Вы тут

Каб часцей смяяцца, трэба радзей плакаць


З вялікай цікавасцю прачытаў новую кнігу Міколы Чарняўскага «Вяселле ў Налібоках», якая пабачыла свет у выдавецтве «Мастацкая літаратура». Кніга цалкам адпавядае жанраваму вызначэнню як «жыццёвыя былі», ды плюс — гумар. Не так часта з’яўляюцца падобныя выданні, таму «глынуў» адразу, хаця, як піша аўтар, «не ўсё смачнае, хоць і з маслам». Але чытаецца кніга Міколы Чарняўскага і пра масла, і пра вяселле, і пра кукіш у канверце, і пра каньяк з разьбой, і пра варону-прыбіральшчыцу лёгка, хутка і цікава.


Пачаў чытаць «Вяселле ў Налібоках» з раздзела «Карацелькі з “Парнаскай арцелькі”». Вельмі спадабаліся, таму з асобнымі карацелькамі хачу пазнаёміць чытачоў «ЛіМа», для іх яны будуць карысныя, як лекі:

«У злосці не грукай дзвярыма: ці ж яны вінаватыя? Каб часцей смяяцца, трэба радзей плакаць. Не скачы дужа ад радасці — хутка растрасеш яе. Смяецца той, хто… смяецца»…

Жыццёвыя былі Міколы Чарняўскага, якія склалі кнігу, перажытыя і ім самім, бо праўдзівыя, шчырыя, без рамантычна-фантастычных сродкаў і прыёмаў паказу чалавека. Аўтар апісвае сваіх вясковых герояў такімі, якімі іх памятае. Апісвае душэўна, чула, ласкава: здаецца, Нагды і Кілуны, Коля-камуніст і Лёнька-паляк ды іншыя зараз вось пастукаюць у дзверы і паклічуць на вуліцу, каб паказаць сваё майстэрства. Дзіву даюся, як памяць пісьменніка захавала з маленства вяскоўцаў. Іншы раз уяўляў, што гэта і мае вяскоўцы-штукары, толькі з іншымі мянушкамі, трапілі на старонкі кнігі Міколы Чарняўскага. Вось тыя Нагда і Кілун з першай жыццёвай вясковай гісторыі, якая распачынае кнігу. Нідзе падобнага я не чуў ні тым больш не чытаў. А размова ідзе пра вяскоўца Пахома, які для тых, хто хацеў «адмазацца» ад службы ў войску, набіваў… грыжы.

Ці, як казалі вяскоўцы, кілы. За «аперацыйную» ў яго была звычайная вясковая ёўня з глухімі сценамі і такімі ж дзвярыма, а інструментам, якім карыстаўся пры незвычайнай «аперацыі», — вялікі палец правай рукі. Плата па тым часе не такая ўжо і малая — пяць рублёў. Але ж на якія выдаткі не пойдзеш, каб не пайсці ў салдаты, а там, можа стацца, і на вайну…

Напісана гэтае апавяданне-быль з вялікім гумарам і аўтарскім каментарыем. Хочацца чытаць-перачытваць. Але ў канцы аўтар падвёў вынікі, глыбока асэнсаваў мінулае. Бо, калі прайшло шмат гадоў і пісьменнік зноў трапіў у сваю вёску, са слязамі на вачах усё і ўсіх успамінаў: «Іду па вуліцы, азіраюся, быццам перапалоханы гэтай нязвыклай цішынёй і пустэльнасцю на ёй, і туга-журбота, як стрэмкаю забыцця, паколвае ў сэрцы: ці я позна вярнуўся сюды, ці яны рана пакінулі гэтыя зніякавелыя хаты, заўчасна пайшлі адсюль? Хто ведае, што было б, калі б я зноў убачыў іх такімі, якімі сустракаў раней? Відаць, ужо не смяяўся б — хаця б і ў душы! — а выцер слязіну, якая ўбегла б на вейкі ад любасці, што зноў апынуўся сярод людзей сваіх».

