Вы тут

Бабруйскі мастацкі музей: гульня сэнсаў або дзе схавана «золата дуракоў»


Кожнае падарожжа — гэта шлях у неспазнаную Беларусь, гэта пошук кодаў і сімвалаў, уражанняў і адкрыццяў . Колькі мы яшчэ маем да канца не ацэненых духоўных скарбаў! І такімі кропкамі да разумення культурнага патэнцыялу нашай зямлі сталі музеі. Часам на раёне захоўваюца такія скарбы, паглядзець на якія варта кожнаму беларусу.Сёння мы завітаем у Бабруйскі мастацкі музей, што створаны на базе выставачнай залы Мастацкага фонда БССР, які дзейнічаў з 1976 года. 


Крыніца натхнення

«Свет мяняецца і ўжо да нашай справы ставяцца, як да музейнага прадукта», — дзеліцца дырэктар Бабруйскага мастацкага музея Святлана Прывалава. — І тым не менш музей працягвае працаваць на сваю галоўную місію — навучаць, знаёміць з мастацтвам, яго гісторыяй, тлумачыць і выхоўваць асобу". Ужо больш за 27 гадоў тут ладзіцца праект музычных вечароў з унікальным расповедам пра класічную музыку, музыкантаў і кампазітараў і ўсё гэта падаецца ў спалучэнні з жывапісам. На такія сустрэчы не заўсёды можна патрапіць усіх ахвочым, бывае, што іх прыходзіць больш за сто чалавек.

Генадзь Благуцін знаёміць з выстаўкай самавараў.

Установа супрацоўнічае з вядучымі музеямі Беларусі і з членамі Саюза мастакоў. 

Асобная зала дазваляе рабіць часовыя прафесійныя выстаўкі. Так, сёння тут можна пазнаёміцца з творчасцю старшыні Беларускага саюза мастакоў Глеба Отчына " Тры ў адным" — сабраны работы з трох розных праектаў творцы «Алфавіт» , «Час туманаў», і незвычайнай серыі, створанай у час Вялікага Посту, «Рыбаlove», што адсылае да важных для хрэсціянства вобразаў і сэнсаў.

Золата дуракоў.

У музеі захоўваюцца ўнікальныя калекцыі карцін. Асноўны фонд налічвае больш за 1250 адзінак захоўвання. Жывапіс, графіка, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, кераміка прадстаўлены ў выставачных залах. Асаблівая ўвага надаецца мастакам, жыццё і творчасць якіх шчыльна звязаны з Бабруйскам. А горад даў сапраўды багата цудоўных творцаў. Імёны многіх з іх вядомы далёка за межамі Беларусі. І кожны з іх — асобнае адкрыццё.

Напрыклад, Анатоль Концуб — адзіны мастак з Беларусі, які ўдзельнічаў ў міжнародных пленэрах у Кітае, пад які арганізатары шукалі мастакоў рэалістычнага накірунку з адметным стылем з усяго свету. На выніковай выстаўцы, у якой прымалі ўдзел 50 майстроў, Анатоль Аляксандравіч ўзяў Гран-пры і атрымаў медаль «залаты пэндзаль» . Спецыяльна для бабруйскага музея Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь была набыта яго карціна «Лодка майго дзяцінства» — знакавая праца для мастака, якую, дарэчы, часта паказваюць па тэлебачанні. 

— Я даўно працую ў музеі і добра памятаю рэакцыю наведвальнікаў на жывапіс Уладзіміра Рубцова. Яго адвяргалі, не хацелі глядзець, міналі, — дзеліцца Святлана Прывалава. Але ўжо сем гадоў, асабліва апошнія тры, мы заўважаем , як людзі са здзіўленнем адкрываюць творчасць Рубцова. Ёсць і такія, хто з усёй нашай калекцыі адзначае толькі яго карціны, на столькі яны для іх становяцца зразумелымі. І калі мы бываем на семінарах у Мінску і прадстаўляем творчасць нашых мастакоў, мастацтвазнаўцы адкрываюць для сябе гэтага творцу. Нам пашчасціла, што мы валодаем калекцыяй, якая дазволіць гаварыць пра фенамінальнага, унікальнага мастака, якому па стылі і экспрэсіі няма паўтору ў Беларусі.

Карціны Уладзіміра Рубцова.

У Бабруйску нарадзіўся Уладзімір Дамарад. Мастак прайшоў вайну снайперам і камсоргам палка. Пасля вярнуўся на малую радзіму, працаваў у краязнаўчым музеі, у тэатры ў Бабруйску, яго імя носіць бабруйская мастацкая школа. Сям’я перадала акварэлі Уладзіміра Дамарада ў дар музею.

