Вы тут

Беларускі народны каляндар на 2022 год


У народным календары захаваны прыродна-храналагічныя веды народа. У аснове — хранонімы (памятныя дні), якія зафіксаваны ў вуснай народнай творчасці беларусаў. Сістэматызаваны беларускі народны каляндар у складзе з велікодна-валачобнымі песнямі, якія ў строгай храналагічнай паслядоўнасці апісваюць традыцыйныя прысвяткі і святы, у тым ліку тыя, што закансерваваліся ў непараўнальных паэтычных узорах як навагоддзі/навалецці, з'яўляецца нашым шэдэўрам і фенаменальнай з'явай сусветнай нематэрыяльнай культуры. Акрамя таго, валачобныя песні, што выконваліся на Вялікдзень, тагачасны Новы год/лета, уяўляюць сабой паэтычны каляндар, падобнага якому няма сярод традыцый народаў зямлі.


Фота Анатоля Клешчука

У народным календары на 2022 год прадстаўлены асноўныя святы і прысвяткі з кароткімі тлумачэннямі, прыкметамі, прымаўкамі, урыўкамі з валачобных песень і г. д. Дні, якія адзначаюць беларусы-католікі, выдзелены курсівам. Зорачкай /*/ пазначаны святы рухомай царкоўнай пасхаліі, што не маюць сталага месца ў годзе.

У наступным, 2023, годзе па каталіцкай пасхаліі Вялікдзень (Пасха) 9 красавіка, а па праваслаўнай — 16 красавіка.

Умоўныя абазначэнні: п — панядзелак, а — аўторак, с — серада, ч — чацвер, пт — пятніца, сб — субота, н — нядзеля. Асобныя астранамічныя звесткі, што падаюцца, адносяцца да Мінска. Больш падрабязна пра значэнне хранонімаў календара можна прачытаць у А. Лозкі «Беларускі народны каляндар» (Мінск, 1993, 2002) і інш.


Студзень

1. сб. Новы год. ВКЛ перайшло на студзеньскі стыль у 1550 г., Расія — у 1700 г.

6. ч. Першая, Посная куцця. Перадкалядная вячэра. Які дзень, такі і год. Богаз'яўленне, Тры Каралі. Католікі праводзілі маскіраваны абрад «Тры каралі», або «Гэроды».

7. пт. Раство Хрыстова. Пачатак Каляд. «Ой, Калядачкі, бліны-ладачкі...». Калядавалі. Насілі «звязду». Паказвалі батлейку, праводзілі ігрышчы («вадзілі казу», «жанілі Цярэшку», «пяклі ката», гулялі ў «Яшчура» і інш.).

9. н. Сцяпан. Даўней дзень найму слуг, батракоў на год. «На святога Сцяпана вышэй слуга за пана».

13. ч. Шчодрая куцця. Пачатак Шчодрага тыдня. «Мароз, хадзі куццю есці».

14. пт. Васілле. Новы год па праваслаўным календары. «Сею, сею пасяваю, з Новым годам вас вітаю».

18. а. Трэцяя, Галодная, Вадапосная куцця. Апошнія дні Каляд. «Каляда ад'язджае».

19. с. Вадохрышча (Кшчэнне). «Святое Кшчэнне ваду ксціла..., свет ачысціла і ваду наверх пусціла», «На Вадохрышча завіруха — на Вялікдзень таксама».

20. ч. Прывадохрышча — заканчэнне Каляд. Пачатак Малой вясельніцы (да посту).

24. п. Аксіння. «Аксіння дарогу перамяце, а корм падмяце». Фядос. «На Фядоса цёпла».

25. а. Таццяна. Свята студэнтаў. Павел. «Вее вецер — будзе вайна».

31. п. Апанас, Гусінае свята. Свята свойскай жывёлы. «Хавай нос у апанасаўскі мароз».


Люты

1. а. Ігнат. «На Святога Ігната зіма багата».

2. с. Грамніцы, Стрэчанне. «Калі на Грамніцы нап'ецца певень вадзіцы, то на Юр'я наесца вол травіцы», «Грамніца — хлебу палавіца».

5. сб. Агата. Каровіна свята. «Хлеб і соль святой Агаты не пусціць бяды да хаты».

