Вы тут

Маркаў: Калі мы цэнім тое, што ў нас ёсць, мы можам атрымаць значна больш!


Кіраўнік, які валодае стратэгічным мысленнем і ў любой сітуацыі мае план, у якога будзе поспех. І поспех гэты не выпадковы, а заканамерны. Дзякуючы якасцям сапраўднага лідара, магчымасці прагназаваць развіццё падзей і прадбачыць наступствы, тэлеканал АНТ і сёння працягвае быць вядучым СМІ нашай краіны. Пра сваю шматгранную прафесійную дзейнасць на карысць дзяржавы, фэйках і праўдзе, будучыні тэлебачання і чаму б яшчэ хацелася навучыцца... З кіраўніком тэлеканала АНТ Маратам Сяргеевічам Маркавым падводзім вынікі 2021 года і прагназуем, якім будзе 2022-і.


— 2021 год у эмацыянальным сэнсе — гэта працяг 2020. Пасля жнівенскіх падзей вы былі адным з тых, хто працягваў працаваць, не пайшоў з кадру, а наадварот, абараняючы інтарэсы дзяржавы, заняў актыўную пазіцыю і не сумняваўся, на якім баку праўда. Што дапамагло вам тады і дапамагае зараз эфектыўна працаваць?

— У гэтым пытанні ёсць некалькі прынцыповых момантаў. Па-першае, у жніўні-2020 у мяне не было ніякіх сумненняў. Я ні на секунду не задумваўся, на чыім баку праўда. Я гэта ведаў, дзякуючы пэўнаму вопыту працы і жыцця. Так атрымалася, усё тое, што з намі паспрабавалі здейсніць, я ў свой час праходзіў у тэорыі: калі пісаў дысертацыю па выбарчых тэхналогіях, калі знаёміўся з метадычкай Шарпа, калі вывучаў каляровыя рэвалюцыі ў іншых краінах свету. Цяжка было ўпершыню ўбачыць, як гэта працуе на практыцы. Другі момант — гэта здрадніцтва. На жаль, у асяроддзі дзяржаўных людзей (чыноўнікаў, журналістаў, селербрыці) знайшліся здраднікі. А здрадніцтва мне асабіста непрымальна. Нягледзячы на сітуацыю, ты не маеш права здрадзіць, таму што потым ты сам сабе гэтага не даруеш.

— Наколькі складана было данесці сваю пазіцыю да людзей, якія працуюць побач з вамі, каб яны таксама зразумелі, што ёсць што?

— Ёсць цудоўны выраз: «Час абраў нас!» Тады я дакладна разумеў, што час абраў нас, і ад нашых учынкаў, ад учынкаў сотняў і тысяч асобных людзей залежыць будучыня дзяржавы. Канешне, быў пэўны страх аказацца неэфектыўным, падабраць не тыя словы, каб растлумачыць людзям, што адбываецца на самай справе, і натхніць іх на работу. Для нас усіх гэта было ўпершыню. Але ж праўда заўсёды была на нашым баку, і гэтыя 500 дзён, якія прайшлі з выбараў, паказалі, хто спрабаваў перавярнуць краіну, навошта ён гэта рабіў і хто за гэта плаціў. Гэта ўсё потым напішуць у падручніках па гісторыі. І наша гісторыя ўнікальная: Беларусь аказалася той адзінай краінай, дзе каляровая рэвалюцыя не адбылася. Вельмі каштоўна, калі на чале дзяржавы ёсць чалавек, моц якога ты адчуваеш і на якога можаш абаперціся. Вядомы выраз: «Прэзідэнтамі не становяцца, прэзідэнтамі нараджаюцца» ў дачыненні да кіраўніка нашай краіны мае вельмі глыбокі сэнс.

— У выніку інфармацыйнага супрацьстаяння ў 2020 годзе тэлеканал АНТ пацярпеў больш за іншыя беларускія тэлеканалы і ў выніку апынуўся ў пэўнай эканамічнай блакадзе. Наколькі ў 2021 годзе атрымалася пераадолець негатыўныя наступствы?

— Сапраўды, эканамічны ўдар быў моцным. Самае цынічнае ў гэтай сітуацыі тое, што нават некаторыя дзяржаўныя кампаніі і прадпрыемствы не падтрымалі нас у той складаны час. Прыпынілі размяшчэнне рэкламы на АНТ і тыя замежныя кампаніі, якім наша дзяржава дала магчымасць развіваць свой бізнес у Беларусі. Яны ўсе вядомыя: гэта і банкі, і сотавыя аператары, і буйныя гандлёвыя сеткі.

