Вы тут

Адкрылася экспазіцыя, прысвечаная помнікам сакральнага мастацтва ХVІІІ—ХІХ ст


У Нацыянальным гістарычным музеі адкрылася экспазіцыя, прысвечаная рэстаўрацыі ўнікальных помнікаў сакральнага мастацтва ХVІІІ—ХІХ стагоддзяў са збораў установы. Праект рэалізоўваецца дзякуючы гранту Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне культуры на 2021 год.


Сёння тут захоўваецца каля 500 тысяч музейных прадметаў. Не ўсе рарытэты трапляюць ва ўстанову ў належным стане. Некаторыя літаральна даводзіцца выцягваць з небыцця. Але дзякуючы карпатлівай, далікатнай, няпростай працы рэстаўратара, ім вяртаецца былая прыгажосць. Так, у музеі экспануюцца прадметы сакральнага мастацтва, над якімі на працягу года працавала таленавіты мастак-рэстаўратар супрацоўнік рэстаўрацыйнага аддзела Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь Юлія Дранец.

Рэстаўрацыя, рэканструкцыя, аднаўленне і кансервацыя — не проста вяртанне аблічча прадмету. Калі старадаўнія тэхналогіі часткова страчаны, а новыя матэрыялы могуць паўплываць калі не на выяву, дык на структуру экспаната, рэстаўратарам даводзіцца пастаянна прымаць сур'ёзныя рашэнні і несці за іх адказнасць, старацца зрабіць усё магчымае, каб захаваць аўтэнтычнасць. Натуральна, спецыяліст павінен валодаць рознымі прыёмамі, але разам з тым быць высокаадукаваным і эстэтычна адораным, адчуваць прыгажосць прадметаў, што да яго трапляюць.

Калі параўноўваеш адноўлены шэдэўр з фатаграфіямі, зробленымі з прадметаў да рэстаўрацыі, бачыш, як часам людзі не ўмелі абыходзіцца з культурнай і духоўнай спадчынай.

Так, калі са скульптур анёлаў была знята страшная фарба, адкрылася іх першапачатковае залацістае ззянне. Царская брама ХІХ стагоддзя была замазана рэзкай ружовай фарбай, а дзякуючы рэстаўратару ёй вернута пазалота, срэбра, якія гарманічна спалучаліся з блакітам. Яшчэ адзін унікальны экспанат, што адрадзіла Юлія Дранец, — фігура Хрыста, зробленая ў ХІХ стагоддзі. Падобных драўляных фігур захавалася не так многа, хоць раней яны стаялі ці не ў кожнай вёсцы, каплічцы. «Юлія далікатна зрабіла далепкі ляўкасу, стала заўважна, як Хрыстос стаяў, прыхіляўся да сцяны. Скульптура ажыла», — заўважыў вядучы навуковы супрацоўнік аддзела старажытнабеларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Юрый Піскун.

У экспазіцыі таксама прадстаўлены фрагменты царскай брамы (медальёны з мастацкімі выявамі святых і разьбой) XVІІІ стагоддзя. Гэтыя фрагменты з'яўляюцца помнікам сакральнага мастацтва і ўяўляюць сабой унікальныя ўзоры традыцыйнага майстэрства беларускіх разьбяроў па дрэве. У пачатку 70-х яны былі вывезены мастаком Яўгенам Куліком з зачыненай драўлянай царквы ў Карэліцкім раёне Гродзенскай вобласці. А ў 2012 годзе перададзены ў Нацыянальны гістарычны музей.

Адна з ідэй гэтай выставы — паказаць, наколькі багатай была сакральная спадчына. Прадстаўлены прадметы з розных рэгіёнаў Беларусі — Заходняга Палесся, Паазер'я, Панямоння, Цэнтральнай часткі.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Калі раскрываецца ззянне, або Шлях з небыцця

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.