Вы тут

Сціраючы межы паміж пакаленнямі


Шляхі, якімі творчыя людзі ідуць у літаратуру, розныя. Чалавек, звязаны з любімай прафесіяй, як правіла, выдатна самарэалізоўваецца ў ёй. Аднак іншым разам наступае той цудадзейны момант, калі вышэй за ўсё становіцца для яго мастацкае слова, якое захоплівае так моцна, што міжволі нараджаецца паэт або празаік.


Нешта падобнае адбылося і з Тамарай Красновай-Гусачэнкай. Па сутнасці, жаданне праз прыгожае пісьменства выказваць свае пачуцці, погляд на свет і разуменне сябе ў ім праявілася яшчэ ў дзяцінстве. Памятныя і сёння тыя моманты, калі дэкламавала свае першыя радкі, у нечым наіўныя, але шчырыя, светлыя. Тады не магла ўявіць, што час і падзеі — радасныя і сумныя — ускалыхнуць, растрывожаць душу, пакуль яна складзецца як прафесійны паэт, чыё імя стане ўзорным на літаратурным небасхіле рускамоўнага свету.

Захапляючыся паэзіяй, яна адчувала і яшчэ адзін, не менш сур’ёзны талент — педагога. Стасункі з людзьмі, а тым больш з дзецьмі, разуменне іх псіхалогіі, уменне ў кожным разгледзець асобу — вось што стала асновай для паступлення Тамары Іванаўны ў педагагічную ВНУ. Прычым абраная ёю спецыяльнасць лагапеда патрабавала яшчэ больш тонкага пранікнення ва ўнутраны свет дзіцяці, якому патрабавалася асаблівая моўная дапамога. 

Дваццаць пяць гадоў работы ў дзіцячай дашкольнай установе, з іх пятнаццаць — у сацыяльнай установе для дзяцей з цяжкімі парушэннямі мовы (толькі адкрытай на той час у Беларусі) — гэта шлях фарміравання аўтарытэту Тамары Красновай-Гусачэнкі і як узроўневага кіраўніка, і як выдатнага спецыяліста (яна ўваходзіла ў групу лагапедаў, якія выпрабоўвалі першыя праграмы для работы з дзецьмі з моўнай паталогіяй).

І разам з тым верным спадарожнікам апантанага педагога было паэтычнае слова. Сцэнарыі для спецыяльных заняткаў і ранішнікаў, дзіцячых свят і гульнёвых урокаў у Тамары Іванаўны атрымліваліся ўдалымі. Розгалас пра іх разыходзіўся па ўсёй краіне, і калегі настойліва прасілі дзяліцца праграмнымі матэрыяламі. Гэта натхняла педагога больш актыўна з дапамогай паэтычных навацый займацца развіццём мовы ў дзяцей. Скарыстоўвала розныя рытмы, рыфмы, інтанацыі.

Где живу — там центр Вселенной!

Это точно! Знаю я!

Вот мое стихотворенье!

Дом мой! Родина моя!

Вельмі дакладна сказаў пра творчы падыход паэтэсы вядомы літаратуразнаўца прафесар А. Русецкі: «Т. Краснова-Гусачэнка паўстае чалавекам, улюбёным у свет прыроды роднага краю, валодае выключна тонкім і дакладным мастацкім густам, багатай моўнай палітрай, якая дазваляе ёй адлюстраваць гэта ў вершаванай форме, лёгкай, простай, даступнай і зразумелай».

Хлопьев белые снежинки

Устилают за окном

Улицы, дома, тропинки:

На прогулку мы идем.

Так, з цягам часу Тамара Іванаўна стварала ўсё больш унікальныя дапаможныя методыкі для навучання дзяцей старэйшага дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту, а таксама для іх маці, тат, бабуль, дзядуль, педагогаў, выхавальнікаў, лагапедаў, дзіцячых псіхолагаў. Гэтая дабрачынная справа ў пэўнай ступені стала сэнсам яе жыцця. Пацвярджэнне таму — кніга выбраных вершаў для дзяцей, якая нядаўна пабачыла свет у выдавецтве «Беларусь».