Але ж, нягледзячы на ўсё гэта, мы не апусцілі рукі, а працягвалі працаваць і вельмі эфектыўна. Мы нарасцілі колькасць гледачоў, долю тэлеаглядаў, у нас выраслі рэйтынгі і з’явіліся новыя імёны. Самае галоўнае, мы не прыбралі з эфіру ніводнай палітычнай праграмы. Наадварот, павялічылі іх колькасць і якасць. Рэклама — гэта, перш за ўсё, эканоміка. Можна размясціць рэкламу дзе заўгодна, але, калі яна не прыносіць прыбытку, гэта ўжо неэфектыўны бізнес. АНТ — вядучы тэлеканал краіны і не рэкламавацца на ім з пункту гледжання ахопу і рэйтынгаў, па меншай меры, глупства.

— Што прадпрымалася дзеля выхаду з крызіснай сітуацыі?

— Самае галоўнае правіла ў любой крызіснай сітуацыі — абмежаванне выдаткаў і пошук новых крыніц прыбытку. Па сутнасці, мы нічым не адрозніваемся ад тых прадпрыемстваў, якія патрапілі пад санкцыі. Наш тэлеканал быў дальнабачным і падрыхтаваўся да выбараў. Была створана фінансавая падушка бяспекі, а зараз мы знайшлі новыя крыніцы даходу. У нас з’явіліся новыя рэкламадаўцы з ліку беларускіх прадпрыемстваў, пачалі вяртацца старыя партнёры і галоўнае, што мы адчулі цвёрдую дзяржаўную падтрымку і цяпер не сумняваемся ў будучыні. 

— У інтэрнет-прасторы падаецца інфармацыя аб тым, што з тэлеканала АНТ у 2020 годзе па палітычных матывах звольнілася больш за ўсё супрацоўнікаў. Ці так гэта на самай справе?

— У сувязi з падзеямi 2020 года нас стала менш на 50 чалавек. Гэта роўна 1/8 частка супрацоўнікаў. Нядаўна я прааналізаваў статыстыку звальненняў на АНТ за амаль 20 гадоў існавання тэлеканала. Самае цікавае тое, што ў сярэднім за год з АНТ звальнялася 20-30 чалавек. Звычайная прафесійная ратацыя. Падчас фінансавых катаклізмаў гэта лічба яшчэ павялiчвалася. Адбылася ратацыя не на колькасным, а на якасным узроўні. Ад нас пайшлі людзі, якія не былі гатовыя працаваць у адпаведнасці з дзяржаўнымі інтарэсамі. Дзякуй ім за шчырасць. Мяне перыядычна крытыкуюць за тое, што я даволі жорстка адстойваю пазіцыю дзяржавы, але на гэты конт у мяне ёсць вельмі яскравы прыклад. Прапануйце супрацоўніку на польскім тэлеканале, які фінансіруецца дзяржавай, публічна ўсхваляць Беларусь ці выступіць з крытыкай Маравецкага з Дудай. Што будзе з гэтым супрацоўнікам? Прыклады ўжо былі. 

— Якой стала каманда АНТ у мінулым годзе? І для якога гледача вы працягваеце працаваць?

— Нашу каманду можна параўнаць з кветкай, якая жыла ў цяплічных умовах, а пасля небяспечных кліматычных змяненняў, яна спачатку скурчылася, а потым набрала сілы і выстаяла. У 2021 годзе наша каманда стала больш прафесійнай, куленепрабіваемай. Пасля таго жаху і булінгу, які ўсе мы адчулі на сабе, другі раз гэта не пройдзе. Мы сталі больш спакойнымі і псіхалагічна ўстойлівымі. З пункту гледжання телевізійнага прадукту мы сталі працаваць лепей, больш прафесіянальна. І сёння мы працуем на сваю пастаянную аўдыторыю, у тым ліку, і на тых, хто яшчэ сумняваецца. На мой погляд, місія АНТ заключаецца ў тым, каб даць аргументы i людзям, якія сумняваюцца, дзеля таго, каб яны даверыліся дзяржаўнаму курсу.

— Куды рухаецца сучаснае тэлебачанне і што можаце сказаць тым, хто «не глядзіць» тэлевізар?