6. н. Дарота. «Па Дароце высахнуць хусты на плоце». Паўзіміца Аксіння. «На Аксінні мяце», «Які дзень на Аксінню, такая будзе і вясна»

11. пт. Ігнат. «Ігнат Грамніцам рад».

12. сб. Стрэчаньскія Дзяды.

14. п. Валянцін. Свята закаханых. Трыфан. «На Трыфана зорна — вясна позняя».

15. а. Грамніцы, Стрэчанне. «Зіма з летам сустракалася, пра здароўейка пыталася». «На Грамніцы палавіна зіміцы».

18. пт. Агата.

21. п. Пачатак *Памінальнага, Дзедавага тыдня.

24. ч. Мацей. «На Мацея дарога пацее», «На Мацея адліга — будзе мароз». Улассе, Аўлас. Свята жывёлы. «Аўлас на сыры лас», «Ты, Улас, Улас. Ты найміся ў нас скату пасцівіць».

25. пт. *Дзедава пятніца.

26. сб. *Памінальніца. Канец Памінальнага тыдня. Калі «вея» ў нядзелю, то авёс трэба сеяць на 9-м тыдні, калі ў панядзелак — то на 8-м, калі ў сераду ці чацвер — то пакідалі «дзесяцінкі дзве». Фаціння. Заступніца ад хвароб (ліхаманак, трасцы і інш.).

28. п. *Рабы тыдзень, Вясельніца, Развітальны, Сырапусны, Масленічны тыдзень. Тыдзень перад Масленіцай. Які добры дзень на Масленым тыдні, у той дзень ад Ільі сеялі лён. Дзяўчаты вешалі «калодкі» нежанатым хлопцам. *Дзень сустрэчы на Масленым тыдні.


Сакавік

1. а. *Залвіцыны вячоркі.

2. с. *Серада Папяльцовая (пач. Вялікага посту ў католікаў, да 16.04). *Лысая серада. На ўзгорках з'яўляюцца «праталіны-залысіны». (Маладзік да 9.03).

3. ч. *Блакітны чацвер. Тумановы дзень. *Крывы, Тлусты чацвер, Валосы, Валосся. Свята жывёлы. «На Валосага бліны пяклі ці аладкі, каб былі валы гладкі».

4. пт. *Цешчыны вечары. Казімір. «Святы Казімір дровы сякець і ў клад кладзець».

5. сб. *Масленыя Дзяды (Бабы). «Дзяды не зналі бяды, а нашы ўнукі зазналі мукі». Васіль Капальнік. Са стрэх капае.

6. н. *Масленіца. «Масленіца ў «вятху» (пасля поўні) — дзяржы пшаніцу ў мяху, сей пшаніцу на ўсю руку». *Развітальны, або Дараваны дзень. *Гуканне вясны. «Блаславі, Божа, зіму замыкаці, вясну загукаці». На Палессі вадзілі карагоды, «спявалі чырачку», насілі ёлку з вянком.

7. п. *Паласказуб. Першы дзень Вялікага посту (да 23.04). Паласкалі зубы гарэлкаю (у час посту не пілі).

9. с. *Уступная серада. Каб урадзіў лён, мылі верацёны ці калаўроты, хадзілі ў карчму і пераскоквалі праз пень. *Заляцанне на Масленым тыдні. Янка, Паўраценне. Мядзведзь паварочваецца ў берлагу на другі бок.

12. с. *Зборава субота. Абрад «споведзі дзежкі». Рыгор. «На святога Рыгора ідуць рэкі ў мора».

13. н. *Зборніца, Ізбор. Адзін з варыянтаў Новага года/лета пасля прыняцця юліянскага летазлічэння. «Святы Ізбор упярод ступіць». Пачатак збору селяніна ў поле.

14. п. Аўдоцця Вясноўка, Аўдокі. Гуканне вясны. «На Аўдокі голы бокі». (1.03 Новы год / Новае лета у мінулым, сакавіцкі каляндарны стыль). «Святы Еўдакей ... пераступ года», «Калі на Аўдакеі добрае надвор'е, то будзе добры лён».

15. а. Хвядот. «На Хвядота занос — усё сена знясе».

17. ч. Герасім Гракоўнік. «Герасім гракоў прыгнаў».

18. пт. Веснавое раўнадзенства. Усход 7.17, захад 19.18. Поўня (да 24.03).

19. сб. Язэп. «Святы Язэп сярод посту шлюб дае прахвосту» (забарона на шлюб). «На Язэпа пагода — год ураджайны».

