Вы тут

Вецер і сонца без бар’ераў: Аднаўляльныя крыніцы энергіі і «зялёная здзелка»


Каля 500 МВт у скарбонку энергетычных магутнасцяў Беларусі аднаўляльныя крыніцы энергіі (АКЭ) прыносяць цяпер, а гадоў праз пяць, як мяркуецца, гэтая лічба можа павялічыцца да 630 МВт. Пэўных абмежаванняў у стварэнні такіх крыніц не існуе — пытанне толькі ў тым, ці патрэбны яны краіне ў вялікай колькасці і ці стане магчымым развіццё АКЭ на мясцовым узроўні: для ўласных патрэб прадпрыемстваў і грамадзян. Аб магчымасцях энергетычнай незалежнасці праз выкарыстанне аднаўляльных крыніц энергіі і мясцовых відаў паліва і перспектывах развіцця сонечнай і ветраэнергетыкі расказалі эксперты.


 pixabay.com

Рацыянальны рост і квоты

У 2010 годзе ў Беларусі быў прыняты закон аб аднаўляльных крыніцах энергіі, і з таго часу гэты напрамак у краіне імкліва развіваецца. Указам № 357 прадугледжана, што суб’ект гаспадарання, які хоча збудаваць устаноўку з выкарыстаннем АКЭ для ўласнага энергазабеспячэння, можа рабіць гэта без нейкіх дазволаў ці квот. У астатніх выпадках падобныя ўстаноўкі ствараюцца ў межах квот, заўважылі ў Міністэрстве энергетыкі. Гэта абумоўлена тым, што вельмі актыўна сталі заключацца інвестыцыйныя дагаворы і праз пэўны час гэты працэс набыў вельмі маштабныя тэмпы, што ў будучыні з уводам БелАЭС пэўным чынам паўплывае на работу энергасістэмы краіны. Таму ў 2015 годзе быў прыняты Указ № 209, які ўвёў квоты і быў актуалізаваны ў 2019-м.

Імкнуцца бясконца павялічваць выкарыстанне АКЭ ў энергетыцы не варта, лічаць эксперты. Такія ўстаноўкі ў свеце ствараюцца з пэўнымі мэтамі. Напрыклад, каб забяспечыць энергіяй раёны, дзе цяжка правесці электра- і газавыя сеткі. У сонечных краінах атрымліваць энергію ад сонца проста танней. Нехта дзейнічае ў межах выканання Парыжскага пагаднення, якім рэгулююцца меры па зніжэнню ўтрымання вуглякіслага газа ў атмасферы. Беларусь, прынамсі, узяла абавязак у межах гэтага дакумента дасягнуць 28 % да 2030 года, але ўжо ў 2020-м гэтая лічба падрасла да 33 %.

Разам з тым штогод краіна ў межах дзяржпраграмы энергазберажэння і кантэксце ўкаранення АКЭ эканоміць каля 1 млн т.у.п. энергарэсурсаў і доля аднаўляльных крыніц дасягнула ўжо 8 %, і гэтая лічба будзе павялічвацца. 

Ад АКЭ Беларусь цяпер атрымлівае каля 500 МВт магутнасцяў: 82 фотаэлектрычныя станцыі (162 МВт), 53 гідраэлектрастанцыі, 30 біягазавых комплексаў, звыш сотні ветраэнергетычных установак на 109 МВт, 10 міні-ТЭЦ на драўляным паліве (85,5 МВт). Да 2027-га гэты паказчык можа падрасці да 630 МВт, разлічвае Леанід ПАЛЯШЧУК, намеснік дырэктара Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржстандарту:

— Развіццё АКЭ — гэта не толькі зніжэнне ўжывання традыцыйных крыніц энергіі, але і памяншэнне выкідаў СО2. За 14 гадоў гэты паказчык знізіўся на 30 млн тон. У будучым гэтае развіццё працягнецца і будуць стварацца адпаведныя ўмовы па адыходу ад квот і пераходу на аўкцыёны. Гэта дазволіць працягваць развіццё АКЭ на мясцовым узроўні: для ўласных патрэб прадпрыемстваў і грамадзян.

У прыватнасці, у ЖКГ з 3800 кацельных 2800 (56 %) працуюць на мясцовых відах паліва. Плануецца таксама будаўніцтва 35 кацельных магутнасцю 250 МВт, дзе замест прыроднага газа будзе шчапа. На новых кацельных мяркуецца выкарыстоўваць каля 450 тысяч т.у.п. шчапы, якой, на думку Мінпрыроды, больш чым дастаткова.

Атлас айчынных вятроў і карта інсаляцыі

Летась у краіне Мінпрыроды сумесна з праграмай развіцця ААН і Глабальным экалагічным фондам завяршыла праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Ліквідацыя бар’ераў для развіцця ветраэнергетыкі ў Рэспубліцы Беларусь», які ажыццяўляўся з 2015 года, нагадала яго кіраўнік Марына БЕЛАВУС:

— На той момант існавалі сумневы ў айчынным ветравым патэнцыяле і падыходзячых кліматычных умовах. Не існавала практыкі ацэнкі ўплыву на наваколле пры рэалізацыі праектаў АКЭ. Існавалі і іншыя праблемы ў тэхнічным нарміраванні і заканадаўстве.

За час рэалізацыі праекта цалкам перагледжаны і абноўлены атлас ветравога патэнцыялу ў краіне. Пра дакладныя вымярэнні на вышыні 100 метраў спецыялісты ўпэўніліся, што патэнцыялу дастаткова. У атлас уключылі таксама карту інсаляцыі, дзе паказана, што ў пэўных мясцінах Беларусі сонца дастаткова для будаўніцтва сонечных электрастанцый, канстатавала эксперт:

— Шмат увагі ўдзелена павышэнню кваліфікацыі кадраў, якія працуюць у сферы аднаўляльнай энергетыкі. Упершыню ў краіне мы правялі навучанне спецыялізаванаму праграмнаму забеспячэнню WindPro. Цяпер арганізацыя «Белэнергесеткапраект» можа працаваць з ім і аказваць паслугі на ўзроўні заходніх праектных арганізацый. Падрыхтаваны грунтоўны навучальны дапаможнік з падрабязным апісаннем канкрэтных выпадкаў нейкіх памылак па правядзенні дзяржэкспертызы і ацэнкі ўплыву на наваколле пры рэалізацыі праектаў аднаўляльнай энергетыкі.

Развіццё — гэта не толькі колькасць устаноўленай магутнасці, а і якасць падрыхтоўкі і рэалізацыі праектаў і ўсяго, што забяспечвае дасягненне сёмай мэты ўстойлівага развіцця па забеспячэнні людзей чыстай і даступнай па кошце электраэнергіяй, падкрэсліла яна. І ў Беларусі трэба яшчэ шмат чаго зрабіць для адаптацыі сектараў эканомікі да новых умоў клімату. Да канца бягучага года, прынамсі, мяркуецца прыняць комплекс дакументаў па адаптацыі розных галін народнай гаспадаркі да змянення клімату.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.