Вы тут

Дзіцячы ліст-споведзь дайшоў без маркі


«Хачу, каб мама больш не сыходзіла, а бабуля не піла...» Такое пажаданне ў лісце да Дзеда Мароза напісала дзевяцігадовая Таня (імёны дзяцей змененыя з этычных меркаванняў) з Рагачова. Пасланне чацвёртакласніца нікуды не адсылала, а пакінула пад ёлкай у фае раённай бальніцы. Навагодняе дрэўца ўпрыгожылі для святочнага настрою, яно ж неспадзявана «перадало» гісторыю маленькага чалавека, які быў вымушаны сустракаць Новы год адзін, не ведаючы, ці ўбачыць увогуле сваіх родных.


 

У педыятрычным аддзяленні Рагачоўскай раённай бальніцы напярэдадні самага дзіцячага свята ў свеце прывезлі пяцёра малых. Чацвёра дзяцей з адной сям'і: дзевяцігадовая дзяўчынка і трое яе брацікаў — шасці, чатырох і трох гадоў. Яшчэ адзін хлопчык — васьмігадовы Дзіма з адной з вёсак раёна. Гэтыя дзеці не захварэлі. У бальніцы Новы год ім давялося сустракаць з-за «каранціну». Гэта стандартная працэдура пасля таго, як непаўналетняга органы апекі вымушаныя з аб'ектыўных прычын забраць з сям'і. Ён знаходзіцца ў бальніцы да рашэння камісіі: вярнуць дзіця дадому або накіраваць у сацыяльна-педагагічны цэнтр.

На памяці медыкаў педыятрычнага аддзялення райбальніцы ўпершыню дзеці на такім «каранціне» засталіся ў бальнічных сценах на Новы год. Усе, вядома, імкнуліся іх падтрымаць.

Раніцай медсёстры знайшлі ў холе пад ёлкай лісты Дзеду Марозу. Аказалася, напісала пасланні тая самая пяцёрка малых. Школьнікі склалі пісьмы самі, дапамаглі напісаць і самаму маленькаму. Дзяўчынка паспрабавала ўпрыгожыць, як магла, сваё пасланне, якое аказалася больш падобнае не на заказ падарункаў, а на крык душы.

— Медсёстры, што былі на змене, чыталі і плакалі, — расказвае старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Рагачоўскай ЦРБ Людміла Амялюсік.

Старэйшая медсястра педыятрычнага аддзялення Таццяна Іванэка вылажыла фота дзіцячых пасланняў у рабочым чаце ў сацыяльнай сетцы. Прапанавала стаць «Дзедам Марозам» для дзетак. За суткі сястрычкі, што працавалі ў тую змену, сабралі больш як 400 рублёў.

— Старэйшыя медсёстры стаматалагічнай паліклінікі, радзільнага дома, педыятрычнага аддзялення і іх медсёстры вырашылі скінуцца і купіць менавіта тое, пра што дзеці напісалі ў сваіх лістах, — дадае Людміла Амялюсік. — Вядома, перад Новым годам сродкаў звычайна няма — ведаеце, як у сем'ях, дзеці-ўнукі, але ўсё роўна сабралі грошы вельмі хутка. Гэта была асабістая ініцыятыва нашых медыкаў. Атрымалася, што на сам невялікі ранішнік, што традыцыйна праводзім у бальніцы для ўсіх дзяцей, якія знаходзяцца падчас свята на лячэнні, для гэтых дзетак мы падарункі купіць не паспелі, толькі лісты прачыталі.

Але павіншавалі малых якраз перад Новым годам. Уручылі дзецям, што хто заказваў: цацачную машыну на пульце кіравання, верталёт, робатаў. Хлопчыкі вельмі парадаваліся.

— Мы за Таню найбольш перажывалі, яе ліст вельмі расчуліў увесь калектыў, таму што там і пра дом, і пра маму і бабулю, — не хавае эмоцый Людміла Мікалаеўна. — Дзяўчынка прасіла пра асабістае, каб мама не сыходзіла, а бабуля больш не піла. Але дзіця хацела на свята тэлефон. У калектыве гэта не праблема, шмат хто прапаноўваў прынесці мабільны, якім ужо не карыстаюцца, але які ў выдатным стане. Праблема ў падключэнні да інтэрнэту і менавіта ў далейшай аплаце тэлефоннай сувязі, а яшчэ — у бяспецы школьніцы ў сетцы Інтэрнэт. Таму што ўвогуле тады быў няясны далейшы лёс дзяўчынкі і яе брацікаў.

Вырашылі падарыць ад сябе. Медсёстры, якія паспелі паназіраць за дзяўчынкай, заўважылі, што яна выдатна малюе і нават відаць, што ў яе свой стыль як у маленькага мастака. Набылі набор для малявання, а яшчэ спартыўны касцюм, красоўкі. На грошы, якія засталіся, купілі ўжо тое, што пасля папрасіла дзяўчынка — модную і цёплую зімнюю куртку.

На памяць медыцынскім сёстрам, што ў свята цудаў выратавалі надзею на лепшае для цэлай сям'і, цяпер засталіся толькі фота ў тэлефонах з віншавання дзяцей. Напярэдадні Раства Таня і яе брацікі вярнуліся дадому, да роднай маці.

— Медсёстры, — перадае сваімі словамі настрой калектыву прафсаюзны лідар, — за сям'ю перажываюць, але ўпэўненыя, што не асуджэнне, а спагада і падтрымка ў цяжкай жыццёвай сітуацыі вернуць родным гэтых дзяцей веру ў людзей, разуменне, што ўсё ў жыцці можна паправіць, калі захацець.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

У тэму

Як адзначыла старшыня Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя
Надзея Зіміна, напярэдадні навагодніх свят прафсаюз медыкаў Гомельшчыны накіраваў у шэсць дзіцячых лячэбных устаноў рэгіёна дапамогу на 16 тысяч рублёў. Падарункавыя сертыфікаты атрымалі Гомельскія абласныя Дом дзіцяці, дзіцячая бальніца, дзіцячы цэнтр медыцынскай рэабілітацыі «Верасок», дзіцячая бальніца медыцынскай рэабілітацыі «Жывіца», Мазырская гарадская дзіцячая бальніца, Гомельская гарадская цэнтральная дзіцячая паліклініка. Спонсарская дапамога будзе накіравана на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы дзіцячых лячэбных устаноў, у тым ліку на закупку неабходных сродкаў гігіены, мэблі, бытавой тэхнікі, спартыўнага і гульнявога інвентару. Акрамя таго, матэрыяльную дапамогу да Новага года ад абласнога прафсаюза медыкаў атрымалі 334 супрацоўнікі — члены галіновага прафсаюза, якія маюць дзяцей-інвалідаў да 18 гадоў. На падтрымку гэтых сем'яў было накіравана звыш 10 тысяч рублёў.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.