Прадстаўлены ў музеі і работы Абрама Ісакавіча Рабкіна — заслужанага мастака Расійскай Федэрацыі, які нарадзіўся ў Бабруйску. Хоць лёс закінуў яго ў Санкт-Пецярбург, уся творчасць мастака была прывязана да горада дзяцінства з традыцыйнымі вузкімі вулачкамі , дамкамі, вобразамі. Абрам Ісакавіч часта прызджаў на радзіму, нават апошняя яго выства, што прайшла ў горадзе, мела назву «Бобруйск — души моей трепет». Калі мастака не стала, дачка спадчыну, звязаную з Бабруйскам, перадала гораду і музею на захоўванне. І сёння па работах творцы можна «чытаць» аблічча пасляваеннага Бабруйска, яго гісторыю.

Навуковы супрацоўнік Бабруйскага мастацкага музея Любоў Андрэева праводзіць экскурсію па экспазіцыі «Жывапіс зямлі».

Мясцовыя экскурсаводы нават робяць праграму, завязаную на творчасці Рабкіна. Яны набіраюць рэпрадукцыі мастака і ходзяць па мясцінах, якія той маляваў. 

Ёсць у фондах і выдатная калекцыя работ Іосіфа Капеляна, які таксама ўраджэнец Бабруйска, а зараз жыве ў Ізраілі. У калекцыі ўстановы захоўваюцца: графіка Георгія Паплаўскага і Людвіга Асецкага, акварэлі Леаніда Марчанкі, ілюстрацыі Юрыя Нікіфарава. 

Сустрэчы ў Бабруйскім мастацкім музее.

Але часам музей адкывае новыя тэмы, якія можна падаць наведвальнікам. Такім адкрыццём сёлета стала выстаўка самавараў. Сваю незвычайную калекцыю прадаставіў для экспазіцыі ўраджэнец з Бабруйска, які асеў ў Туле, майстар па вырабу самавараў Андрэй Сайкоў. Аказалася, стварэнне самавараў таксама стала мастацкай справай і за больш чым тры тысячы гадоў існавання, якіх толькі вырабаў не стваралі майстры. Яны чаравалі з формамі і памерамі, функцыянальнасцю самавараў. На выставе можна было пабачыць вырабы падобныя на шары, конусы, цыліндры, вазы, грушы, званы, яйкі; разлічаныя на аднаго спажыўца, ці самавары — кухні, падзеленыя перагародкамі, каб у іх можна было прыгатаваць адразу тры стравы... 

Скарбы гаспадыні меднай гары

Бабруйскі мастацкі музей прыхаваў для гасцей яшчэ адну незвычайную пастаянную экспазіцыю — «Жывапіс зямлі». Яна створана на аснове прыватнай калекцыі мінералаў і горных парод геолагаразведчыка, майстра спорта па турызме Віталя Сокалава. Свае каменныя скарбы ён падарыў гораду. Сёння ў экспазіцыі 1350 мінералаў і горных парод, і экспанаты працягваюць паступаць. 

Тут ёсць узоры прыгожых камянёў з Падмаскоўя, Кольскага і Чукотскака паўвастравоў, Урала, Сібіры, Камчаткі, Алтая, Прыбайкалля, Прыморя, Якутыі, Башкірыі, Карэліі, Дагестана, Казахстана, Азербайджана, Украіны, Грузіі, Туркменіі. 

Прыглядае за скарбамі, зноў жа падораная, лялька— Гаспадыні меднай гары. А сама экспазіцыя нагадвае старажытную пячору незвычайна ўпрыгожаную самой прыродай, праўда, камяні ў ёй размешчаны па спецыяльных табліцах Штрунца, з улікам рэчыва з якіх яны складаюцца. 

Акамянеласці.

На асобнай вітрыне сабраны акамянеласці — яны падказваюць, якія арганізмы жылі мільёны гадоў таму. 

Самая вялікая частка экспазіцыі — мінералы «з прапіскай» ад Прыбалтыкі да Камчаткі. За камянямі стаяць расповеды не толькі пра іх прыгажосць і хімічны склад, але і легенды, што розныя народы прысвячалі ім. Тут вы даведаецеся, як выглядае «лапарская кроў», які камень кітайскія імператры змяшчалі на галаўным убранні, каб «наладзіць» сувязь з небам, і што за пароду ў індзейцаў празвалі «когцем д’ябла», бо з яе рабілі рытуальную зброю. Можаце запытацца, што выкарыстоўвалі пры вырабе бенгальских агнёў, якога колеру бываюць ніфрыты і як выглядала "золата дуракоў"( ці яшчэ яго звалі кашэчым золатам) — запасы гэтага мінерала (пірыта) канкістадоры бачылі ў Паўднёвай Амерыцы.

Экспазіцыя мінералаў і горных парод.

Такія багацці яны везлі ў Еўропу, але з цягам часу мінерал пад уздзеяннем святла ператвараўся з бліскучага ў чорны камень.

Музей мае багатую калекцыю агатаў, а на асобнай вітрыне пададзены найбольш рэдкія камяні свету. І падобнай калекцыяй могуць сёння пахваліцца толькі музей геафака БДУ і музей Інстытута геалогіі НАН Беларусі.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.