Вы тут

Пытанне да юрыста: Як спагнаць аліменты на дзіця?


Нараджэнне дзіцяці — далёка не заўсёды свята для бацькоў, асабліва калі яны яшчэ і не жывуць разам, а каб выхаваць малога, прыходзіцца спаганяць з другой паловы аліменты. Як дзейнічаць і на што разлічваць у пэўных сітуацыях, расказала Алена ШМАНАЙ, адвакат Мінскай калегіі адвакатаў.


Дзіця ад палюбоўніка запісалі на былога мужа

— Я шматдзетная маці траіх дзяцей 1,5, 9 і 15  гадоў. З былым мужам мы не жылі разам каля чатырох гадоў, аднак не разводзіліся. У той час у мяне былі адносіны з іншым, і я зацяжарыла. Падала на скасаванне шлюбу і нас развялі. Аднак калі я сабралася рэгістраваць дзіця, аказалася, што былы муж павінен напісаць адмову, паколькі з моманту разводу не прайшоў патрэбны час. Былы сужэнец адмовіўся прыйсці ў ЗАГС, і дзіця аўтаматычна запісалі на яго. Цяпер жа біялагічны бацька майго малодшага дзіцяці не хоча ўдзельнічаць у яго выхаванні ні матэрыяльна, ні фізічна. Хачу падаць заяву на аліменты ад яго. Аднак першы муж усё роўна не хоча ісці ў суд, каб зняць з сябе запіс аб дзіцяці. Як мне спагнаць аліменты на ўтрыманне?

Юля П., г. Расоны.


— Сапраўды, згодна з законам (артыкул 51 Кодэкса аб шлюбе і сям’і — далей — Кодэкс), нараджэнне дзіцяці ў замужняй жанчыны аўтаматычна робіць бацькам яе мужа. Запіс пра гэта робіцца на падставе акта аб заключэнні шлюбу. Бацькам дзіцяці, якое нарадзілася цягам дзесяці месяцаў пасля скасавання шлюбу або прызнання яго несапраўдным, таксама вызначаецца былы муж маці немаўляці.

Паходжанне дзіцяці ад бацькі, які не пабіраўся шлюбам з маці малога, вызначаецца на падставе сумеснай заявы маці і бацькі дзіцяці аб рэгістрацыі ўстанаўлення бацькоўства, якая падаецца ў органы ЗАГС, або рашэння суда аб устанаўленні бацькоўства. 

Паходжанне дзіцяці ад бацькі, які не пабіраўся шлюбам з маці малога, калі тая замужам за іншым, таксама вызначаецца на падставе сумеснай заявы бацькі і маці малога аб рэгістрацыі ўстанаўлення бацькоўства, якая падаецца ў органы ЗАГС, або рашэння суда аб устанаўленні бацькоўства. Аднак у гэтым выпадку патрэбныя яшчэ заява маці, у якой яна пацвярджае, што яе муж не з’яўляецца бацькамі дзіцяці. А таксама заява мужа маці дзіцяці аб тым, што ён не з’яўляецца бацькам малога. 

Бацькоўства можа быць устаноўлена дзякуючы суду, згодна з артыкулам 57 Кодэкса, калі бацькі дзіцяці не пабраліся шлюбам паміж сабой і не прадставілі ў органы ЗАГС заявы, якія прадугледжаны часткамі 5 і 6 артыкула 51 Кодэкса. А таксама калі звесткі аб бацьку малога ў запіс акта аб нараджэнні ўнесены ў адпаведнасці з артыкулам 55 Кодэкса. Пры вызначэнні бацькоўства суд прымае да ўвагі доказы, якія дакладна пацвярджаюць паходжанне дзіцяці ад мяркуемага бацькі, або прызнанне мяркуемым бацькам дзіцяці. Суд таксама можа прыняць да ўвагі моманты, калі маці дзіцяці і мяркуемы бацька сумесна выхоўваюць або ўтрымліваюць малога, або сумесна жывуць і вядуць агульную гаспадарку да нараджэння діцяці.

