Вы тут

Тоглы і... рэспубліка Сяргея Трахімёнка


Калі аналізуеш раманы «Нобелиат» и «Когда хвост виляет собакой», выпушчаныя летась выдавецтвам «Чатыры чвэрці», згадваецца і адзін з папярэдніх — «Тунгусский болид». Яго і некаторыя іншыя свае творы Сяргей Трахімёнак вызначыў як даследаванне светапогляднага крызісу чалавецтва. Дыялог двух вучоных на завяршэнні «Тунгусского болида» сведчыць, што адно з выйсцяў у гэтай крытычнай сітуацыі ў тым, каб дасканала зразумець Сусвет і выйсці самім з тупіка, у якім апынуліся. Па сутнасці, такім пошукам прасякнуты памкненні герояў рамана «Нобелиат». Ды не падазраюць, правільней, не абцяжарваюць сябе развагамі, наколькі тое, што адбываецца ў жыцці, небяспечна.


Дарэчы, ускосна пра гэта нагадвала публікацыя згаданага твора ў «Роман-газете» пад больш удакладненай назвай «Нобелиат, или Опасные игры». Між іншым, у аўтарскай рэдакцыі быў і трэці варыянт — «Нобелиат, или Троглы в современном мире». Чаму «Нобелиат» — тлумачыцца проста. Нейкі выдавец Замяцін прапануе аднаму з галоўных літаратурных герояў рамана — пісьменніку Крамару — зрабіць яго лаўрэатам Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры. Тым самым прынесці яму сусветную славу, а самому на ажыццяўленні гэтага фантастычнага праекта зарабіць немалыя грошы. А троглы — скарочаная назва трагладзітаў, першабытных людзей, якія некалі жылі ў пячорах.

Адна з сюжэтных ліній рамана і звязана з цяперашнімі трогламі. Прачытаўшы ў інтэрнэце раздзелы аповесці Крамара пра гэтых нашых продкаў, моладзь стварыла ў адным з мікрараёнаў Мінска аднайменную маладзёжную тусоўку. Тое, што гарадскія «троглы» імкнуцца адасобіцца ад сучаснага жыцця, вярнуцца да звычаяў першабытных людзей — паўбяды. Але яны тэрарызуюць мясцовае насельніцтва. Атрымліваецца, што Крамар, не маючы такога намеру і не здагадваючыся пра гэта, стаў тым, каго падазраюць у падбухторванні да здзяйснення злачынства. Паступова дзве сюжэтныя лініі пачынаюць перакрыжоўвацца.

У сюжэтах як «Тунгусского болида», так і «Нобелиата» моцны дэтэктыўны і фантастычны пачатак. У першым нават містычны. Але, перафразуючы вядомае выказванне, можна сказаць: дэтэктыў мне сябра, а сутнасць у іншым. Прытым у вельмі істотным. Раман «Нобелиат» — аб складанасці ў працы пісьменніка. Больш за тое — аб яе ўздзеянні на жыццё грамадства. А значыць, Сяргей Трахімёнак умела і паспяхова пашырае сюжэтныя магчымасці сучаснай прозы. Прычым ён у аднолькавай ступені прыхільнік як вострасюжэтнай, дэтэктыўнай літаратуры, так і псіхалагічна-глыбокай. Чалавеказнаўчыя элементы ў яго творах заўсёды далёка не на апошнім месцы.

Найлепшыя мастацкія якасці гэтых двух твораў, не кажучы пра тыя, што з’явіліся да іх, сведчаць: Сяргей Аляксандравіч пастаянна шукае сваю тэму. Аднак гэта не азначае, што абыходзіць увагай тое, да чаго звярталіся іншыя. Безумоўна, у такім выпадку заўсёды выратоўвае талент. У нечым знаёмае ўспрымаецца як невядомае, сюжэтныя хады, што, здавалася б, пойдуць у знаёмым кірунку, нечакана набіраюць курс, якога, па логіцы, не магло быць. А то і робяць гэтакі паварот, які здзіўляе ўменнем, майстэрствам пісьменніка пісаць так, што чытач нярэдка прадугадаць не можа, куды яго завядзе творчая фантазія. У чым асабліва пераконвае раман «Когда хвост виляет собакой».

Дзеянне адбываецца ў выдуманай шаснаццатай савецкай рэспубліцы былога Савецкага Саюза. Называецца яна Ел ак тау, што ў перакладзе на беларускую мову азначае Краіна белых гор. Чаму менавіта шаснаццатая, чытачам малодшага ўзросту, бадай, не лішне патлумачыць. У СССР у сапраўднасці было пятнаццаць савецкіх рэспублік. 16 ліпеня 1956 года Карэла-Фінскую ССР ператварылі ў Карэльскую аўтаномную.