— За 10 гадоў работы медыяменеджэрам я чуў шмат меркаванняў на гэты конт. Многія, хто не вельмі глыбока ў тэме, лічаць, што тэлебачанне сёння памірае. У любым выпадку тэлебачанне будзе эвалюцыянаваць. І тут вельмі важна адрозніваць тэлебачанне як тэлевізар і тэлебачанне як з’яву. Гэта не адное і тое ж. Мы — прафесійныя стваральнікі тэлевізійнага кантэнту, які не здольны ствараць непрафесіяналы ці адзіночкі. Яны, безумоўна, могуць стрэліць у самым пачатку, але ці змогуць яны ствараць высокаякасны кантэнт на пастаяннай аснове? Тэлебачанне здольна працаваць на сістэмнай аснове, ствараючы прафесійны кантэнт. А вось дзе і пры дапамозе якіх інструментаў гэты кантэнт будзе размяшчацца і распаўсюджвацца, як будзе ажыццяўляцца інтэрактыў паміж стваральнікам кантэнту і яго спажыўцом? Вось тут і знаходзіцца ключ да поспеху. Самае галоўнае, чым сёння тэлебачанне, друкаваныя СМІ і радыё адрозніваюцца ад модных сацыяльных сетак, мэсэнджэраў і ютуб-каналаў, дык гэта тое, што мы можам на некалькі хвілін спазніцца з пункту гледжання аператыўнасці, але пры гэтым мы застанемся дакладнымі. На тэлебачанні праўда па вызначэнні. Калі вы не хочаце дакладнай інфармацыіі, вы можаце не глядзець тэлебачанне. Застаецца вызначыцца, што вам бліжэй.

— Нядаўна ў «Вікіпедыі» пра вас размясцілі цікавы артыкул. Што ў ім праўда, а што фэйк?

— На самай справе, 90 % фактаў, якія змешчаны ў гэтым артыкуле, хоць і ангажыраваныя, але праўдзівыя. Яны падаюцца са спасылкамі на пэўныя артыкулы, сярод якіх большасць мае асабістыя інтэрв’ю. Але ж аўтар артыкула, відавочна, не служыў у арміі. «Маркаў, які праслужыў 13 гадоў ва ўзброеных сілах, даслужыўся да намесніка камандзіра ўзводу». Насамрэч, гэта сяржанцкая пасада. Зразумела, што аўтар не разумее, як пабудавана ваенная служба. Сапраўды, я быў намеснікам камандзіра ўзводу, на першым курсе ваеннага вучылішча ў званні малодшага сяржанта. Гэта праўда. Але пасля 13 гадоў ваеннай службы я быў у званні маёра юстыцыі і на той момант я быў старэйшым дазнавальнікам Ваеннай Акадэміі. У артыкуле няма ні слова пра тое, што я два гады праслужыў на палігоне у Капусціным яры, начальнікам станцыі аптычных сродкаў. Тады я ўпершыню пазнаёміўся з кінакамерай. Толькі яна была тры метры вышынёй і выкарыстоўвалася для адсочвання траекторыі палёту эксперыментальных ракет ЗРК. Пазней, мне здавалася, што гэта знаёмства было вызначана лёсам.

Яшчэ адзін недакладны момант датычыцца колькасці тых, хто зволіўся з тэлеканала АНТ і яшчэ пару момантаў. У гэтай сувязі хочацца адзначыць, што, калі б маю біяграфію давалі на тэлебачанні, фэйкаў там дакладна не было б. А вось інтэрнэт вытрывае любую хлусню. Самае галоўнае, што дамагчыся ісціны будзе практычна немагчыма. Таму ў тэлебачання вялікая будучыня, перш за ўсё, як у каманды прафесіянальных стваральнікаў праўдзівага тэлевізійнага кантэнту. Усё астатняе — гэта тэхналогіі.

— Амаль 5 гадоў вы ўзначальваеце тэлеканал АНТ. Нягледзячы на аб’ектыўныя цяжкасці, сёння тэлеканалу ёсць, чым ганарыцца. Якія дасягненні вы асабіста можаце адзначыць?

— Мяне вельмі часта крытыкуюць за тое, што я ганаруся сваім каналам. Але ж аб’ектыўна нагода для пэўнага гонару ў мяне ёсць. Мы застаемся лідарамі на тэлевізійным рынку нашай краіны, пастаянна павялічваем долю ўласнага тэлекантэнту. Дасягнулі добрых вынікаў у YouTube: першымі з дзяржаўных СМІ атрымалі срэбную кнопку. На гэтай пляцоўцы ў нас сотні мільёнаў праглядаў і палова мільёна падпісчыкаў. Акрамя гэтага, мы маем добрыя прагляды на сайце па паўтара мільёна за тыдзень. Кантэнт тэлеканала АНТ глядзяць ва ўсіх кутках свету. Геаграфія вельмі шырокая: Амерыка, Германія, Украіна, Расія, Кітай. Зразумела, што людзям патрэбна правераная і дакладная інфармацыя. І мы ім яе прадстаўляем.

