Вы тут

Валянцін Семяняка: Перазагрузка дзяржавы павінна ісці эвалюцыйным шляхам


Старшыня Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, член Канстытуцыйнай камісіі падзяліўся ўласным бачаннем тых працэсаў, дзякуючы якім Беларусь чакаюць сапраўды глабальныя пераўтварэнні. Менавіта так ацэньвае Валянцін Семяняка сучасны этап развіцця краіны. На яго думку, у беларусаў з'явіўся рэальны шанц перазагрузіць дзяржаўную сістэму, і гэтым шанцам неабходна скарыстацца.


— Валянцін Міхайлавіч, падчас вашай сустрэчы з актывам Гродна вы зрабілі акцэнт на перазагрузцы нашага грамадства пасля прыняцця новага праекта Канстытуцыі. Чаму вы так лічыце?

— Галоўныя два моманты. Па-першае, сёння беларускаму грамадству прапаноўваецца цывілізаваны пераход на новы ўзровень дзяржаўных адносін. Гэта значыць, перазагрузка ўсяго дзяржаўнага апарату мірным шляхам, што вельмі важна для беларусаў, якія шукаюць і знаходзяць правільныя рашэнні. Рознага роду рэвалюцыі — каляровыя, аранжавыя — як правіла, пагражаюць дзяржаўнасці, зніжаюць узровень дабрабыту насельніцтва, разбураюць эканамічныя і палітычныя сувязі.

Наступны момант. На ўсіх этапах работы над праектам Канстытуцыі мы раімся з людзьмі. Для нас важна, з аднаго боку, данесці сваю думку, з другога — пачуць меркаванні людзей. Такім чынам, даём магчымасць нашым грамадзянам удзельнічаць у палітычным дыялогу. І ў выніку дыялогу можам знайсці кансэнсус. На дадзеным этапе важна данесці філасофію, ідэалогію, якая закладзена ў змяненнях і дапаўненнях. А менавіта тое, што перазагрузка фармату розных галін улады вядзецца з мэтай збалансаваць і вывесці на новы ўзровень адносіны паміж выканаўчай і заканадаўчай уладамі, паміж цэнтрам і рэгіёнамі, паміж мясцовай уладай і грамадзянамі. Праз абмеркаванне праблемных момантаў вядзецца калектыўны пошук выхаду са складзенай сітуацыі.

— Чым абумоўлена распрацоўка дапаўненняў і змяненняў у Канстытуцыю менавіта на дадзены момант? Чаму гэта адбываецца зараз, а не пазней і не раней?

— Новы праект вельмі добра кладзецца на пяцігадовы план. Калі мы паспяхова рэалізуем канстытуцыйную рэформу і за два гады прывядзём у адпаведнасць з Канстытуцыяй заканадаўчую базу, будзем гатовы да фарміравання новых органаў — прэзідэнта, парламента, Усебеларускага народнага сходу, урада. І, магчыма, на наступную пяцігодку ўжо на новай заканадаўчай базе будзем працаваць па рэалізацыі тых праграм, якія на гэту пяцігодку прымаюцца.

Верагодна, падзеі 2020 года нейкім чынам паўплывалі на гэтыя працэсы. Але на той момант прымацца за распрацоўку новай Канстытуцыі наўрад ці было мэтазгодным, бо захлыналі эмоцыі.

— Мы становімся сведкамі таго, што работа над змяненнямі і дапаўненнямі ў Канстытуцыю пераходзіць у актыўную фазу ўсенароднага абмеркавання. А як вы ацэньваеце актыўнасць грамадзян падчас падрыхтоўкі новага праекта Канстытуцыі?

— У перыяд работы над праектам паступала тысячы прапаноў. Увогуле, увесь працэс падрыхтоўкі новага праекта ішоў з удзелам грамадзян: і на этапе збору прапаноў, і на этапе работы Канстытуцыйнай камісіі, і пры іх апрацоўцы. Вельмі важна ў гэты час весці дыялог, каб ён у поўнай ступені адлюстраваў пажаданні беларусаў. Тыя навацыі, якія там закладзены, дадуць магчымасць не проста пераадолець нейкія крызісныя з'явы ў нашым грамадстве, але і ўпэўнена развівацца.

— І надалей работа будзе скіравана на дыялог з грамадствам?

— На гэта скіравана восем асноўных раздзелаў новага праекта. Тут унесены нормы, якія сапраўды дазваляюць арганізаваць шырокі грамадскі дыялог. У пераходных нормах сказана, што на працягу двух гадоў мы павінны перазагрузіць усю заканадаўчую сістэму. Законы чакаюцца рэзанансныя: гэта Выбарчы кодэкс, Закон аб Усебеларускім сходзе, аб мясцовым самакіраванні і многія іншыя. За два гады, згодна з новай Канстытуцыяй, нам гэту работу прыйдзецца правесці. Шырокае абмеркаванне будзе праходзіць па кожным з гэтых законаў. Менавіта ў іх атрымаюць далейшае развіццё ідэі, якія закладваліся ў Асноўны Закон.