Між іншым, шаснаццатая магла б з’явіцца зноў. Неаднаразова прасілася ўступіць у Савецкі Саюз Народная Рэспубліка Балгарыя. Толькі вышэйшыя партыйныя іерархі цвяроза разважылі: канешне, добра, калі граніцы краіны пашырацца, але, калі пайсці насустрач балгарам, у сацыялістычным лагеры паменшае!

Ды тое, на што не адважылася КПСС, здзейсніў аўтар рамана «Когда хвост виляет собакой». Дзе прыкладна знаходзіцца рэспубліка Сяргея Трахімёнка, можна здагадацца, ужо адштурхоўваючыся ад яе назвы Краіна белых гор. Адбываецца ж у ёй тое, што праходзіла па ўсёй постсавецкай прасторы пасля развалу Савецкага Саюза.

У 1994 годзе ў Ел ак тау таксама вырашылі перайсці да прэзідэнцкага кіравання. На карысць таго, што падзеі разгортваюцца недзе ў Сярэдняй Азіі ці блізу гэтага рэгіёна, сведчаць і прозвішчы найбольш магчымых пераможцаў.

Асноўнае супрацьстаянне адбываецца паміж былым сакратаром абкама партыі Касымбаевым і дырэктарам уранавага камбіната Чынгізавым. Першы, як няцяжка здагадацца, загартаваны ў закулісных гульнях, мае шмат сваіх людзей у розных эшалонах нядаўняй партыйнай улады. А Чынгізаў — таксама свой чалавек, толькі сярод тых, хто бліжэй да народа. Ён — прыхільнік палітычных змен у жыцці сваёй рэспублікі. Па логіцы гэта павінна выклікаць большую прыхільнасць у выбаршчыкаў. Ды нездарма кажуць: Усход — справа тонкая. Як і тыя рэгіёны, дзе традыцыі, уклад жыцця блізкія да яго. Гэта добра памятае Чынгізаў, які дзейнічае па прынцыпе: чужым у пэўных умовах трэба давяраць, але найлепшая апора — тыя, хто належыць да твайго клана. Зыходзячы з гэтага, на чале групы падтрымкі ставіць свайго сына (хай сабе і прыёмнага) Саву.

На практыцы пачынае ажыццяўляцца сцэнарый, распрацаваны… Сяргеем Трахімёнкам. Па-мойму, Сяргей Аляксандравіч спачатку не проста акрэсліў сюжэтную канву, старанна прадумаў кампазіцыйную пабудову рамана — падобны падыход, як вядома, звычайная з’ява пры напісанні любога мастацкага твора. Відаць, зрабіў ён і іншае, а ў дадзеным выпадку больш значнае. Багата звестак атрымаў, знаёмячыся з публікацыямі, што асвятлялі перадвыбарную барацьбу ў некаторых колішніх савецкіх рэспубліках. Найперш у паўднёвых, дзе спецыфічныя ўмовы.

А далей…

Спрацавала тое, што ці ледзь не заўсёды характарызуе прозу Сяргея Трахімёнка. Яго творчая фантазія чарговы раз настолькі багатая, што яшчэ лепш яднае сапраўднае і тое, што стаіць на мяжы фантастычнага. Сама інтуіцыя падказала: усё гэта магло адбывацца толькі менавіта ў краіне Ел ак тау. Не адпрэчыў ён і таго, што, на першы погляд, успрымаецца мала верагодным, а то і немагчымым, але таксама дапамагае лепшаму вырашэнню творчай задумы. Тым самым сумясцілася, здавалася б, несумяшчальнае: рэальнасць, мажлівая ў канкрэтных абставінах, і тое, што далёкае ад яе, аднак пры ўсёй сваёй неверагоднасці цалкам магло быць.

Заставалася самае малое, аднак разам з тым і значнае, што, як сціснутая спружына з моцнай патэнцыяльнай сілай, нарэшце выштурхне схаваную ў сабе да пары да часу энергію. Гэта не прымушае сябе чакаць. Каб паспяхова весці перадвыбарную кампанію і дамагчыся пазітыўных вынікаў для таго, пра каго дбае, Сава Чынгізаў запрашае з Масквы вопытнага палітолага Дамарацкага.

Той пасля прыезду сустракаецца з прадстаўнікамі групы падтрымкі і ўводзіць іх у курс справы. Зранку — заняткі па методыцы палітычнай прапаганды, затым — абмеркаванне сітуацый, што ўзніклі з адпаведным прыняццем рашэнняў. Дзеля гэтага трэба знаходзіцца, па сутнасці, на асадным становішчы. Усё як у войску. Ніякага паслаблення да пераможнага завяршэння барацьбы. На вайне ж, як вядома, без выстралаў не абыходзіцца, а дзе стральба — там і ахвяры. Толькі ніхто не мог падумаць, што «выстрал» прагучыць ужо першай ноччу. Невядомыя выкінулі Дамарацкага з акна вышыннай гасцініцы. Сава самастойна працягвае заняткі ў групе падтрымкі.