Хачу асабліва падкрэсліць, што ўсе гэтыя поспехі не мае. Гэта поспехі той каманды людзей, якая выкрысталізавалася пасля падзей 2020 года, і на якой можна даверыцца. Прафесійна яна вельмі класная. Падводзячы вынікі 2021 года, я вельмі рад канстатаваць, што траціна супрацоўнікаў каманды АНТ працуе на канале больш за 15 гадоў, некалькі дзясяткаў чалавек з першых дзён стварэння тэлеканала. Гэта наш залаты фонд! 

— Каб рухацца наперад, патрэбна глабальная мэта. Вы — чалавек, які некалі займаўся пытяннямі ідэалогіі ў нашай краіне. Тэзісна сфармулюйце тыя асновы, на якіх сёння неабходна выхоўваць маладое пакаленне беларусаў?

— Цяпер мы мяняем Канстытуцыю. Асабіста для мяне вельмі важна, што ў гэты дакумент будуць закладзены тыя рэчы, якія павінны заставацца нашымі галоўнымі каштоўнасцямі. Па-першае, гэта сям’я (выключна саюз мужчыны і жанчыны), дзеці. Па-другое, гістарычная праўда, а менавіта каштоўнасць нашай перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Для мяне гэта вельмі важна і я рады, што гэты момант знойдзе сваё месца ў адноўленай Канстытуцыі. Яшчэ адна каштоўнасць, якую, на жаль, не прапішаш у Асноўным законе, асабіста для мяне — гэта праўда. Яна адна на ўсіх, хто б што ні казаў. Іншая справа, як яна праходзіць праз чалавека і там пераламляецца. Шчырасць да самога сябе — гэта той базіс, дзякуючы якому, ты падымешся ў любой сітуацыі. 

— Ёсць такі выраз: «Прафесіяналізм дасягаецца тады, калі ў вас шмат працы, іншымі словамі, калі на вас ёсць попыт». Тое, што на вас ёсць попыт, відавочна. Якое з вашых амплуа сёння запатрабавана больш за ўсё: медыякіраўнік, творчы супрацоўнік, журналіст?

— Канешне, асабіста сябе я больш адчуваю кіраўніком. Усё жыццё, пачынаючы амаль з дзіцячага ўзроста, я кіраваў. Спачатку ў дзіцячых гульнях, а потым у школе і ў сталай рэальнасці. Вакол сябе заўсёды стараўся збіраць людзей блізкіх па духу, з якімі можна ісці да вынікаў. Але 2020 год паказаў, наколькі мая журналісцкая прафесія мае каштоўнасць. Для мяне таксама. Гэта была магчымасць данесці свае погляды і думкі, публічна паказаць сваю пазіцыю. І гэта аказалася вельмі запатрабаваным. Узнікла неабходнасць бачыць і чуць чалавека, якому ты давяраеш. Пры гэтым я разумею, што я не Аверкаў. Не змагу пратрымацца так доўга публічна на тэлебачанні. Таму я быў, ёсць і буду, перш за ўсё, менеджэрам, пры чым дастаткова ўніверсальным.

— У вашым партфоліа інтэрв’юэра толькі на канале АНТ каля 200 інтэрв’ю. Якія з іх вас уразілі больш за ўсё?

