Вы тут

Браты Тышкевічы і гісторыя першага краязнаўчага музея ў Беларусі


З 1528 года гэты горад звязваюць з родам Тышкевічаў. Да нашых часоў больш за ўсё дайшло інфармацыі пра заснавальніка апошняга палаца Пія і яго сыноў Канстанціна і Яўстафія. Прадстаўнікі лагойскай галіны роду больш за ўсё праславіліся як стваральнікі першага ў Беларусі публічнага гісторыка-археалагічнага музея. А сёння мясцовы краязнаўчы музей носіць імя братоў Канстанціна і Яўстафія Тышкевічаў.


З 1528 года гэты горад звязваюць з родам Тышкевічаў. Да нашых часоў больш за ўсё дайшло інфармацыі пра заснавальніка апошняга палаца Пія і яго сыноў Канстанціна і Яўстафія. Прадстаўнікі лагойскай галіны роду больш за ўсё праславіліся як стваральнікі першага ў Беларусі публічнага гісторыка-археалагічнага музея. А сёння мясцовы краязнаўчы музей носіць імя братоў Канстанціна і Яўстафія Тышкевічаў.

Ад музея Тышкевічаў да музея імя Тышкевічаў

Дарога ў Лагойск — гэта асобная эстэтычная асалода: узгорысты рэльеф мясцовасці і ледзь крануты восеньскім золатам лес. Не дзіўна, што ў 4-х кіламетрах ад горада размешчаны гарналыжны комплекс з такой жа назвай. Сам райцэнтр невялікі, умоўна дзеліцца на старую частку і новыя мікрараёны. Мясцовыя жыхары ахвотна падказвалі дарогу «да Тышкевічаў». Хвілін дзесяць ад цэнтральнай плошчы — і вось ён, Маладзёжны цэнтр культуры, у якім і месціцца музей.

Першая зала прысвечана роду Тышкевічаў. Навуковы супрацоўнік Святлана Грынь кажа, што, на жаль, з графскага палаца нічога не ацалела. Мэблю патрэбнай эпохі куплялі ў калекцыянераў і антыкварных лаўках, каб узнавіць фрагмент кабінета. Кнігу з велізарнай бібліятэкі з экслібрысам Тышкевічаў музею падарыў Дзмітрый Жыткоўскі, мясцовы жыхар, сын святара. Калісьці яго радня служыла ў графа.

Браты Канстанцін і Яўстафій Тышкевічы былі вядомыя ў свой час археолагі, фактычныя заснавальнікі беларускай навуковай археалогіі. Яны раскапалі і вывучылі некалькі соцень старажытных курганоў, даследавалі і апісалі старажытнасці не толькі Лагойска, а амаль усяго паўночна-заходняга ўзвышша Міншчыны. Археалагічныя знаходкі Тышкевічаў і паклалі пачатак музею. Экспанатаў сабралася столькі, што ў 1842 годзе браты адкрылі ў Лагойску музей старажытнасцяў. Ён займаў даволі шмат месца ў іх палацы. У 1855 годзе Тышкевічы вывезлі амаль усе экспанаты ў Вільню. Там у бібліятэцы ўніверсітэта арганізавалі музей старажытнасцяў. Цяпер у Лагойску ёсць копія малюнка з выявай адной з залаў таго музею. Многія экспанаты Тышкевічаў і дагэтуль знаходзяцца ў Вільнюсе. Там музей дзейнічаў да паўстання 1863 года, пасля падаўлення якога вялікая частка калекцыі апынулася ў Расіі, штосьці трапіла ў Польшчу і Украіну.

Пасля Тышкевічаў раскопкі ў Лагойску працягвалі беларускія археолагі. У 60-х гадах мінулага стагоддзя іх праводзіў гісторык і археолаг Георгій Васільевіч Штыхаў. І цяпер многія са здабытых экспанатаў захоўваюцца ў музеі.

Па словах Святланы Валянцінаўны, нягледзячы на тое, што музей не мае асобнага будынку і знаходзіцца крыху ў баку ад цэнтра, ён досыць папулярны. «У выхадныя тут абавязкова ёсць навуковыя супрацоўнікі, каб можна было правесці экскурсію для наведвальнікаў. Да нас прыязджаюць не толькі тургрупы, але і індывідуальныя вандроўнікі, сем’і. Радуе, што ў людзей ёсць цікавасць да гісторыі сваёй краіны».

