Вы тут

Зімовая абрэзка дрэў: тэрміны, асаблівасці і правілы


Зімой жыццёвыя працэсы дрэў запавольваюцца, і расліны ўступаюць у перыяд найбольшага спакою. Многія садоўнікі выкарыстоўваюць гэты час для абрэзкі. Так значна зніжаецца рызыка траўміраваць дрэва і нанесці яму шкоду.


Фота: pixabay.com

Перавагі і недахопы

Зімовая абрэзка дазваляе сфармаваць здаровую крону, якая добра прадзімаецца, а таксама ліквідаваць ачагі хвароб і хованкі шкоднікаў.

Густая лістота не перашкаджае працэсу, галінкі добра праглядаюцца. Так лягчэй заўважыць і выдаліць праблемную частку.

Пры зімовай абрэзцы змяншаецца і верагоднасць адставання кары. А яшчэ пры невялікім «мінусе» драўніну лягчэй пілаваць, ды і зрэз атрымліваецца раўнейшы. Акрамя таго, зімой запавольваецца развіццё патагенных мікраарганізмаў, а гэта значыць, што і рызыка заражэння здаровага дрэва значна памяншаецца. Да таго ж абрэзаць можна не баючыся, што вось-вось пачнецца рух соку.

Але ёсць у зімовай абрэзкі дрэў і недахопы:

  • Надвор'е. У холад працаваць некамфортна. Калі снег ляжыць і на галінках, то гэта можа перашкаджаць агляду. Ды і хутчэй гусцее фарба, і больш складана становіцца замазваць спілы і зрэзы;
  • Не ўсе дрэвы і кусты можна абразаць зімой. Абразанне цеплалюбівых культур, напрыклад, чарэшні і абрыкоса, лепш адкласці да вясны. Таксама не варта абразаць дрэвы і кусты, якія цвітуць вясной, — фарзіцыю, бэз, азалію, рададэндраны;
  • Пры тэмпературы ніжэйшай за -5 °С абразаць дрэвы і кусты нельга — драўніна становіцца ломкая і галіны занадта лёгка пашкодзіць.

Аптымальныя тэрміны

Лічыцца, што з канца студзеня і да пачатку сакавіка можна праводзіць зімовую абрэзку саду. Галоўнае — паспець управіцца да пачатку руху соку.

Важная ўмова — захаванне тэмпературнага рэжыму (не ніжэй як -5°). Для работы выбіраюць ясны сухі дзень.

У марозную зіму абрэзка можа справакаваць з'яўленне ствалавых язваў, таму ў такім сезоне работы пераносяць на канец зімы.

Асаблівасці

Узімку праводзяць абрэзку пладовых дрэў — яблыні, грушы, вішні, слівы, а таксама кустоў — барбарысу, парэчак, агрэсту.

У халодны перыяд робяць абрэзку, якая фармуе крону дрэва, рэгулюе (зразаючы частку кроны, штучна «нармуюць» ураджай і нагрузку на дрэва), амалоджвае (для замяшчэння шкілетных галін маладзейшымі парасткамі) і пазбаўляе дрэва ад дэфармаваных галін (санітарная).

Пачынаюць абрэзку з больш спелых, пладаносных раслін, бо пладовыя пупышкі ў іх абуджаюцца раней, чым ліставыя.

Маладыя дрэвы ў перыяд фарміравання кроны і аслабленыя дрэвы лепш абразаць пазней, у канцы зімы ці ранняй вясной, за 3-4 тыдні да пачатку вегетацыі.

Спачатку варта абразаць дрэвы семечкавых парод, затым надыходзіць чарга костачкавых. Гэта звязана з тэрмінамі абуджэння раслін.

Правілы абрэзкі

Неабходна карыстацца толькі чыстым і вострым секатарам ці нажоўкай.

Перад абрэзкай уважліва аглядаюць дрэва, каб намеціць меркаваную схему абрэзкі.

У першую чаргу пазбаўляюцца ад сухіх і хворых галін. Выдаляюць параснік, які з`яўляецца каля ніза ствала.

Зразаюць парасткі, якія растуць унутр кроны. Але не больш за 1/4 ад іх агульнай колькасці.

Пакарочваюць леташнія галінкі на траціну, робячы зрэз над пупышкай. Гэта падтрымае добрую форму дрэва і будзе стымуляваць развіццё новых пладовых галінак.

Выдаляюць галінкі, якія перакрыжоўваюцца і труцца.

Калі неабходна зразаць некалькі буйных галінак, не рэжуць усё адразу, рабіць гэта трэба на працягу двух-трох гадоў, каб мінімізаваць стрэс для расліны.

Аглядаюць галінкі на наяўнасць пашкоджанняў ці пацямненняў; калі заўважаюць нарасты, адразу ж выдаляюць іх.

Пры абразанні кустоў выдаляюць сухія і старыя галінкі, гэта палепшыць паступленне святла і паветра ў летні перыяд. Не зразайце ўсе парасткі пад корань, іх колькасць скарачаюць паступова. Для пачатку выдаляюць  1/4 старых парасткаў, а астатнія — на працягу наступных гадоў.

І хоць зімой бактэрыі і вірусы яшчэ неактыўныя, а да наступлення цяпла зрэзы павінны падсохнуць, лепш усё ж не рызыкаваць і апрацаваць раны спецыяльнай пастай, якая не гусцее пры нізкіх тэмпературах.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.