Так завяршыў сваё апавяданне Мікола Чарняўскі. Маленькі твор, а праблема ў ім узнята глабальная, агульначалавечага маштабу. У дзяцінстве, здавалася, што гэта не скончыцца ніколі, і вяскоўцы-жартаўнікі заўсёды будуць жыць, працаваць, хадзіць па вуліцах вёскі, а галоўнае — не старэць. Ды не, так у жыцці не бывае. Пра гэта і нагадваюць многія творы Міколы Чарняўскага ў яго новай кнізе. Невялікія мастацкія рэчы аўтара, якія склалі «Вяселле ў Налібоках», вымагаюць яркіх фарбаў, кідкіх прыёмаў. І пісьменнік іх знаходзіць, апісваючы людзей, той час і падзеі. Ён не выносіць нейкага ўласнага прысуду сваім героям, не застаецца ўбаку ад таго, што было і што сам перажыў, бачыў, чуў. Вобразы яго акрэслены штрыхамі, сатырычнымі фарбамі, паўстаюць як жывыя. Апавяданні з гумарыстычнай танальнасці, калі пісьменнік дасціпна пакепліваў з таго, што адбывалася, пераводзяцца на самую сатырычную і жыццёвую хвалю.

Вельмі чуллівае апавяданне-ўспамін з маленства пад назвай «На Новы год, на Новы год…». Гэта быў 1954. Аўтар кнігі вучыўся ў 4 класе. І каля навагодняй ялінкі ён расказаў верш Якуба Коласа «Дзед-госць». Расказаў вельмі добра, шчыра, эмацыянальна. І Дзед Мароз зняў з галінкі прыгожую цукерку з пячэннем і падаў іх юнаму чытальніку. Настаўніца Аляксандра Францаўна таксама зняла з галінкі яшчэ адну цукерку і падала Колі Чарняўскаму.

Бо ведала, што Коля Чарняўскі рос сіратою, але ў школе вучыўся на выдатна…

Аўтар параўнаў сваё маленства і маленства яго ўнучкі, якая жадае на Новы год круты планшэт, а вось тады, у 1950-я гады, Колі Чарняўскаму Дзед Мароз чамусьці нічога не мог падарыць, хоць і прасіў хлопчык абаранкаў ці хлеба куплёнага, якімі частавалі цётка Дар’я і дзядзька Максім, прыехаўшы ў госці.

У жыццёвай гісторыі «Даруйце мне, пчолкі…» аўтар распавядае пра дзеда Юзіка і бабу Уладзю, якія перабраліся пад старасць у сталіцу паспытаць гарадскога жыцця. У горадзе найбольш не спалася дзеду Юзіку, ад усялякіх думак у яго пухла галава. Асабліва хваляваўся вясковец пра сваіх пчолак.

І вось аднойчы да іх шматпавярховага гарадскога дома прыляцеў цэлы рой пчол. Ён прыстаў да абляпіхі. Людзі баяліся, каб пчолы не раз’ятрыліся ды не пачалі налятаць на гараджан, залятаць у вокны. Бяда ж тады будзе. Нават патэлефанавалі ў МНС, каб абабралі гэтую «пчаліную бараду» з галля. І, што цікава, дзед Юзік падумаў, што гэта яго рой прыляцеў з вёскі за ім следам і пасяліўся каля іх дома ў сталіцы. Дзед, прыхапіўшы торбу, каструльку з вадой і вехаць з рыззя, з’ехаў ліфтам уніз, а потым падбег да пчол і пачаў, змахнуўшы слязіны з вачэй, прасіць у пчол прабачэння: «А пчолкі вы мае мілыя! Гэта ж вы мяне тут знайшлі! Як я вінаваты перад вамі, што кінуў вас там адных, як сіротак гаротных! Даруйце, даруйце мне, старому! Вінаваты, вінаваты я перад вамі моцна!»

Па жыццёвых гісторыях-былях Міколы Чарняўскага можна здымаць кароткаметражныя фільмы. Адны з іх будуць браць за сэрца і душу, іншыя — шчыра смяшыць. І нават замалёўка «Варона-прыбіральшчыца» прымушае ўсміхнуцца. Таму больш за ўсё ў кнізе вясёлых гісторый, дзе асноўнай «зброяй» служаць гумар, іронія, сатыра. Але ўсе яны вызначаюцца глыбокім псіхалагізмам і душэўным драматызмам. Такія творы вартыя, каб іх чыталі і запаміналі.

Сяргей ЧЫГРЫН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыццё Юліі Пярцовай: Шчыры аповед пра сям’ю, работу і пераадоленні нягод

Жыццё Юліі Пярцовай: Шчыры аповед пра сям’ю, работу і пераадоленні нягод

У прамым эфіры тэлеканала «Беларусь-1» Юлія расказвае аб падзеях у Беларусі.

Калейдаскоп

Як добра вы памятаеце ўсе Канстытуцыі Беларусі? Тэст

Як добра вы памятаеце ўсе Канстытуцыі Беларусі? Тэст

За адно стагоддзе Беларусь жыла па пяці розных Асноўных Законах.