22. а. Саракі. Было Новым годам/летам. Свята вясновага раўнадзенства. «Дзень з ноччу мераецца». «Святыя Саракі наперад пайшлі». Свята птушак. Прылятае 40 выраяў. «Святыя Саракі ў поле саху валаклі». Пліска. «На святога Пліска праб'ець лёд і пліска».

25. пт. Дабравешчанне, Звеставанне. «І птушка гнязда не кладзе». Прылёт бусла. Гуканне вясны. Было Новым годам/летам. «Перша свята — нова летца, Благавешчан зямлю сушыць». Рыгор. «На Рыгора зіма ідзе ў мора».

26. сб. Міжблагавешчыны (да 7 красавіка). Забарона на «запасванне» кароў.

28. п. *Пачатак Храстовага тыдня. Пяклі «храсты». Засеўкі. Абрад «жаніцьбы коміна».

30. с. *Серадапосце. Выпякалі «храстцы». Аляксей Цёплы. Дзень рыбалова. «На Цёплага Аляксея рыба ідзе на нераст, карова на верас, а бортнік на хвою».


Красавік

1. пт. Дар'я Вясенняя. Адбельвалі палотны.

5. а. Арына. «На Арыну сей капусту ў расадніках».

6. с. Камаедзіца. Свята мядзведзя. Благавеснік. Пяклі пірагі «буславы лапы».

7. ч. Благавешчанне. «Благавешчанне без ластавак — халоднае лета». Абрад «Страла».

8. пт. Благуста. «На Благусту сей капусту».

9. сб. Матрона. «На Матрону шчупак хвастом лёд разбівае».

10. н. * Пальмова нядзеля. «Вярба б'е, не я б'ю».

11. п. Пачатак *Пахвальнага тыдня. «Дзікая качка яйцом пахваліцца».

14. ч. Прабуджэнне хатніка. У гэты дзень хлусілі, каб заблытаць хатніка. «Апрэль — нікому не вер». Мар'я. Калі ў ясную ноч прыбывала вада, то суха будзе ў жніво на хлебнай ніве.

15. пт. *Пахвальная пятніца. Мыццё дзежак. Палікарп. «Пачатак бясхлебіцы».

16. сб. *Пахвальная субота. Не грымелі кроснамі, каб гром не грымеў. Мікіта. «Калі на Мікіту крыгаход, то няма ні клёву, ні лову рыбаловам».

17. н.*ВЯЛІКДЗЕНЬ у католікаў. *Вербніца. Асвячалі вярбу, сцябалі ёю, прыгаворваючы «Не я б'ю, вярба б'е, за тыдзень — Вялікдзень».

18. п. Пачатак *Белага, Вялікага, тыдня. *Чысты панядзелак. Бялілі і мылі ў хаце.

19. а. *Чысты аўторак. Каб на людзей і «гаўядо» не напала «парша», трэба ўсё мыць.

20. с. *Дравяная страсць. Мыюць усё драўлянае.

21. ч. *Чысты чацвер. Ідуць у лазню. Абрад мыцця дзежкі. Руф. Руф рушыць снягі.

22. пт. *Чырвоная, Велікодная пятніца. Сеялі гарох.

23. сб. *Вялікая, Чырвоная субота. Фарбавалі яйкі. Канец Вялікага посту. Юры. (Новы год па задыяку). «Першае святца — святы Юр'я», «Як зязюля закукуе за 12 дзён да Юр'я на «голы» лес, то не чакай ураджаю і будзе хварэць жывёла». Войцах. «Святы Вайцеху выпусціў жаўранка з меху».

24. н. *ВЯЛІКДЗЕНЬ. «Хрыстос уваскрос! — Сапраўды ўваскрос!». Быў Новым годам. «Першае свята — свята Вялікадня». Анціп — ахоўнік зубоў.

25. п. Працяг *Вялікадня. «Першы дзень пірагі маюць, а сярэдні (п.) пагуляюць, а паследні (а.) дзень выпраўляюць». У Жыткавіцкім раёне на другі дзень праводзілі свята сена. Марк. «Дождж на Марка, дык зямля як шкварка».

27. с. *Градавая серада. Праводны, Мёртвы тыдзень. «Пайшла зіма да Кіева, а лета нам пакінула».