— Выдзеліць можна некалькі яскравых, але кожнае інтэрв’ю па-свойму каштоўнае. Былі ўдалыя і не вельмі, але ж ніводнае не было прахадным. На паверхні, канешне, інтэрв’ю з Пратасевічам. Яно было вельмі своечасовым і прызначалася, перш за ўсё, для інтэрнэт-аудыторыі. У памяці першае інтэрв’ю з Юрыем Васкрасенскім. Мы абралі новую лакацыю па-за межамі студыі. І ў гэтым выпадку для мяне было вельмі важным, што мы паказалі, якія супярэчнасці могуць існаваць унутры кожнага чалавека. Хочацца адзначыць інтэрв’ю з сужэнцамі Макеевымі. Мы паспрабавалі інтэрв’ю ў крыху новым фармаце: запрасілі двух вельмі вядомых людзей, якія на першы погляд вельмі розныя, але пры гэтым эфектыўна працуюць і цудоўна жывуць пад адным дахам. Асабіста мне спадабалася размова з Iгарам Шуневічам. Гэта яскравы прыклад чалавека, які вельмі сур’ёзна рыхтуецца да інтэрв’ю. Тыя пасылы, якія прагучалі з яго боку, шырока разышліся сярод нашых гледачоў. Канешне, у многім статус госця вызначае поспех праграмы, высокую цытуемасць і назаўсёды застаецца ў памяці. Калі падчас размовы з прэс-сакратаром Прэзідэнта ад яе гучыць пасыл: «Дыктатура — гэта наш брэнд!» — гэта немагчыма не запомніць. Дарэчы, сёння цікава глядзець на тое, як пад сцягам дэмакратыі, да якой многія імкнуцца, знішчаюць мільёны людзей. А пад сцягам беларускай дыктатуры будуецца сацыяльная дзяржава і выратоўваюцца бежанцы на мяжы. Я гатовы адзначаць гэты парадокс у тым ліку і пры дапамозе інтэрв’ю.

— Чаму вы вучыцеся ў сваіх суразмоўцаў?

— У кожнага свайму. Госці ўсе розныя. Адзін моцны, як крэмень, другі творчы, трэці вельмі любіць сваю сям’ю. Самае галоўнае, што я хачу ў іх вучыцца. Яны для мяне цікавыя. Як толькі цябе перастае цікавіць чалавек, які да цябе прыходзіць, трэба завяршаць з гэтай прафесіяй.

— Марат Сяргеевіч, што для вас зараз больш важна: шлях ці вынік?

— Перш за ўсё, для мяне як журналіста, як кіраўніка прадпрыемства, вынік мае значэнне. Я не хачу займацца працэсам дзеля працэсу. Калі я ў 2017 годзе прыйшоў на АНТ, для мяне быў вельмі важны менавіта вынік. Спачатку мы зрабілі адну новую студыю, потым другую, трэцюю. Сфарміравалі каманду. Пачалі працаваць па-новаму, выпускаць новыя праграмы. Гэта быў вынік. Чым добра працаваць на тэлебачанні, дык гэта тым, што ты бачыш вынік кожны дзень. І для цябе якасць выніка мае вялікае значэнне.

Калі разважаць пра гэта па-за межамі прафесіі ў кантэксце жыцця, то тут трэба дакладна разумець, што для нас усіх вынік адзін. Да гэтага ўсе мы прыйдзем. І тут, канешне, вельмі важны працэс. У многіх з нас ёсць праблема, у якой мы не хочам сабе прызнацца. Па прычыне высокай занятасці, мы пастаянна рыхтуемся жыць. Рыхтуемся замест таго, каб жыць у моманце і атрымліваць ад яго асалоду. У дадзеным выпадку вынік, гэта тое, што мы хацелі б адтэрмінаваць. Калі мы навучымся жыць у моманце, мы станем шчаслівымі людзьмі. Я вельмі спадзяюся, што такія людзі існуюць.

— Які ваш асабісты план на 2022 год?

— Працаваць. Бо ад работы аперацыйным менеджэрам на АНТ я нікуды не дзенуся і ў гэтым годзе. Я хачу, каб наша прадпрыемства зноў моцна стала на ногі і ў 2022 годзе зрабіла якасны рывок. Але ёсць у мяне і вялікае жаданне навучыцца жыць сённяшнім днём, менавіта жыць, а не рыхтавацца.

— Што пажадаеце беларусам у гэтым годзе?

— Як правіла, калі мы штосьці жадаем іншым, перш за ўсё, гэта мы жадаем сабе. З-за кавіду мы навучыліся цаніць здароўе. Гэта самае галоўнае. Ад клопату пра здароўе мы нікуды не дзенемся. Здаровая нацыя — гэта не толькі здароўе фізічнае, а таксама псіхалагічнае і эмацыянальнае. На жаль, многія нашыя праблемы ўзніклі ад таго, што камусьці не хапіла менавіта псіхалагічнага здароўя. Жадаю ўсім нам цвярозасці і выразнасці крытычнага мыслення. Каб усе мы цанілі тое, што ў нас ёсць. Толькі дзякуючы гэтаму, мы можам атрымаць больш!

Кацярына ТУМАС-ЦІШКЕВІЧ

Фота прэс-службы тэлеканала АНТ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.