У музеі вельмі добрая, зусім не пафасная атмасфера. Напэўна, гэта асаблівасць такіх месцаў, бо тут экспанаты захоўваюць цяпло рук работнікаў, кожны з якіх — вялікі энтузіяст сваёй справы.

Лагойскі лён экспартавалі ў Еўропу

Тышкевічы былі вельмі паспяховымі прадпрымальнікамі. У Лагойску яны арганізавалі мануфактуру па вытворчасці льняных і баваўняных тканін. Лён закупляўся мясцовы, а вось баваўняную сыравіну прывозілі з Англіі. Гатовая прадукцыя ў тым ліку ішла на экспарт. Як ні дзіўна, будынак мануфактуры, пабудаваны ў 1837 годзе, захаваўся да нашых дзён. Цяпер ён выкарыстоўваецца як жылы дом.

Пры Тышкевічах у Лагойску і ваколіцах працавалі заводы па вытворчасці цэглы, цукру, шкла, пазыковы банк для мяшчан і сялян, а таксама бровар.

Ёсць у музеі вельмі цікавая, так бы мовіць, прамысловая знаходка — механізм для рэзкі гліны, які выкарыстоўваўся на цагляным заводзе. Глінарэзка прыводзілася ў рух пры дапамозе каня.

Цяпер бы сказалі — Тышкевічы выкарыстоўвалі на сваіх прадпрыемствах прыродныя матэрыялы. Пры гэтым і тэхналогіі ўдасканальвалі, імкнучыся механізаваць працу.

Клёны, ясені і крыніцы

Палац Пій Тышкевіч пачаў будаваць ў 1814 годзе на адным з узгоркаў, побач са старым гарадзішчам. «Дарожкі ад палаца разыходзіліся ў выглядзе прамянёў сонца, — распавядае Святлана Валянцінаўна. — Таксама быў закладзены парк у англійскім стылі. Раслі тут звыклыя нам ліпы, клёны, дубы, ясені і явар. Для экзатычных раслін у Тышкевічаў недалёка ад палаца была аранжарэя. На гэтым месцы зараз знаходзіцца стадыён».

Цяпер, вядома, у парку засталося мала дрэў, якія бачылі Тышкевічаў (апошні раз гэта было ў 1917 годзе). Шмат вырасла самасеек, але парк дагледжаны і з’яўляецца любімым месцам адпачынку гараджан. Ад палаца ж засталіся толькі руіны: што не разбурылі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, тое гараджане разабралі на будаўніцтва жылля.

Калісьці ў Лагойску дзейнічала лячэбніца, у якой прымалі серавадародныя ванны. Зараз яе месца займае гандлёвы цэнтр. Калі пад яго капалі катлаван, то знаходзілі нямала цаглін з таўром, на якім былі лацінскія літары O.H.T., што расшыфроўваецца як «Оскар граф Тышкевіч».

У Лагойску лячэбніца, вядома ж, невыпадкова была пабудавана. Справа ў тым, што ў парку Тышкевічаў і ў іх, і ў наш час б’юць крыніцы. Прычым іх асаблівасць у тым, што яны спантанна ўзнікаюць і хаваюцца ў розных месцах. Невычэрпная толькі крыніца каля царквы, дзе пабудаваны дзве купальні. Вада ў гэтай, як, зрэшты, і ў іншых крыніцах, смачная. А з крыніцы каля Свята-Мікалаеўскай царквы яна яшчэ і доўга захоўваецца. Улічваючы, што з Мінска да Лагойска паўгадзіны язды на аўтамабілі, па ваду сюды прыязджаюць штодня. У выхадныя — і зусім паломніцтва.

Хтосьці толькі набярэ вады і з’язджае. Але многія шпацыруюць па парку, фатаграфуюцца на фоне палацавых руінаў, якія захавалі сваю веліч, а з музея вязуць магніцікі і захапленне людзьмі, якія праславілі Беларусь.

Маргарыта ДРАЗДОВА

Фота аўтара

Друкуецца ў часопісе «Родная прырода»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».