28. ч. *Людавы дзень. Раней у Віленскай губерні білі і качалі яйца з лубкоў, гушкаліся на арэлях. *Вялікадне мёртвых (Наўскі Вялікдзень, Мёртвы Вялікдзень, Наўскі чацвер). Дзень памінання на могілках. Хлопцы і дзяўчаты абліваліся вадою. Пуд. «Пуд снег пугне».

29. пт. *Прашчэнне. Абліваліся вадою. Арына. «На Арыну сей капусту на расаду».

30. сб. Зосім — ахоўнік пчол. Андрыянава ноч, Андрэй. Ноч дзявочай варажбы і чараўніцтва.


Май

1. н. Кузьма. «Май Кузьма з морквінай сустракае, а Пахом з гурком».

2. п. *Праводная нядзеля. «Ідзі, зіма, да Кучава, як ты нам надакучыла». *Радаўнічныя Дзяды.

3. а. *Радаўніца. «На Радаўніцу да абеду пашуць, па абеду плачуць, а к вечару скачуць».

5. ч. Ляльнік. Свята Лялі — дачкі Лады. «Благаславі, маці, / Ой, Лада, маці! / Вясну заклікаці».

6. пт. Юр'е. Свята жывёлы. «Як дождж на Юр'я — хлеб будзе і ў дурня». Абрад «Страла».

7. сб. Алісей. «Прыйшоў Алісей — авёс пасей». Бабскія розбрыкі. Скокі жанчын і качанне па зямлі дзеля ўрадлівасці.

8. н. Станіслаў. «Сей лён на Станіслава — вырасце як лава». Марк. «Дождж на святога Марка — дык зямля, як шкварка». *Міраносцы. «На Міраносця п'яныі бабы цігаюць адна адну за валосця». Ярылавіца. Свята Ярылы, вясновага божышча.

13. пт. Якуб. «На Якуба грэе люба».

14. сб. Макарэй. Абрады ля вады.

15. н. Барыс. Апякун поля і жывёлы.

16. п. Пачатак *Пераплаўнага, Чарвівага тыдня. Не трэба садзіць, бо заядуць чэрві.

18. с. *Градавая, Пераплаўная серада. Засцярогі ад граду і дажджу. Арына Расадніца. Дзень высаджвання расады ў Паазер'і.

20. пт. Антоній. «На святы Антоній сей авёс для коней, а як удасца дык і прадасца».

21. сб. Іван Веснавы. Апякун земляроба. «На Івана каласок, а на Пятра піражок».

22. н. Мікола Веснавы. Свята пастухоў. Алёна. «Сей лён на Алену, будзе кашуля па калена». *Сёмуха, Зялёныя святкі, Святы Дух. Свята зелені. «На Духа будзе цёпла і суха».

23. п. Зілот. «Сей пшаніцу на Зілота, і яна будзе як злота».

24. а. Макей. «Мокра на Макея — і лета не прасушыць». Кірыла і Мяфод. Калі дзень мокры — і лета будзе мокра.

25. с. Епіфан. «На Епіфана раніца ў чырвоным каптане, неба з барваю — гарачае лета».

26. ч. *Ушэсце. Унебаўшэсце пана Езуса. Свята агляду жыта.

27. пт. *Градабойцы, Ледавіты дзень (Віленская губ.). Сідары. «Прыйшлі Сідары — прыйшлі і сіверы».

28. сб. Пахом. «Святы Пахом павее цяплом». «Сей агуркі на Пахом — будзеш насіць мяхом».

29. н. Магдалена. «Магдалена зязюльку прысылае».

31. а. Шэсць дзеў. «Лён сей позні». Канапелька Матруна. «У зямлю махнула». Фядот. «Як на дубе апушка — у Фядота поўна аўса кадушка».


Чэрвень

2. ч. *Ушэсце. Абрад «Страла». Тры пакутнікі. «Няма лета, але пасля іх не бывае зімы».

3. пт. Алёна, Ульяна. Дзень ільну.

4. сб. Васіліск. «Ад Васіліска і салавей блізка».

5. н. *Пяцідзясятніца (Спасланне Святога Духа). Дзень Ефрасінні Полацкай. Хадзілі ў Полацк пакланіцца і абракацца.

7. а. Ян. «Рой перад Янам — пчаляр будзе панам».

8. с. *Градавая серада.

10. пт. *Сёмушныя Дзяды.

