Вы тут

Медальныя скарбонкі папаўняюцца


У традыцыйным аглядзе «Звязды» дзелімся добрымі спартыўнымі навінамі.


Героі тыдня. Беларускія біятланісты выступілі на пятым этапе Кубка свету ў нямецкім Абергофе. Дзінара Алімбекава заняла трэцяе месца ў гонцы пераследу. Пры двух промахах на чатырох агнявых рубяжах алімпійская чэмпіёнка ўступіла 42,7 секунды лідару агульнага заліку нарвежскай біятланістцы Марце Алсбю-Ройселан. Пераможца паказала вынік 33 хв.18,8 сек., дапусціўшы два промахі на стрэльбішчы. Гэта першы асабісты п'едэстал Дзінары ў сезоне. Раней яна пяць разоў займала чацвёртыя месцы ў асабістых гонках. Цяпер у яе актыве 418 балаў, што дазваляе алімпійскай чэмпіёнцы занімаць 3-е месца ў агульным заліку Кубка свету.

Ганна Сола сталая сярэбраным прызёрам у спрынтарскай гонцы на 7,5 км з двума агнявымі рубяжамі. Дыстанцыю яна пераадолела за 23 хв. 37,2 сек., дапусціўшы два промахі на агнявых рубяжах. Ганна мае 374 балы і займае шостую пазіцыю ў агульным заліку Кубка свету.

У Абергофе беларускія біятланісты Мікіта Лабастаў, Антон Смольскі, Дзінара Алімбекава і Ганна Сола занялі другое месца ў змяшанай эстафеце. Падчас дыстанцыі беларусы ўвесь час знаходзіліся ў лідарах і на васьмі агнявых рубяжах выкарысталі ўсяго пяць дадатковых патронаў. Асабліва вызначылася Ганна Сола, якая пачала заключны этап, адстаючы ад лідараў на паўхвіліны. Яна здолела адыграць 11 секундаў, але падчас апошняй стральбы са становішча стоячы дапусціла два промахі, што не дазволіла ёй прэтэндаваць на перамогу. У выніку беларусы паказалі вынік 1 гадзіна 29 хв. 14,5 сек.

Наступны этап Кубка свету па біятлоне з 12 да 16 студзеня будзе прымаць нямецкі Рупольдынг.

Прарыў тыдня. Тэнісістка Аляксандра Сасновіч пераадолела 30 пазіцый у абноўленым рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA). Беларуска паднялася са 107 на 77 месца. Прычынай такога прарыву стала яе выступленне на турніры ў Мельбурне, дзе яна дайшла да фіналу. У фінальным матчы Аляксандра Сасновіч уступіла прадстаўніцы ЗША Амандзе Анісімавай (78-ы нумар рэйтынга) з вынікам 7:5, 6:1, 4:6. У кар'еры Аляксандры гэта трэці фінал на турнірах WTA.

Медалі тыдня. Беларускія канькабежкі Ганна Ніфантава, Марына Зуева і Кацярына Слоева занялі другое месца ў камандным спрынце на чэмпіянаце Еўропы ў Херэнвене. Вынік беларусак — 1 хв. 31,18 сек. Яны ўступілі толькі прадстаўніцам Польшчы.

Аб'ява тыдня. Кантынентальная хакейная ліга выступіла з афіцыйнай заявай аб эпідэмічнай сітуацыі ў клубах. Па стане на раніцу 8 студзеня ў трох клубах КХЛ («Аўтамабіліст», Екацярынбург, «Салават Юлаеў», Уфа і ЦСКА, Масква) ПЛР-тэсты на каранавірус паказалі станоўчы вынік у вялікай колькасці хакеістаў і прадстаўнікоў клубаў. Найбліжэйшыя матчы з удзелам гэтых камандаў адменены. У КХЛ адзначылі, што галоўная задача — не дапусціць масавай успышкі захворвання па ўсёй лізе, захаваць здароўе ўдзельнікаў, скончыць чэмпіянат, правесці плэй-оф і вызначыць пераможцу. Будуць праводзіцца матчы тых камандаў, у якіх эпідэмічная абстаноўка застаецца стабільнай. КХЛ правяла некалькі экстранных нарад, дзе абмеркавала розныя варыянты развіцця падзей. Канчатковае рашэнне будзе вядомае пазней, калі ліга правядзе сумесную нараду з клубамі, сказана ў заяве КХЛ.

Валерыя СЦЯЦКО

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.