Вы тут

Жаўрук з берагоў Нешчарды


У 1840 годзе расійскі імператар Мікалай І забараніў выкарыстоўваць у афіцыйных дакументах тэрмін «Беларусь». І раптам публікацыя, у назве якой прысутнічае гэтае святое для многіх слова. Следам з’яўляецца наступная.


Пасля трэцяя, чацвёртая. Нарэшце выходзіць кніга, што аб’яднала іх. Гэтым пісьменнікам быў Ян Баршчэўскі — аўтар аповесці «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях».

Нарадзіўся ён у 1790 годзе (па іншых дадзеных у 1794 ці ў 1796) у невялікай вёсцы Мурагі цяперашняга Расонскага раёна. Мурагі ж у тыя часы называлася Марогі. Гэты засценак уваходзіў у склад Полацкага павета.

Паходзіў з беднай шляхты. Відаць, з сям’і святара. Бацькі памерлі рана, таму разлічваў толькі на самога сябе. Рана і вершы пачаў пісаць. Калі вучыўся ў Полацкай езуіцкай калегіі, сябры называлі яго вершаскладальнікам. Асабліва любілі паэму «Пояс Венеры», якая, як і іншыя яго юнацкія творы, не захавалася. Вядома толькі, што ў ёй дзяліўся перажываннямі з-за кахання без узаемнасці да дваровай служанкі, нейкай «маладой панны Максімавічанкі». Яму было 18 гадоў, колькі ёй — невядома.

Удзячных слухачоў знаходзіў і ў родных Марогах. Любіў і пахадзіць ад засценка да засценка. У адным парадуе гаспадароў сваімі вершамі, у другім… Наведваўся і далей ад дому. Яго добра ведалі ў Арцейкавічах, Галубове, Межаве і Галоўчыцах. Ісці не трэба было: «То шляхціц Урвойскі зловіць паэта і як дарагі скарб возіць па кірмашах, то Латышэвіч падарожнічае з ім ад мястэчка да мястэчка. Смяяліся, спявалі песенькі, якія складаў для іх малады паэт. Гэтыя песенькі вывучалі на памяць засцянкоўцы браты Заленскія, Праленскія, Юрагі, Урвойскія і Сівохі».

У юныя гады захапіўся і маляваннем. Мог зрабіць шарж на таварышаў. Але больш любіў пісаць пейзажы. Занатоўваў полацкія краявіды. Па памяці ўзнаўляў убачанае ў родных Марогах. Любіў бываць і ў свайго дзядзькі Завальні, які на беразе возера Нешчарда меў невялікі абгароджаны маёнтак. Пазней назваў свайго родзіча «шляхціцам на загароддзе». Ён і стаў галоўным героем яго «фантастычных апавяданняў».

Мясціны ў наваколлі Мурогаў былі на дзіва маляўнічыя. Гэтую прыгажосць Баршчэўскі перадаў так запамінальна, што ствараецца адчуванне прысутнасці тут і кожнага, хто з гэтым знаёміцца.

Як бы на вялікім экране паўстае панарамны краявід: «На поўнач паблізу жылля (Завальні. — Т. Л.) — Нешчарда, велізарнае возера накшталт марское затокі. Калі ўсходзіцца вецер, ад возера плыве роўны шум і відаць праз акно, як пакрытыя пенаю хвалі падымаюць угору і зноў кідаюць уніз рыбарскія лодкі. На поўдзень ад дому нізіны зелянеюць кустамі лазы, дзе-нідзе ўзгоркі, парослыя бярозамі і ліпамі, на захад — разлогія лугавіны, і рака бяжыць з усходу — пераразаючы гэтыя ваколіцы, уліваецца ў Нешчарду. Вясна там надзвычай прыгожая, калі па лугах разальецца вада і ў паветры над возерам і ў лясах зазвіняць галасы птушак, што вяртаюцца з выраю» (тут і далей пераклад Міколы Хаўстовіча).

Упамінаецца Нешчарда і ў «Нарысе Паўночнай Беларусі». Яго Баршчэўскі прапанаваў у якасці ўступу да «Шляхціца Завальні…» Вабіла і мінуўшчына, паданні, якіх так шмат ведаў яго дзядзька. Ды завітваючы восенню, усё ж нудзіўся. Дзядзька супакойваў яго: «Крышачку патрывай, як толькі замерзне Нешчарда, паўз гэты фальварак праз возера будзе вялікая дарога. О! Тады пан Завальня запросіць да сябе шмат гасцей, каб расказвалі, што каму заманецца».

Ян з нецярпеннем чакаў наступлення зімы. Аднойчы, выйшаўшы з хаты, пачуў: на замерзлым возеры мацнеюць, набліжаюцца людскія галасы. Калі пра гэта паведаў дзядзьку, той адказаў: «Гэта падарожныя, дуйка снегам замяла дарогу, і яны, блукаючы па возеры, не ведаюць, у які бок падацца». З гэтымі словамі дзядзька запаліў свечку і паставіў яе на падаконні. Каб падарожным лепей было арыентавацца. Хутка пачуўся грукат у дзверы і дружныя галасы.