11. сб. *Духавая субота, Зялёная субота. Свята маладой зеляніны. «Завівалі» вянкі, бярозкі.

12. н. *Сёмуха, Тройца. Культ продкаў і расліннасці. «Павядзём Куста пад гай зялёненькі...».

13. п. *Святы Дух. «На Святога Духа не скідай кажуха». Садзілі капусту і каноплі. *Русальніца, Іван ды Мар'я. Праводзіны вясны. «На Граннай нядзелі Русалкі сядзелі...». Ерамей. «Прыйшоў Ерамей — больш не сей». Антоній. «Антоні, аддай коні».

14. а. *Конскі Вялікдзень. Свята коней. Юстын і Харытон. «Юстын цягне ўверх каноплі, а Харытон — лён».

15. с. *Градабой, Серада Русаль. Здабывалі з ясеня святы агонь.

16. ч. *Наўская Тройца, Абліваха. Памінанне продкаў на могілках. Лук'ян. Паўднёвы вецер на Лук'яна — на добры ўраджай яравых.

19. н. *Русальчыны розыгры. Засцерагаліся рос. *Пятроўскія запускі. Развівалі вянкі. Летняе сонцастаянне. Усход 4.37, захад 21.45. Поўня (14 — 20.06).

20. п. *Пятроўка, Петравіца. Пятроўскі пост да 11 ліп. Пятроўка-галадоўка.

21. а. Тодар. «На Тодара раса — канапель паласа».

22. с. Кірыла. Пачыналі касавіцу ў Паазер'і.

23. ч. *Дзявятнік. Перавод уніятаў у праваслаўе. «Дзеўяць ягодзін на галінцы». Ян Купальны. «Сонца грае». У старажытнасці — Новы год/лета.

24. пт. *Дзевятуха. Дзень засцеражэння ад навальніцы.

25. сб. Анапрэй. «Хто на Нупрэя пасее грэч, той будзе бліны печ».

26. н. Акуліна Грачышніца. Сеялі грэчку. Задзярыхвост. Каровы «зыкуюць».

28. а. Амос. «Прыйшоў Амос — цягне ўгору авёс».

29. с. Ціхан. «Пеўчыя птушкі заціхаюць». Пятрок. «Да Пятра зязюльцы кукаваці». «Прыйшоў Пятрок — апаў лісток, прыйдзе Ілья — ападуць і два».

30. ч. *Дзясятнік. «Дзясятнік гнаі возіць».


Ліпень

1. пт. *Дзясятка. «Косы точыць». «Жыта паспявае».

6. с. Купалле. Свята Сонца і кахання. «Дзень адбаўленне, ночы прыбаўленне».

7. ч. Іван Купала. «Учора была Купала, а сёння Іван».

8. пт. Данат. «Святы Данат коскі точыць».

10. н. Самсон. «На Самсона дождж — сем тыдняў то ж». Сем братоў. «Сем братоў варожаць, колькі тыдняў пагоды».

12. а. Пятро. Свята заканчэння Купалля.

13. с. Паўпятро. Дзень талакі. Сымон і Юда. «На Сымана й Юды конь баіцца груды».

14. ч. Кузьма і Дзям'ян. Свята кавалёў. «Святы Пятро жыта спеліць, св. Кузьма сярпы робіць, а св. Дзям'ян сена грабе».

17. н. Андрэй. «Авёс у світцы, а на грэчцы і кашулі няма». «Андрэй усіх мудрэй».

18. п. Свята Месяца. «Месяц гуляе».

21. ч. Казанская, Градавы дзень. Засцераганне ад нябесных стыхій, ад хвароб вачэй і галавы. Пракоп. Пракоп бок прыпёк.

25. п. Якуб. «На Якуба хлеба поўна губа». Прокл. Засцерагаліся вялікіх рос.

26. а. Ганна. Снапы кладзе. Гаўрылей. Засцеражэнне ад граду.

29. пт. Афінаген. Заціхаюць птушкі. Серпавіца, Шыпілінка (пятніца перад Ільёю). Дзень «зазубрывання» сярпоў перад жнівом.


Жнівень

1. п. Макрыны. «Глядзі восень па Макрыні».

2. а. Ілля. Свята дажджоў і навальніц. «Ілля нарабіў гнілля». «Укінуў у воду кусок ільда».