Згодна з артыкулам 58 Кодэкса, запіс аб бацьках мае права аспрэчыць па суду асоба, якая ўказана ў запісе акта аб нараджэнні ў якасці бацькі ці маці дзіцяці. Зрабіць гэта можна цягам года з моманту, калі стала або павінна была стаць вядома аб здзейсненым запісе ці абставінах, якія выключаюць факт бацькоўства ці мацярынства.
Вам трэба звярнуцца ў суд з іскавай заявай з трыма патрабаваннямі: аб аспрэчванні бацькоўства (у дачыненні да былога мужа), аб устанаўленні бацькоўства, а таксама аб спагнанні аліментаў (у дачыненні да біялагічнага бацькі вашага дзіцяці). Падчас судовага разгляду судом будуць прызначаны генетычныя экспертызы, якія ў тым ліку стануць доказамі па справе.

Грошы наперад і за мінулае

— Былы муж выплачвае на нашага сумеснага малога аліменты ў памеры, які вызначаны дзяржавай. Аднак плаціць ён не ў пэўны дзень месяца, а калі захоча. Акрамя таго, я здагадваюся, што апошнім часам яму павялічылі заробак. Ці павінен ён плаціць грошы ў дакладны час, і ці можна зрабіць пераразлік сумы, калі ў былога мужа павялічыўся заробак? Хацелася б яшчэ даведацца, ці можна атрымаць аліменты наперад, на выпадак, калі ён раптам пазбавіцца работы?

Галіна К., г. Касцюковічы.


— Згодна з заканадаўствам, на адно дзіця плацельшчык павінен выдаткоўваць суму ў 25 % ад свайго заробку, на двух — 33 %, на трох і болей малых — 50 % свайго даходу. Пры гэтым для працаздольных бацькоў мінімальны памер аліментаў у месяц павінен складаць не менш за 50 % бюджэту пражытковага мінімуму, на двух — 75 %, на трох і болей — 100 %.

Аліменты выплачваюцца да апошняга дня месяца, які ідзе за бягучым. Напрыклад, аліменты за лістапад павінны быць выплачаны не пазней за 31 снежня. Запазычанасць па аліментах разлічваецца са дня ўздбуджэння выканаўчага вядзення. Калі грошы не плаціліся доўгі час, а справа не была заведзена, то па хадайніцтве заяўніка суму запазычанасці можна налічыць і за папярэдні перыяд, аднак не больш як за тры гады. 

Атрымаць аліменты наперад таксама магчыма. Для гэтага павінна быць узбуджана выканаўчае вядзенне, прысутнічаць заява патрабавальніка грошай, а сам даўжнік — не працаваць і не мець заробку ці іншага віда даходу. У заяве спагнанніка павінна быць абазначана: перыяд, на які ажыццяўляецца выдача аліментаў, абгрунтаванне разліку выплачваемых на будучы час сум. Калі абазначаны ў заяве перыяд скончыцца, а таксама па заяве спагнанніка доўгу, судовы выканаўца ўстанаўлівае памер аліментаў, якія павінны былі быць выплачаны даўжніком, і пры неабходнасці — пераразлічвае запазычанасць па аліментах. Калі за прайшоўшы час аліменты павінны былі выплачвацца ў меншым памеры адносна памеру, які ў заяве ўказаў патрабавальнік, перагляд сум за гэты час не робіцца і грошы даўжніку не вяртаюцца.


Шаноўныя чытачы, калі ў вас узніклі пытанні юрыдычнага характару, дасылайце іх на наш электронны адрас joyyya@gmail.com. У «Прававой гасцёўні» разам са спецыялістамі Мінюста і іншых устаноў мы будзем шукаць на іх адказы.

Ірына СІДАРОК

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».