Вы тут

Падведзены вынікі галоўнага турыстычнага конкурсу «Пазнай Беларусь»


Падведзены вынікі галоўнага турыстычнага конкурсу «Пазнай Беларусь». Сярод яго задач — стварэнне станоўчага іміджу Рэспублікі Беларусь, прыцягненне насельніцтва да актыўнага спосабу жыцця, папулярызацыя спадчыны і заахвочванне гульцоў турыстычнай індустрыі. Да яго далучаюцца санаторыі, аграсядзібы, музеі, турыстычныя кампаніі, экскурсаводы, атэлі, базы адпачынку; прадстаўнікі творчых прафесій, дзеці і моладзь. Конкурс ладзіцца з 2002 года. Летась была пададзена рэкордная колькасць заявак — 1355 у 13 намінацыях. Такая папулярнасць ХІХ рэспубліканскага галіновага конкурсу сведчыць пра тое, што, нягледзячы на складаную эпідэмічную сітуацыю, беларусы працягваюць падарожнічаць і адкрываць для сябе раней неспазнаныя гарады і мястэчкі, іх культуру і гісторыю. Так, толькі на намінацыю «Я пазнаю Беларусь», дзе выбіраюцца самыя актыўныя падарожнікі, паступіла 154 заяўкі.


Эфектыўна спрацавалі санаторыі, ім нават удалося прыняць гасцей больш, чым у даволі ўдалым, даковідным 2018 годзе. Менавіта медыцынскі, а таксама паляўнічы турызм у нашай краіне, нягледзячы на пандэмію, увесь гэты час працягваў працаваць без такіх сур'ёзных каранцінных абмежаванняў, як у іншых краінах. Але сёння, каб атрымаць званне найлепшага санаторыя краіны, установам ужо недастаткова проста прадставіць лічбы па запаўняльнасці. Сярод крытэрыяў, на якія звяртала ўвагу журы, — удзел у выстаўках і прэзентацыях, адукацыйных праграмах, рэкламна-інфармацыйных мерапрыемствах, кваліфікацыя супрацоўнікаў, даступнасць для асоб з інваліднасцю. Не менш жорсткімі былі патрабаванні пры выбары атэляў, аграсядзіб, турыстычных кластараў.

Як заўважыў намеснік міністра спорту і турызму Міхаіл Партной, конкурс дазваляе на працягу года вызначыць найбольш крэатыўных прадстаўнікоў турыстычнай галіны, якія жывуць сваёй справай і нават у складаны час прасоўваюць цікавыя ідэі.

Для Беларусі пандэмія стала часам пераасэнсавання сваіх набыткаў, пошуку новых падыходаў, павышэння кваліфікацыі (калі рыхтаваліся экскурсаводы і гіды-перакладчыкі), стварэння разнастайных унутраных маршрутаў.

Знаёмства з адзначанымі журы ўдзельнікамі конкурсу — арыенцір для будучых вандровак. Шмат хто ўжо паспеў пабываць у Міры, але ці зазіралі вы ў невялікі прыватны музей «Мірскі пасад»? Згаданая ўстанова працуе ўжо 13 гадоў, у ёй можна даведацца цікавыя факты з жыцця гарадскога пасёлка, яўрэйскай гісторыі. Тут нават ёсць рэчы з Мірскага замка. Справа ў тым, што ў самім замку людзі жылі сем'ямі ў пасляваенныя гады, пераязджаючы адтуль некаторыя прадметы, з якімі замкавыя «кватаранты» ўжо зжыліся, яны забіралі з сабой, а сёння некаторыя з тых рарытэтаў могуць выстаўляцца на продаж. Цэны на іх немалыя, але гаспадар невялікага «Мірскага пасада» па магчымасці стараецца іх выкупляць, каб праз энергетыку гэтых рэчаў перадаць наведвальнікам гісторыю гарадскога пасёлка.

