вельмі важнае. Калі стала вывучаць народны касцюм, упэўнілася, што продкі рабілі не толькі зручна, але і надзвычай прыгожа. У арнаменты, вышыванкі-ўзоры нашы прапрабабулі закладвалі інфармацыю, якая перадавалася з пакалення ў пакаленне, служыла своеасаблівым абярэгам ад усяго дрэннага. Думаю, што такі касцюм варта насіць не толькі адзін раз на год, калі аб'яўляецца дзень вышыванкі, але і штодня: на работу, прагулку, у падарожжы. З адпаведнымі дапаўненнямі і аксесуарамі ў такім строі можна выглядаць вельмі нават стыльна.

На адным з паказаў.

У звычайным жыцці Марына Баніфацьева — матушка. Яе муж — настаяцель царквы ў вёсцы Хідры Кобрынскага раёна. А яна з задавальненнем выступае перад выхаванцамі нядзельнай школы, праводзіць майстар-класы па вышыўцы і адзначае, што дзеці цікавяцца спрадвечным рамяством. Паводле яе слоў, навыкі шыцця заўсёды спатрэбяцца ў жыцці, асабліва дзяўчынкам. І яна радуецца, што шмат ахвотных прыходзіць на яе ўрокі.

А выхаванцы мясцовага дзіцячага садка не раз выступалі мадэлямі на паказах. У гэтую справу папулярызацыі беларускай вышыванкі ўключыліся таксама бацькі дашкольнікаў. Значыць, робіцца хоць маленечкі крок да вяртання свайго, народнага. Як жонку святара яе радуе, што не толькі калекцыі «Чараўніца», «Ладушка», якія атрымалі вядомасць, нясуць у свет мастацтва айчыннай вышыванкі, але і арнаменты на дзіцячых кашульках спрыяюць справе выхавання павагі і любові да роднага, спрадвечнага.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота з архіва Марыны Баніфацьевай

Загаловак у газеце: Каб яе над крыніцаю мог назваць чараўніцаю

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?