Вы тут

Па закінутых сцяжынах памяці


У дзень адкрыцця «Лістападзіка» ў кінатэатры «Піянер» адбыўся першы ў Мінску публічны паказ мультфільма «Прэлюдыя і фуга», створанага анімацыйным падраздзяленнем кінастудыі «Беларусьфільм». Стужка рэжысёра Ігара Воўчака была ўдастоена спецыяльнага прыза журы з фармулёўкай «За сімфонію пачуццяў». А яшчэ раней, у кастрычніку, карціна паспела стаць пераможцам у намінацыі «Найлепшы беларускі анімацыйны фільм» на XXIV Міжнародным фестывалі «Анімаёўка» ў Магілёве. Разбяромся, ці вартая стужка гэткай увагі на самай справе, ды пакапаемся ў мастацкіх тонкасцях нашумелага твора.


Імя Ігара Воўчака павінна быць добра вядома ўсім, хто цікавіцца беларускім кінематографам (і анімацыяй у прыватнасці). Неаднойчы мільгала яно і на старонках нашага выдання. Чалавек гэты па праве можа лічыцца пачынальнікам аўтарскай мультыплікацыі ў Беларусі ды найбольш буйным прадстаўніком дадзенага кірунку творчай дзейнасці. Больш за тое, Ігар Віктаравіч з’яўляецца ні больш ні менш як заснавальнікам нацыянальнай анімацыйнай школы і яе традыцый, тым чалавекам, дзякуючы якому сучасныя беларускія мультфільмы выглядаюць менавіта так, як выглядаюць…

На кінастудыю «Беларусьфільм» Воўчак уладкаваўся яшчэ ў 1968 годзе, спачатку на пасаду асістэнта мастака. Скончыўшы ў 1970-м дзяржаўную кансерваторыю па класе фартэпіяна, Ігар Віктаравіч некаторы час працягваў падпрацоўваць на студыі, але ў 1979 годзе ў мэтах, так бы мовіць, павышэння кваліфікацыі паступіў на Вышэйшыя рэжысёрскія курсы пры Дзяржкіно СССР. Праз два гады амбіцыйны творца паспяхова скончыў майстэрню Юрыя Нарштэйна — тады ўжо вядомага на ўсю краіну рэжысёра — і ўсур’ёз заняўся ўласнай творчасцю на мінскай студыі.

Кіруючыся запаветам паважанага настаўніка «здымаць “музычныя” фільмы», беларускі рэжысёр пабудаваў сваю кар’еру ў кінематографе, вытачыў уласны аўтарскі стыль. След ад тых плённых стасункаў віднеецца і ў новай карціне Ігара Воўчака — «Прэлюдыя і фуга». Перш за ўсё, назва твора працягвае своеасаблівы цыкл музычных найменняў: дагэтуль былі «Капрычыа» (1987), «Канчэрта гроса» (1989), «Скерца» (1994), «Пастараль» (1998) і з апошняга — «Ронда капрычыоза» (2014). Аднак не трэба думаць, быццам найменні гэтыя нічога не нясуць і прыдуманы толькі дзеля «разумнага» слоўца.

Капрычыа, напрыклад, з мовы музычнай тэрміналогіі перакладаецца як твор свабоднай формы. Гэткім жа чынам найпрасцей апісаць падзеі аднайменнай анімацыйнай стужкі. У сваю чаргу скерца (з італьянскай мовы scherzo перакладаецца словам «жарт») — невялікая музычная п’еса звычайна вострага характару (часта ў жвавым тэмпе), аднак галоўная асаблівасць падобных твораў у іх непрадказальнасці. Па тым жа прынцыпе пабудавана і ні на што не падобная стужка Ігара Воўчака 1994 года…

З новым мультфільмам гісторыя іншая, яго назва свядома адсылае да творчасці Іагана Себасцьяна Баха.

Вялікі нямецкі кампазітар, майстар поліфанічнай музыкі і галоўны аматар фармату «Прэлюдыя і фуга» з’яўляецца яшчэ адной сувязной нітачкай паміж Ігарам Воўчакам і яго славутым настаўнікам Юрыем Нарштэйнам. Знакамітая восьмая «Прэлюдыя і фуга» з першага тома бахаўскага «Добра тэмпераванага клавіра» праходзіць скразным матывам у бадай найбольш вядомым творы Юрыя Барысавіча, агульнапрызнаным анімацыйным шэдэўры — «Казцы казак» 1979 года. Гэткім жа чынам і апошняя стужка Ігара Воўчака выбудоўваецца вакол музыкі класіка, да якога рэжысёр, як відаць, ставіцца з вялікім піетэтам…

Хлопчык (трэба думаць сам Ігар Віктаравіч) з піянерскім гальштукам на шыі і партфелем у руках крочыць кудысьці па шумных вуліцах вялікага горада, у сілуэтах якога лёгка пазнаецца сталіца Беларусі, каб пасля непрацяглага шпацыру ўсесціся за клавіятуру вялікага піяніна і апынуцца ў палоне старых успамінаў. Некалькі знаёмых нот адразу абуджаюць у свядомасці дзіцяці вобразы, захаваныя на падкорцы, і адпраўляюць яго дух у вялікую вандроўку па закінутых сцяжынах памяці. Уласцівасць музыкі фіксаваць асобныя моманты жыцця лепш, чым з тым спраўляецца фотаапарат, добра вядома, і чытачам нашым, упэўнены, таксама павінна быць зразумелай.

Хлопчык згадвае Ташкент, кварталы саманных дамоў, глыбокія тандырныя печы і прыгатаваныя ў іх стравы. Заходняя музычная класіка паступова перацякае ў фактурныя арыентальныя матывы, а каляровая гама з халаднаватай шызай змяняецца на цёплую пясочную… Тут нельга не згадаць, што Ігар Воўчак нарадзіўся ў Ташкенце і да сямі гадоў жыў ва Узбекістане. Потым, у 1953 годзе, сям’я перабралася ў Мінск. Уласна кажучы, пра адчуванні і эмоцыі, якія давялося перажыць рэжысёру, і апавядае яго новы кароткаметражны фільм. Карціна атрымалася вельмі асабістай, шчырай і таму кранальнай.

Дык вось, Ташкент, цеплыня, музыка… А потым гудок цягніка і мерны стук колаў пад цяжарам гружаных вагонаў — між іншым, улюбёны мультыплікатарам вобраз, які праходзіць лейтматывам амаль праз усе значныя творы (цяпер паходжанне яго і сапраўдны сэнс сталі куды больш зразумелымі). Затым герой, як ад сну, прачынаецца, і мы бачым, што за клавіятурай піяніна сядзіць зусім не школьнік, а глыбока пажылы чалавек з сівой галавою і вільготнымі вачыма…

Мікіта ШЧАРБАКОЎ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.