— Ці адчуюць дэпутаты, у тым ліку дэпутаты парламента, узмацненне сваёй улады і магчымасцяў?

— Сёння ў парламента нямала паўнамоцтваў. Кожны квартал мы рыхтуем справаздачы па рабоце і інфармуем урад, Адміністрацыю Прэзідэнта аб праблемах, якія існуюць. Права заканадаўчай ініцыятывы ніхто не забіраў, яго можам у поўнай ступені рэалізаваць. Тое ж і з прыняццем законаў.

Разам з тым нашы паўнамоцтвы будуць пашыраны. І мы да гэтага гатовы, як і да адказнасці, якая прадугледжвае іх пашырэнне. У сувязі з гэтым працуем у цесным узаемадзеянні з урадам. Віцэ-прэм'еры пастаянна выступаюць перад парламентам са справаздачамі. Ставім перад урадам розныя пытанні, у тым ліку праблемныя, каб агульна іх вырашаць. Напрыклад, мае выбаршчыкі агучылі праблему, звязаную з выдзяленнем субсідый для шматдзетных сем'яў. Аказалася, існуючая да нядаўняга часу практыка «вымывае» маладыя сем'і з сяла. Я паставіў пытанне перад профільным віцэ-прэм'ерам. У выніку з 1 студзеня ўступілі ў сілу змяненні па субсідзіраванні жылля для шматдзетных сем'яў у сельскай мясцовасці. Як бачыце, усё магчыма, галоўнае — каб дэпутаты актыўна карысталіся сваімі правамі.

Што датычыць работы над праектам Канстытуцыі, парламентарыям давялося разгледзець тысячы прапаноў ад калектываў і грамадзян. Штодзень каля сотні зваротаў паступала толькі на інтэрнэт-партал Палаты прадстаўнікоў. Праўда, многія не датычыліся Канстытуцыі. Між тым усе прапановы прыняты да ўвагі, не сышлі ў нябыт, а накіраваны ў профільныя камісіі для далейшага разгляду на заканадаўчым узроўні.

— На якія моманты часцей за ўсё звярталі ўвагу беларусы ў сваіх прапановах адносна новай Канстытуцыі?

— Многія пісалі аб неабходнасці захавання гістарычнай памяці беларускага народа. Гэта знайшло адлюстраванне ў праекце. У артыкуле 15 замацавана палажэнне аб тым, што забяспечваецца захаванне гістарычнай праўды і памяці беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Мабыць, нашы ветэраны не думалі, што гэты пасыл давядзецца абараняць у Асноўным Законе. Але такая сітуацыя стала магчымай на фоне розных выказванняў аб тым, што вайна — гэта не так і страшна. Мы пайшлі на тое, каб абараніць скіраванасць краіны на мірны шлях развіцця. Разам з тым выкраслілі норму аб нейтралітэце, а замянілі тым, што Беларусь можа выкарыстоўваць калектыўную абарону для захавання суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці краіны.

— Згодна з праектам Канстытуцыі, Беларусь застаецца прэзідэнцкай рэспублікай. У той час вельмі шмат паўнамоцтваў атрымлівае Усебеларускі сход. Ці няма ў гэтым супярэчлі-
васці?

— Няма. Мы пакідаем прэзідэнцкую рэспубліку. Калі гаварыць проста, у нас суперпрэзідэнцкая рэспубліка. Па Канстытуцыі 1996 года мы падтрымалі даволі значныя паўнамоцтвы Прэзідэнта. Зараз, будзем гаварыць шчыра, узнікае небяспека, ці здужае новы Прэзідэнт з гэтымі паўнамоцтвамі справіцца, ці не будзе ён імі злоўжываць. Таму ствараецца такі орган, які пры неабходнасці зможа спыніць Прэзідэнта ажно да імпічменту. Гэта прадстаўнічы орган, з удзелам 1200 чалавек, які выбіраецца тэрмінам на пяць гадоў. Наўрад ці такой колькасцю можна маніпуліраваць. І апошні Усебеларускі сход якраз гэта і паказаў. Дэбаты ішлі ў адкрытым фармаце, не кажучы пра кулуары. Таму гэта вельмі правільна, што ствараюцца дзве галіны ўлады, якія будуць дапаўняць адна адну, узаемадзейнічаць і пры неабходнасці стрымліваць.

— Ці ішла гаворка пра парламенцкую рэспубліку падчас работы над абнаўленнем Канстытуцыі?

— Такія прапановы былі, хаця і няшмат. Але мы арыентаваліся перш за ўсё на большасць, у тым ліку на сацыялагічныя апытанні. А яны схіляюцца да прэзідэнцкай рэспублікі. Разам з тым сёння мы закладваем у Канстытуцыю сістэму ўзаемадзеяння розных галін улады. Грамадзяне згодны з тым, каб рэспубліка была прэзідэнцкай, але павінен быць прадстаўнічы орган, які мог бы стрымліваць Прэзідэнта ў некаторых яго дзеяннях. Гэта свайго роду ахоўная грамата для грамадства. І такія паўнамоцтвы перадаюцца Усебеларускаму народнаму сходу.