План дзеянняў Чынгізава-малодшага настолькі Сяргеем Трахімёнкам прадуманы, што, калі чытаеш раман, часам ствараецца ўражанне і твайго асабістага ўдзелу ў гэтай перадвыбарнай кампаніі. Быць абыякавым, нават калі захацелася б, не ўдасца. Нешта прымаючы ці адмаўляючы, міжвольна ўцягваешся ў дзеянні Савы і яго памагатых. Паступова і ў цябе самога з’яўляецца жаданне бачыць прэзідэнтам Краіны сонечных гор менавіта Чынгізава. Дзякуючы ўмелай і загадзя прадуманай агітацыі, ён падабаецца ўсё больш. Сава, распрацоўваючы статут дзеянняў групы падтрымкі, нават паклаў у аснову правілы, некалі сфармуляваныя кардыналам Рышэлье для караля Францыі. Зразумела, прыстасаваўшы іх для канкрэтных сучасных рэалій. Як і трэба было чакаць, прэзідэнтам стаў Чынгізаў-старэйшы.

Не менш дынамічна, а ў нечым і больш, падзеі разгортваюцца ў другой частцы рамана. Калі ў першай з’ядналіся, умоўна кажучы, ХVІІ стагоддзе і канец ХХ, то ў другой дзеянне адбываецца ў канцы першага дзесяцігоддзя ХХІ стагоддзя. Сава Чынгізаў, набыўшы неабходны вопыт, гатовы ім дзяліцца і з іншымі.

З расійскімі паліттэхнолагамі ён едзе на канферэнцыю ў Кыргызстан. У Бішкеку пачаліся масавыя беспарадкі. Газеты ў гэтым убачылі падкопы Расіі. Сава стаў вінаватым, выклікаўшы незадавальненне ў прэзідэнта Краіны сонечных гор. У сваёй краіне наспявае каляровая рэвалюцыя. Апазіцыя носіцца з альтэрнатыўнымі выбарамі. А тут яшчэ праблемы з суседзямі...

Палітычныя страсці напальваюцца, гатовыя выклікаць пажар. Аднак і Сава не лыкам шыты. Яго вакол пальца не абвядзеш. Вопыт на паліттэхналогіях набыў вялікі. Ён падказвае прэзідэнту Чынгізаву выйсце, якое, не сумняваецца, у яго праціўнікаў выб’е зямлю з-пад ног. Чынгізаў-малодшы ўпэўнены, што эліты Краіны сонечных гор сядзяць на наркатрафіку. Значыць, іх трэба выкрыць. А каб яшчэ больш упэўніць насельніцтва, што лепшай улады няма і быць не можа, прапануе праект нейкага горада-сонца.

Толькі як хораша марыцца, так кепска для яго ўсё заканчваецца. Апаненты таксама не спяць у шапку. Яны абвінавачваюць Саву ў дзяржаўнай здрадзе і судзяць. Ды ў турме, як ні цяжка, здавацца не збіраецца. Яшчэ і знаходзіць годнае выйсце з сітуацыі. Не столькі з той, у якой сам апынуўся. Не толькі пра сябе думае. Галоўны яго клопат — уратаванне краіны ад скочвання ў бездань з-за авантурыстычных дзеянняў апазіцыі.

І падказвае варыянт, які, пры ўсё сваёй неверагоднасці, спрацоўвае…

Тое, што адбываецца ў рамане «Когда хвост виляет собакой», як і ў «Нобилиате», у асноўным народжана багатай фантазіяй, але… Як сказаў выдатны паэт, «сказка ложь, да в ней намёк!» Два творы, як і раман «Тунгусский болид» (цудоўна, каб яны з’явіліся пад адной вокладкай, бо гэта трылогія, хай сабе і не аб’яднаная агульнымі героямі), пры іх фантастычнасці — што асабліва характэрна для «болида» — на дзіва рэалістычныя. Яны і творы-папярэджанні. Напамін аб тым, да чаго можна прыйсці чалавецтва. Аднак і пэўная падказка, як прадухіліць усё негатыўнае. Для гэтага трэба не так і шмат. Ніколі не забываць, заўсёды памятаць, што Зямля хоць і вялікая планета, у сапраўднасці ж такая малая. Таму ўсе мы, як сказаў Уладзімір Караткевіч, двухногія і павінны жыць у дружбе. А сусветнае адзінства павінна пачынацца са свайго, уласнага — адзінства беларускага народа.

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».