Гаспадар аграсядзібы і музея «Мірскі пасад» Віктар Сакель шчыра прызнаецца: вельмі прыемна, што зробленую ім работу заўважылі. Для яго адкрыццё такога пазнавальнага праекта стала ажыццяўленнем мары, бо гісторыяй ён захапляўся яшчэ са школы. Маленькі, але вельмі змястоўны музей — гэта цудоўная магчымасць дзяліцца сваімі адкрыццямі і вучыць людзей захапляцца асяроддзем, у якім яны жывуць. Музей пачаў карыстацца папулярнасцю не толькі месцічаў, сюды прывозяць групы турыстычныя кампаніі. Гасцям падабаецца, што любую рэч можна патрымаць у руках, сфатаграфавацца з ёй, ад чаго ў асаблівае захапленне прыходзяць дзеці (сярод наведвальнікаў тут бываюць і выхаванцы дзіцячых садкоў). Віктар Янавіч упэўнены, што музеі спрыяюць папулярызацыі гарадоў і мястэчак. І гарадскому пасёлку не пашкодзіць, калі такіх устаноў будзе пяць ці шэсць. Кожная з іх будзе дапамагаць адкрываць мясціну з новага боку — як праз рэчы, так і праз веды і погляды людзей, што там будуць працаваць.

Сапраўды, у апошнія гады менавіта дзякуючы такім ідэям унутраны турызм пачаў актыўна развівацца. Работнікі музеяў, экскурсаводы і гаспадары сядзіб ствараюць тое, чаго раней не было, альбо ўдыхаюць новае жыццё ў прызабытыя традыцыі. Менавіта з іх захапленняў у многіх турыстаў вырастае цікавасць да Беларусі.

Гаспадар аграсядзібы «Стары шлях» Аляксандр Дударэнка прапануе гасцям сон... на пчаліных вуллях. І запэўнівае, што апітэрапія (у прыватнасці, лячэнне з дапамогай укусаў пчол) — гэта не выдумка. Усур'ёз заняцца пчоламі ён вырашыў, каб дапамагчы сваёй маці, і ў жанчыны сапраўды перасталі балець каленныя суставы. У вясковым медыцынскім турызме ён зусім нядаўна. І развіваць сваю справу пачаў на аснове хаты яго дзеда з бабай, якая стаіць на Старым шляху. Так месцічы называюць дарогу, што ішла на Брэст, да таго як пралажылі «бетонку».

Яшчэ адзін старадаўні шлях — Ігуменскі тракт — аблюбавалі гаспадары новага кластара прысталічча. Адна з яго ўдзельнікаў Ларыса Хмяльніцкая прыкладае шмат намаганняў, каб паказаць, наколькі цікавым можа быць падарожжа па Ігуменскім тракце, рыхтуе маршруты, шукае новыя аб'екты, якія могуць далучацца, каб вандроўка станавілася яшчэ больш насычанай, разнастайнай. З кожным годам маршрут будзе прырастаць новымі пунктамі прыцягнення. Ужо сёння ён аб'яднаў з дзясятак творчых асоб. І менавіта людзі — галоўная адметнасць маршруту, бо кожны чалавек прыўносіць свае ідэі, крэатыў, уменні. А ў постковідным турызме зносіны і эмоцыі становяцца важным складнікам у аграэкатурызме. Сёння вандроўнік у прысталіччы можа даведацца больш пра кавальства ці рыцарскую тэматыку, далучыцца да аматараў актыўнага, экалагічнага спосабу жыцця. Натуральна, у гэтыя святочныя дні тут рыхтуюць святочныя праграмы.

Адна з сядзіб, якая развівае турызм Міншчыны, — «На славу». Гэта сямейны праект, дзе гаспадары дзеляцца сваімі ўменнямі. Таму і чакаюць тут менавіта сямейныя групы (і нават карпаратывы раюць адзначаць са сваімі палавінкамі і дзеткамі). Разьбярства, кулінарныя майстар-класы, ферма са слімакамі — далёка не ўсе цікавінкі ад гаспадароў.

Сярод адзначаных мясцін адпачынку — сядзіба Дудзіка (вёска Залахвенне, Быхаўскі раён), «Утрына» (Маргі, Глыбоцкі раён), «У хутарской цішы» (Вішневічы, Ваўкавыскі раён), «Краіна мар» (Хралы, Глыбоччына), «Дранік-лэнд» (Церуха, Гомельскі раён), кластары «Церам забаў» (Шчучынскі раён), «Сырны» (Слаўгарадскі раён).

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Пункты прыцягнення, або Хто адкрывае Беларусь

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».