4. ч. Мар'я. «Магдалена — вады па калена».

6. сб. Барыс, «Барыс і Глеб — паспеў хлеб». Палікоп. Паліць копы.

7. н. Ганны. «Святы Ганны бабкі стаўляюць».

9. а. Панцеляймон. Сцаляў ад хвароб галавы.

10. с. Лаўрын. «На Лаўрына спяшай да млына».

12. пт. Сіла. Жыта сей.

14. н. Макавей, Першы Спас. Свята маку і мёду. Спасаўка. Пост да 27 жніўня.

15. п. Прачыстая, Зельная. «Прыйшла Прачыста — стала поле чыста». Базыль. «Базыль авечкам воўну дае».

16. а. Антоны Віхравеі. Рох. «Кірмаш на паненак» — дзень выглядання нявест.

17. с. Еўдакія. Агуркі збірае.

19. пт. Яблычны Спас. Свята садавіны.

23. а. Лаўрэн — свята млынара. «Баўтрамей і Лаўрын паказваюць, якая прыйдзе восень».

24. с. Баўтрамей. «Святы Баўтрамей высылае буслоў па дзяцей». «Прыйшоў Баўтрамей — жыта на зіму сей».

27. сб. Міхей. Выспяваюць брусніцы.

28. н. Прачыстая, Зельная. Свята ўраджаю.

29. п. Трэці Спас. Свята хлеба.

30. а. Міроны Ветрагоны. «Пыл па дарозе гоняць, па прыгожым леце стогнуць».

31. с. Флор і Лаўр. Свята коней. Арабінавыя дзень і ноч. Сухая навальніца, або дождж. Ян. «Ян на лета прыйшоў, а ўжо восень знайшоў».


Верасень

5. п. Лупа. «Сей на Лупа — будзе жыта купа».

7. с. Баўтрамей. «Жыта на зіму сей».

8. ч. Другая Прачыстая. «Меншая Прачыста — канчай сеяць начыста».

10. сб. Мацей. Абаронца ад п'янства.

11. н. Калінавік, Іван Крываўнік. «Да Яна прасіце, дзеткі, дажджу, а па Яне я й сам упрашу».

13. а. Кіпрыян. Журавель збіраецца ў вырай.

14. с. Узвіжанне. Закрыванне зямлі. Сымон. Абрад «жаніцьбы коміна». (Асенняе Навалецце/Навагоддзе з 1493 г.). Бабіна лета.

19. н. Цуды, Міхал. «Міхал з поля спіхаў».

21. п. Багач, Нараджэнне Божае Маці. Свята заканчэння ўборкі зерневых. Засідкі.

24. сб. Тадора. «На Тадору ўсякае лета заканчваецца».

25. н. Асенняе раўнадзенства. Усход 7.01, захад 19.02. Зыход (маладзік з 26.09 па 2.10).

26. п. Стаўроўскія Дзяды

27. а. Звіжанне. Свята закрывання зямлі на зіму. Гадзюкі збіраюцца ў кучу.

29. ч. Міхал. «Калі на Міхала з поўначы вецер вее, то не май на надвор'е надзеі». Сіцыян. «Святы Сацыян ды ляны пасцілаў».


Кастрычнік

2. н. Зосім. Журавіны на Зосіма ўздымаюцца — мароз на Пакровы ўдарыць.

3. н. Астап, Астаф'я. Прыкметы па ветру.

4. а. Пранцішак, Францішак. «На Пранцішка зярнят шукае ў полі мышка».

8. сб. Сяргей. «З Сяргея пачынаецца зіма». Жалезны тыдзень. Чысцілі жалезныя рэчы.

9. н. Іван Шаптун, Іван Кураед, Багаслоў. Шапталіся свахі пра нявест. «Іван Багаслоў дружкі разаслаў, а на Пакрова дзеўка гатова». «Святы Багаслоў да буракі капаў». (Поўня да 16.10).

14. пт. Пакровы, Трэцяя Прачыстая. Вясельная пара. «Свята Пакрова, пакрый зямельку лісточкам, а галоўку — вяночкам». «Пакровы — зарыкалі каровы». «Калі на Пакрову маладзік, то будзе лёгкая зіма. З поўначы вецер — халодная зіма, з поўдня — цёплая». Дзявоцкае лета (да 21.10). Прымалі «ў дзеўкі» сябровак.

