Вы тут

Пасланне да Ражджаства Хрыстовага ад Мітрапаліта Веніяміна


Узлюбленыя архіпастыры, пастыры, манахі і ўсе верныя дзеці Беларускай Праваслаўнай Царквы!


Сёння нашы сэрцы напоўнены светлай і ўрачыстай радасцю за нараджэнне ў свет Cпасіцеля, сёння кожны з нас чуе ангельскі спеў: «Слава ў вышынях Богу і на зямлі мір, у людзях добрая воля» (Лк. 2, 14). Зноў і зноў свята Ражджаства Госпада нашага Іісуса Хрыста ўсяляе ў нашы сэрцы радасць, надзею і спадзяванне, бо «...дзіця нарадзілася нам — Сын, дадзены нам» (Іc. 9, 6).

У чым жа крыніца гэтай сардэчнай радасці і духоўнай весялосці? Свяціцель Дзімітрый Растоўскі, раскрываючы значэнне слоў апостальскага паслання пра тое, што Хрыстос «прынізіў Сябе Самога, прыняўшы вобраз раба, зрабіўшыся падобным да людзей і па выглядзе стаўшы як чалавек» (Флп. 2, 7), кажа: «Ён так узлюбіў нас, што раздаў нам усю маёмасць Свайго нябеснага багацця і, як бы не маючы больш нічога, каб даць, у рэшце рэшт даў нам Самога Сябе». Ражджаство Хрыстова гаворыць пра вялікую любоў Бога да чалавека, любоў, якую не можа цалкам умясціць і зразумець ні чалавечы, ні нават ангельскі розум. Але гэтая любоў, дзякуючы якой мы «жывём і рухаемся і існуём» (Дзеян. 17, 28).

Пра мір на зямлі спяваюць ангелы ў дзень Ражджаства Спасіцеля. «Мір вам!», абвяшчае Гасподзь Сваім вучням. І апостал Павел сведчыць пра Хрыста: «Бо Ён — мір наш, які зрабіў з абодвух адно і зруйнаваў сцяну, якая падзяліла іх» (Эф. 2, 14). Менавіта міру не хапала чалавецтву ва ўсе часы. Міру і згоды мы жадаем нашаму народу. І сённяшняя ўрачыстасць паказвае нам на той цвёрды падмурак, на якім мы можам будаваць мірныя ўзаемаадносіны і ў нашых сем'ях, і ў грамадстве, і паміж народамі. Вера ва ўцялесненага Бога, Які ўзлюбіў нас, любоў у адказ чалавека да свайго Тварца, выкананне Яго запаведзяў, клопат і апека бліжніх — вось шлях, пра які Гасподзь гаварыў яшчэ прароку Маісею: «Выберы жыццё, каб жыў ты і патомства тваё» (Друг. 30, 19).

Сёння гэтыя словы асабліва актуальныя. Зноў перад усім чалавецтвам і нашым народам стаіць выбар. Гасподзь прапануе нам Сваю ўсёмагутную дапамогу і адкрывае шлях, на якім мы знойдзем мір, згоду, сардэчную радасць і зможам з надзеяй глядзець у будучыню. Але гэтаму выбару супрацьстаяць сучасныя спакусы, якія адкрыта прапануюць адмову ад маральных нормаў і абмежаванняў, прапануюць забыццё духоўнай спадчыны, спробу пабудаваць грамадства без Божых паняццяў святасці і праўды.

У падзеях, якія суправаджалі нараджэнне Спасіцеля, не было нічога выпадковага. Ён прыходзіць у свет так, як прыходзіць кожны чалавек — праз нараджэнне ад маці. Евангелле апавядае нам пра тое, што Гасподзь выхоўваецца ў сям'і, знаходзіцца ў паслушэнстве Свайму нарачонаму бацьку, у Яго ёсць зямныя сваякі і зямны радавод. Свой першы цуд Хрыстос здзейсніць на шлюбным свяце ў Кане Галілейскай.

Тым самым Гасподзь благаслаўляе і асвячае саюз мужчыны і жанчыны, устаноўлены Богам яшчэ на пачатку чалавечай гісторыі. Невыпадкова сёння менавіта сям'я і благаславёныя Богам адносіны паміж мужам і жонкай, бацькамі і дзецьмі асабліва церпяць ад разбуральнага веяння «духа веку гэтага». Таму на нас, хрысціянах, ляжыць вялікая адказнасць у справе захавання гэтага Божага ўстанаўлення.

Сям'я з'яўляецца не проста інстытутам або ячэйкай грамадства, а найвялікшым дарам Бога чалавецтву. Менавіта сямейныя адносіны ствараюць спрыяльнае асяроддзе, у якім чалавек здольны навучыцца любові і ўзаемнай адказнасці, дасягнуць высокіх узораў маральнага жыцця. Сям'ю называюць малой царквой — часткай і вобразам Царквы Усяленскай. У ёй людзі знаходзяцца разам, моляцца, клапоцяцца адзін пра аднаго, стараюцца зразумець адзін аднаго, ва ўзаемнай пакоры пераадольваюць свае недасканаласці. І благаславёная Богам сям'я, у якой ёсць любоў, давер і згода, сапраўды можа стаць вобразам раю на зямлі.

Жадаю вам усім, дарагія ў Госпадзе браты і сёстры, усямернай і заўсёднай радасці за народжанае Богадзіця. Няхай мір, пра які сёння абвяшчаюць ангелы, застаецца ў сэрцы кожнага чалавека, у нашых сем'ях, працоўных калектывах, ва ўсёй нашай Айчыне і за яе межамі. Добрага вам здароўя, духоўнай мудрасці і ўсёмагутнай дапамогі Божай на ўсіх жыццёвых шляхах. Няхай Гасподзь пашле ўсім нам, і асабліва нашым сем'ям, дабрадзейнае і мірнае жыццё з усёй набожнасцю і чысцінёй!

Веніямін,

Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі,

Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».