Што было далей, так расказваецца ў «Шляхціцу Завальні…»:

«Рандар! Рандар! адчыні вароты; ахці, якая мяцеліца, саўсём перазяблі, і коні прысталі, чуць цягнуць. Рандар! Рандар! Адчыні вароты!

На гэты крык выходзіць парабак, незадаволены, што ўваліўся ў глыбокі снег:

— Пагадзіцеся, адчыню, што вы крычыця, тут не Рандар жывець, а пан Завальня.

— Ах, паночак (думалі, што гэта сам гаспадар), пусці нас пераначаваць, ноч цёмная, нічога не відна, і дарогу так

замяло, што і знайсці няможна.

— А ці ўмееце казкі ды прыказкі?

— Да ўжо як-небудзь скажам, калі толькі будзе ласка панская».

(Выдзеленыя радкі пададзены Баршчэўскім па-беларуску. Рандар — гаспадар карчмы. — Т. Л.)

Пачаставаўшы прыезджых, Янаў дзядзька «пасадзіў падарожных каля сябе і ўлёгся ў пасцель з намерам, аднак, слухаць казкі». Сабраліся таксама сямейнікі. Ды і Ян «сеў паблізу, з вялікай цікавасцю жадаючы пачуць новыя яшчэ для мяне простанародныя аповесці».

«Шляхціц Завальня…» напішацца пазней, у 1844 —1866 гадах. Скончыўшы Полацкую езуіцкую акадэмію (паводле ўказа Аляксандра І калегія набыла такі статус), паехаў у Вільню для паступлення ва ўніверсітэт. Аднак знаёмы параіў яму спачатку папрацаваць хатнім настаўнікам, зарабіць грошай. Гэтае «спачатку» расцягнулася да 1817 года. Пасля ці то нейкі сваяк, ці нехта іншы дапамог уладкавацца ў Пецярбургу ў Марское ведамства. Пабываў у Францыі, Англіі, Фінляндыі. Хутчэй за ўсё па абавязку службы.

Зноў быў хатнім настаўнікам. Толькі ўжо больш высокай падрыхтоўкі. Авалодаў латынню і старажытнагрэчаскай мовай. Больш за дзесяць гадоў выкладаў гэтыя мовы і ў нейкіх дзяржаўных установах. У Пецярбургу пазнаёміўся з Адамам Міцкевічам і Тарасам Шаўчэнкам. Пазнаёміў іх і са сваім першым беларускамоўным вершам «Дзеванька». Прысвяціў яго той самай «маладой панне Маскавічанцы». Пакрыўджаны няўважлівасцю, «чытаў» ёй мараль:

Прыўчыла ж ты двух хлопцаў,

                                      як пташак у сеці,

Яны к табе дзень і ўночы рады

                                                  прыляцеці.

І ты к нім лятаеш,

Панскі двор пабуджаеш

На вялікі смех.

Не толькі сам пісаў вершы. Падахвочваў да гэтага і студэнтаў Пецярбургскага ўніверсітэта. З імі выдаваў у 1840—1944 гадах польскамоўны альманах «Niezabudka». У ім перавага аддавалася маладым аўтарам, ураджэнцам Беларусі. Аднак на адным месцы доўга не заседжваўся. Зімой яшчэ неяк трываў. Не кідаў і гувернёрства. Трэба ж былі грошы на пражыццё. З надыходам жа вясны…

Польскі гісторык літаратуры Юльян Барташэвіч параўнаў яго з «вясновым жаўруком», які «вылятаў у ваколіцы Полацка, Віцебска і Мсціслава. З кіем у руках абыходзіў сялянскія хаты, збіраў легенды і запісваў песенькі». Выдавец, літаратуразнаўца, фалькларыст Рамуальд Падбярэзскі пісаў: «Беларусь ён ведаў дасканала, бо разоў трыццаць абышоў усю яе пешшу». Вельмі важная і такая ацэнка: «шчыры беларус».

Толькі балюча станавілася яму, што не па сваёй волі мусіў карыстацца польскай мовай. Але ж дух у творах беларускі. Працуючы над «Шляхціцам Завальнем…», Ян Баршчэўскі, па яго словах, задумаў «кнігу сэрцаў і характараў людскіх». 14 «простанародных аповесцей», што складаюцца з розных гісторый, расказваюць і розныя людзі. Але пастаянна відавочна прысутнасць як шляхціца Завальні, так і самога апавядальніка. Чаму гісторыі пададзены па-польску, патлумачыў у пачатку першай гісторыі: «Не кожны чытач зразумее беларускую мову, дык гэтыя народныя апавяданні, якія я пачуў з вуснаў простага люду, вырашыў (наколькі змагу) у даслоўным перакладзе напісаць па-польску».

Сюжэты ж іх такія, што не заўсёды лёгка вызначыць, дзе выдумка, а дзе праўда. Хай сабе і неверагодная. А як жа інакш, калі гэта «фантастычныя апавяданні». Пачынаючы з першага «Пра чарнакніжніка і пра цмока, што вылупіўся з яйка, знесенага пеўнем». А «Зухаватыя ўчынкі», «Вужовая карона», «Ваўкалак», «Валасы, якія крычаць на галаве» — таксама яшчэ тыя гісторыі.