21. пт. Трыфан, Палагея. «Золкім ветрам вее». Зміцер. «Да Змітра баба хітра».

25. а. Марцін — свята млынароў. Частаваліся гусяцінай на млынавым крузе. «Марцін святы — любіцель гагаты».

28. пт. Сымон і Юда. «Сымон з Юдаю працу ў полі канчаюць, хаты аглядаюць». Параскева Пятніцкая. Забарона на прадзенне.

29. сб. Лонгін. Збавіцель ад хвароб вачэй.

31. п. Лука. «Хто сее да Лукі, не будзе мець ні хлеба, ні мукі». Дзень іканапісцаў. Юльян — ахоўнік дзяцей.


Лістапад

1. а. Усе святыя.

2. с. Задушны дзень. Памінальны дзень.

4. пт. Казанская. «Да Казанскай — не зіма, а пасля — не восень; зранку дождж, з вечара — снег. Выязджай на Казанскую на калёсах, а палазы з сабой прыхапі».

5. сб. Асяніны, Змітраўскія Дзяды. «Святыя дзяды, завём вас...».

8. а. Зміцер. «Да Змітра дзеўка хітра». Канец надзеі выйсці замуж у гэтым годзе.

9. с. Тодар. «На Тадора поўна камора».

10. ч. Параскі. Апякунка жанчын і рукадзелля.

11. пт. Настуся. Настуся стрыжэ авечкі. Марцін. «Мядзведзь кладзецца ў бярлогу».

12. сб. Артошка. Пачатак прадзення.

14. п. Кузьма-Дзям'ян. Апякун земляробства, кавалёў і вяселля.

21. п. Міхайлаў дзень. Абаронца ад грому. «Мядзведзі ідуць у спячку». «Міхайла ў інею — снежная зіма наступае, а калі туманамі спавіты — быць адлізе» (такія ж прадказанні і на Матрону).

22. а. Матрона. «З Матроны становіцца зіма».

24. ч. Хвёдар Студзянец. «Хвёдаравы вятры галоднымі ваўкамі скуголяць».

25. пт. Кацярыны. «Кацярына забрала лета». Іван Міласцівы. Дзень падарункаў.

27. н. *Адвент. Юстыніян. Апякун плоднасці і дзяцінства. Піліп. Пярэдадзень Піліпоўскага посту.

28. п. Піліпаўка — перадкалядны пост (да 06.01).

29. а. Мацей. «На Мацея зіма пацее».

30. с. Андрэйкі. Дзявочае свята.


Снежань

4. н. *Адвент. Барбара. «Барбара ноч урвала, а дзень надтачыла». Увядзенне. Водзяцца ваўкі.

5. п. Пракоп. Савы. «Барбара мосціць, Сава цвікі войстрыць, а Мікола прыбівае».

6. а. Мікола. «Хвалі зіму па Міколе». Матрыхваны. Не пралі.

7. с. Кацярыны. «Забрала край лета».

9. пт. Юр'е Зімовы. Юра мосціць. Ганны. «Ад Ганны да Каляд два тыдні і два дні».

11. н. *Адвент.

13. а. Андросы, Андрэйкі. Варажылі.

14. с. Навум. «Наставіць на вум». Пачыналі вучыць дзяцей грамаце.

17. сб. Варвары. «Мікола і Варвара ноч урвалі».

18. н. *Адвент. Савы. «Сава мосце, а Мікола гвоздзе».

19. п. Мікола Зімовы. «Без Міколы не бывае ні зіма, ні лета». «Мікола марозам гвоздзіць».

22. ч. Ганны. «Ганны — прыбавіцца багата дня». «Ганкі — палічаны дзянькі».

23. пт. Зімовае сонцастаянне. Усход 9.27, захад 16.50. Маладзік у 13.16.

24. сб. Посная куцця.

25. н. Божае Нараджэнне. Пачатак Каляд (да 6 студз.). Было Новым годам. «Свята Ражаство ўпярод пашло, Новы гадок павёў радок». Спірыдон Сонцаварот.

26. п. Сцяпан. Дзень найму батракоў у мінулым. «На Святы Сцяпан кожны сабе пан».

31. сб. Багатая куцця. Сільвестр. Варажылі дзяўчаты. Марк. «Марка да Варка — няхай будзе парка».

Алесь ЛОЗКА, фалькларыст

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.