«Край родны, любімы» — ужо сама назва сведчыць аб тым высокім душэўным парыве, які аўтар хоча данесці чытачу. З першых старонак адчуваецца, як добра Т. Краснова-Гусачэнка разбіраецца ва ўспрыманні дзецьмі рэчаіснасці. Яна разумее, што ў такім узросце пачынаюць фарміравацца маральныя каштоўнасці, і таму важна выхоўваць уменне любіць краіну, у якой жывеш, берагчы яе прыроду, паважаць дарослых, дапамагаць ім, цаніць сяброўства.

У кнізе, а дакладней энцыклапедыі, — адзінаццаць частак. Першая з іх — «Падкажыце бабулі». Часта дарослыя не заўсёды самі правільна вымаўляюць словы, памылкова ставяць націскі. Вершаваныя падказкі, дзе пішацца літара «а» або «о», на які склад трэба паставіць націск, запамінаюцца лёгка і дапамагаюць палепшыць культуру мовы.

У сестры Агаты

Голубые бАнты!

Правило запомни ты

И не говори — БантЫ.

Далей чытач трапляе ў захапляльны свет падарожжа па порах года. Гэты цыкл адкрывае чароўная «Зіма». Прыгожымі фарбамі мастацкага слова малюе паэтэса «Вясну», «Лета», «Восень». У вершах так пранікнёна апісваецца прырода, што, здаецца, адчуваеш пахі зямлі, бачыш усе колеры вясёлкі, крочыш па мокрай ад дажджу траве або радуешся сагрэтай пацалункамі сонца зямлі.

Адначасова аўтар ставіць перад сабой і другую задачу: пазнаёміць дзяцей з карагодам хрысціянскіх, народных свят: Каляды, Новы год, Вялікдзень, Благавешчанне...

Чытаеш далей — і ўсё больш захапляешся дзіўным светам дзяцінства. І разам з тым ацэньваеш уменне спрактыкаванага педагога расстаўляць выхаваўчыя акцэнты. Самі назвы вершаў, раздзелаў нясуць у сабе пазітыўны зарад. «Дзецям пра звяроў і пярнатых», «Загадкі прыроды» — гэтыя раздзелы напоўнены любоўю да ўсяго жывога, што, безумоўна, перадаецца і юным чытачам.

Посмотри,

Какое чудо —

Этот мир

И эта жизнь!

Вершы паэтэсы таксама адметныя адлюстраваннем пазнавальных з’яў з дзіцячага жыцця: вось малыя гуляюць у хованкі, тут вучацца гатаваць, робяць зарадку, працуюць у садзе, чытаюць кнігі. У хлопчыкаў і дзяўчынак, як можна зрабіць выснову са старонак гэтай кнігі, няма дрэнных звычак. Усе яны працавітыя, акуратныя, дысцыплінаваныя, словам, тыя, з каго хочацца браць прыклад. Як вопытны педагог Тамара Іванаўна вучыць дзяцей дапамагаць старэйшым, слухацца іх, правільна прыбіраць цацкі, расстаўляць прыярытэты паміж кнігай і інтэрнэтам, выбіраць час паміж адпачынкам і працай. Кніга прасякнута жаданнем дапамагчы, разабрацца, усвядоміць. Аўтар звяртаецца да дарослых і дзяцей, сціраючы межы паміж імі, збліжаючы пакаленні.

Асабліва звяртаюць на сябе ўвагу сёмая і восьмая часткі кнігі, прысвечаныя чытанню, словаўтварэнню, так званым рэжымным момантам, што ў першую чаргу неабходна для выхавання дзяцей з моўнымі асаблівасцямі.

Кніга Т. Красновай-Гусачэнкі «Край родны, любімы» ўнесена ў школьную агульнаадукацыйную праграму па пазакласным чытанні для дзяцей малодшага ўзросту. Выданне, безумоўна, знойдзе свайго ўдзячнага чытача.

Алена СТЭЛЬМАХ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.