У «Шляхціцу Завальні…» глыбокі сэнс набывае вобраз жанчыны-прывіда Плачкі, якая не ведае спакою. Яна з’яўляецца ў некалькіх апавяданнях. Шостае ж, што так і называецца «Плачка», цалкам прысвечана ёй. Гэта — вобраз-сімвал, што ўвасабляе сабой саму Беларусь: «Кабета тая незвычайна прыгожая.

Вопратка яе — белая, як снег, на галаве — чорны ўбор, і чорная хустка накінута на плечы. Твар хоць і смуглы ад сонца і ветру, але гожы і паглядны, вочы жывыя, і заўсёды блішчаць на іх слёзы».

Прыгожая, бо гэтакі ж прыгожы наш блакітнавокі край. Вопратка белая, як і колер у яе назве. Чорны ўбор, чорная хустка — увасабленне нядолі і гора, зла і няшчасця, што спакон веку ахінаюць Беларусь. З-за гэтага і слёзы, якія ніколі не высыхаюць у Плачкі. Злыбяда не дазваляе ёй радавацца. Боязь быць цалкам адрынутай прымушае менш паказвацца на людзях. Як даверыцца ім, калі менее і менее чалавечнасці. Не аб светлым і духоўным дбаюць яны. А «думаюць усё жыццё пра выгоду, хочуць, каб чароўны дух спяваў ім толькі пра золата і срэбра і паказваў скарбы, схаваныя ў зямлі». Яна аплаквае «смерць нейкіх нешчаслівых дзяцей».

Ва ўнісон гучаць развагі шляхціца Завальні: «Багаты чалавек можа шмат добрага зрабіць. Гэта праўда […] Але няхай жа ён навучыцца перш пазнаваць і рабіць тое, што ёсць дабро. А тады Бог зробіць яго годным уладаром зямных скарбаў […] Людзі ганяюцца за багаццем не дзеля таго, каб рабіць бліжнім дабро, а каб нічога не рабіць або — што яшчэ горш — каб шкодзіць. Але што ж далей».

Шукаў адказ на гэтае пытанне не толькі шляхціц Завальня, але і Ян Баршчэўскі, пішучы свой твор. Шукалі яго і тыя, хто ў ХІХ стагоддзі дбаў пра лёс Беларусі. Іх было не так і шмат. Гэты адказ шукаць і нам сёння. Як добрая падказка — напісанае Янам Баршчэўскім.

Плачку многія «бачылі ў ваколіцах Полацка і ў іншых кутках Беларусі […] у абліччы сялянскае сіраты». А некаторыя былі ўпэўнены, што яна сядзела на самай вяршыні Пачаноўскай гары, што каля возера Рабло. Малілася слязьмі, «упаўшы на калені, рукі і вочы ўздымаючы да зорак». Ад слёз яе «ўтварылася крыніца жывое вады».

Толькі не ўсе пазналі яе, «хоць яна па ўсім краі з’яўляецца ў адным вобліку». Адзін з персанажаў сляпы Францішак пытаецца ў апавядальніка: «— Ты, Янка, — чалавек вучоны. А ці разумееш ты, хто была тая Плачка».

У адказ прагучала: «— Цуды можна зразумець сэрцам, а не навукаю».

Сэрцам і разумеў свой народ Ян Баршчэўскі. Найбольш беларускі дух адчувальны ў яго галоўным творы — аповесці «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях». Уладзімір Караткевіч быў упэўнены, што «за кожным радком тут стаіць беларус і яго зямля». І ўдакладняў: «Баршчэўскі адкрыў славянскаму свету Беларусь». Адам Мальдзіс зірнуў на «Шляхціца Завальню…» і ў кантэксце сусветнай літаратуры. На яго думку, гэта — «нешта накшталт беларускай “1001 ночы”, як своеасаблівая “Адысея Беларуская”».

Няўдзячнасць абставін, няўдзячнасць лёсу не адпускалі яго ад сябе да апошніх дзён жыцця. У 1847 годзе пераехаў у горад Чуднаў, што ва Украіне. З зямным жыццём развітаўся 12 сакавіка 1851 года.

Дагэтуль з большасцю сяброў размаўляў па-руску. Цяпер часцей чуў украінскую гаворку. І, не зважаючы ні на што, заставаўся Беларусам. Любіў Беларусь, любіў беларускую мову. Аднак не ўсё, далёка не ўсё залежала ад яго самога. Гэта і як яго першае каханне. «Дзеванька», а таксама яшчэ два — «Гарэліца» і «Размова хлопаў» — тры беларускамоўныя творы Яна Баршчэўскага. Прынамсі з тых, што дайшлі да нас. Першыя два з іх былі нават пакладзены на музыку Антонам Абрамовічам. Пра яго гаворка наступным разам.

Тарас ЛЯВОНЕНКА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».