— Які, на ваш погляд, важны прагрэсіўны аспект можна адзначыць у новым праекце Асноўнага Закона. Магчыма, тое, што дапаможа вырашаць складаныя пытанні?

— Я б назваў у гэтым плане новую пазіцыю Канстытуцыйнага Суда. У прыватнасці, яму даецца права канстытуцыйнага кантролю за выкананнем усіх заканадаўчых нарматыўных актаў на тэрыторыі дзяржавы, у тым ліку і па індывідуальных скаргах грамадзян.

У маёй дэпутацкай рабоце неаднаразова ўзнікалі праблемы, звязаныя з судовай практыкай. Чалавек, напрыклад, не згодны з рашэннем суда. Калі я пачынаю кансультавацца з юрыстамі, мне кажуць: суд паступіў правільна, а вось закон не зусім справядлівы. Цяпер мы прапануем увесці норму, па якой і суд, які разглядае справу, і грамадзянін, які ў ёй удзельнічае, зможа звярнуцца ў Канстытуцыйны Суд са скаргай на той закон, па якім яго судзілі. У выпадку, калі закон будзе прызнаны неадпаведным Канстытуцыі, Канстытуцыйны суд мае права накласці забарону на гэты закон і накіраваць яго на перагляд. Такая форма, лічу, даволі прагрэсіўная.

Узмацняюцца кампетэнцыі ўрада і прэм'ер-міністра. Цяпер Савет Міністраў будзе кіраваць сістэмай мясцовых выканаўчых і заканадаўчых органаў. Гэта вельмі правільна. Бо вертыкаль існуе, але канстытуцыйна не аформлена. Раней гэту функцыю браў на сябе Прэзідэнт.

— А што наконт рэферэндуму? Як мы будзем галасаваць? Па старых законах ці па новых?

— Па выбарчай сістэме прапаноўваем выключыць палажэнне аб тым, што ў галасаванні не прымаюць удзел асобы, якія знаходзяцца пад вартай, але рашэння суда пакуль няма. Такія асобы, на наш погляд, павінны прымаць удзел у галасаванні. Дадалі вылучэнне кандыдатаў палітычнымі партыямі і выключылі вылучэнне грамадскімі арганізацыямі. Па-ранейшаму сваіх кандыдатаў у дэпутаты змогуць вылучаць працоўныя калектывы. Рэферэндум па праекце Канстытуцыі мае адбыцца ў канцы лютага.

— Ці павінны вывешвацца пратаколы галасавання?

— Калі закон патрабуе, каб яны вывешваліся, патрэбна. Лічу, што пратаколы вывешваць трэба, паколькі у Выбарчым кодэксе гэта прапісана. Будзем настойваць на тым, каб рабіць гэта.

— І апошняе. Чаму важна прыйсці на рэферэндум?

— Рэферэндум адбудзецца тады, калі на ўчасткі для галасавання прыйдзе больш чым палова грамадзян, якія ўнесены ў спіскі. Пытанне лічыцца прынятым, калі за яго прагаласавала больш чым палова выбаршчыкаў.

Вельмі важная свядомая пазіцыя грамадзян у адносінах да гэтага працэсу. Мы сапраўды хочам пераўтварэнняў, не кажам, што нас усё задавальняе і нічога не трэба мяняць. Гэта не так. Менавіта рэферэндум і можа пачаць гэты працэс. Літаральна за два гады павінны прывесці ў адпаведнасць з Канстытуцыяй і многія іншыя нарматыўныя дакументы.

Чаму зараз важна, каб беларусы прыйшлі на рэферэндум і мы змаглі выпрацаваць той варыянт змяненняў, які б задаволіў большасць нашых грамадзян? Бо калі гэтага не адбудзецца, прыйдзецца зноў таптацца на месцы, час будзе згублены. Зараз жа прапаноўваецца найбольш перспектыўны алгарытм: праводзім рэферэндум, потым два гады працуем над змяненнем заканадаўчай базы, перазагружаем і на гэтай аснове выходзім на новыя адносіны — міждзяржаўныя, міжасабовыя. Гэта найбольш аптымальная дарожная карта, якую трэба прыняць і па ёй рухацца далей. Сёння мы ідзём па шляху перамен, рэальных перамен. Пацвярджаем гатоўнасць да перамен і праводзім іх цывілізаваным, законным шляхам. І гэта вельмі важна. Запатрабаванасць на гэтыя змяненні ёсць. Але трэба перазагрузіць нашу сістэму шляхам менавіта эвалюцыйным, а не рэвалюцыйным. І рэферэндум — спосаб не толькі правільны і законны, але яшчэ і самы аптымальны ва ўмовах сусветнага крызісу і таго ціску, які аказваецца на нашу краіну.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?