Вы тут

Гімназія № 41 пераехала ў новы будынак. Яе адкрылі Качанава і Кухараў


Сталічная гімназія № 41 імя В.Сярэбранага пасля пераезду адкрылася сёння па вул. Чурленіса, 18, перадае БелТА.


Фота: pixabay.com

Дзверы новай навучальнай установы расчынілі старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава і старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў.

«Дзеці і моладзь — самае галоўнае для краіны. Мы разумеем, што за імі будучыня, пасля яны будуць кіраваць нашай цудоўнай краінай. Ім і іх адукацыі ўдзяляюць шмат увагі, у тым ліку кіраўнік дзяржавы заўсёды ставіць сур’ёзныя задачы па ўдасканаленню матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў, зместу падручнікаў, — сказала Наталля Качанава. — У гімназіі, якія адкрылася сёння, створаны цудоўныя ўмовы не толькі для вывучэння прадметаў, але і для рэалізацыі сваіх творчых і спартыўных здольнасцей. Педагагічны склад, навучэнцы заслужылі такія ўмовы. Тут вучыцца шмат дзяцей, якія атрымліваюць стыпендыі Прэзідэнта. Гэта сведчыць у тым ліку аб тым, што ў навучальнай установе працуе цудоўны калектыў педагогаў, якія вучаць дзяцей і фармуюць у іх асобу».

Старшыня Савета Рэспублікі ацаніла работу будаўнікоў, пажадала поспехаў у навучанні і жыцці вучням і педагогам гімназіі. «Мы хочам, каб вам было камфортна працаваць і вучыцца, але і ад вас хочацца папрасіць шанаваць тое, што для вас робіць старэйшае пакаленне», — падкрэсліла яна.

Гімназія нумар 41 носіць званне адной са старэйшых і паспяховых навучальных устаноў у сталіцы. Яе вучні штогод удзельнічаюць у міжнародных алімпіядах па матэматыцы, хіміі, інфарматыцы. Гэта, як і шмат іншага, дазволіла ўстанове з 2015 па 2017 і ў 2020 годзе заняць першае месца ў рэйтынгу сталічных гімназій.

«Практычна кожны чалавек і арганізацыя вырастае ў сваёй вобласці, дасягае поспеху і ў гэты перыяд важна пашыраць гарызонты. Мы гэта зрабілі, пераехаўшы ў новы будынак. Тут створаны цудоўныя ўмовы для ўсебаковага развіцця дзяцей, што дапаможа нам дабівацца яшчэ большых вышынь у навучанні сталічных хлопчыкаў і дзяўчынак», — падзялілася дырэктар школы Мар’яна Скакун.

Паводле слоў кіраўніка, каб дабіцца поспехаў у навучанні, неабходна спалучэнне трох элементаў. Гэта высокакваліфікаваныя педагогі, якія правільна ўсведамляюць мэты навучальнай установы і калектыва, любяць сваю справу. Другое — здольнасці і матываванасць навучэнцаў, якія павінны быць зацікаўлены ў тым, каб атрымліваць новыя веды, вывучаць прадметы дасканала. А настаўнікі абавязаны ствараць ім камфортнае адукацыйнае асяроддзе, бачыць іх здольнасці і дапамагаць у навучальным працэсе. Трэцяе — умовы, якія не павінны абмяжоўвацца сценамі і партай. «Мы павінны крочыць у нагу з часам, выкарыстоўваць найноўшыя тэхналогіі, інтэрактыўныя сродкі навучання, ствараць сучаснае асяроддзе, і новая школа ўсяму гэтаму адпавядае», — падкрэсліла яна.

Ва ўстанове адукацыі будзе працаваць 60 супрацоўнікаў, з якіх 42 высокакваліфікаваныя спецыялісты. Яны будуць навучаць 1240 навучэнцаў. Для хлопчыкаў і дзяўчынак, якія будуць наведваць гімназію, пабудаваны і абсталяваны ўсім неабходным сучасныя навучальныя кабінеты і лабараторыі, інфармацыйна-тэхнічны цэнтр і агульнашкольны цэнтр з актавай залай і пакоем грамадскіх арганізацый, лекцыйныя залы. Для развіцця творчых здольнасцей створаны памяшканні для эстэтычнага выхавання і гуртковай работы, музей і шматлікія рэкрэацыйныя зоны. А для ўмацавання фізічнага здароўя абсталяваны вучэбна-спартыўныя залы, цір на чатыры стралковыя месцы, басейн з дзвюма чарамі на 50 і 20 чалавек, лыжная база.

Што немалаважна, у гімназіі таксама створаны ўмовы для вучняў з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі: будынак абсталяваны пад’ёмнай платформай, аснашчаны пандусамі і камерамі відэаназірання для арганізацыі бяспечнага знаходжання вучняў.

У першую чаргу ў новы аб’ект пераедуць навучэнцы і педагагічны калектыў гімназіі нумар 41, але да пачатку навучальнага 2022/2023 года ў школу змогуць прыйсці хлопчыкі і дзяўчынкі і з бліжэйшых дамоў, замацаваных за ўстановай адукацыі.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?