Вы тут

Кніжныя навінкі. Фоталетапіс жыцця народнага паэта


Асоба народнага паэта Беларусі Максіма ТАНКА (1912 — 1995), веліч яго мастацкага таленту, яго высокія духоўныя чалавечыя якасці яшчэ шмат гадоў будуць прыцягваць увагу беларусаў, усіх, каму дарагі лёс нашай Айчыны. «Нібы казачны асілак, Максім Танк перакуліў у нашай свядомасці многія традыцыйныя ўяўленні і падыходы ў поглядзе на жыццё чалавека і яго каштоўнасці. Ён, мабыць, першым у беларускай літаратуры даў выдатныя ўзоры высокага ўслаўлення роднай зямлі і працы на ёй, сцвердзіў гэты аспект мастацкай творчасці як скразную, заканадаўчую тэндэнцыю ў развіцці айчыннай паэзііі. Танк, можна сказаць, прымусіў шырокага чытача пранікнуцца каштоўнасцямі жыцця вясковага асяроддзя, захапіцца працай хлебароба, непасрэдна ворывам, сяўбой, касавіцай, адвечным сялянскім рыштункам. Калі б не ён, наўрад ці з’явіліся б у нашай паэзіі выдатныя творы на гэтую тэму Р. Барадуліна, А. Вярцінскага, П. Макаля, В. Зуёнка, М. Арочкі, Д. Бічэль, А. Разанава, А. Сыса ды многіх іншых аўтараў». (Мікола Мікуліч). 


Максім Танк : фотаальбом/ уклад., прадм.: М. У. Мікуліч ; навук. рэд. У. В. Гніламёдаў. — Мінск: Беларуская навука, 2021. — 303 с.: іл.

Альбом, які выдадзены ў межах працы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы (замову на выданне зрабіла і аказала фінансавую падтрымку Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь), складаецца са здымкаў, якія знаходзяцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва, Беларускім дзяржаўным архіве кінафотафонадакументаў, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Літаратурнага музея Петруся Броўкі, а таксама прыватных архіваў Уладзіміра Крука, Юрыя Іванова, Анатоля Каляды, Генадзя Жынкова, Ніла Гілевіча. Глядзіш на вывявы і адкрываеш свет, які выпеставаў класіка нацыянальнай паэзіі — бацькі Танка Іван Хведаравіч і Домна Іванаўна Скурко, хата, у якой нарадзіўся паэт (здымак 1945 года), сям’я Скурко на здымку 1916 года, Жэня Скурко з сястрой Верачкай, Максіма Танк з Рыгорам Шырмай і яго пляменнікам у Вільні ў 1937 годзе, здымкі часін Вялікай Айчыннай вайны... 

«З легендаў і казак былых пакаленняў,/ З калосся цяжкога жытоў і пшаніц./ З сузор’яў і сонечных цёплых праменняў, / З грымучага ззяння бурлівых крыніц,/ З птушынага шчэбету, шуму дубровы, \ І з гора, і з радасці, і з усяго/ Таго, што лягло назаўсёды ў аснову/ Святыні народа, бяссмерця яго, — / Ты выткана, дзіўная родная мова», — з верша Максіма Танка «Родная мова». 

Фатаграфічны альбом ці фотакніга, выданне, якое выступае красамоўнымі ілюстратарам пісьменніцкага жыцця, — унікальная, вартая ўвагі з’ява ў айчынным кнігавыданні. Упэўнены, што кніга спатрэбіцца ў агульнаадукацыйнай школе, на філалагічных факультэтах беларускіх універсітэтаў. Кнігу адкрыюць і з захапленнем судакрануцца з кожнай яе старонкай усе, хто любіць беларускую паэзію, хто шануе мастацкі свет роднага слова, хто чуйна, з увагай ставіцца да роднай беларускай культуры. 

Набыць фотаальбом «Максім Танк» можна ў сталічнай «Акадэмкнізе» па адрасе: Мінск, праспект Незалежнасці, дом 72. 

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.